зачасці́ць, ‑чашчу, ‑часціш, ‑часціць; зак.
Разм.
1. Пачаць рабіць што‑н. у хуткім тэмпе. Конь зачасціў капытамі па знаёмай лёгкай выезджанай дарозе. Галавач.
2. Пачаць часта паўтарацца. Зачасцілі дажджы. □ Сярод руін зачасцілі аўтаматныя стрэлы, але крэпасць на іх ужо не адказвала. Лупсякоў.
3. Пачаць часта хадзіць куды‑н. Людзі з вёсак, з двароў зачасцілі ў мястэчка. Гартны. А праз тыдні два падкія да мастацтва гараджане зачасцілі ў майстэрню новага мастака. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нападзе́нне, ‑я, н.
1. Тое, што і напад (у 1 знач.). Нападзенне на лагер малаверагоднае — ні немцы, ні паліцыя ў лес пакуль не лезлі. Навуменка. — Заўтра, а можа нават і сёння, ты атрымаеш загад аб нападзенні на харчовы транспарт, які будзе ісці на мястэчка, дзе стаіць Н-ская дывізія. Чарот.
2. Частка каманды, якая непасрэдна вядзе атаку на праціўніка пры гульні ў футбол, хакей і пад. Цэнтр нападзення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пафарсі́ць, ‑ршу, ‑рсіш, ‑рсіць; зак.
Фарсіць некаторы час. [Тамаш:] — Чаму яна босая ходзіць?.. Каб чаравік[аў] у гразь не запэцкаць. А падыдзе пад мястэчка.., абуе чаравікі і пафарсіць па мястэчку. Чорны. // Пахваліцца, выстаўляючы што‑н. напаказ. Пан Вашамірскі захацеў пафарсіць перад госцем, ляснуў па баках жарабца канчуком і панёсся, як вецер. Бядуля. Учора было позна, і Кастусь не паспеў нагуляцца з ёю і пафарсіць, і маці адабрала планшэтку і схавала ў куфар, а яго пратурыла спаць. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сабака́р, ‑а, м.
1. Чалавек, які даглядае сабак у спецыяльным гадавальніку, у сабачніку.
2. Лаянк. Той, хто ганяе, дражніць сабак. Прыбегла і мая ўстрывожаная маці... А як паглядзела, што мы вясёлыя і здаровыя, на цёплай печы грэемся, узрадавалася і кажа: — Дык няхай мо ў вас і начуе мой сабакар? Якімовіч.
3. Разм. Брахун, чалавек, які любіць лаяцца, гаворыць брыдкія словы. Тады ўзяўся ажаніць.. [Івана] купец з мястэчка, свінабой. От, сабакар і п’яніца, ды брахаць вельмі спрытны. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. перавёўся, ‑вялася, ‑вялося; заг. перавядзіся; зак.
1. Перайсці на новую пасаду, на новае месца працы, вучобы і пад. Перавесціся ў вячэрнюю школу. □ Праз паўгода я з Даўгінава перавёўся ў мястэчка Ілью. Бядуля.
2. Знікнуць, вывесціся. У краінах Заходняй Еўропы, дзе няма густых і вялікіх лясоў, пугач амаль зусім перавёўся. В. Вольскі. // Разм. Патраціцца, расходавацца. Грошы яшчэ ў яго не перавяліся.
3. Даць адбітак, адлюстраванне пры пераводзе (малюнкаў, рысункаў) з аднаго матэрыялу на другі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскі́дзісты, ‑ая, ‑ае.
1. Шырока раскінуты ў бакі. Сядзібу .. [Казачэнкі] аздабляе старая бяроза з раскідзістым, як шацёр, голлем. Навуменка. Грозна схіліўшы свае раскідзістыя рогі, .. [алень] з сілай ударыў імі аб зямлю і кінуўся да ворагаў. В. Вольскі. // З шырока раскінутымі галінамі (пра дрэва, куст). Цьмяна чарнелі паблізу абрысы дрэў, высокіх, вастраверхіх, і нізкіх, раскідзістых, якія ціха, але неспакойна шумелі. Мележ.
2. Раскінуты, размешчаны на вялікай прасторы. Мястэчка відаць адсюль як на далоні, — вялікае, раскідзістае, яно цягнецца праз усю раўніну ад лесу да лесу. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кле́шчы, ‑аў; адз. няма.
1. Металічны інструмент у выглядзе шчыпцоў для заходу і трымання гарачага металу. Кавальскія клешчы.
2. Драўляная частка хамута, якая складаецца з дзвюх кляшчын. Запрагаў сам гаспадар. Залуцкі ажно залюбаваўся, як Хрупак спрытна закладаў у гужы дугу і пасля адным махам зацягнуў супоню, упёршыся каленам у клешчы. Чыгрынаў.
3. У ваеннай справе — акружэнне ворага з двух бакоў. Раздзяліў [Сцяпан] атрад на дзве групы — адну паслаў налева ў абход Глушца, а сам з групай пайшоў направа, каб такім абходным манеўрам мястэчка ўзяць у клешчы. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
груд, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Невялікая горка, узгорак. У лесе неяк адразу павесялела, а на пясчаных грудах зноў заззяў верас. С. Александровіч. Пры шумнай рацэ, на пакацістым грудзе, Паставілі Ноўгарад Рускія людзі. Лужанін.
2. Сухая сенажаць, сухадол. З гэтага боку мястэчка пачыналіся паплавы, найбольш груд, а месцам прыбалочаныя. Чорны.
3. Тое, што і груда (у 1 знач.). З двух грузавікоў у вялікі груд згружаюць цэглу. Шамякін.
4. Абл. Куча галля, хворасту; лоўж. Пад зацішным кустом або ў грудзе ламачча вывела на свет першы вывадак даўгавухая рыжая зайчыха. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расплаці́цца, ‑плачуся, ‑плацішся, ‑плаціцца; зак.
1. Заплаціць грошы каму‑н. за што‑н., разлічыцца за паслугі. [Лабановіч] даволі шчодра расплаціўся з бабкаю Параскаю за паслугі. Колас. Рыгор расплаціўся з вазніцаю і на параконцы вярнуўся з Лібаю ў мястэчка. Гартны.
2. перан. Адпомсціць, разлічыцца за прычыненую крыўду. [Бацька:] — Так, я зараз памру з вялікім неспакоем, што не магу ўстаць і расплаціцца з Гальвасам. Чорны.
3. перан. Панесці пакаранне, кару за што‑н. Час міне, і Лёня расплаціцца за сваё заблуджэнне цяжкімі маральнымі пакутамі. Майхровіч. Мы адказалі: «Віта! Пад Растовам і пад Масквой...» Цяпер мы прымусім бандыта Расплаціцца сваёй галавой. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
1. Адмяніць, ліквідаваць, прызнаць што‑н. нядзейсным, незаконным. Скасаваць дагавор. Скасаваць шлюб. Скасаваць штатную адзінку. □ [Ленін:] — Мы абяцалі народу мір, абяцалі скасаваць памешчыцкую ўласнасць на зямлю. Гурскі. Задоўга перад вайной раён скасавалі, і мястэчка паступова апусцела. Чыгрынаў. // Выкрасліць, закрэсліць. Скасаваць вершаваны радок.
2. Апратэставаць рашэнне суда ў касацыйным парадку; спыніць судовую справу. Усё падаваў прашэнні [Мудрэйка], падаваў скаргі, пасля зноў прашэнні, каб скасавалі справу. Чорны.
3. Абл. Зрабіць непрыкметным, адсунуць на задні план. Аніс, відаць, каб скасаваць сваю недарэчную выхадку, узяў пад локці Макара і Ёсіпа, якія, крыху збянтэжыўшыся, супыніліся ў парозе, і павёў іх наперад. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)