сма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што і без дап.

1. Гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.). Раскладалі вялікі агонь, на ражнах смажылі сала. Чарнышэвіч. Не паспела паказацца ў пакоі Вольга Сцяпанаўна, як Тарас Іванавіч закамандаваў: — Смаж яечню! Колас.

2. безас. Пра сухасць у роце, выкліканую смагай, жаданнем піць. Ад селядца смажыць. □ Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Пташнікаў. На другім ад Ланска прыпынку.. [Мікалай] сказаў Данілу, што ідзе напіцца халоднай вады — смажыла надта пасля сала, — і выйшаў. Пальчэўскі.

3. Апякаць прамянямі, паліць (пра сонца). Сонца не пякло, а смажыла зямлю. Капыловіч. Калі ўспыхвае пунсовы ранак, сонца неміласэрна пачынае смажыць стэп. Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смець, смею, смееш, смее; незак., з інф.

1. Мець смеласць для чаго‑н., адважвацца на што‑н. Стаіць ён [вязень] супраць кабінета. Падняць не смее галавы І чуе — кліча вартавы: — Да пана следчага з павета! Колас. Надыдзе час чароўны, як заранка, Якога ты не смееш нават сніць: Ад звону кос прабудзішся на ранку, І ў працы ціха панясуцца дні. Тарас. Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам». Чорны.

2. Мець права на што‑н. На пярэдніх лаўках [у касцёле], бліжэй к ксяндзу, сядзелі паны. З простых людзей туды не смеў ніхто заходзіць. Чорны.

•••

Не смей(це)! — ужываецца як форма строгай забароны што‑н. рабіць. — Што вы робіце? — з гневам прамовіла .. [Ядвіся]. — Не смейце дакранацца да мяне!.. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгаво́р, ‑у, м.

1. Рашэнне суда па якой‑н. справе. Па прыгавору ваеннага трыбунала з .. [Жучкова] знялі афіцэрскія пагоны і накіравалі ў штрафны батальён. Корбан. Пакуль чыталі прыгавор, .. [К. Каліноўскі] спакойна і мужна пазіраў на людскі натоўп. С. Александровіч.

2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі. Партызаны вынеслі смяротны прыгавор каменданту суседняга мястэчка, нейкаму пану фон Губерту. Краўчанка. // Рашэнне, меркаванне па якому‑н. пытанню; ацэнка чаго‑н. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас.

3. звычайна мн. (прыгаво́ры, ‑аў). Словы, якімі суправаджаюць якое‑н. дзеянне. [Жанчына] неяк усміхнулася, ажыла.. і пачала свае старыя прыгаворы нанава. — А вы ў Грыні? Ды і я ж у Грыні. Да сястры сваёй, да Раіны... Пташнікаў. Адтуль [з пакоя] чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач.

4. Уст. Варажба, чараўніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

былы́, ‑ая, ‑ое.

1. Мінулы, прошлы. У народных песнях і паданнях расказваецца аб цяжкім лёсе дзяўчыны ў былыя часы. Ярош. Можа, ты пра былое жыццё сваё, браце, раскажаш? Танк. // у знач. наз. было́е, ‑ога, н. Мінулыя часы, падзеі; усё, што было раней, прошлае. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачамі. Мележ. Фотаздымак.. Сваёю Рукою на ім Напісала яна [Алеся]: «На ўспамін аб былым». Куляшоў. Ды прашу, што мінула, Прайшло, не вяртай — Для былога няма павароту. Тарас. // Які быў раней, ранейшы. Шэрыя дзедавы вочы яшчэ захавалі сваю былую зоркасць. Колас. То нікла дойна, то ўзлятала ў высь начную да нябёс, і нам яна апавядала пра лёс былы і новы лёс. А. Вольскі.

2. Які страціў ранейшае становішча або прызначэнне. На месцы былой пусткі вырас дом. □ Кулага Мацвей — былы вучань Міхаіла Дзям’янавіча. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́ра, ‑ы, ж.

1. Упэўненасць у чым‑н., у здзяйсненні, ажыццяўленні чаго‑н. Вера ў свае сілы. □ Вера гартавала волю, надавала мужнасці. Шамякін. Маці больш не галасіла, Хоць з мякіны хлеб пякла, Бо адчулі рукі сілу, Вера ў сэрцы ажыла. Грахоўскі. Без меры няма веры. Прыказка.

2. Перакананне ў дадатных якасцях каго‑н. Ні суцяшэння, ні пажаданняў не трэба — Не, я не страціла чыстае веры ў людзей... Тарас. Цудоўны верш, наскрозь прасякнуты верай у чалавека і болем за яго. Бярозкін.

3. Перакананне ў рэальным існаванні звышнатуральных сіл. Вера ў бога. // Рэлігійнае вучэнне; веравызнанне. Каталіцкая вера.

•••

Браць (узяць) на веру што гл. браць.

Вачам веры не даваць гл. даваць.

Мера і вера гл. мера.

Мець веру ў каго-што гл. мець.

Сімвал веры гл. сімвал.

Служыць верай і праўдай гл. служыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

п’я́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; нецвярозы. Быў [Падбярэцкі] сёння з самай раніцы вясёлы і рухавы — недзе ўжо справіўся выпіць, не дома: з дому ён ніколі п’яны не прыходзіў. Пташнікаў. З боку Камароўкі, віхляючыся і матляючы рукамі, плёўся п’яны немец. Новікаў. / у знач. наз. п’я́ны, ‑ага, м.; п’я́ная, ‑ай, ж. На доўгіх лавах у хаце і ў сенцах на зямлі сядзяць п’яныя. Бядуля.

2. Уласцівы захмялелым, нецвярозым людзям. — Гэй ты, малпа! Падай рому! — пачуў .. [Манг] ля сябе п’яны голас. Маўр. З-за ельнічку даносілася чужая п’яная песня з выкрыкамі. Мележ.

3. Які прыводзіць да стану ап’янення; п’янкі. Намяшаў.. [цар] тры кубкі віна салодкага з п’яным. Якімовіч. // Які прыводзіць да стану, падобнага ап’яненню. Бэзу кусты сіняву разлілі каля хаты. Водарам п’яным мае патрывожылі сны. Тарас.

•••

З п’яных вачэй гл. вока.

Пад п’яную руку гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тронкі ‘назва гульні’: На грошы ў тронкі тут гуляюць / Парнаскі дзеўкі, дзецюкіТарас на Парнасе», Полымя. 1971, 10, 217), ‘гульня з каменьчыкамі’ (Рам. 8: «камушки кладутса в две кучки: три в одну и один в другую»), ‘гульня, змест якой у тым, каб пацэліць з рукі трыма алавяннымі шарыкамі ў ямку, што знаходзіцца ад гульца на пэўнай адлегласці’ (Мядзв.), ‘гліняныя або алавяныя шарыкі велічынёй з круглую кулю ад стрэльбы, якія служаць для гульні «ў тронкі»’ (Нік., Оч.), дро́нкі ‘дзіцячая гульня, калі драўляныя шарыкі кідаюць у ямачкі; няцотны лік шарыкаў у ямачцы лічыцца выйгрышам’ (маг., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і тро́нкі ‘дробная бульба’ (Рэг. сл. Віц.), ‘плод бульбы’ (Касп.) і не патлумачанае тронки (Шымк. Собр.). Параўн. рус. смал. тро́нка, тро́нки ‘гульня ў арлянку’, ‘шарык з волава або гліны памерам з арэх для гульні «ў тронкі»’ (СРНГ). Слова з не да канца высветленай этымалогіяй. Куркіна (Этимология–1983, 27–28) параўноўвае з укр. тріньки ‘трошкі’, рус. дыял. тро́ньки ‘тс’, балг. тро́нка ‘зусім мала’, сюды ж таксама серб. ці макед. тронка ‘крышка, парушынка’, макед. ронка ‘тс’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tronъka ‘нешта вельмі малое’, роднаснае да прасл. *troxa (гл. трохі) і якое ўзводзіцца да *terti, *tьrǫ, гл. церці (ЕСУМ, 5, 648). Аднак абмежаваныя тэрытарыяльна назвы гульняў з розным зместам дапускаюць перанос наймення з іншых гульняў, напрыклад, “у ножыка” ад тронкі ‘сцізорык’, або зыходзячы са значэння ‘бульба’, параўн. укр. дыял. тромпак, кро́мпель ‘бульба’ (ЕСУМ, 5, 647). Лучыц-Федарэц (вусн. паведамл.) дапускае сувязь з з літ. treñkti ‘кідаць, шпурляць’. Сувязь з тры (гл.), відаць, другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

закрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; заг. закрані; зак., каго-што.

1. Дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Стрыж ляцеў, На хаце латы Закрануў крылом сваім. Дзеружынскі. Мышка і палезла туды, ды, як па бяду, закранула шклянку, што стаяла на самым краі палічкі. Шуцько. // перан. Зачапіць, пакінуць свой след. Вайна гэтага мястэчка амаль не закранула. Васілевіч. Змены, што прынесла савецкая ўлада ў вёску, закранулі і Пустку. Хадкевіч. // перан. Аказаць уздзеянне на каго‑, што‑н.; усхваляваць, узрушыць. Яшчэ да болю закранае душу гарачы позірк чулы. Тарас. Відаць, успамін закрануў балючыя раны мінулага. Сіняўскі.

2. перан. Спыніцца на чым‑н., звярнуць увагу на што‑н. пры размове, гутарцы і пад. Праз пару дзён.. бабка неяк сама закранула гэта пытанне. Скрыпка.

3. Запыніць, выклікаць на размову. «Прайду моўчкі, — вырашыў Васіль, — дый толькі таго, не буду чапаць.. [цётку Касмініху], то, можа, і яна мяне не закране». Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пары́ў, ‑рыву, м.

1. Раптоўнае і рэзкае ўзмацненне (ветру). Бура налятала парывамі, як дзікі звер, які вырваўся на волю з жалезнае клеткі, усім цяжарам налягала на стрэхі будынін, з шумам ганяючы па іх патокі снегу. Колас. Сонца пякло моцна і парывамі ўзнімаўся вецер і гнаў па шашы пыл. Чорны.

2. перан. Уздым духоўных сіл, энергіі, імкненне да чаго‑н., да ажыццяўлення якіх‑н. мэт. Працоўны парыў. □ Было прыемна, што расце такая здаровая, жыццярадасная моладзь з высакароднымі парывамі да працы. Дуброўскі. «Я хачу на волю!» Гэта было тады яе [Ганны] гімнам, крыкам душы, бяссільным парывам. Няхай. // чаго. Моцнае, нечаканае праяўленне якога‑н. пачуцця (радасці, злосці, захаплення і пад.). Іншым разам Кацярына кінулася б .. [Паходню] насустрач, акрыяла душою, а цяпер чамусьці ў яе не было ніякай радасці, ніякага парыву пачуццяў. Ваданосаў. Праца — багатае слова, Гэта парывы натхнення, Гэта дзень заўтрашні, новы, Светлых агнёў зіхаценні. Тарас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́пкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з дробных цвёрдых часцінак, не счэпленых адна з адной; які мае ўласцівасць рассыпацца. Сыпкія рэчывы. □ Потым да камянёў .. [Інка і Юрка] прыходзілі .. пасля доўгай бязмэтнай хады па сыпкай рыпучай гальцы, вяртаючыся з падарожжаў на катэры. Карамазаў. // Які лёгка пераносіцца ветрам; рыхлы (пра пясок, снег і пад.). На дарозе — пясок, сынкі, непрытаптаны, але на ім расце трава. Пташнікаў. Паварочваючы галаву то ў адзін, то ў другі бок,.. [чарапаха] імкліва перабірае лапамі, грабецца, бы курыца, па сухім і сыпкім дарожным пыле. Сачанка. // Які асыпаецца (пра грунт, снег і пад.). Зямля .. сціналася, і асоўваліся сыпкія сцены акопа. Лобан. Тут мясціна была выдатная — на сыпкім пясчаным беразе пачыналася сухая звонкая дуброва. Кірэенка. Шумліва ідуць усе па сыпкім насыпе да маторкі. Шынклер.

2. Які выспявае і хутка асыпаецца, трацячы зерне. Помню: лета, авёс жалі сынкі. Серп зламаўся твой звонкі... Тарас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)