зваява́ць, зваюю, зваюеш, зваюе; зак., каго-што.

Разм. Перамагчы, асіліць у барацьбе. Тут схадзіліся плямёны Спрэчкі сілаю канчаць, Каб багата адароны Мілы край наш зваяваць. Колас. // перан. Асіліць што‑н., пазбавіцца чаго‑н. Ходзіць жыта, ходзіць жыта жоўтай хваляй, А мы жыта, а мы жыта зваявалі. Броўка. Цяжкіх дум, горкіх дум Зваяваць не магу. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схаце́ць, схачу, схочаш, схоча; зак.

Разм. Выявіць ахвоту, жаданне; захацець. «І чаму ён — вось пытанне, — Ганна думала не раз, — І ў апошні той наш час, У той мілы час спаткання, Не схацеў зайсці да нас?» Колас. Я .. сказала, што гэткі доўгі і моцны сон Марынкі мяне трывожыць. Бацька не схацеў нават слухаць мяне. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сме́ртухна, ‑ы, ж.

Разм. Ласк. да смерць. [Ганна:] — Божа мой, божа! За што мне такая кара! Лепш бы я малою памерла, чым жыць з такім ірадам, з такім п’яніцам. Божачка мілы, чым я цябе прагнявіла! Пашлі ты мне смертухну ці яго забі маланкаю, громам-перуном. За што ён катуе мяне?! Колас. Павярніся, Ліска, Пакланіся Нізка: Смертухна ўжо блізка. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бясцэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вельмі вялікую вартасць, вельмі дарагі, вельмі каштоўны. Бясцэнны скарб. □ Баракаў убачыў валы, порах, гарматы, узброеных людзей, а ў камяніцы бясцэнныя габелены, .. карціны. Караткевіч. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. // перан. Дарагі, мілы; цудоўны. Бясцэнны друг. □ У характары Драгуна бясцэнная якасць, — што б ні здарылася, не губляе гумару. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Стан атмасферы ў данай мясцовасці. Сухая пагода. Марозная пагода. □ Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Колас. // Добрае надвор’е. Як мінае бура, настае пагода. Вось таму мне мілы росквіт веснавы. Гурло. Дым слупамі — на пагоду — Падымаецца ўгару. Калачынскі. Хто дажджом косіць, той пагодаю сушыць. З нар.

•••

Рабіць пагоду гл. рабіць.

Чакаць з мора пагоды гл. чакаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарагі́, ‑ая, ‑ое; дораг, ‑а.

1. Які каштуе многа грошай, высока цэніцца; проціл. дзяшовы. На вопратцы блішчэлі дыяментныя і з іншых дарагіх камянёў гузікі такой каштоўнасці, што за іх можна было б купіць маёнтак. Бядуля. Раіса хадзіла ў дарагіх сукенках, якіх не мелі нават настаўніцы. Шамякін.

2. перан. Якім даражаць, якога шануюць. Самым дарагім цяпер для Андрэя быў свабодны вечар, калі б можна было застацца адзін на адзін са сваімі думкамі. Шахавец. Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка. Прыказка.

3. Любімы, мілы, блізкі сэрцу. Прыйдзе, прыйдзе той, хто сэрцу мілы, Прыйдзе той, хто сэрцу дарагі. Русак. Жджэ кабета: хоча бачыць сына дарагога. Колас. / У зваротку. Вачамі паўзлі да калючага дроту, Якім нас хацелі навек раздзяліць, Мы рвалі яго, звалі вас на падмогу, — І вы, дарагія, пачулі, прыйшлі. Танк. // Жаданы, прыемны. Дарагі госць.

•••

З дарагой душой гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́бачка, ‑і, м. і ж.

Нар.-паэт.

1. ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж. Любімая, любая. Дамянік пранёсся міма. Бег — шуршэлі каласы, Стаў — іх змоўклі галасы, І дарма шукаў вачыма Постаць любачкі-красы [Ганны]. Колас.

2. м. і ж. (ужываецца пры звароце). Мілая (мілы), дарагая (дарагі). — Любачка мая, — казаў .. [Зязюльскі], — гляджу я на Цябе і ўспамінаю твайго бацьку: тваё аблічча напамінае мне нябожчыка! Колас. — Ты, любачка, пра гэта, мусіць, не думаў? Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажада́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які патрэбны; які адпавядае інтарэсам, патрабаванням. Пажаданыя вынікі. Пажаданы кірунак падзей. □ Грушэўскі адчуў чамусьці непакой за сход: абмеркаванне даклада, а потым вылучэнне кандыдатур магло пайсці не ў пажаданым парадку. Карпюк.

2. Такі, якога чакаюць; жаданы. [Лабановіча і Тукалу] лічылі самымі вясёлымі і пажаданымі людзьмі, якія нікому нічога благога, апроч саміх сябе, не зрабілі. Колас. // Прыемны, мілы. Я лаўлю гэтак добра знаёмы і так пажаданы пах. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асму́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і смуглы. // Абветраны; загарэлы. Сустрэну я мілага, прыгожага свайго, надзену на галаву яму васількова-блакітны вянок, і ўсміхнецца мілы ды пацалуе ў асмуглыя вусны. Каваль. Асмуглыя рукі яе [дзяўчыны] Захінаюць кажушок стары. Глебка.

2. Тое, што і асмужаны (у 2 знач.). Глядзіць [месяц] на дол, на лес асмуглы, Як нейкі дбалы вартаўнік. Колас. І назаўсёды асталася дзесьці і каляіністая сцежка паўз лес, і асмуглае неба, і маці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хра́бры, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца храбрасцю; смелы, мужны. Гэта быў чалавек вельмі вынослівы, спрытны і храбры, што называецца сарві-галава, весялун, добры хаўруснік і забіяка. Алешка. Мой продак быў надзвычай смелы, Надзвычай храбры продак мой Супроць чужынцаў азвярэлых З дубінкаю ішоў у бой. Жычка. / у знач. наз. хра́бры, ‑ага, м. Часцей, часцей прыпамінай Імёны паўшых смерцю храбрых За родны край, наш мілы край. Гілевіч. // Які сведчыць аб храбрасці, выражае храбрасць. Храбры ўчынак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)