ры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Тое, што і рынуцца. Мікіта рынуў да дзвярэй, расчыніў іх .. і, хапіўшы аберуч Бліцкага за плечы, таўхануў за парог. Навуменка. Зверху, з трубы, на Андрэя рынуў цэлы паток халоднай вады. Васілёнак.
2. каго-што і без дап. Пакінуць каго‑, што‑н. без догляду, без падтрымкі. [Галута:] — Я лепей здохну пад адрынай, Але кутка свайго не рыну, З свае не вылезу нары. Колас. А людзі кінулі ўсё, рынулі і паўцякалі, каб хаця самім выратавацца. Галавач.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
заганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да загнаць.
заганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Разм.
1. Змарыць, давесці да стомы, прымушаючы многа хадзіць, бегаць і пад. Анісім Папок заганяў свайго Буланчыка, ездзячы ў раён. Сабаленка.
2. перан. Стаміць працай, шматлікімі даручэннямі, прыдзіркамі і пад. Мікіта. Шэпча сам сабе: «Добра, што хоць ніхто не ведае, а каб ведалі, заганялі б мяне людзі, затукалі б, а мо’ і яшчэ горай было б». Галавач. Свякроўка ж мяне заганяе, Ніколі мне не паспагадае. З нар.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
марга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Міжвольна падымаць і апускаць павекі. Мікіта Уласавіч стаяў збоку і толькі часта-часта маргаў.., нібы ў вочы яму трапіла нейкая парушына. Шуцько. Юрка маўчаў, толькі неяк жаласліва маргаў вачыма. Кулакоўскі.
2. Падаваць знак каму‑н. рухам павек, падморгваць. Пан Забжэцкі маргаў [дзецям] з-за стала, ківаў, пагражаў, маўляў: «Я вам пакажу!» Сабаленка.
3. перан. Тое, што і міргаць (у 2 знач.). Лямпачка маргае. Газоўка маргае.
4. перан. Разм. Упускаць зручны момант; зяваць. Лета год корміць: нельга марнавацца, маргаць. Мележ.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
штурмавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да штурму (у 1 знач.), з’яўляецца штурмам. Вораг не вытрымаў штурмавой атакі. «Маладосць». Старэйшыя браты ўжо ад’язджалі На Днепрабуд, Магнітку і Кузбас. Лісты іх пра паходы штурмавыя Спакойна не давалі нам заснуць. Панчанка. // Звязаны з падрыхтоўкай і правядзеннем штурму, прызначаны для штурму; які складаецца з штурмавікоў (у 2 знач.). Былі такія хвіліны, што Мікіта Бранавец сам ішоў уперадзе штурмавых груп. Кулакоўскі. Зрэшты, і мы называемся грозна — першы разлік штурмавога кулямётнага ўзвода. Брыль. // Прызначаны для штурму з паветра. Штурмавая авіяцыя.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
папе́рад,
Разм.
1. прысл. Уперад. Выехаць наперад. □ Узваліў [Мітрафан] бочку на плечы і панёс. [Эрна] пайшла паперад — паказаць, дзе паставіць. Ракітны.
2. прысл. Спачатку, раней. Паперад умыйся, а потым садзіся есці. □ Паперад пасівее, пакуль Іван яе возьме. Ермаловіч.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперад» выражае часавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, раней за якія кім‑, чым‑н. было ўтворана якое‑н. дзеянне. Мікіта не даў сябе ўпрошваць — адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку і, кусаючы на хаду.. хлеб, спехам падаўся да парога. Чыгрынаў.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
развіта́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. развітацца; апошняе спатканне перад расстаннем. Пісар Васількевіч, адсунуўшы край фіранкі, потайкам пазіраў са свайго пакоя на развітанне сяброў. Колас. Развітанне з маці, смутак па братах жыва адгукаліся ў сэрцы. Сіняўскі. // Расстанне з памёршым. Стаялі доўга, ахопленыя адвечным жаданнем жывых — падоўжыць хвіліны апошняга развітання з блізкім чалавекам. Шамякін. // Словы, якія гаворацца пры расстанні. — Бывайце здаровы, — кінуў .. [аканом] ужо з каламажкі ў бок да Мікіты, які стаяў на вуліцы. Мікіта збянтэжыўся.. Заняты здагадкамі, ён не адразу адказаў на аканомава развітанне. Галавач.
•••
На развітанне — перад расстаннем, расстаючыся.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
абма́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Пакратаць што‑н., дакрануцца да чаго‑н. Мікіта Мінавіч.. нагнуўся, абмацаў збоку сухую купіну і апусціўся правым каленам на яе. Кулакоўскі. // перан. Уважліва агледзець. [Толя:] — Павер мне, старому газетнаму прайдзісвету.. Я гэту кандыдатуру абмацаў і знізу і зверху. Чыгрынаў.
2. Абшукаць, абшарыць, мацаючы. Дзеці з цікавасцю кінуліся да торбачкі, уважліва абмацалі яе і сумныя адышліся. Якімовіч. // перан. Знайсці, намацаць, выявіць, шукаючы. Знойдзеш-абмацаеш яблыка і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату... Брыль. // перан. Высачыць, выведаць. Тут стрэльбы нашы ў галавах — Пяццю патронамі набіты, Каб не было часамі швах, Калі абмацаюць бандыты. Крапіва.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
хапі́цца, хаплю́ся, хо́пішся, хо́піцца; зак.
1. Зак. да хапацца (у 1–3 і 5 знач.).
2. Агледзеўшыся, спахапіцца, раптоўна заўважыць што‑н. Мы спяшаемся. Неба на ўсходзе Ружавее. Дарога Выйшла з вёскі. Хапіўся Мікіта: На вяселлі ватоўка забыта. Куляшоў. [Гэля:] — Баюся, Павел. Жандармерыя — не камендатура. Калі хопяцца, возьмуць бацьку. Навуменка. Пан Войцех хапіўся, што няма курыва, і папрасіў мяне спусціцца на першы паверх, купіць у кіёску папярос. Карпюк.
3. каго-чаго. Успомніўшы, пачаўшы шукаць, раптоўна выявіць адсутнасць каго‑, чаго‑н. Праз які дзень з фермы знік славак Юлік. Яго хапіліся раніцою, калі трэба было запрагаць коні. Сачанка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
не́мач, ‑ы, ж.
Разм.
1. Недамаганне, слабасць; хвароба. Маці.. забывалася на немач, увіхалася ля печы, цешылася з сустрэчы. Вышынскі. [Шэмет:] «Што, ужо начальства немач бярэ? Дваццаць метраў прайсці не можа?» Лобан. [Кац] прайшоў не адну царскую ссылку, і, відаць, арганізм яго выпрацаваў у сабе здольнасць незвычайна супраціўляцца рознай немачы. Сабаленка.
2. Гора, няшчасце. [Юстына:] — Неўзабаве і Мікіта прыйшоў, што быў у матросах. Ды на табе, зноў немач — паны нахлынулі. Гурскі. Аляксандр Іванавіч быў добрай душы чалавек, але вось гэтая немач — немач, насланая вайною... Пестрак.
•••
Каб на яго (яе, іх, цябе, вас) немач; няхай яго (яе, іх, цябе, вас) немач — праклён са значэннем «чорт яго (яе, іх, цябе, вас) бяры».
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
паску́дства, ‑а, н.
Разм. груб.
1. Бруд, нечыстоты. [Жывіцкі:] — Ты гатоў усякае паскудства далонямі мясіць. Не ідзеш ты ў вялікую добрую работу, а ўсё нюхаеш, рыбку ловіш... Чорны. // Пра каго‑н. дрэннага, пра што‑н. дрэннае, непрыстойнае. [Раман] памятаў, што Мікіта Бычок, гэтае паскудства, абібок і злодзей, лез да яго цалавацца. Чарнышэвіч. Лабановіч пазірае на рысунак, і па губах прабягае іранічная ўсмешка. Потым ён хапае газетку і шпурляе кудысь у куток. — Паскудства! — гаворыць сам сабе. Колас. [Гунава:] — Ён мне гаворыць рознае паскудства і спадзяецца на прыдворнае з ім абыходжанне... Самуйлёнак.
2. Дрэнны, агідны ўчынак. — Бі, яго, хлопцы, каб не рабіў паскудства людзям! Галавач. [Бацька:] Усё роўна не дагледзіш, калі зноў захоча якое паскудства зрабіць. Губарэвіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)