адляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑ляціце; зак.

1. Летучы, перамясціцца, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. на пэўную адлегласць. Дзяцел толькі глянуў скоса, адляцеў за пару сосен і пачаў «тук-тук» нанова. Вось і ўся яго размова! Дубоўка.

2. Вылецеўшы, пакінуць якое‑н. месца; паляцець. Самалёты адбамбіліся і адляцелі на захад. Сабаленка. Калі Аляшкевіч расказаў пра старое вялізнае гняздо чорных буслоў і пра тое, што яны яшчэ не адляцелі, а ўжо надышоў кастрычнік, я яму не паверыў. Самусенка. // перан. Мінуць, адысці, знікнуць (пра час, мары, надзеі і пад.). Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мы даўно не тыя, — адляцелі, нібы сны, мары маладыя. А. Вольскі.

3. Адскочыць, адкінуцца ўбок ад моцнага ўдару, штуршка. [Хлапчук:] — Ды каб я крутнуўся, яны [дзяўчынкі] на дзесяць крокаў адляцелі б. Рунец.

4. Разм. Адарвацца, зваліцца, адпасці (пра што‑н. прымацаванае). Раптам адляцела кола, пакацілася з дарогі. Вось схілілася дадолу, чырканула, як парогам. Дубоўка. Лісты ў спякоту не жаўцелі — Згарнуліся ў колер свой І адляцелі без надзеі На кроплю праўды дажджавой. Пысін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́паліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, жарам. Пажар выпаліў увесь лес. Сонца выпаліла траву. / у безас. ужыв. Бацька некалі меў светлыя вочы і ўсё бачыў, як і кожны здаровы чалавек. Яму выпаліла зрок, калі ён працаваў на заводзе, дзе выплаўлялі медзь. Лынькоў. // Ачысціць абпальваннем. Выпаліць арганічныя прымесі. // перан. Выкараніць, знішчыць бясследна. Памяці аб вас [загінуўшых] з душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка.

2. Прапаліць, выпечы чым‑н. распаленым. Выпаліць дзірку. // Зрабіць распаленым жалезам знак, метку і пад. на паверхні чаго‑н. Выпаліць узор. □ Агонь на крылы маладыя плёснуў І выпаліў нязмыўнае таўро. Пысін.

3. што і ў чым. Кончыць паліць; прапаліць. Раніцай жанчына выпаліла ў печы, прыгатавала снеданне. Федасеенка.

4. Вырабіць абпальваннем. Выпаліць цэглу.

5. Разм. Выстраліць. Рыль.. трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін зах[о]д. Колас.

6. перан. Разм. Нечакана і хутка сказаць што‑н. — Зброя ў цябе ёсць? — ва ўпор выпаліў адзін з паліцэйскіх. М. Ткачоў. Вася адным дыханнем выпаліў свой нядоўгі жыццяпіс. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звод 1, ‑у, М ‑дзе, м.

Разм. Выміранне, знікненне каго‑, чаго‑н. І была.. [груша] такая магутная і свежая.., што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца. Караткевіч. — На ўсё пайшоў звод, — з нейкай маркотай заключыў паляшук і змоўк, аб чымсьці задумаўшыся. Колас.

звод 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Выпуклае або крывалінейнае перакрыцце, што злучае сцены, апоры якога‑н. збудавання; скляпенне. Звод аркі. □ Жалезны лямант і скрыгат узлятаюць аж пад высокія зводы даху і адтуль ападаюць ужо сцішаным рэхам. Сабаленка. Цяпер агледзець можна печ, як ляльку, Усе карнізы, нішы, под і звод, І той пяколак, дзе шукаць запалку, Калі куранты данясуць свой звон. Пысін.

звод 3, ‑у, М ‑дзе, м.

Сукупнасць тэкстаў, дакументаў і пад., сабраных разам і размешчаных у пэўнай паслядоўнасці. Звод законаў. Звод правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. □ Дакастрычніцкая творчасць Янкі Купалы — гэта бадай поўны звод паэтычных звестак аб паднявольным жыцці беларускага селяніна. Лужанін.

звод 4, ‑у, М ‑дзе, м.

Рэдакцыя рукапіснага тэксту, якая адрозніваецца ад іншых сціскаў гэтага помніка асаблівасцямі мовы. Стараславянскі помнік рускага зводу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяро́, а́; мн. пёры (з ліч. 2, 3, 4 пяры́), пёраў; н.

1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. Страусавае пяро. □ Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў, Ганяючы то крыкі, то пяро. Пысін.

2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу. Стальное пяро. Чарцёжнае пяро. Нотнае пяро. Плакатнае пяро. □ Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала. В. Вольскі. // Завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў. Гусінае пяро. □ Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьмо. Юргелевіч.

3. перан.; толькі адз. Ужываецца як сімвал працы пісьменніка, яго прафесіі. Першыя спробы пяра маладога паэта [А. Александровіча] вельмі прыхільна былі сустрэты гурткоўцамі. Хведаровіч.

4. Разм. Зялёны ліст цыбулі ці часнаку.

5. Спец. Лопасць у розных інструментах, прыладах і пад. Пяро руля.

•••

Вечнае пяро — тое, што і аўтаручка.

Адным росчыркам пяра гл. росчырк.

Валодаць пяром гл. валодаць.

Выйсці з-пад пяра гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скразны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які праходзіць наскрозь. Скразная прабоіна. □ Марыя ўвайшла ў калідор, той самы вузкі, скразны, па якім можна прайсці з вуліцы ў агарод. Кулакоўскі.

2. Такі, пры якім перамяшчэнне ажыццяўляецца ад пачатковага да канцавога пункта без перасадак, перагрузак. Скразны поезд. Скразны кантынентальны пералёт. // Прыгодны на ўвесь маршрут (пра білет). Скразны білет. // перан. Які захоўваецца па працягу чаго‑н., наскрозь пранізвае што‑н. Лабановіч пастаўлен у цэнтр усіх падзей і з’яўляецца адзіным скразным героем твора. Казека. [П. Пестрак] не асабліва пільнаваўся ні адзінства часу, ні адзінства месца дзеяння, не стараўся захаваць скразныя сюжэтныя лініі. М. Стральцоў.

3. Які распаўсюджваецца на ўсе моманты вытворчай дзейнасці; распаўсюджваецца па ўвесь прадмет. Скразны графік работы. Метад скразнога шліфавання. Скразная загартоўка дэталей. // Які ахоплівае ўсё, запаўняе сабой усё. Гул скразны. Скрыгочуць нема сцены. Пысін. Снег валіў, але не густа, Мы яго змялі набок, І на возеры, як люстра, Заблішчаў скразны лядок. Калачынскі.

4. Увесь у прасветах і адтулінах, праз якія праходзіць святло; ажурны, рэдкі. Скразны цюль.

•••

Скразная брыгада — брыгада, якая складаецца з работнікаў розных спецыяльнасцей, што сваёй дзейнасцю ахопліваюць усе моманты вытворчага працэсу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спле́сціся, сплятуся, спляцешся, спляцецца; спляцёмся, сплецяцеся, сплятуцца; пр. сплёўся, сплялася, ‑лося; заг. спляціся; зак.

1. Пераплесціся, пераблытацца; пераплёўшыся, злучыцца (пра галіны, дрэвы і пад.). Кусты спляліся і ўтварылі жывую вечназялёную агароджу. Шамякін. Абвітыя хмелем галінкі і лісце спляліся над галавою так густа, што праз іх не магло прабіцца сонца. Сачанка. Карэнні, як дрот тэлефонны, Спляліся ля кожнай сасны. Прыходзька. // Пераплёўшыся, счапіцца (пра рукі, ногі, пальцы); абхапіць адно аднаго, пераплёўшы рукі і ногі. Толькі прыйшоў гэты час. На пероне Клункаў і кошыкаў штурхатня. Думна стаялі вы збоку, пры клёне, Рукі спляліся — ніяк не разняць. Цвірка. Школу запоўнілі крыкі і лаянка. Усе спляліся ў адзін клубок. Кіпеў сапраўдны рукапашны бой. Машара. // перан. Злучыцца, зліцца адно з другім. Як дзіўна ўсё гэта сплялося! Колас. Даўняе з сягонняшнім сплялося. Пысін. У .. сюжэце зусім ненатуральна спляліся эпізоды сямейна-бытавой драмы з меладраматычнай развязкай. Лойка.

2. Уявіцца, узнікнуць у свядомасці, у сне. [Крушынін:] — Учора бачыў у сне .. Домну [Анісіма]. І спляцецца ж чорт ведае што! Гурскі. Ноччу доўга не мог заснуць. З галавы не выходзіць тое, што перажыў за дзень .. І сплёўся пачварны неверагодны сон, які змучыў мяне канчаткова. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвісці́, цвіту, цвіцеш, цвіце; цвіцём, цвіцяце; незак.

1. Раскрывацца, распускацца (пра кветкі). Спарыш і дзяцельнік гусціліся ля дарог, цвілі і вялі жоўтыя кветкі. Чорны. Усцяж дарогі цвілі буйныя белыя рамонкі. Арабей. // Мець кветкі; быць пакрытым кветкамі. На полі першая раса. І сталі яблыні цвісці... Броўка. Сад цвіў густа і дружна. Дуброўскі. Касі луг, як цвіце. З нар. / у перан. ужыв. Паглядзі, як наўкол прыгожа, Калі неба цвіце на ўсходзе. Гілевіч. На Санькавым твары цвіце вясёлая ўсмешка. Якімовіч. Густою чырванню цвілі На мне мае бінты. Пысін.

2. перан. Знаходзіцца ў стане фізічнага росквіту; быць здаровым, прыгожым. «Цвіце кабета, хоць і турбот у яе багата», — мімаволі падумаў Ваўчок. Хадкевіч. // Быць радасным, ажыўленым. Пералічваючы ў лагеры захопленыя трафеі, партызаны цвілі ад радасці. Бураўкін. Аляксей заўсёды цвіце ўсмешкай, яго можна назваць сімпатычным. Навуменка.

3. перан. Паспяхова развівацца, квітнець. Нядаўна тут цвіло, дыхала прыгожае, зайздроснае жыццё. Лупсякоў. Наша мова, якая вякамі пагарджалася, нарэшце цвіце і красуе разам з народам. Дамашэвіч.

4. Пакрывацца цвіллю. Спрадвеку цвіла вада ў гэтых сажалках. «Звязда». Уставайце, хлеб даядайце, а то вы спіцё, а хлеб цвіце. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Павярнуцца з аднаго боку на другі; павярнуцца процілеглым бокам. Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок. Гартны. У адзін момант ускінуў .. [Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас. // Перакуліцца, перакінуцца. Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны. Толькі зашапоча, загамоніць узрушаная плугам зямля і перавернецца быльнёг дагары нагамі. Баранавых.

2. перан. Стаць зусім іншым, рэзка змяніцца, перамяніцца. [Маці:] — Нешта на свеце перавярнулася. Быў у сям’і спакой, лад, а тут — на табе. Пестрак.

3. Прайсці, перабыць. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай дарозе перавярнулася бездань людзей. Чорны.

4. перан. Ператварыцца ў каго‑, што‑н. Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб’і. Прымаўка. // Прыняць іншую веру. Гэты малады юрыст за свой кароткі час паспеў з немца ператварыцца ў рускага, а потым у паляка, з лютэраніна перавярнуўся на католіка, з прапаведніка ў пракурора. Машара. // У казках і народных павер’ях — прыняць іншы выгляд, ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Перавярнуўся б зараз у ваўка, У ворана... І жыў бы ў гэтым лесе, Пракляўшы чалавецтва і вайну. Пысін.

•••

Перавярнуцца ўверх дном — карэнным чынам змяніцца, стаць іншым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схоў, схову; мн. сховы, ‑аў; м.

1. Хаванне, захоўванне чаго‑н. Аддаць грошы на схоў. / у паэт. ужыв. Вось так хадзілі ў тыл варожы, Аддаўшы прозвішча на схоў. Пысін.

2. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, схавацца ад каго‑, чаго‑н. І тут, за горкаю ў даліне, Знаходзяць сховішча яны — Іх схоў надзейны, зацішны. Колас.

3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для і ўкрыцця каго‑, чаго‑н. Цяпер .. [Сяргей] можа выходзіць са схову і сустракацца толькі ўначы, — значыцца, трэба прыдумаць новыя спосабы сувязі. Мележ. [Ева Аўсееўна:] — Мая домработніца нікому не адчыніць дзверы, пакуль праз акенца ў калідоры не ўбачыць, хто прыйшоў. І паліцыю не ўпусціць, пакуль не папярэдзіць. А .. [Валодзя] тым часам праз калідор — і ў мой пакой, адтуль — у схоў. Машара.

4. толькі мн. (схо́вы, ‑аў); перан. Тое, што недаступна для іншых, што хаваецца ў душы. [Андрэй] данясе .. [нянавісць] да патрэбнай пары цэлую, некранутую, клапатліва выпешчаную ў патаемных сховах душы. Зарэцкі.

5. толькі мн. (схо́вы, ‑аў). Памяшканне для захоўвання чаго‑н.; сховішча. Вось прыедуць фурманкі — будуць паражніць нівы. Зжатае жыта паедзе ў сховы, а голае ржышча будзе пустым галам выглядаць. Гартны. // перан. Пра народную памяць, традыцыі, якія захоўваюць, зберагаюць што‑н. Мы радуемся слову, Адкрытаму ў народных сховах, Незацяганаму, Крамянаму, Як раніцай трава, непатаптанаму. Арочка.

•••

Пад сховам (сховамі) чаго — карыстаючыся чым‑н. як прыкрыццём, маскіруючыся чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чэз, ‑ла; незак.

1. Станавіцца чэзлым (у 1 знач.). У гарачыню, у лета, калі скрозь на падворках у нашай вёсцы жаўцела і перасыхала трава, калі на вуліцы быў гарачы, як прысак, жоўты пясок, калі вяла і скручвалася ў трубку лісце на бэзе, а на полі гінула і чэзла ўсё, у нашай хаце збіраліся кабеты і ішлі на рэчку сыпаць мак, каб быў дождж. Адамчык. Яблыня.. раптоўна пачала чэзнуць, вянуць. Лісточкі і пялёсткі зморшчыліся, абамлелі. М. Ткачоў.

2. Губляць здароўе, сілы, знясільвацца. — То што ж мне рабіць з вамі? — пачала ламаць рукі маці. — Сядзець ды глядзець, як вы [дзеці] марнееце ды чэзнеце? — яна заплакала. Сачанка. Прыбітыя горам бацька і маці бачаць, як на вачах чэзне дачка. Кудраўцаў.

3. перан. Станавіцца менш яркім, цямнець; гаснуць. Чэзлі цьмяныя фарбы захаду на спадах гор, хмурнела далеч. Надыходзіла ноч. Самуйлёнак. Касцёр то ярчэў, то чэз... Сябры, што разам хадзілі, Змахнуўшы слязу з вачэй, Ядлоўцавы дым вінілі. Кляўко. // Змяншацца, радзець, станавіцца менш выразным; знікаць. Прадвесне пеўня паіць з верхаводкі, сумёт зляжалы ўвачавідкі чэзне. Пысін. Чэзла, адступала нязвыкласць і прыходзілі ўпэўненасць, адчуванне павагі і даверу да складанай і магутнай тэхнікі, што была вакол. Савіцкі. І не дзіва, што чэзне туман, Што, народжаная ўначы, З павароткаю кожнай адходзіць зіма, Пасля студзеня ўладна прыходзіць май, Гучна звонячы ў сонечны шчыт. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)