Пе́рад ’пярэдняя частка чаго-небудзь’, перада́, перадок, пірадок, пэрэдо́к, пырыдо́к, пярадок ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бір. Дзярж., Сцяшк. Сл., Бес., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; Варл.; Карскі 2-3, 438); перадок, пірадо́к ’кароценькая лавачка перад сталом’ (віц., Шн. 3; Касп.), пірядок ’невялікі ўслон’ (Сл. ПЗБ), перады́ ’перад бота, кашулі’ (вільн., Сл. ПЗБ); пе́рад ’адборнае, перадавое зерне’ (раг., паст., Сл. ПЗБ; мін., маг., гом., ЛА, 2); пе́рад(а) ’спераду’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; Варл.), ’напярэдадні’ (віл., лід., Сл. ПЗБ), ’уперад, раней, у мінулым’ (маладз., Жыв. сл.), пе́рат ’у параўнанні з…’ (зэльв., Жыв. сл.), пе́радам ’даўней, калісьці’ (Сцяшк. Сл.), перад ’пад’ (ТС), пе́рад пе́радам ’перад сабой’ (Ян.). Укр., рус. пе́ред, стараж.-рус. передь, польск. przed(e), в.-луж. před, н.-луж. pśed, чэш. před, славац. pred, славен. prêd, pred‑, серб.-харв. пред(а), макед., балг. пред, ст.-слав. прѣдъ. Прасл. *per‑dъ, першая частка якога генетычна ўзыходзіць да і.-е. *per‑ (авест. parō ’спераду, перад’, ст.-грэч. πάρος ’наперад, раней’, ст.-інд. purā ’тс’, гоц. faúro, ням. vor ’перад’), а ‑dъ узята з *роdъ (Махэк₂, 491), альбо з і.-е. *dhē (Бернекер, KZ, 57, 240); Вондрак (Vergl. gr., 2, 298), а яшчэ раней Зубаты (IF–Anzeiger, 22, 57) у якасці такой узмацняльнай часціцы прыводзяць ст.-інд. bahirdhā ’без’ /bahir; Станг (ScSl, 3, 236) супастаўляе ‑dъ у прасл. nadъ, podъ, perdъ, zadъ з прус. ‑dau: pirsdau ’перад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’потым’ (ESSJ, 1, 127–128). Для перадокпрасл. *perdъkъ. Сюды ж перадавы́ ’плытагон, які кіруе плытом’ (віл., віц., Нар. лекс.); перадаво́е, перэдовое, перэдко́вое, перэдко́вэ ’лепшае зерне’ (петрык., глус., лельч., ЛА, 2); перадаві́к ’той, хто дасягнуў найбольшых вынікаў у сваёй дзейнасці (ТСБМ) < рус. передовик ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. перанёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. перанясі; зак.

1. каго-што. Забраўшы з аднаго месца, перамясціць у другое, даставіць куды‑н. Перанесці дровы пад павець. Перанесці лямпу ў другі пакой. □ У той вечар .. дзеду зрабілася холадна, і ён папрасіў, каб перанеслі яго на печ. Сачанка. Пакінуўшы бацькоўскую хату, Лена ўсё, што ёй было патрэбна, перанесла і перавезла ў клуб, пасялілася там у невялічкім пакойчыку. Ваданосаў. // Несучы, перамясціць цераз што‑н., на другі бок чаго‑н. Перанесці хлапчука цераз ручай. // перан. Пераключыць увагу, думкі на што‑н. іншае. Грукат колаў Марыну з высокіх нябёс Зноў на дрогкую нашу зямлю перанёс. Куляшоў.

2. што. Змяніць месцазнаходжанне чаго‑н., размясціць у іншым месцы. Перанесці сталіцу ў іншы горад. □ Нарада па сваёй люднасці атрымалася значна большая, чым думалі, і яе прыйшлося перанесці ў памяшканне канторы. Ермаловіч. // Перамясціць, пераставіць які‑н. будынак у другое месца. Дома бацька вельмі часта.. меркаваў сам сабе, колькі спатрэбіцца новага дрэва, каб перанесці на новае месца хату. Чорны.

3. што. Пераключыць з аднаго на другое, накіраваць на што‑н. іншае. Калі артылерысты перанеслі агонь углыбіню, у бой пайшлі танкі і пяхота. Мележ. // Распаўсюдзіць, пашырыць што‑н. на каго‑н. другога, на што‑н. другое. Перанесці перадавы вопыт на ўсе прадпрыемствы. □ [Віктар] зразумеў, што гэта Карызна перанёс на яго ўвесь комплекс пачуццяў, якія раней меў да Зеленюка. Зарэцкі.

4. што. Адкласці на другі час. Перанесці пасяджэнне на вечар.

5. што. Размясціць, падаць частку якога‑н. тэксту ў другім месцы. Перанесці працяг рамана ў наступны нумар часопіса. // Аддзяліць частку слова для пераносу ў наступны радок згодна з правіламі правапісу. Перанесці апошні склад слова.

6. што. Адлюстроўваючы што‑н. графічным спосабам, падаць, абазначыць у іншым месцы. Перанесці задуму на чарцёжны ліст. Перанесці ўмоўныя знакі на карту. □ — Каб я ўмеў маляваць, — сказаў Лабановіч, — я перанёс бы яе [каплічку] на паперу. Колас.

7. што. Зазнаць, перажыць што‑н. непрыемнае, цяжкае; перацярпець. Жаўтаваты твар з прамяністымі маршчынамі вакол вачэй гаварыў, што нямала гора перанесла кабета. Васілевіч. За дзень .. [жанчыны] так стаміліся і перанеслі столькі хваляванняў, што іх адразу пацягнула да сну. Няхай. // Пераадолець, вынесці. Расліны перанеслі засуху. Перанесці запаленне лёгкіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́ршы, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да адзін. Першы дом з краю. Першае паўгоддзе. Першы том. Першы параграф. □ Першы прывал на паходзе быў назначан у фальварку Віркуцце. Колас. // толькі мн. Пачатковыя ў радзе пералічаных прадметаў. Першыя кіламетры дарога ішла лесам. Якімовіч. Першыя дні ў гэтым раёне вяліся жорсткія баі. Колас.

2. у знач. займ. пе́ршы, ‑ага, м. Ужываецца для абазначэння асобы, прадмета і пад., якія былі названы раней. — Слухай мяне, сынку: ёсць у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах яшчэ адзін конь, гнедай масці, маладзейшы за першага. Якімовіч.

3. Які з’явіўся крыніцай або аб’ектам дзеяння раней за іншых. Да дошкі першым выклікалі хлопца. □ [Алесь:] — Мне давялося быць за мяжой, калі наша краіна першай запусціла спадарожнік. Шыцік. — Перакур! — скамандаваў Лазавік і першы лёг на траву. — Сядай, братва! Хомчанка. // у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, м. Тое, што адбылося або стала аб’ектам якога‑н. дзеяння раней за ўсё. Першае, што Ніна зрабіла, — гэта паздзірала газеты з акон, са стала, фіранкі павесіла, настольнікі разаслала. Лобан. Першае, што кінулася .. [Антону і яго сябрам] у вочы, — нідзе не відаць было саламяных стрэх. Пальчэўскі.

4. Які з’яўляецца, здараецца, адбываецца ў самым пачатку чаго‑н.; першапачатковы. Першае ўражанне. □ Вось і першы сонечны прамень бліснуў. Лынькоў. Першыя зоры ўжо замігацелі то там, то сям у бяздонным небе. Колас. // Які з’яўляецца пачатковым этапам, ніжэйшай формай чаго‑н. Першая фаза камунізма. // Які з’явіўся ўпершыню ў сезоне, новы, ранні (пра з’явы прыроды, расліны і пад.). Першыя замаразкі. Першыя кветкі. □ Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі шлях. Мележ. У аконныя шыбы глядзіць першая вясна. Чорны. // Які здарыцца, адбудзецца ў бліжэйшы час. Пры першай магчымасці.

5. Які раней не існаваў, не ўзнікаў. Першы штучны спадарожнік Зямлі. Першая ў свеце сацыялістычная дзяржава. □ Значную з’яву ў гісторыі беларускага тэатра ўяўляе першы беларускі прафесійны тэатр, які насіў назву «Народны тэатр». «Беларусь». // Не спазнаны раней. Першае каханне. □ Тут упершыню Лене адкрыўся свет, тут яна спазнала першую радасць і першае гора. Ваданосаў.

6. Які пераўзыходзіць у якіх‑н. адносінах усіх іншых. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі, — вось якая была Кублікавых Аўгіня. Колас. Сашка так стараецца, што настаўніца дзівіцца: ледзь не першы вучань. Дадзіёмаў. [Юрка:] — Ён тут у нас, брат, цяпер першы грамацей. Якімовіч. // Самы лепшы, выдатны. Першы гатунак. Купэ першага класа. □ — Закурвайце... Табак першага сорту. Два гады ляжаў. Чорны. // Самы важны, галоўны. Першы сакратар. Рэчы першай неабходнасці.

7. Перадавы, вядучы. Ваяваць у першым эшалоне. □ На варце краіны, — На сушы, ў марах, — Байцы-камсамольцы У першых радах. Колас. Што будзе з дачкою? Бяда! На работу — першая, але і на гульні таксама. Пестрак.

8. Які выконвае асноўную партыю ў аркестры, хоры і пад. Першая скрыпка ў аркестры. // Які вядзе асноўную мелодыю, верхні. Першыя галасы хору.

9. у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, н. Рэдкая страва, якая падаецца ў пачатку абеду (суп, боршч і пад.). З’есці першае. □ На першае.. [Ніна] зробіць халаднік з яйцом, на другое — рыбу. Лобан.

10. У граматыцы — які ўказвае, што суб’ектам дзеяння з’яўляецца сам гаворачы. Першая асоба дзеяслова.

11. у знач. пабочн. пе́ршае. Разм. Тое, што і па-першае.

•••

Першая дапамога гл. дапамога.

Першае мая гл. май.

З першага знаёмства гл. знаёмства.

З першых рук гл. рука.

Іграць першую скрыпку гл. іграць.

На першы абыходак гл. абыходак.

На першы выпадак гл. выпадак.

На першы погляд гл. погляд.

Не першага веку гл. век.

Не першай маладосці гл. маладосць.

Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні — пра складаныя сітуацыі, у якія трапляюць многія.

Першай гільдыі гл. гільдыя.

Першай рукі гл. рука.

Першая ластаўка гл. ластаўка.

Першы блін камяком гл. блін.

Першы крок гл. крок.

Першы сустрэчны гл. сустрэчны.

У першую чаргу гл. чарга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)