бу́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Неспакойны, свавольны, нястрыманы, дзёрзкі. Буйны нораў. Буйная галава. □ Ах, сцяжыначка-сцяжына буйнай юнасці маёй. Машара. І будзем помніць мы яго ізноў Паэта — буйнага, жывога. Таўбін.

2. Моцны, нястрымны. Буйны вецер. Буйная паводка. Буйны гнеў. Буйная весялосць.

буйны́, а́я, ‑о́е.

1. Які складаецца з аднародных, больш чым сярэдняга памеру, адзінак; проціл. дробны. Буйное жыта. Буйны пясок. // Вялікіх памераў. Буйны колас. Буйныя кроплі расы. Буйныя літары. □ Зоры чыстыя, буйныя ўсыпалі неба. Карпаў. Пасыпаліся арэхі буйныя, поўныя, усе, як на падбор. Маўр. // Які адносіцца да віду, пароды вялікіх жывёл. Буйны драпежнік. Буйная рагатая жывёла. // Падкрэслена вялікі. Чалавек буйнога складу. Кадр буйным планам.

2. Багаты, раскошны; сакавіты. Буйныя косы. Буйная завязь. Буйная зеляніна.

3. Вялікі па плошчы, па колькасці насельніцтва. Буйны горад. Буйны прамысловы цэнтр. // Значны па сваіх памерах, магутны. Буйная электрастанцыя. Буйное прамысловае прадпрыемства. Буйны цэнтр навукі. // Вялікі па канцэнтрацыі сродкаў. Буйное землекарыстанне. Буйное сацыялістычнае земляробства. Буйная вытворчасць.

4. Вялікі па колькасці ўдзельнікаў. Буйная арганізацыя. Буйное танкавае злучэнне. Буйныя сілы ворага. // Значны ў колькасных адносінах. Буйныя сродкі. Буйныя капіталаўкладанні. // Вялікага маштабу, вялікай сілы, з вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Буйныя ваенныя дзеянні. Буйная ваенная аперацыя. Буйное наступленне.

5. Выдатны, найбольш прыкметны сярод іншых. Буйны вучоны. Буйны спецыяліст. Буйная з’ява. Буйны мастацкі твор.

6. Хуткі, магутны. Буйны рост прамысловасці. Буйны выбух.

7. Значны па выніках, важны па значэнню. Буйная перамога. Буйное дасягненне. Буйны дэфект.

8. Важны, значны, радыкальны. Буйныя мерапрыемствы. Буйны крок па ўздыме прадукцыйнасці працы.

9. Багаты, шчодры. Буйная раса. Буйныя слёзы. Буйны дождж. Буйное сонца. // Багаты па выніках. Буйны ўраджай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трыва́ць, трыва́ці ‘вытрымліваць, цярпліва пераносіць боль, непрыемнасць, цярпець’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., ТС, Сл. ПЗБ, Варл.; ашм., Стан.) ‘працягвацца пэўны час’ (ТСБМ, Вруб.), ‘доўга захоўваць прыдатнасць, трымацца’ (Нас., ТСБМ), ‘быць, існаваць, перабываць’ (Нас., Некр. і Байк.), трва́ць ‘перабываць, працягвацца; трымацца’ (Нас.), тырваць ‘цярпець’ (Бяльк.). Ст.-бел. трвати (з 1507 г.) запазычана са ст.-польск. trwać ‘быць, існаваць працяглы час, заставацца без змен’ (Булыка, Лекс. запазыч., 197), аднак адаптаваная форма търывати ‘быць, працягвацца’: сесь листъ нашъ маетъ търывати вѣчно и непорушно (ГСБМ, 34, 56), зафіксавана ў 1438 г., што, магчыма, сведчыць аб яе існаванні яшчэ да запазычанай формы адначасова са ст.-чэш. trvati, чэш. trvat, славац. trvať, н.-луж. trwaś, харв. дыял. trvat, што ўзыходзяць да прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’, якое ўжывалася побач з *trajati ‘працягвацца, цягнуцца’, ‘насіцца (пра адзенне)’, зафіксаванае ў формах: славен. trâjati ‘тс’, харв. trȁjati, серб. тра̏јати, макед. трае, балг. тра́я ‘трываць, цярпець’, ст.-чэш. tráti, traju ‘трываць, заставацца, вытрымліваць’, ‘жыць, існаваць’, в.-луж. trać, traju, н.-луж. traś, trajom ‘трываць’, і роднаснае ст.-інд. tárati ‘захоўвае, прыбірае, хавае’, ‘пераадольвае, перамагае’, trāyáte ‘ахоўвае, беражэ’, іран. *tarvaya < *trva‑, авест. taurvaya ‘пераадольваць ворагаў’ (Трубачоў, Этимология–1965, 58–61), ст.-грэч. τρανης, τρανώς ‘ясны, вызначаны’, ‘ясна’, лац. intrāre ‘ўвайсці’, хец. tarhziперамога’ < і.-е. *terh₂ ‘прайсці праз што-небудзь, пераступіць, перамагчы’ (Сной₂, 775–776). А праславянская форма *trъvati (< *trǔu̯‑a < trū‑ā‑) суадносіцца са ст.-інд. tū́rvati ‘перамагае’ — усе да і.-е. *ter‑/*trá‑/*teru ‘пераходзіць, пранікаць праз што-небудзь’ (Борысь, 646; Скок, 3, 488–489). Махэк₂ (655) мяркуе, што прасл. *tъvati з’яўляецца адыменным утварэннем ад прыметніка *trъvъ, які адпавядае ст.-інд. *dhruvá‑ ‘трывалы, пэўны, пастаянны’, лац. dūrus ‘цвёрды, непадатлівы’ і ням. dauern ‘працяглы’, ‘моцны’; гэтаксама Голуб-Ліер (491). Гл. таксама Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 635. Сюды ж шматлікія дэрываты: трыва́лы ‘які моцна не паддаецца разбурэнню, псаванню’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘моцны, дужы, здаровы’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 5), ‘вынослівы, цягавіты’ (Шат., Байк. і Некр., Гарэц., Варл.), ‘здольны многае вынесці, перажыць, стойкі, загартаваны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас.), ‘які не мяняецца, надзейны, устойлівы’ (ТСБМ; шальч., Сл. ПЗБ), трыва́льшы ‘мацнейшы, дужэйшы’ (Ян.), трыву́шчы(й) ‘вынослівы, жывучы’ (Сцяшк., Сл. Брэс.), трыва́л ‘пажыўны’: пры хлебе й квас трывал (Сержп. Прык.), трывалкі ‘тс’ (Гіл.), трыва́нне ‘цярпенне’ (Касп.), трыва́ласць ‘вынослівасць, цягавітасць’ (Байк. і Некр.), трыва́ючы ‘моцны’ (Нас.), трыва́льны ‘тс’ (навагр., іўеў., валож., ЛА, 5), трыва́ла ‘моцна’ (Ласт.), ст.-бел. трывалый, тривалый ‘сталы, надзейны’, трвалый ‘устойлівы’, ‘сытны, пажыўны (пра яду)’, трванье, трыванне ‘захаванне, працяг’ (ГСБМ). Параўн. рус. вытрывалый, гл. Анікін, РЭС, 9, 204.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ствары́ць, ствару, створыш, створыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць існуючым. Савецкая дзяржава першая стварыла штучныя спадарожнік Зямлі і Сонца. «ЛіМ». Вынаходнікі і канструктары стварылі са шкла і металу штучнае чалавечае сэрца. Матрунёнак. Нават аўтаматы, якія, здавалася, ведалі ўсё, не змаглі даць адказу, ці можна стварыць такое малекулярнае злучэнне ў зямных умовах. Шыцік. / Пра чалавека, жывыя істоты і пад. [Зямля] ж у малады свой век Стварыла цуд, які ўзвялічан Вялік[і]м імем — Чалавек. Чарнушэвіч. Не могуць кветкі гэткія дружыць І разам у адным букеце жыць, — Такімі ўжо стварыла іх прырода. Корбан. // Пакласці пачатак. Руднік .. успомніў словы Тарасіхі: «А ты ж ствары тут новае жыццё...» А як стварыць? Кірэенка. // Набыць, здабыць працай. Людзі стварылі багацце калгаса. «Работніца і сялянка». // Напісаць (навуковы, літаратурны, музычны твор, карціну); скласці. Натуральна, што стварыць адразу добры ва ўсіх адносінах падручны — справа цяжкая. Шкраба. Максім Багдановіч стварыў гэтыя радкі ў перыяд, калі эстэтычныя погляды аформіліся і ўстанавіліся. Майхровіч. // Намаляваць мастацкі вобраз сродкамі мовы. Аўтар «Тараса на Парнасе» першы ў нашай літаратуры стварыў канкрэтны, «жывы» вобраз беларускага працоўнага селяніна. Казека. / Пра іншыя мастацкія вобразы. [Архітэктары] стварылі адухоўлены высокай мастацкай праўдай вобраз паэта-барацьбіта, вешчуна, гуманіста [Янкі Купалы]. «Помнікі». // Паказаць, сыграць (па сцэне). С. Бірыла стварыў і іншыя цікавыя вобразы ў п’есах Галубка. «ЛіМ».

2. Арганізаваць, сфарміраваць. Стварыць калгас. □ Ермакоў уцёк з некалькімі таварышамі ў лес, дзе стварыў невялічкую партызанскую групу. Мележ. На адным са сваіх сходаў камсамольцы вырашылі стварыць пры сельсавеце камітэт узаемадапамогі. Пальчэўскі.

3. Падрыхтаваць, забяспечыць што‑н., зрабіць магчымым што‑н. Але каб перацягнуць .. [самалёт] .. і стварыць умовы для ўзлёту, трэба папрацаваць не аднаму дзесятку чалавек. Шамякін. Перамога СССР у Вялікай Айчыннай вайне, утварэнне сусветнай сістэмы сацыялізма стварылі для .. [вызваленчай барацьбы народаў каланіяльных краін] .. спрыяльную абстаноўку. «Звязда». Узаемная павага, давер’е, сумленнасць — вось якую атмасферу .. удалося стварыць [Дзеншчыкову] сярод брыгадзіраў калгаса. Карпюк. / Пра славу, аўтарытэт, папулярнасць і пад. Усё ж [токі] Ксеркс сваёй расправай стварыў сабе такую славу, што і дарослыя, і дзеці яго ўсе ведаюць на свеце. Дубоўка. // Выклікаць з’яўленне чаго‑н., стаць прычынай чаго‑н. Стварыць цяжкасці.

4. Сфарміраваць, надаўшы адпаведныя рысы. Праца стварыла чалавека. □ Прырода стварыла .. [дзядзьку Язэпа] такім для таго, каб якой-небудзь чулай натуры па-брацку трохі пасмяяцца над ім, а пасля над ім жа горка заплакаць. Чорны. // Надаць якія‑н. уласцівасці, рысы ў працэсе развіцця. // Прыдумаць, уявіць сабе. Мы не паклонімся богу, — Бога стварыў чалавек. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ўны

1. в разн. знач. по́лный; (сил, радости и т.п. — ещё) испо́лненный; (целиком поглощённый каким-л. чувством — ещё) преиспо́лненный;

~нае вядро́ — по́лное ведро́;

~ная перамо́га — по́лная побе́да;

п. збор тво́раў — по́лное собра́ние сочине́ний;

яму́ няма́ ~ных трыццаці́ год — ему́ нет по́лных тридцати́ лет;

п. эне́ргіі — испо́лненный эне́ргии;

2. (отличающийся полнотой) по́лный, ту́чный;

~ныя прыме́тнікі — по́лные прилага́тельные;

п. ход! — по́лный ход!;

на п. рот, на ~ную губу́ (е́сці, упі́сваць, уміна́ць) — за о́бе щеки́ (есть, упи́сывать);

у ~най ме́ры — в по́лной ме́ре;

на ~ную сі́лу — в по́лную си́лу;

~наю ме́раю — по́лной ме́рой;

у ~ным сэ́нсе сло́ва — в по́лном смы́сле сло́ва;

у ~ным пара́дзе — в по́лном пара́де;

на ~ным сур’ёзе — на по́лном серьёзе;

у ~ным ро́зуме — в по́лном рассу́дке (уме́);

не ў ~ным ро́зуме — не в по́лном рассу́дке (уме́);

~ная ча́ша — по́лная ча́ша;

на ~ным хаду́ — на по́лном ходу́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выпрастаць стомленыя ў аднастайнай паставе канечнасці, стан. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў. Колас. У паясніцы нібы завесы заржавелі — не разагнуцца. Але пацягнешся моцна да хрусту касцей, лінеш на твар халоднай вады, пройдзеш разы два па хаце і сціхне патроху нудны боль у плячах. Крапіва. [Казік] выцягнуў з-пад посцілкі рукі і з асалодай пацягнуўся. Чарнышэвіч.

2. Падацца корпусам у якім‑н. напрамку, працягнуць руку, галаву да каго‑, чаго‑н. [Гаварушка] пацягнуўся яшчэ, каб злавіць яе [Ніны] руку, але яна адбеглася. Лобан. Васіль узняў галаву, і рука яго міжвольна пацягнулася да пісталета. Шашкоў. Перабіраючы адвіслымі губамі, да .. [Міколы] пацягнулася конская морда. Новікаў. // Пачаць цягнуцца ўгору, расці (пра расліны). І зямля наверх пагнала сокі З тых глыбінь, дзе дбайна берагла, І адразу ясакар высокі Пацягнуўся лісцем да святла. Кірэенка.

3. Пачаць рухацца, накіравацца ў адным напрамку цугам, чарадой. У калгасны склад паплылі цэмент, цвікі, жалеза, пацягнуліся фурманкі з лесам. Сергіевіч. Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес. Колас. Пераклікаючыся ў небе, роўнымі шнурамі пацягнуліся на поўдзень гусі. Скрыпка. // Павольна пайсці следам за кім‑, чым‑н., разам з кім‑н. Саўка з начальнікам пайшлі па вёсцы. Паліцэйскія пацягнуліся ўслед. Федасеенка. Табун павольна пацягнуўся за .. [Алесем]. Караткевіч. / Пра думкі, успаміны. Ну, скажы ты, якія чэпкія гэтыя ўспаміны! Успыхне ў памяці адно, за ім пацягнецца другое... Палтаран.

4. Павольна, з цяжкасцю пайсці; паплесціся. Міхал сабраўся, апрануўся і ў лес павольна пацягнуўся. Колас. // Пачаць павольна распаўсюджвацца, рухацца ў якім‑н. напрамку (пра дым, пыл і пад.). Чорныя шлейфы .. дыму [ад месераў] перакрыжаваліся і пацягнуліся да зямлі. Алешка. Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кноту, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло. Гурскі.

5. Пачаць павольна, аднастайна праходзіць (пра дні, гадзіны, гады). Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі. Навуменка.

6. Працягнуцца, размясціцца на вялікай адлегласці, прасторы, уздоўж чаго‑н. Абапал дарогі пацягнуліся шэрыя, апусцелыя палі. Гамолка. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. Шыцік. // Быць працягнутым у якім‑н. напрамку. Вакол гарнізонаў .. пацягнулася павуцінне калючых дратоў. Брыль. // Пралегчы, выдзяляючыся на чым‑н. Па лужынах пацягнуліся бліскучыя сінія пісягі — ад масла і дыму. Пташнікаў. Гусіныя лапкі маршчакоў пацягнуліся на скроні. Алешка.

7. перан. Адчуць цягу, схільнасць да каго‑, чаго‑н. Ён першы загаварыў у Руднічах пра калгас і першы ўступіў у яго. За бацькам пацягнулася ўся бедната. Курто. Калі прыйшла канчатковая перамога, дзеці былых беднякоў пацягнуліся да навукі. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

о́рден

1. (знак отличия) о́рдэн, -на м.;

о́рден Ле́нина о́рдэн Ле́ніна;

о́рден Октя́брьской Револю́ции о́рдэн Кастры́чніцкай Рэвалю́цыі;

о́рден Кра́сного Зна́мени о́рдэн Чырво́нага Сця́га;

о́рден Трудово́го Кра́сного Зна́мени о́рдэн Працо́ўнага Чырво́нага Сця́га;

о́рден Кра́сной Звезды́ о́рдэн Чырво́най Зо́ркі;

о́рден Почёта о́рдэн Паша́ны;

о́рден Алекса́ндра Не́вского о́рдэн Алякса́ндра Не́ўскага;

о́рден Куту́зова о́рдэн Куту́зава;

о́рден Суво́рова о́рдэн Суво́рава;

о́рден Богда́на Хмельни́цкого о́рдэн Багда́на Хмяльні́цкага;

о́рден Нахи́мова о́рдэн Нахі́мава;

о́рден Ушако́ва о́рдэн Ушако́ва;

о́рден «Побе́да» о́рдэн «Перамо́га»;

о́рден Сла́вы о́рдэн Сла́вы;

о́рден Трудово́й сла́вы о́рдэн Працо́ўнай сла́вы;

о́рден Оте́чественной войны́ о́рдэн Айчы́ннай вайны́;

о́рден Дру́жбы наро́дов о́рдэн Дру́жбы наро́даў;

о́рден «Матери́нская сла́ва» о́рдэн «Мацяры́нская сла́ва»;

о́рден «Мать-герои́ня» о́рдэн «Ма́ці-гераі́ня»;

о́рден «За слу́жбу Ро́дине в Вооружённых Си́лах СССР» о́рдэн «За слу́жбу Радзі́ме ва Узбро́еных Сі́лах СССР»;

о́рден «За ли́чное му́жество» о́рдэн «За асабі́стую му́жнасць»;

2. (община, объединение, организация) ист. о́рдэн, -на м.;

3. архит. о́рдэн, -на м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

лёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць; проціл. цяжкі. Лёгкі чамадан. □ На галінках вісеў лёгкі, як пух, іней. Кулакоўскі. // Тонкі, няшчыльны. Лёгкае летняе плацце. □ Лёгкая матэрыя розных колераў уздымалася ветрам, і здавалася, што адзетыя ў яе людзі не маюць у сабе ніякай цяжкасці. Чорны. // Які мала грэе, няцёплы. У зямлянцы нікога не было: адны пустыя нары, засланыя лёгкімі летнімі коўдрамі і посцілкамі. Якімовіч. [Іван Іванавіч] даўно зняў скураное паліто і насіў лёгкі фрэнч. Даніленка. // Які здаецца бязважкім, прыгожым (пра збудаванні і інш.). Дзякуючы такім [вялізным] вокнам, дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры. Бядуля. //Які лёгка ператраўляецца, не тлусты (пра ежу). [Лена] заказала лёгкае снеданне і села за круглы столік перад акном. Скрыган.

2. Спрытны, прыгожы, хуткі (пра паходку, рухі і пад.). Праз пяць дзён пасля вызвалення роднага горада Людміла Лаўраўна як ніколі лёгкаю хадою вярталася з партызанскага краю. Якімовіч. Нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў лёгкі на рухі. Ракітны.

3. Просты, даступны разуменню. Лёгкі урок. Лёгкая задача. // Няцяжкі для выканання, нескладаны. [Габрусь] узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трэсці... Бядуля. // Просты, ясны. Лёгкі стыль. // Вясёлы, мілагучны; несур’ёзны. Лёгкая музыка. □ [Італьянец] няспынна насвістваў нейкі лёгкі і шпаркі матыўчык. Мікуліч. // Які дастаецца, набываецца без цяжкасцей. Лёгкі заработак. Лёгкая перамога. Лёгкае жыццё. □ — Калі лёгкае шчасце, То, кажуць, яно Не трывалае шчасце. Куляшоў. / у знач. наз. лёгкае, ‑ага, н. Хоць бывае цяжка — не бядую, не шукаю лёгкага ў жыцці. Смагаровіч. // Які не прычыняе цяжкасцей, мук. Лёгкі дзень. Лёгкая смерць. □ Ідзі, баец, Хай будзе шлях твой лёгкім, Хай куля не кране тваіх грудзей. Панчанка.

4. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення). Лёгкі мароз. Лёгкі туман. □ Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок. Брыль. На захадзе яшчэ палымнела неба, але лёгкі змрок ужо пасоўваўся. Чарнышэвіч. // Слабы, неглыбокі (пра сон, дрымоту). Лёгкі сон. // Чуць прыкметы. Лёгкая сівізна. Лёгкая ўсмешка. □ Лёгкі пробліск радасці мільгануў на твары старога. Крапіва. // Нямоцны, слабы (пра шум, трэск і пад.). У поўнач пачуўся лёгкі стук у сцяну. Якімовіч. // Які слаба праяўляецца. Лёгкая іронія. Лёгкая злосць. // Які слаба дзейнічае, нямоцны (пра віно, тытунь і пад.). Лёгкае віно. Лёгкі тытунь. // Які не з’яўляецца небяспечны для жыцця і хутка вылечваецца. Лёгкая прастуда. Лёгкае захворванне. □ [Раненых] было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія. Маўр.

5. Павярхоўны, неглыбокі, несур’ёзны. Лёгкія адносіны да жыцця. □ Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Бесклапотны, легкадумны. Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць. Скрыган. Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколькі не бянтэжыцца пры гэтым. Шахавец.

6. Які не мае цяжкага ўзбраення; рухомы. Лёгкія танкі. □ Дывізіён са сваімі лёгкімі гарматамі рухаўся выключна лясамі, па бездарожжы. Шамякін.

•••

Лёгкая атлетыка гл. атлетыка.

Лёгкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Лёгкая прамысловасць гл. прамысловасць.

З лёгкай рукі гл. рука.

З лёгкаю параю гл. пара.

З лёгкім сэрцам (душой) гл. сэрца.

Лёгкая рука ў каго гл. рука.

Лёгкі на ногі — пра таго, хто можа хутка і многа хадзіць.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на слова — хуткі на абяцанні.

Лёгкі на ўспамін — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць (думаюць).

Лёгкі на язык — гаваркі; які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб гл. хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сторона́ ж.

1. в разн. знач. бок, род. бо́ку м.;

пойти́ в ра́зные сто́роны пайсці́ ў ро́зныя бакі́;

смотре́ть по сторона́м глядзе́ць па бака́х;

со стороны́ видне́е з бо́ку лепш віда́ць;

лицева́я сторона́ материа́ла до́бры (пра́вы) бок матэрыя́лу;

обсуди́ть вопро́с со всех сторо́н абмеркава́ць пыта́нне з усі́х бако́ў;

положи́тельная сторона́ де́ла дада́тны бок спра́вы;

побе́да на на́шей стороне́ перамо́га на на́шым баку́;

стоя́ть в стороне́ прям., перен. стая́ць убаку́;

дя́дя со стороны́ ма́тери дзя́дзька з бо́ку ма́ці;

2. мат. старана́, -ны́ ж.;

сто́роны прямоуго́льника сто́раны прамавуго́льніка;

3. (страна, местность) старо́нка, -кі ж., краі́на, -ны ж.;

родна́я сторона́ ро́дная старо́нка;

4. (место по краю, край) бок, род. бо́ку м., край, род. кра́ю м.;

ю́жная сторона́ ле́са паўднёвы бок (край) ле́су;

по обе́им сторона́м доро́ги па або́двух бака́х даро́гі;

5. (противопоставляемые группы) бок, род. бо́ку м.;

догова́ривающиеся сто́роны дагаво́рныя бакі́;

на стороне́ на баку́;

всё в сто́рону усё на бок;

оста́ться в стороне́ заста́цца ўбаку́;

в сто́рону у бок;

моё де́ло сторона́ мая́ ха́та з кра́ю;

узна́ть стороно́й даве́дацца ад і́ншых;

на все четы́ре сто́роны на ўсе чаты́ры бакі́;

на сто́рону на бок;

со стороны́ з бо́ку;

с одно́й стороны́ з аднаго́ бо́ку;

со стороны́ (кого, чего) з бо́ку (каго, чаго);

шу́тки в сто́рону без жа́ртаў, жа́рты на бок;

подойти́ не с той стороны́ падысці́ не з таго́ бо́ку;

привлека́ть на свою́ сто́рону схіля́ць на свой бок;

приня́ть (чью-л.) сто́рону стаць на (чый-небудзь) бок.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

де́ло ср.

1. спра́ва, -вы ж.;

де́ло укрепле́ния ми́ра спра́ва ўмацава́ння мі́ру;

на́ше де́ло пра́вое, побе́да бу́дет за на́ми! на́ша спра́ва справядлі́вая, перамо́га бу́дзе за на́мі!;

суде́бное де́ло судо́вая спра́ва;

изда́тельское де́ло выдаве́цкая спра́ва;

уголо́вное де́ло крыміна́льная спра́ва;

па́пка для дел канц. па́пка для спраў;

2. (работа) рабо́та, -ты ж., спра́ва, -вы ж.;

приня́ться за де́ло узя́цца за рабо́ту (за спра́ву);

3. (предприятие) уст. (камерцы́йнае) прадпрые́мства, -ва ср.;

4. (сражение) воен., уст. бой, род. бо́ю м.; бі́тва, -вы ж.;

ра́нен в де́ле под Варша́вой ра́нены ў баі́ (у бі́тве) пад Варша́вай;

в са́мом де́ле сапраўды́;

за де́ло нездарма́, па заслу́гах;

ме́жду де́лом пры́хваткамі, перапы́нкамі;

на де́ле на спра́ве;

изве́стное де́ло вводн. сл. вядо́мая рэч;

моё де́ло сторона́ мая́ ха́та з кра́ю; я тут ні пры чым;

то и де́ло раз-по́раз;

пе́рвым де́лом пе́ршым чы́нам, перш за ўсё, перш-на́перш;

пусти́ть в де́ло скарыста́ць, пусці́ць у ход;

име́ть де́ло мець дачыне́нне;

гре́шным де́лом прызна́цца, прызна́юся;

де́ло говори́ть слу́шна (до́бра, пра́ўду) каза́ць;

де́ло в шля́пе усё ў пара́дку;

гла́вное де́ло гало́ўная спра́ва;

я́сное де́ло вядо́мая рэч;

то ли де́ло і́ншая рэч;

а мне что за де́ло? а мне што да таго́?;

в чём де́ло? што тако́е?;

э́то де́ло! гэ́та до́бра!;

пло́хо де́ло ке́пскія (дрэ́нныя) спра́вы;

э́то друго́е де́ло гэ́та і́ншая рэч;

в то́м-то и де́ло у тым вось (якра́з) і спра́ва;

быть не у дел быць (стая́ць) у баку́, быць ні пры чым;

э́то де́ло его́ рук гэ́та яго́ рабо́та;

и де́ло с концо́м, и де́лу коне́ц і кане́ц, і ўсё;

де́ло хозя́йское во́ля ва́ша (твая́, яго́, яе́, іх).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

адда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго‑н. Аддаць доўг. □ Што вінен, аддаць павінен. Прыказка. // Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што‑н. Аддасць сонейка моц сваю жыватворную, вылье праменямі гарачымі на зямлю. Шынклер.

2. Даць, перадаць што‑н. каму‑н. Марыя аддала дзяўчынцы свой шынель, а сама ўзяла малога на рукі. Кулакоўскі. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. Прымаўка. // Перадаць што‑н. каму‑н. ва ўласнасць або на карыстанне. [Алесь:] — Я сваю хату аддаю пад калгасныя яслі. Васілевіч. Мікіта.. быў мужчына гарачы, часта лаяўся, соваўся біцца, аднак, калі прышлося блаславіць Марылю перад шлюбам — расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў, як людзі. Брыль. // перан. Перадаць што‑н., падзяліцца чым‑н. Аддаць вопыт, веды, пачуцці. // перан. Ахвяраваць кім‑, чым‑н. дзеля каго‑, чаго‑н. Аддаць сілы, здароўе. □ [Азорыч:] Ах, каб зламаць, разбіць глухія краты. Каб вырвацца на волю і сказаць: Смялей наперад — перамога наша! За гэта я не толькі рад памерці, Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць. Глебка. [Ружак:] — Дзесяткі тысяч герояў аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Шамякін. // Не ўтрымаць, уступіць што‑н. непрыяцелю ў барацьбе. Хіба ж можам яе [зямлю] мы аддаць Чорнай бандзе дзяліць і таптаць? Глебка. // Патраціць час, працу, намаганні на што‑н. Некалькі дзён.. [Тоўхарт] аддаў нейкім сваім заняткам за сталом, а пасля выехаў паглядзець.. старыя акопы. Чорны. // Здаць што‑н. куды‑н. для якой‑н. мэты. Аддаць бялізну ў пральню. Аддаць туфлі ў рамонт. □ Даўно гатовыя ўспаміны Я ў той жа дзень Аддаў бы ў друк! Барадулін.

3. Накіраваць на вучобу, службу. Аддаць у салдаты. □ Любу тым часам бацька аддаў у гімназію. Мурашка. А слова невуцтва не раз Служыла дурням за наказ. — Дык вось, нарэшце, узялі Асла ў навуку аддалі. Купала. // Выдаць замуж. А ўсяму, не сляпы я, была толькі прычына — Не аддаць Кацярыны за батрацкага сына. Танк.

4. Прадаць (па якой‑н. цане). — А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета. Чыгрынаў. // Заплаціць за купленае. [Цётка Палагея:] — Гэта ж дваццаць рублёў аддала. Дорага кабанчыкі. Ермаловіч.

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Аддаць загад. Аддаць рапарт. Аддаць перавагу. Аддаць каманду.

6. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка перш тузанула, потым аддала прыкладам у плячо. Баранавых. // Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму‑, чаму‑н.

7. безас. Адазвацца болем у якой‑н. частцы цела. Аддало ў спіну.

8. Зак. да аддаваць (у 2 знач.).

9. Спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

•••

Аддаць (богу) душу — памерці. Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу. Чорны.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго‑н. на выбарах. Выбаршчыкі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці аддаць галасы за лепшых сыноў і дачок народа. «Звязда».

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць. Аддаць даніну традыцыям.

Аддаць (даць) «добрай раніцы», «добры дзень» («дабрыдзень»), «добры вечар», «добрай ночы» («дабранач») — прывітацца ці адвітацца, сказаўшы «добрай раніцы», «добры дзень» і г. д. Лявон «добры вечар» аддаў, але гаворкі не пачаў. Чарнышэвіч.

Аддаць жыццё за каго‑, што‑н. — памерці, абараняючы каго‑, што‑н. Аўтар успамінае пра тых, што аддалі сваё жыццё за перамогу. Бугаёў.

Аддаць забыццю — лічыць забытым што‑н., не ўспамінаць аб чым‑н.

Аддаць за так — аддаць бясплатна.

Аддаць за чорта лысага — аддаць каго‑, што‑н. за каго‑н. невядомага, чужога. Нагу аддаў на [імперыялістычнай] вайне за нейкага чорта лысага маёра Пігулеўскага. Скрыган.

Аддаць канцы — а) памерці; [Афіцэр:] — Панове! Наш паважаны камандзір.. Грыгорый Апалінаравіч аддалі канцы! Мележ; б) у марской справе — адвязаць, паслабіць швартовы.

Аддаць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Аддаць належнае каму‑, чаму‑н. — ацаніць па заслугах каго‑, што‑н.

Аддаць на суд каму — прадставіць што‑н. для разгляду і ацэнкі.

Аддаць пад суд — узбудзіць супраць каго‑н. судовую справу. — Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. — Я аддам цябе пад суд! Колас.

Аддаць пад распіску — распіскай засведчыць згоду атрымаць ці перадаць каго‑, што‑н. пад сваю адказнасць.

Аддаць паклон — пакланіцца каму‑, чаму‑н. Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам. Панчанка.

Аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. — прызнаць лепшым, больш мэтазгодным у параўнанні з іншымі. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.

Аддаць свой (апошні) доўг — ушанаваць памяць каго‑н., правесці да магілы.

Аддаць у людзі (уст.) — адправіць, паслаць служыць. Узяла яго хрышчоная маці, падгадавала трохі дый аддала ў людзі пасвіць гусей. Янкоўскі.

Аддаць чорту душу — прадацца (пра несумленных, здрадлівых людзей, пра злачынцаў).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)