галу́н 1, ‑у, м.

Падвойная сернакіслая соль алюмінію, марганцу і інш. (у крышталічнай форме скарыстоўваецца ў тэхніцы, а таксама для спынення крыві пры парэзах).

галу́н 2, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Залатая, сярэбраная або мішурная тасьма, якая нашываецца на форменнае адзенне. Нашыць палоскі з галуну.

2. ‑а. Нашыўка з гэтай тасьмы. На сонцы зброя залаціцца, і ззяе шоўк і галуны. Машара.

[Фр. galon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мата́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Віць, навіваць, накручваць. Матаць ніткі. Матаць шоўк.

2. чым. Рухаць з боку ў бок, махаць чым‑н. Матаць нагамі. □ Жарабок матаў галавой то ўніз, то ўгору, вадзіў ноздрамі ад свежага паху сасонніку. Ермаловіч.

3. Разм. груб. Хутка ісці, бегчы куды‑н.; уцякаць, паспешна выбірацца адкуль‑н. — Хведар, — крычыць Цопа, — матай у цэнтр, няхай мяхі даюць. Скажы, што малацьбу пачалі. Асіпенка.

•••

Матаць (сабе) на вус — запамінаць што‑н. з якой‑н. мэтай.

мата́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм. Неэканомна, неразумна траціць грошы, маёмасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.

1. Разгладзіць, зрабіць роўным. Нічыпар паклаў пачак на стол, акуратна расправіў кожную паперку. Асіпенка. [Анісся], дрыготкімі пальцамі расправіла выцерты шоўк. Лынькоў. // Размясціць правільна. Расправіць складкі.

2. Напружыўшы мышцы, выпрастаць, выцягнуць (часткі цела). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той — тру-гу-гу. Колас. [Рыбак] скінуў з карка авечку, паклаў на яе бок карабін і з палёгкай расправіў намуляныя плечы. Быкаў. // Падняўшы, выцягнуўшы, разгарнуць (рукі, крылы і пад.).

•••

Расправіць крылы (плечы) — праявіць усе свае сілы, здольнасці; дзейнічаць рашуча, смела, энергічна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым, сырым; прамачыць. Намачыў снапы дождж. Намачыць валёнкі. Намачыць гліну. □ Таццяна намачыла аб расу руку і працерла вочы. Шамякін. // Змачыць, даць прамачыцца чым‑н. [Зося] намачыла ручнік і выцерла.. [хлапчуку] твар. Чорны. // Пакінуць што‑н. на нейкі час у вадкасці. [Кацярына:] — Выпала, калі трапіць пад год, дык такі лянок вырасце, што як намочым у сажалцы, мяккім робіцца, як шоўк, а моцны — адной пасмы не парвеш. Кулакоўскі. [Тата:] — Не забудзься ж, Аленка, намачыць лыка пасля абеду. Пальчэўскі.

2. што і чаго. Шляхам мачэння прыгатаваць у нейкай колькасці. Намачыць яблыкаў.

3. без дап. Разліваючы што‑н., зрабіць мокрай паверхню чаго‑н. Намачыць на падлозе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трава́, ‑ы; мн. травы, траў; ж.

Расліна з аднагадовымі зялёнымі неадзеравянелымі парасткамі і сцяблом. Сонца яшчэ не схавалася, але раса ўжо густа пакрапіла апавітую тонкай густой сеткай з павуціння высокую траву. Мурашка. Яшчэ над Нёманам Лугі не скошаны, Яшчэ над Нёманам Трава, як шоўк. Шымук. // Зялёнае покрыва зямлі з такіх раслін. Зямля была пакрыта высокімі духмянымі і сакавітымі травамі. В. Вольскі. Сёмка .. падышоў да Петруся і прылёг побач з ім на траву. Брыль.

•••

Трава травой — пра нясмачную яду.

Травой зарасці — тое, што і зарасці (парасці) быллём (гл. зарасці).

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Хоць трава не расці — пра зусім абыякавыя адносіны каго‑н. да чаго‑н.

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

1. Закрываць адтуліну, дзірку, забіваючы, закладаючы яе чым‑н. Штукаваць прабоіны. // Упакоўваць, шчыльна закрываць што‑н. Штукаваць пасылку.

2. Спец. Сшываць што‑н. з кавалкаў тканіны ці цыраваць такім чынам, каб шво ці цыроўка былі нябачнымі. Штукаваць шоўк.

3. перан.; і без дап. Выдумляць, майстраваць, вынаходзіць што‑н. А ў часіны больш-менш вольныя [дзядзька Марцін] займаўся майстэрствам, што мела беспасрэдныя адносіны да спраў гаспадарскіх: то калёсы ладзіў, то саху правіў, у хляве ці ў гумне парадак рабіў, або ў хаце ці ў сенцах усякія рыштункі штукаваў. Колас. Адыходзячы не ад народнай мовы, а вось ад такой робленай, пісьменнік збядняе сваю літаратурную мову, пачынае штукаваць, і тады мы ўжо не можам лёгка ўжывацца ў кнігу. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Саро́чка ’мужчынская (верхняя і сподняя) або жаночая (сподняя) кашуля’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Маш., Чач., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк.), саро́чачка ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. соро́чка ’кашуля’, рус. соро́чка, дыял. сорочи́ца ’сялянская кашуля’, ст.-рус. сорочька, ст.-слав. срачица ’сарочка’, царк.-слав. срака, сракы, Род. скл. ‑ъве, славен. sráčica, srájca, srájčka. Прасл. *sorčica < *sorka (гл. Сной₁, 599). Мяркуецца роднасць з літ. šar̃kas ’адзежа, суконны сурдут рыбакоў’, švar̃kas ’пінжак, халат’, лат. svā́rks ’сурдут, пінжак’. Зычны ‑v‑ тлумачыцца тут уплывам літ. švarùs ’чысты, ахайны’, гл. Траўтман, 299; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1144. З прычыны наяўнасці ‑š‑ у балцкіх словах Фасмер (3, 727 і наст.) адхіляе думку аб запазычанні з германскіх, параўн. ст.-ісл. serkr ’кашуля, сурдут, штаны’, англ.-сакс. sierce (*sarkjôn‑) ’тс’, як меркавалі аб гэтым Сабалеўскі і інш. (Фасмер, там жа). Адвяргаюцца версіі Мюленбаха–Эндзеліна (3, 1144) і Фрэнкеля (IF, 52, 298) з розніцы ў значэннях узвядзенне слав. *sorčica да сяр.-лац. sarica, sēricaшоўк’, алб. sharkë ’род плашча з белай воўны’; гл. аб гэтым Фасмер, 3, 724. Аб параўнанні з алб. sharkë ’род плашча з белай воўны з чырвонымі крапінкамі’ і з авесц. surī ’скура’, хец. kari̯ia ’пакрываць’ гл. Сной, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ныра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Поўнасцю апускацца ў ваду. Вада была ласкавая і мяккая, як шоўк, і хлопчыкі з асалодай ныралі і плавалі. Бяганская. Качкі збіліся ў шэры гурт, ныраюць, пераклікаюцца адна з адной. Лупсякоў.

2. Лётаючы ў паветры, крута і хутка апускацца ўніз. Дзед Антон стаяў ля сваёй хаты і бачыў, як.. [самалёты] з вышыні ныралі ўніз і сыпалі бомбы на варожыя войскі. М. Ткачоў. У небе бясконца ныраў уніз і зноў узмываў угору, заліваючы наваколле спевам, палявы жаўрук. Мыслівец.

3. перан. Разм. Хутка знікаць з вачэй, хаваючыся куды‑н. Шэсць чалавек ныраюць у лес і зараз жа знікаюць з вачэй. Колас. Ліхтар гасяць. Двое «шахцёраў» ныраюць у зеў падполля. Мікуліч. Коні сыходзяць з дарогі і разам з вазком ныраюць пад навіслыя галіны сосен і ялін. Лупсякоў. // Знікаць з вачэй і зноў з’яўляцца. Па небе павольна плыў няпоўны месяц, зрэдку ныраў за белаватыя воблакі. Шамякін.

4. У боксе — ухіляцца ад бакавых удараў праціўніка ў галаву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натура́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы прыродзе, створаны прыродай; не штучны. Белавежская пушча — адзінае месца.. [на Беларусі], дзе зубры ў натуральных умовах жывуць. «Маладосць». [Бухгалтар:] — Адзіным натуральным рубяжом, які аддзяляў дрыгавічоў ад драўлян, з яўлялася Прыпяць. В. Вольскі.

2. Абумоўлены законамі прыроды. Натуральны прырост насельніцтва. Натуральная смерць.

3. Які існуе ад прыроды, прыроджаны. Натуральны колер твару. Натуральны імунітэт.

4. Сапраўдны, прыроднага паходжання; проціл. штучны. Натуральны шоўк. Натуральная кава.

5. Які адпавядае рэчаіснасці; сапраўдны. Натуральнае асвятленне. □ Зялёнае ўбранне .. [дрэў] станавілася амаль натуральным, калі месяц хаваўся. Кулакоўскі. Пасярэдзіне двара моўчкі стаіць мармуровая, у натуральную велічыню, копія з фларэнтыйскага Давіда. Караткевіч.

6. Нармальны, звычайны. Пакой зноў набыў свой натуральны выгляд. Мурашка. // Звычайны для каго‑н., просты. Глінскі ўвайшоў у сваю ролю, голас яго пагучнеў, жэсты сталі больш натуральнымі і выразнымі. Кулакоўскі.

7. Які ўтвараецца, атрымліваецца, аплачваецца натурай (у 4 знач.). Натуральны падатак. Натуральная аплата.

•••

Натуральная гаспадарка гл. гаспадарка (у 1 знач.).

Натуральная школа гл. школа.

Натуральны адбор гл. адбор.

Натуральны рад лічбаў гл. рад (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агнявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае дачыненне да агню. Агнявыя ўспышкі. □ Густое воблака дыму, апярэдзіўшы агнявую лавіну і цяжка пераплыўшы па прыгнутых калоссях, раптам накіравалася да лесу. Кулакоўскі. Як высокае залатое жыта пад ветрам, хістаецца полымя, то сцелючыся над долам агнявымі пасмамі, то яркімі стужкамі ўзвіваючыся ўгору. Колас.

2. Які мае колер агню; ярка-чырвоны. І песня, і людзі, і агнявыя пад сонцам грывы коней — усё ляцела бурай-віхурай уперад ды ўперад. Лынькоў. Агнявыя валаконцы Ткуцца ў шоўк чырвоны — Гэта хмаркі ладзяць сонцу І дзяньку кароны. Колас.

3. перан. Які выпраменьвае яркае святло; бліскучы. Свеціць ласкай з высі агнявое сонца, Хараства красою свет ўвесь адзяе... Гурло.

4. перан. Палымяны, гарачы, парывісты. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў.. [Лабановіча] шчасцем. Колас. У век наш крытыкі сур’ёзнай І самакрытык агнявых Мы падыходзім вельмі грозна Не да сябе, а да другіх. Купала. // Напоўнены напружанай барацьбой, бурнымі падзеямі. Паэт [Дудар] не можа без захаплення, без гордасці гаварыць аб «агнявой нашай эры». Ярош.

5. Звязаны з абстрэлам, стральбой. Яшчэ агнявы налёт артылерыі не скончыўся, як былі заўважаны танкі. Гурскі.

•••

Агнявая заслона гл. заслона.

Агнявая кропка гл. кропка.

Агнявая пазіцыя гл. пазіцыя (у 2 знач.).

Агнявы рубеж гл. рубеж.

Агнявыя сродкі гл. сродак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)