скава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць скаванага (у 2 знач.); адсутнасць свабоды, лёгкасці ў дзеянні або ў праяўленні чаго‑н. Неяк хутка асвойтаўшыся, Хрысціна разгаварылася, і яе першая скаванасць мінулася, а просты твар набыў нейкую асаблівую жывасць, нават узнёсласць. Кухараў. Хацелася быць прыгожым, як і ўсе тут, умець трымаць сябе вольна, без гэтай няёмкай скаванасці. Карпаў. Яе сталі віншаваць, і толькі цяпер пакінула Таццяну скаванасць, шчаслівая ўсмешка азарыла яе твар. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упраўле́нне, ‑я, н.

Адміністрацыйная ўстанова або орган установы, арганізацыі і пад., які кіруе пэўнай галіною гаспадарчай, навуковай, ваеннай і іншай дзейнасці. Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне. Упраўленне чыгункі. □ Ужо мінуліся суткі, як камісар пакінуў ўпраўленне палітычнай прапаганды фронта. Лынькоў. // Будынак, памяшканне, у якім знаходзіцца такая ўстанова або такі орган. [Васіль Пятровіч і Барушка] выйшлі з упраўлення і закрочылі па пустэльнай плошчы Свабоды. Карпаў. // Разм. Супрацоўнікі такой установы або такога органа. Упраўленне выехала на ўборку бульбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нца, -а, н.

1. (у тэрміналагічным значэнні С вялікае). Цэнтральнае нябеснае цела Сонечнай сістэмы, якое з’яўляецца гіганцкім вогненным шарам, што вылучае святло і цяпло.

Вярчэнне Зямлі вакол Сонца.

2. Святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам.

Травы нельга сушыць на сонцы.

У пакой не даходзіць с.

3. перан., чаго. Тое, што з’яўляецца крыніцай жыцця, шчасця каго-, чаго-н.

С. свабоды.

С. праўды.

Да сонца — да ўсходу сонца, вельмі рана падняцца.

Месца пад сонцам — права на існаванне.

Па сонцы — арыентуючыся на сонца, вызначаючы час па месцазнаходжанні сонца.

|| ласк. со́нейка, -а, н. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. со́нечны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

завяза́ць, -вяжу́, -вя́жаш, -вя́жа; -вяжы́; -вя́заны; зак., што.

1. Змацаваць, злучыць канцы чаго-н. вузлом, бантам і пад.

З. вузел.

З. гальштук.

З. хустку.

2. Абматаўшы, змацаваць канцы бінту, вяроўкі і пад.

З. вочы.

З. мех.

З. парэзаны палец.

3. Распачаць, даць узнікнуць (таму, што названа назоўнікам).

З. бой.

З. перастрэлку.

З. гаворку.

З. знаёмства.

Свет завязаць каму (разм.) — зрабіць перашкодай, пазбавіць свабоды дзеянняў.

Як завязаць (разм.) —

1) поўна, вельмі многа, колькі ўлезла.

Насыпаць мех як з.;

2) колькі можна, уволю.

Наеўся як з.

|| незак. завя́зваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. завя́зван­не, -я, н. і завя́зка, -і, ДМ -зцы, ж. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

аблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Апавіць, абвязаць, абматаць што‑н. вяроўкай, дротам і пад. [Ніне] здавалася, што калючы дрот аблытаў, апутаў, як павуцінне, увесь горад. Мележ.

2. перан. Пазбавіць каго‑н. свабоды дзеянняў; падпарадкаваць сабе. Лазун хацеў бы валодаць усёй вёскай, трымаць яе ў сваіх руках, аблытаць павуцінай даўгоў, зрабіць залежнай ад сябе. Хромчанка.

3. перан. Збіць з толку, увесці ў зман. [Мелех:] Аблыталі мяне ліхія людзі, і я вялік грэх мог на душу ўзяць. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёгкасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць лёгкага (у 1–5 знач.). Светлая абліцоўка надавала .. [дому] лёгкасць. Шахавец. Я ведаю вашу [пілотаў] паходку: Разлічаны крок і размах І лёгкасць у жэстах кароткіх, Якой не ўладае і птах. Глебка. Са здзіўляючай лёгкасцю Ірына магла спакойна круціцца цэлы вечар на танцульках, хоць заўтра трэба было ісці здаваць чарговы залік. Краўчанка.

2. Пра стан унутранай свабоды, радасці, спакою. Таццяна слухала маладога чалавека, і незвычайная лёгкасць апаноўвала яе. Васілёнак. Даўно не адчуваў Пракоп такой лёгкасці, такога спакою душы, як цяпер. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́на, ‑ы, ж.

Зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай у стаячай і мала праточнай вадзе. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне. Багдановіч. У тайніку, побач з канавай, Сцяпан хавае «трохзубку» — жалезныя граблі, якімі ён выцягвае з вады ціну ці карчакі. Парахневіч. // перан. Тое, што засмоктвае, аблытвае, пазбаўляе волі, свабоды дзеяння. Колькі.. [Віктар] пражыў у тым мяшчанскім гняздзе, а і пальцам не паварушыў, каб разграміць той ладненька скалочаны дабрабыт, ускалыхнуць застаялую ціну. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раць, ‑і, ж.

Уст., паэт.

1. Войска, ваенны атрад. За справу святую свабоды і чэсці Ідзе незлічоная, дужая раць. Броўка. Імкнуць палкі, ідуць байцы Чырвонай слаўнай раці, Свабоду, мір, як іх ганцы, Прыносяць кожнай хаце. Колас. // перан.; каго-чаго ці якая. Разм. Пра вялікі натоўп, пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Пра што .. [Кастусь] напісаў бы? Ну, вядома, пра лясных жаваранкаў.. Пра Нёман і квяцістыя лугі, калі на іх выходзіць раць дужых касцоў. С. Александровіч. Жанчыны пятай брыгады, убачыўшы гэтую раць [калгасніц], ад здзіўлення анямелі. Дуброўскі.

2. Бітва, вайна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіно́нім, ‑а, м.

Слова, якое адрозніваецца ад іншага гучаннем (і напісаннем), але супадае з ім або вельмі блізкае да яго па значэнню (напрыклад: «моцны» і «трывалы», «праца» і «работа»). Для перадачы аднаго і таго ж паняцця ў пісьменніка знаходзіцца мноства сінонімаў. Каваленка. Часта і ў літаратуры словы «байка» і «казка» ўжываюцца як сінонімы. Казека. // перан. Кніжн. Тоеснае паняцце. Купалаўскі «вольны сейбіт» стаў сінонімам новага чалавека працы. Гіст. бел. сав. літ. У разуменні Горкага краса атаясамлівалася з свабодай чалавека, была сінонімам свабоды і рэвалюцыі. Івашын.

[Ад грэч. synōnymos — аднайменны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эксплуата́цыя, ‑і, ж.

1. Бязвыплатнае прысваенне аднымі людзьмі прадуктаў працы іншых людзей, заснаванае на прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці. [Лаўрыновіч:] — Савецкая ўлада вызваліла сялянскую беднату ад эксплуатацыі і памагла ёй стаць на ногі. Лобан. Сацыялістычны прынцып свабоды і роўнасці ўсіх рас і нацый атрымаў верх над капіталістычным прынцыпам эксплуатацыі і прыгнечання. «Звязда».

2. Пастаяннае, сістэматычнае выкарыстанне (зямлі, яе нетраў, чыгунак, дарог, машын, агрэгатаў і пад.) для якіх‑н. практычных мэт. Эксплуатацыя станкоў. □ У горадзе ўведзена ў эксплуатацыю новая аўтаматычная тэлефонная станцыя на 4 тысячы кропак. «Звязда».

[Фр. exploitation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)