вы́клік, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выкліка́ць — вы́клікаць (у 1 знач.); выкліканне.

2. Патрабаванне, запрашэнне з’явіцца куды‑н. З’явіцца па выкліку. □ [Ваўчок:] — Антон Ягоравіч прывёз тэлеграму з выклікам на рэспубліканскую нараду дырэктараў эмтээс і іх намеснікаў. Хадкевіч. Валя з дня на дзень чакала выкліку на экзамены, а з педвучылішча не было ніякай весткі. Васілевіч. // Запрашэнне, прапанова ўдзельнічаць у чым‑н. — Выклік на.. спаборніцтва прымаем, — сказаў Тамаш. Гурскі.

3. Гатоўнасць уступіць у барацьбу. Кінуць выклік грамадству. □ Дуб стаяў нерухома, з горда прыўзнятай вершалінай-галавой, нібы кідаючы выклік грознай стыхіі. Данілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стаўбе́ц, стаўпе́ц (стовбе́ц, стовпе́ц) ‘рыба ялец, Leuciscus leuciscus L.’ (Крыв.), стовпец ‘рыба ялец; рыба пячкур, Gobio gobio’ (на Прыпяці, Жук.), стаўбец ‘пячкур’ (Інстр. 2); з іншым суф. стаўбу́н ‘ялец’ (Янк. 1, 2). Дэрываты з суф. ‑ец ад стоўб, стоўп (гл.). Укр. стовбець, стовпець ‘пячкур; ялец’. Па сведчанні Сабанеева (2, 78 і наст.), пячкур называецца столбец, столбчик наогул па ўсёй паўднёвай Расіі; назва дадзена па брускаватай форме цела і па звычцы ў паўдзённую гарачыню стаяць нерухома каля камянёў і карчоў (гл. таксама Усачова, Слав. ихт. терм., 154); найменні першапачаткова адносіліся да пячкура, а потым перайшлі на яльца з прычыны некаторага падабенства і іх дробных памераў. Інакш ЕСУМ (5, 421), у якім мяркуюць аб змяненні і кантамінацыі назваў тыпу ўкр. ско́блик, ко́вблик, рус. колб, колбе́нь, якія былі набліжаны да стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плавун1, плывун ’аер, Acorus calainus L.’ (Бейл.), ’мнаганожка, папараць звычайная, Polypodium vulgare’ (смал., Кіс.), рус. плавун, плаўн, чэш. plavim ’дзераза, Lycopodium clavatum’, серб.-харв. plavun ’тс’. Да плаваць, плысці (гл.). Матывацыя: гарызантальны корань раслін ці сцябло падобны да ’таго, што плыве’ — гл. плаву́н4. Суфікс ‑ун утварае і інш. назвы раслін: паўзун, блішчу́н (Сцяцко, Афікс. наз., 69).

Плаву́н2 ’кошык для лоўлі рыбы’ (свісл., Сл. рэг. лекс.), ’падвалока — снарад для лоўлі рыбы ў адкрытай вадзе; пры гэтым патрэбна сама мала дзве асобы’ (Касп.: Нік. Очерки), рус. валан плаўн ’невялікі невад’, славац. plavačka ’трохсценная падвалока’. Да плаваць (гл.). Лексемы звязаны са значэннем ’лавіць рыбу, плывучы (плаваючы)’. Параўн. рус. астрах, плавная (сеть) у процілегласць ставит (сеть) ’пастаўленая нерухома’.

Плаву́н3 ’смецце, раслінныя рэшткі, напесеныя вадой на карэнне дрэў, на кусты, у заліў у час разводдзя’ (Нік. Очерки; Скарбы), ’цякучы пясок’ (ветк., Яшк.). Рус. плавун ’наносны, павыкіданы лес’, сіб. ’лес, што плавае ў рацэ’. Да плаваць (гл.). Суфікс -ун утварае словы са значэннем ’прадмет — вынік дзеяння’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́паць ‘паводзячы вушамі, прыслухоўвацца’ (іўеў., ЛА, 1), стрэ́пацца ‘рабіць асцярожныя, слабыя шорахі’ (маладз., Янк. Мат.), стрэ́паны ‘апантаны : леціць, як стрэпаны (ТС), стро́паны (стрёпаный) ‘чысценькі, як бы адлупцаваны; што ачуняў ад лупцоўкі’: побѣгъ, якъ стрёпапый (Нас.), стрэ́паны ‘зношаны, падраны’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, ад трапаць (гл.), параўн. Варбат, Этимология–1985, 24–27 (з аглядам версій паходжання групы слоў з коранем *(s)trep‑, без беларускага матэрыялу), што можна звязаць з укр. страпа́тий, стріпа́тий ‘растрапаны, з настыбурчанымі валасамі’, стрепи́й ‘абтрапаны, кашлаты’, ст.-польск. strzępać ‘баяцца’, sstrzęply ‘напалоханыя’, чэш. střapiti ‘узлахмачваць’, ст.-чэш. střěpěti ‘клапаціцца, уважліва прыглядацца’, якія параўноўваюцца з літ. strim̃pti ‘варухацца; мець сілы’, лат. struopît ‘скакаць, насіцца туды-сюды (пра коней, авечак)’, с.-н.-ням. strampen ‘тупаць нагамі’, stramp ‘туга нацягнуты, нерухома выцягнуты’, гл. Слаўскі, SOr, 18, 255; Новое в рус. этим., 226–228. Адносіны да рус. стряпать ‘даваць корм жывёле; гатаваць ежу’ і інш., паводле Фасмера (3, 786), няясныя, тлумачацца назалізацыяй зыходнага *strep‑ (Варбат, там жа, 25). Параўн. стропіцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

угле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. на каго-што, у каго-што і без дап. Уважліва паглядзець, прыгледзецца, стараючыся разгледзець, убачыць што‑н. [Старшына] ўскочыў, яшчэ ўгледзеўся ў далёкі сцямнелы краявід. Быкаў. Хадоська недаверліва ўгледзелася ў Захарыху і паспакайнела — нічога страшнага, жанчына як жанчына. Мележ. Шура ўгледзеўся на дзядзьку, як на нейкі дзіўны прывід. Ставер. [Хлопцы] ўгледзеліся — заяц! Сядзіць сабе і глядзіць на іх, вылупіўшы вочы. Маўр.

2. у каго-што. Не зводзячы вачэй, нерухома глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; уставіцца, утаропіцца. [Каця] падклала пад галаву рукі і ўгледзелася ў цёмна-сіняе акно. Гаўрылкін.

3. з кім. Абл. Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. З далёкіх паходаў вярнуўся Крушына. Не стрэўся з дачкою, Не ўгледзеўся з сынам. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уціх, ‑ла; зак.

1. Спыніцца; перастаць гучаць (пра гукі шум і пад.). Шум уціх. Страляніна ўціхла. □ Успыхнулі і ўціхлі апладысменты, паўз Віцю прашмыгнулі танцоры, якія толькі што выступалі. Марціновіч.

2. Аслабець у сіле, дзеянні (пра стыхійныя з’явы). Уціхла навальніца. □ Вецер уціх, пацяплела, з лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Уціхла, прайшлі завіруха, Замоўклі басістыя громы. Колас. / Пра напружанасць дзеянняў, падзей. Спрэчкі ўціхлі ў хаце. / Пра боль, праяўленне хваробы. Доктар прыпісаў хлапчуку кампрэсы, парашкі і наказаў ляжаць нерухома да таго часу, пакуль уціхнуць болі. Кулакоўскі. Праз некалькі дзён боль уціх, успаміны пра страшнае — адышлі. Брыль.

3. Супакоіцца, перастаць плакаць, крычаць, злавацца і пад. Хлопчык плакаў доўга, змогся і ўціх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́рчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скурчыць.

2. у знач. прым. Які згорбіўся, сціснуўся. За бортам чоўна, у глыбі вады, нерухома стаяла вялізнае барвовае полымя, а злева за ім — скурчаная постаць Васіля. Савіцкі. Насустрач нам ідзе скурчаны дзядок з сівою бародкаю, з кійком у руцэ. Арабей. — Трубі пад’ём! — параіў адзін з разведчыкаў і таксама спыніўся каля скурчанага, з нагамі і галавой захутанага ў шынель чалавека. Кулакоўскі.

3. у знач. прым. Сагнуты, падагнуты, пакалечаны. Скурчаныя пальцы.. [Пракопа] болей не разагнуцца. Вітка. Сотнікаў пераскочыў цераз яго [лейтэнанта] цела, ледзь не наступіўшы на яго сутаргава скурчаную руку, з якой.. выпаў у пясок маленькі, з палец, ножык. Быкаў.

4. у знач. прым. Які зрабіўся няроўным, пагнутым; скручаны. Вецер гоніць лісцік, Скурчаны, счарнелы. Галіноўская. У іхняй [на радзіме Манга] старонцы былі толькі рэдкія скурчаныя дрэвы. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паплаво́к 1, ‑паўка, м.

1. Частка вуды, якая ўтрымлівае лёску з кручком у час лову на патрэбнай глыбіні. Складаецца.. [вуда] з вудзільна, лескі, паводка, паплаўка, груза і кручка. Матрунёнак. Рыба не клявала, і круглы чырвоны паплавок нерухома ляжаў на вадзе. Чыгрынаў. // Прыстасаванне да рыбалоўнай сеткі, якое трымае яе на пэўнай глыбіні. Грымяць лябёдкі — і за бортам сетка, І рабізной на хвалях — паплаўкі. Звонак.

2. Надзьмуты паветрам прагумаваны мех, які выкарыстоўваюць як апору пры тэрміновым навядзенні мастоў, паромаў. Сапёры павялі.. пантонную пераправу. Гэта такі часовы мост, які трымаецца на паплаўках. Юрэвіч. Шыпяць паплаўкі, выходзіць з іх паветра, і ўсё ніжэй і ніжэй нахіляецца плыт. Лынькоў.

3. Прыстасаванне для ўзлёту і пасадкі гідрасамалётаў.

4. Спец. Асноўная частка некаторых прылад. Паплавок карбюратара.

паплаво́к 2, ‑лаўка, м.

Тое, што і паплавец. Перад самаю вёскаю вол забаставаў: звярнуў з дарогі на паплавок. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засты́ць, ‑стыну, ‑стынеш, ‑стыне; зак.

1. Загусцець, стаць цвёрдым пры ахалоджванні (пра рэчывы). Лой застыў. Смала застыла.

2. Разм. Падмерзнуць, прымерзнуць; пакрыцца лёдам (пра ваду). Тут рачулка зусім не замерзла, толькі, .. запарушаная снегам, застыла. Сачанка.

3. Разм. Моцна змерзнуць, закарчанець. Застыць на марозе. Рукі застылі. // Прастудзіцца. Застыць у дарозе.

4. Астыць, ахаладзець (пра труп).

5. Стаць нерухомым; замерці (звычайна ў якой‑н. позе, у якім‑н. становішчы). Сустрэча была такая нечаканая, што Марылька аж скаланулася і нерухома застыла на месцы. Чарнышэвіч. Маці як несла патэльню на стол, так і застыла з ёю на паўдарозе. Шамякін. // Астацца нерухомым, нязменным (пра выраз твару). Таямнічая ўсмешка з хітрынкай застыла на яго твары. Пестрак. А на твары як застыла, так і не раставала зацятасць і злосць. Адамчык. // перан. Спыніцца ў сваім развіцці. Ведалі і тое, што хлопец не застыў у сваім развіцці, ён працягвае завочна вучыцца ў педінстытуце. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́стаць1 ’палоска жыта ці іншай збажыны, занятая адной жняёй у час жніва’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Байк. і Некр., Мядзв., Дзмітр., Др.-Падб., Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; івац., Хрэст. дыял.; парыц., Янк. Мат.; пін., Кольб.; навагр., Шн., Федар.), ’участак збожжа, скошаны касцом’ (гродз., Мат. АС), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (дрыс., ДАБМ, камент., 872), ’наперадзе’ (Кольб.), ’паласа, загон жыта’ (петрык., Мат. Гом.), укр. по́стать ’палоска нівы, занятая адной жняёй’, рус. по́стать ’тс’, ’поле’, ст.-рус., ц.-слав. постать ’доля, частка’, польск. postać ’пастава, форма, фігура, асоба’, дыял. ’шэраг жняцоў у полі’, ст.-польск. postać ’род, пакаленне’, чэш. postat у старэйшым значэнні — ’частка поля, на якім стаіць адзін жнец’, славац. postat ’тс’, славен. pástȃt ’рад работнікаў у полі’, серб. по̀стат/поста̑т ’палоска, рад пры жніве’, балг. по́стат ’паласа, якую жнуць некалькі жняцоў адначасова’. Прасл. *postatь, утворанае ад *postati (гл. стаць) са значэннем выніковасці дзеяння, даслоўна ’тое, што пастаўлена; рад, шэраг’. Паводле Праабражэнскага (2, 113): по‑стать ’шчыльна пакладзенае’), паводле Трубачова (Ремесл. терм., 123–125): *po‑statь ’стаяць нерухома’. Адсюль першапачатковы сінкрэтызм ’асоба, фігура, пастава’ і ’задача, што пастаўлена перад асобай для выканання’, параўн. постаць ’стан, фігура’ і ’паласа (пры жніве)’ (ТС), рус. стать ’пастава’ і по́стать ’участак, які косіцца жняцом за адзін раз’ (Банькоўскі, 2, 715; БЕР, 5, 549).

По́стаць2 ’стан, фігура’. Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)