абры́вак, ‑рыўка, м.
Адарваны кавалак, частка чаго‑н. Неяк, бегаючы з дзецьмі па вуліцы, Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Мележ. Вецер гнаў па небе абрыўкі хмар, і, калі месяц хаваўся за імі, рабілася, цёмна. Мікуліч. // перан. Няпоўная, незакончаная частка чаго‑н., асобны кавалак. У галаве роіліся абрыўкі думак, і іх цяжка было прывесці да парадку. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распара́дак, ‑дку, м.
Устаноўлены парадак якіх-небудзь спраў, заняткаў і пад. дзе‑н. або на працягу якога‑н. перыяду. — Які распарадак дня сёння? — пытаецца Іларыён Кузьміч. Даніленка. Інтэрнат перайшоў на летні лагерны распарадак. Радкевіч. Праўда, былі нарады, педсаветы, але гэта мала чым парушала той распарадак, да якога Ніна прывыкла з першых дзён работы ў школе. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папаўне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць поўным; патаўсцець. Шчочкі папаўнелі. □ Ніна ў адзін момант акінула Веру позіркам і з прыемнасцю заўважыла, што тая папаўнела. Сіўцоў. — Люблю піва, — нібыта апраўдваючыся, сказала Лілія Віктараўна і наліла сабе ў фужэр. — Кажуць, ад яго паўнеюць. Вось і я хачу трошкі папаўнець. Васілёнак.
2. Стаць паўнейшым, павялічыцца ад дабаўлення чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бюджэ́т, ‑у, М ‑жэце, м.
Каштарыс прыходаў і расходаў дзяржавы, прадпрыемства або ўстановы на пэўны тэрмін. Дзяржаўны бюджэт СССР. Ваенны бюджэт. Бюджэт калгаса. // Сукупнасць асабістых даходаў і расходаў на пэўны тэрмін. Бюджэт сям’і. □ Сама, ледзь зводзячы канцы з канцамі свайго нязначнага бюджэту, Ніна заўсёды ўмела знайсці, адарваць ад сябе больш той долі, якую збіралі сіратам. Васілевіч.
•••
Асвоіць бюджэт гл. асвоіць.
[Фр. budget.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нядо́ўга,
1. прысл. На працягу невялікага адрэзку часу, не вельмі доўга. Снег ішоў нядоўга. Прыцерушыўшы зямлю, перастаў. Мяжэвіч. Радзіліся [суддзі] нядоўга. Праз хвілін дваццаць абвясцілі прысуд. Крапіва. Ніна ведала, што Шабуня пражыве нядоўга. Мележ.
2. безас. у знач. вык. Разм. Лёгка, няцяжка. У такім віры і патануць нядоўга.
•••
Нядоўга і да граху — лёгка і скора можа здарыцца што‑н. непрыемнае, непапраўнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цурча́ць і цурчэ́ць, ‑чыць; незак.
1. Цячы, ліцца цурком. Халодная вада капае на грудзі, на ногі, цурчыць на жвір. Пташнікаў. Ніна ўжо сядзела на зямлі і плакала, пазіраючы спалохана, як па назе цурчыць і цурчыць кроў. Мележ.
2. Утвараць гукі булькання, пералівання (пра вадкасць). Недзе глуха цурчыць вада па разоры. Пестрак. Дунаеву здалося, што ён ужо чуе, як цурчыць вада. Шыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ува́жлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які адносіцца да чаго‑н., робіць што‑н. з увагай (у 1 знач.). Уважлівы вучань. Уважлівы слухач. □ [Валік] быў уважлівы на ўроках, добра вучыўся, вызначаўся надзвычайнай акуратнасцю. Ваданосаў. [Мацей:] — Рыбак, браце, павінен быць кемлівы, уважлівы да ўсяго. Ляўданскі. // Які выказвае ўвагу (у 1 знач.); пільны. Уважлівыя вочы. □ Пакуль Ніна Пятроўна гаварыла,.. [Казімір] міжвольна акінуў яе ўсю ўважлівым позіркам. Краўчанка. // Які робіцца, выконваецца з увагай; старанны. Уважлівае вывучэнне матэрыялаў з’езда. Уважлівае назіранне за ростам раслін.
2. Які праяўляе ўвагу (у 2 знач.); чулы, клапатлівы. Трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў. Колас. Надзя была вельмі ўважлівая да брата, заўсёды адчувала і разумела яго перажыванні, супярэчнасці ў думках і імкненнях. Кулакоўскі. Цяпер Ніна ўжо не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівай і ласкавай. Шыцік.
3. Які можа быць прыняты пад увагу; дастатковы для апраўдання. Уважлівыя прычыны. Уважлівы довад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пушы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Дробная часцінка пуху. Раніцай жаваранак прачнуўся, выскачыў з гняздзечка, рупліва выкладзенага сухім пырнікам і лёгкімі пушынкамі. Даніленка. Ніна па-гаспадарску зняла нейкую нябачную пушынку з.. [Алесевага] пінжака. Шыцік. / Пра што‑н. вельмі лёгкае, што нагадвае пушынкі. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю. Кавалёў. Побач з.. [Сняжком] куляецца і кружыць белай пушынкай на ветры малая спрытная Волечка. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шве́йны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з шыццём адзення, бялізны і пад. Швейнае майстэрства. Швейная работа. // Прызначаны для шыцця. Многа [у магазіне] ўсялякай крамніны, швейных машын, веласіпедаў. Купляюць усё гэта жыхары Заполля. Бялевіч. // у знач. наз. шве́йная, ‑ай, ж. Майстэрня, фабрыка або памяшканне, дзе шыюць адзенне. — А Ніна дзе што робіць? Не выйшла замуж яшчэ? — Выйшла. У Мінску, на швейнай працуюць абое. Сына мае, мужам не нацешыцца. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мало́дшы, ‑ая, ‑ае.
1. Якому менш год у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Іх было дзве сястры: Марынка і малодшая Ніна. Шыцік.
2. Ніжэйшы чынам, ніжэйшы па службоваму становішчу. Малодшы персанал. □ [Вейс] успомніў, што да гэтага часу не з’явіліся ў камендатуру яго два малодшыя афіцэры. Лынькоў.
3. Пачатковы, ніжэйшы (пра клас, курс і пад.). [Андрэй:] — У малодшых класах я марыў вывучыць мовы ўсіх народаў зямлі. Шамякін.
•••
Малодшы лейтэнант гл. лейтэнант.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)