Пе́раз ’праз, цераз’ (Нас.; Янк. 3.; Касп.; Доўн.-Зап., Песні; Сб. 1866 г.; докш., бярэз., нясвіж., в.-дзв., Сл. ПЗБ; докш., навагр., ЛА, 2), ’міма, насуперак’ (Нас.), ’насуперак’, спраз — прычына (праз каго) (Рам., 6; Нас.; Карскі 2-3, 441); ст.-бел. перезъ, презь, прозъ ’праз, на працягу’; укр. лемк. перез, брез ’цераз; праз (каго)’, а брез ’без’; рус. дыял. пе́рез ’праз; з-за; на працягу’; польск. przez, часам brzez (пад уплывам bez), каш. přez/přėz і přoz ’праз; больш за (празмернасць)’, ’па’, ’за’, н.- і в.-луж. pśez, pśeze, přez, přeze, bźez/ bźe ’праз; без; на працягу; з-за’, ’больш чым’, палаб. prise ’без’; чэш. přes(e), ст.-чэш. přes і přě ’цераз; за; больш за’, славац. дыял. pres/prez ’цераз’; ст.-серб.-харв. прѣзь, серб.-харв. през, priz, чарнаг. проз ’цераз; супраць’, ’на працягу’, макед. прис, през ’на працягу’; балг. през, проз ’цераз; за; на другім баку’. Узыходзіць да прасл. *per‑, пашыранага пры дапамозе ‑zъ (падобна, як *bezъ, vъzъ, orzъ і інш.). Мяркуецца, што чэш. přes з ‑s‑ — гэта памылковае напісанне замест přez. Аднак П. Ланг (ČMF, 6, 183–188 і ČMF, 7, 24–28, 81–84) мяркуе, што ў першапачатковай форме *per‑sъ другая частка ‑sъ паходзіць з дзеяслова ‑es ’быць’ пад уплывам bezъ, orzъ, vъzъ — пазней > *perzъ (параўн. чэш. přesný, přísný). Зубаты (KZ, 31, 60), Вальдэ (KZ, 34, 519), Міклашыч (4, 198) супастаўляюць *perzъ з літ. prieš ’насупраць, насуперак’, ’перад’, ’да’, ’за’. Непераканаўча (Праабражэнскі, 2, 41) вывядзенне ‑zъ з літ. ‑giiñ‑gi, nu‑gi, nuō‑gi). (ESSJ, 1, 175–178; Фасмер, 3, 237–238; Махэк₂, 491).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́да1 ’ляжка’ (КЭС, навагр.), вуды (экспр.) ’ногі’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 133, нясвіж., дзятл.). Ст.-бел. вуда, удъ ’частка цела’ (усе прыклады, за выключэннем аднаго, у евангельскіх тэкстах) (КГСБМ). Рус. уд ’тс’ (прыклады ў Даля таксама з евангельскіх тэкстаў), ст.-рус. оудъ ’член; кавалак’, оудо н. р., мн. л. оудеса ’тс’, ст.-слав. оудъ ’частка цела’, польск. ud, udo ’частка цела, галоўным чынам нага ад бядра да калена’, чэш., славац. úd ’частка цела’, балг. уд, серб.-харв. у̑д, славен. у́д ’тс’. Прасл. udъ. Задавальняючай этымалогіі слова няма. Мяркуецца, што гэта — утварэнне ад і.-е. *au‑ ’прэч’ і кораня *dh(ē)‑ ’што-небудзь аддзеленае’ (Голуб-Копечны, 400) або ўтварэнне з прыстаўкай u‑ ад старажытнага кораня ў ступені рэдукцыі ‑dъ < і.-е. *dh(ē)‑ (Трубачоў, Ремесл. терм., 236). Няпэўна Младэнаў (649), які звязваў уд з уз‑да, об‑уть. Якабсон (LJSLP, 1/2, 1959, 273) падтрымлівае старую этымалогію Гараева (385) аб тым, што уд нельга аддзяліць ад рус. у́дить ’спець, набракаць’ і ад вымя (< *ūd‑men). Іншыя этымалогіі і літ. гл. Фасмер, 4, 148. У сучасных беларускіх гаворках вуда, калі меркаваць па адсутнасці жывых прыкладаў на ўсходнеславянскай тэрыторыі, а таксама па тэрыторыі распаўсюджвання і значэння слова, з’яўляецца, відавочна, запазычаннем з польск. udo ’частка нагі ад бядра да калена’.

Ву́да2 (БРС, Нас., Шат., Бяльк.), вуда́ (Гарэц., Касп.), ву́дка (Крыв.). Рус. уда́, у́дочка, укр. ву́дка, ст.-рус. оуда, ц.-слав. ѫда, ѫдица, балг. въдица (Младэнаў, 94), серб.-харв. у̏дица, славен. ȯdica, чэш. udice, польск. węda, wędka, в.-луж. wuda, н.-луж. uda. Найчасцей тлумачаць з прыстаўкі *an‑ або *on‑ і і.-е. кораня dhē‑, гэта значыць ’тое, што прыкладзена’. Роднаснымі лічаць лат. uodne ’планка, на якой стаіць санны кузаў’, ẽndas ’частка сялянскіх саней’; параўн. таксама літ. iñdas ’сасуд’, славен. nâda ’падстаўка’. Гл. Траўтман, 48; Махэк₂, 666; Фасмер, 4, 148. Менш верагоднай з’яўляецца версія Мейе, Études, 320, які лічыць зыходным *onkda і параўноўвае яго са ст.-інд. aṅkáḥ ’гак’, грэч. ὄγκος ’тс’, лат. uncus ’сагнуты’. Іншую літ-ру гл. у Фасмера (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скла́сціся, складуся, складзешся, складзецца; складзёмся, складзяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утварыцца з асобных частак, элементаў. З асобных карцін паступова склалася галерэя. // Разм. Арганізавацца, стварыцца. У Мінскім Савеце .. з самага пачатку склалася трывалае бальшавіцкае ядро. «Беларусь». Пасля гэтага ўсе вырашылі, што кампанія склалася досыць незвычайная і цікавая, і з вясёлым гоманам і смехам накіраваліся ў рэстаран. Рамановіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць у працэсе творчасці (пра верш, песню і пад.). Пра дзікія гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. У такой вось неразбярысе пачуццяў, рытмаў і слоў і склаліся ў Ганькі тыя вершы. Васілевіч. // Узнікнуць, з’явіцца ў думцы, вырысавацца ў свядомасці, уяўленні. Расказваў я далёка не так складна, як гэта было ўжо склалася ў маёй галаве. Колас. Ва ўяўленні склаўся вобраз чалавека, зачараванага народнай песняй, чалавека, які аддаў ёй сваё гарачае сэрца. «Полымя».

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць якую‑н. закончаную форму, выпрацавацца, устанавіцца, сфарміравацца. У мяне ўжо склалася звычка па прыездзе на канікулы дадому здымаць вучнёўскую форму, апранацца па-вясковаму і працаваць разам з сям’ёй. Сяргейчык. З тых кароценькіх паездак у .. [бабулі] на ўсё жыццё склалася ўяўленне аб горадзе. Ракітны. // Набыць той ці іншы ход, кірунак (пра жыццё, абставіны і пад.). Эрна Гурбіна лічыла, што жыццё яе склалася няўдала. Навуменка. Прыйшоў бы на сход сам, ды абставіны склаліся так, што прыйсці не магу... Шахавец. Справа склалася так, што лепшыя сілы атрада і штаб былі коннымі. Брыль. // Пайсці на лад, атрымацца. Сям’я склалася дружная. // Устанавіцца, узнікнуць. Дружба склалася моцная.

4. Вызначыцца ва ўсёй сукупнасці асаблівасцей, якасцей; сфарміравацца. У гэты ж перыяд [14–15 стст.] у межах цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы склаўся рускі народ і яго мова. Юргелевіч. Карн выступае ў асноўным са сфарміраваным характарам, які склаўся за гады жыцця пры савецкай уладзе. Дзюбайла. У пачатку 30‑х гадоў выразна акрэсліліся погляды Чорнага на жыццё і мастацтва, склаўся яго светапогляд. Луфераў. // Дасягнуць майстэрства, дасканаласці ў якой‑н. галіне. [Сцяпан:] — Бартуль не склаўся яшчэ як паэт. Ён шукае свайго голасу, а можа і шляху. Машара.

5. Набыць якую‑н. форму, выгляд (пра губы, рукі, ногі, цела чалавека). Поўныя губы [агранома] склаліся ў лагодную ўсмешку. Бядуля. // Сагнуўшыся, наблізіцца асобнымі рухомымі часткамі і набыць кампактны выгляд. Сцізорык лёгка склаўся.

6. Разм. Даць грошы на якую‑н. агульную справу; зрабіць складчыну. Будучыя семінарысты склаліся разам і нанялі балагола, які завёз іх у Нясвіж. С. Александровіч.

7. Разм. Спакаваць свае рэчы (звычайна для ад’езду). Скласціся для ад’езду.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца ў выніку пошукаў. Асобныя рысы склаліся ў пэўную карціну. □ К гэтаму часу ў мастака цалкам склаўся эскіз карціны пра Кастуся Каліноўскага. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)