хандра́, ‑ы, ж.

Маркотны, сумны настрой; туга. Пад дзеяннем усё той жа хандры, якая яго выгнала з інтэрната, Міша ўстаў, апрануў паліто і пайшоў на вуліцу. Карпюк. Ні маці, ні бабулька не папракалі, цярпліва чакаючы, калі пройдзе.. хандра [у Марынкі]. Шыцік.

[Ад грэч. hypochondria.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вісклі́вы, ‑ая, ‑ае.

Пранізлівы, з віскам. Вісклівы крык. □ [У Якава] у вушах — вісклівы Наташын смех, а ў душы — сумны голас Марыі Адамаўны. Кулакоўскі. // Які часта вішчыць. Клопатаў хапала ўсім: паспрабуй нанасіць вёдрамі вады, нарабіць і разнесці корм гэтым неспакойным, вісклівым жывёлінам... Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́жа 1, ‑ы, ж.

Інфекцыйная хвароба, якая характарызуецца вострым запаленнем скуры або слізістых абалонак.

ро́жа 2, ‑ы, ж.

Абл. Ружа. Амур і сумны і прыгожы Стаіць з павязкай на вачах Ля склепу. Часам лёгкі пах Сюды даносіцца ад рожы. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хма́рна,

1. Прысл. да хмарны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра пахмурную пагоду. Было холадна, хмарна, дзьмуў сыры вецер. Хомчанка.

3. перан.; безас. у знач. вык. Пра сумны, невясёлы настрой. Хмарна было і ў Ганначкі на душы. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Без мяса і малака, не скаромны. Вячэра мусіла быць посная, але ж трэба было згатаваць нямала-нямнога: дванаццаць страў! Мележ. — Сядай, сынок... Нічога лепшага ў мяне няма... Капуста посная. Чарнышэвіч.

2. Не тлусты. Посная свініна.

3. перан. Хмурны, сумны (пра выраз твару, усмешку і пад.). Малашкін сядзеў выпрастапы, з посным тварам чакаў голасу сакратара. Пестрак. Гаспадар пакоя неяк знячэўку ўстрапянуўся, ураз сагнаў ўсмешку з твару, які стаў ад таго сумны і посны. Быкаў.

4. перан. Прытворна сціплы, ханжаскі. Парэчкус злажыў рукі і падняў угару посны твар, як на маленні. Броўка.

•••

Посны дзень гл. дзень.

Посны цукар гл. цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

журлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Сумны, журботны. Над манежам вісела вострая цішыня. Крыкні — і ўсё сарвецца. І ў гэтай цішыні пяшчотны, журлівы хлапечы галасок праспяваў пяшчотныя словы. Караткевіч.

2. Які любіць павучаць, дакараць; бурклівы, сварлівы. Мая свякроў журлівая, А да таго і сварлівая. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

беспрасве́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Без прасвету, вельмі цёмны. Беспрасветная ноч. // Бясконцы, густы (пра дождж, туман і пад.). Зноў дажджы, нудныя, халодныя, беспрасветныя. Сачанка.

2. перан. Сумны, цяжкі, безнадзейны. У гэтых думках чэрпаў ён падтрыманне сабе самому і простым людзям, што стогнуць у ярме беспрасветнага прыгнёту. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апаты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да апатыі. Апатычны стан. // Які выяўляе апатыю. Гэта быў доўгі маўклівы мужык з апатычным выразам беднага на расліннасць твару. Зарэцкі.

2. Які знаходзіцца ў стане апатыі; схільны да апатыі; абыякавы. Успамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меланхо́лія, ‑і, ж.

1. Сумны настрой, нуда, туга. На сэрца наплыла крыўда, якая ўсё часцей і часцей псавала [Шалюту] настрой, наводзіла на яго цяжкую непазбыўную меланхолію. Дуброўскі.

2. Псіхічнае расстройства, якому характэрны прыгнечаны стан, беспрычынныя страхі, недарэчныя ідэі.

•••

Чорная меланхолія — вельмі дрэнны настрой, туга, якая гняце бесперастанку.

[Ад грэч. mélas — чорны і cholē — жоўць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міно́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мінору (у 1 знач.). Мінорны акорд. Мінорная гама. □ Наша тройка ціха павяла мінорны напеў папулярнай .. [у вайну] партызанскай песні. Пянкрат. І ў шчодрым музычным россыпу .. [Малышаў] улоўліваў толькі мінорныя адценні. Хадановіч.

2. перан. Разм. Сумны, журботны. Мінорны настрой. Мінорны тон верша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)