Пісьмо́ ’ўменне пісаць і само пісанне’, ’сістэма графічных знакаў’, ’ліст’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’вучонасць, пісьменнасць’ (Варл.), укр. письмо́, рус. письмо: польск. pismo ’ліст, карэспандэнцыя’, ’пісьмовы дакумент’, ’газета’, н.-луж. pismo ’ліст’, ’дакумент’, в.-луж. pismo ’шрыфт’, ’почырк’, ’рукапіс’, ’афіцыйны дакумент’, чэш. písmo ’шрыфт, літары’, славац. písmo ’тс’, ’сістэма знакаў’, ’почырк’, ’папера, дакумент’, славен. písmo ’ліст’, ’узор’, písme ’літара’, серб.-харв. писмо ’ліст’, ’дакумент, пасведчанне’, харв. pȋsmo ’почырк’, макед. пи́смо ’ліст’, ’дакумент’, балг. пасма ’ліст’. Прасл. *pisьmo, роднаснае літ. piešìmas ’маляванне, мазня’ < piēšti ’рысаваць, пісаць вугалем’ (Зубаты, SF, 2, 86; Буга, РФВ, 73, 335; Траўтман, 211; Фасмер, 3, 268; Бязлай, 3, 41–42). Да піса́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стол, стала́, мн. сталы́, стало́ў, м.

1. Прадмет мэблі ў выглядзе шырокай гарызантальнай дошкі на высокіх падпорах, ножках.

Пісьмовы с.

Сесці за сталы.

Перагаворы за круглым сталом (перан.: пры поўным раўнапраўі бакоў).

2. Прадмет спецыяльнага абсталявання або частка станка падобнай формы.

Аперацыйны с.

3. адз. Страва, ежа, тое, што падаюць для яды.

Затраты на с.

Разнастаіць с.

4. Від стравы, ежы; рэжым харчавання.

Мясны с.

Дыетычны с.

Вегетарыянскі с.

5. які або чаго. Аддзел ва ўстанове, а таксама сама ўстанова, якая займаецца спецыяльным колам пытанняў

С. даведак.

Пашпартны с.

|| памянш. сто́лік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.).

|| прым. стало́вы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

1. Мэбля, якой абстаўлена памяшканне. Два сталы, пісьмовы і звычайны, таксама работы калгасных майстроў, ды некалькі крэслаў складалі ўсю мэблю і абстаноўку канторы. Колас. // Дэкаратыўная і бутафорская частка спектакля.

2. Сукупнасць умоў, акалічнасцей, у якіх што‑н. адбываецца; абставіны. Міжнародная абстаноўка. Ахарактарызаваць абстаноўку. У абстаноўцы міру і дружбы. □ У голасе Садовіча пачуліся ноткі нездавальнення і расчаравання сваім маладым настаўніцкім жыццём і тою абстаноўкаю, у якой прыходзілася жыць. Колас. // Становішча на месцы ваенных дзеянняў, абумоўленае суадносінамі баявых сіл, іх размяшчэннем і характарам мясцовасці. Баявая абстаноўка. □ І камісар, не марудзячы ні хвіліны, накіраваў чалавека дагнаць атрад, паведаміць абстаноўку. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакуме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Дзелавая папера, якая служыць доказам чаго‑н. ці пацвярджае права на што‑н. Апраўдальны дакумент. Прыходныя і расходныя дакументы.

2. Пісьмовае пасведчанне, якое пацвярджае асобу прад’яўніка. У вагоне загаманілі, пасажыры стоўпіліся ў калідоры — ля выхаду з вагона два вайсковыя правяралі дакументы. Хадкевіч. Васіль зайшоў у будку, падаў вартаўніку свой дакумент. Кулакоўскі.

3. Пісьмовы акт, грамата, здымак і пад., якія маюць значэнне гістарычнага паказання, сведчаць аб чым‑н. Архіўныя дакументы. Дакумент гістарычнай важнасці. □ У штабе атрада мне паказалі адзін з шматлікіх дакументаў мужнасці. Два лісточкі паперы, на якіх .. Гаварылася аб змаганні і смерці васемнаццаці герояў пагранічча. Брыль.

[Ад лац. documentum — доказ.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Піса́ць ’перадаваць (на паперы) графічныя знакі’, ’складаць пісьмовы тэкст’, ’складаць літаратурны або музычны твор’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Стан.), даўг. ’маляваць’ (Сл. ПЗБ), піса́ты ’распісваць посуд’ (Вярэн.), пі́снуць ’чыркнуць, зрабіць рыску’ (ТС); піса́цца ’рэгістраваць шлюб’ (Касп.; воран., Сл. ПЗБ; ашм., Сцяшк. Сл.), мсцісл. ’перапісвацца’ (Юрч. СНЛ). Укр. писа́ти, рус. писа́ть; польск. pisać, н.-луж. pisaś, в.-луж. pisać, чэш. psáti, славац. písať, славен. písati, серб.-харв. пи́сати, макед. пише, балг. пиша, ст.-слав. пьсати. Прасл. *pьsati і *pisati, роднаснае ст.-прус. peisāi ’яны пішуць’, літ. piẽšti ’маляваць фарбамі’, ’рысаваць вуглём’, ст.-інд. pim̊śati ’аздабляе, фармуе’, ст.-перс. ni‑pišta ’запісаны’, тахар. B pinkam ’піша’, ст.-грэч. ποικίλος ’стракаты’, лац. pingō, ‑ere < першаснае *pinkō (Эрну–Мее, 2, 508) ’маляваць’, ’вязаць іголкай’, ст.-в.-ням. fêh ’стракаты’ < і.-е. *pei̯kʼ‑. Слова з асновай *pьs‑ утварылася паводле *bьrati ’браць’. Першаснае значэнне ў *pьsati было ’маляваць’ (Міклашыч, 270; Траўтман, 210; Фасмер, 3, 266; Махэк₂, 495; Бязлай, 3, 40).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэкамендава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., каго-што.

1. Станоўча характарызуючы каго‑, што‑н., прапанаваць выкарыстаць на службе, рабоце і пад. Рэкамендаваць настаўніка. Рэкамендаваць кнігу. □ [Кавалёў:] — Я выклікаў вас па важнай справе. Мне рэкамендавалі вас як добра пісьменнага чалавека. Чарнышэвіч. // Даць (даваць) каму‑н. пісьмовы станоўчы водзыў для ўступлення ў якую‑н. арганізацыю ці паступлення на працу. Камуністы, якія некалі рэкамендавалі .. [Карніцкага] у партыю, вучылі быць заўсёды ініцыятыўным і настойлівым, вучылі заўсёды глядзець наперад! Паслядовіч.

2. Параіць (раіць), прапанаваць зрабіць што‑н., заняцца чым‑н. Рэкамендаваць заняцца спортам.

3. Назваць (называць) пры знаёмстве. Тым часам Генрых падаў руку, пачаў рэкамендаваць мяне студэнту. — Браніслаў! — неахвотна кінуў той, вітаючыся. Карпюк. [Ларыса:] — Хадзі сюды, Люба... Ты, можа, незнаёма з маім фурманам — рэкамендую. — А фурман скочыў з перадка, падбег і ўхапіў Любіны рукі. — Ігнась!.. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́клік, ‑у, м.

1. Кліч, прызыўны гук. [Коля і Дзіма] стаялі так сцішыўшыся, чакаючы, ці не паўторыцца яшчэ раз гэты жывы дзіўны гук, у якім нават тугое на слых вуха магло ўлавіць нейкі трывожны заклік. Якімовіч. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? Ці, заклік чуючы, знарок заварушылася глушыца? А. Вольскі.

2. Запрашэнне, просьба прыйсці, з’явіцца куды‑н. Пачулі працавітыя людзі заклік свайго збаўцы, і пакінулі яны хто молат, хто кельню, хто плуг, хто серп і валам павалілі да свайго волата. Пальчэўскі.

3. Прапанова або патрабаванне дзейнічаць, паводзіць сябе пэўным чынам. Пры .. [Нявідным] было некалькі брашур.., адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам. Колас. [Ніна] выступае з заклікам, каб кожны інжынер меў асабісты план удзелу ў асваенні новай прадукцыі. Шыцік. // Вусны або пісьмовы зварот, які ў кароткай форме выражае кіруючую ідэю, палітычнае патрабаванне; лозунг. Першамайскія заклікі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэкст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Тое, што напісана або надрукавана, напісаныя або сказаныя кім‑н. словы, якія можна ўзлавіць, паўтарыць у тым жа выглядзе. Запісаць тэкст казкі. □ З многіх паправак, зробленых рукой. К. Чорнага на тэксце другога варыянта «Ірынкі», відаць, як шмат працаваў аўтар над гэтай драмай. Кудраўцаў. Выдаючы біблейскія тэксты, доктар лекарскіх і свабодных навук клапаціўся аб пашырэнні і ўдасканаленні асветы. С. Александровіч. Валя дрыжачымі пальцамі выняла з канверта ліст і ўпілася вачыма ў надрукаваны на машынцы тэкст. Карпаў. // Урывак з якога‑н. твора славеснасці, прызначаны звычайна для навучальнай мэты. Чытанне лацінскіх тэкстаў. Пераклад англійскага тэксту.

2. Пісьмовы дакумент, акт і пад. у адрозненне ад заўваг, каментарыяў да яго. // Асноўная частка набору без падрадковых заўваг, спасылак і пад. Набраць тэкст корпусам, а зноскі петытам. Зноска пад тэкстам.

3. Словы, на якія напісана музыка. Раманс Чайкоўскага, тэкст Фета. Тэкст песні.

4. Спец. Шрыфт буйнога памеру (каля 8 мм).

[Ад лац. textum — сувязь, злучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывіта́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывітаць.

2. Словы, рух, жэст, звернутыя да каго‑н. пры сустрэчы, як знак добразычлівасці, дружалюбнасці. — Дзень добры, рабяты! — Вучні дружна адказалі на прывітанне. Гамолка. Пасля першых прывітанняў абодва знайшлі агульную тэму. Васілевіч. Паперадзе Ігнат Струміла — кіўком галавы абменьваецца прывітаннем. Гартны. // Разм. Зварот да блізкага знаёмага пры сустрэчы. — Прывітанне, Анёлак! — засмяяўся Кастусь, успомніўшы ўчарашняе. Ваданосаў. — А-а, масквічкі! Ну, прывітанне, прывітанне! Рады вас бачыць на беларускай зямлі. Шчарбатаў.

3. Вусны або пісьмовы зварот да каго‑н., у якім выказваецца адабрэнне, добразычлівасць, пахвала. Прывітанне юбіляру. Прывітанне з’езду камсамола. □ Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым І з песнямі калгаснікі прыйшлі. Купала. [Паўтарак:] Я перадам гэта пісьмо і ваша гарачае прывітанне будаўнікам Волга-Дона. Крапіва.

4. Сяброўскае пажаданне каму‑н. ад каго‑н. [Камандзір] перадаў мне прывітанне ад сяброў і знаёмых. Краўчанка. Ляці, мая песня, як сокал крылаты, Нясі прывітанне заходняму брату. А. Александровіч.

•••

З (камуністычным, сяброўскім і г. д.) прывітаннем — заключная форма ліста да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіс, ‑а, м.

1. Пісьмовы пералік каго‑, чаго‑н. Спісы выбаршчыкаў. Спіс дзеючых асоб п’есы. □ У суседнім пакоі, адкуль выбегла Зіна, складалі спісы тых, хто ідзе на будаўніцтва. Грамовіч. У сейфе сталёвым, у спісах ахвяр Быў знойдзены след маладой парабчанкі. Зарыцкі. Калі б скласці спіс добрых спраў парторга Абраменкава, яго давялося б друкаваць у многіх нумарах газеты. Дадзіёмаў. [Членам атрада] далі грошы і спіс усяго, што трэба было купіць. Шашкоў.

2. Перапісаны тэкст чаго‑н.; рукапісная копія. Вершы ў спісах. / Пра рукапісную копію старажытнага арыгінальнага помніка пісьменнасці. Вядомыя спісы беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік вельмі неаднародныя паводле свайго складу. Чамярыцкі.

3. Дакумент, у якім пералічаны якія‑н. звесткі. Архіўныя дакументы і, у прыватнасці, фармулярныя спісы падрабязна паведамляюць пра ўсе .. перамяшчэнні [Багушэвіча] па службе. «Маладосць».

•••

Імянны спіс — спіс, у якім пералічваюцца прозвішчы і імёны якіх‑н. асоб.

Паслужны спіс — дакумент са звесткамі аб праходжанні службы.

Чорныя спісы — у краінах з рэакцыйным рэжымам — спісы асоб, якіх па палітычных матывах не прымаюць па працу, звальняюць у першую чаргу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)