падмо́сце, ‑я, н.

Разм.

1. Месца пад мостам. Ноччу так, як і ўдзень, Спіць усё і маўчыць, Толькі недзе струмень У падмосці цурчыць. Хведаровіч. Вада тут у сярэдзіне вясны яшчэ ідзе поўным, імклівым ходам — перавальвае цераз дамбачку.. і, падаючы з метровай вышыні, шуміць і булькоча ў сцюдзёным змроку падмосця. Ракітны.

2. Месца пад падлогаю. Хвошч выбраўся з падмосця, паклаў на месца дошкі і сеў на падлозе. Лупсякоў. Неяк я корпаўся на двары, абкідваў заваліны, каб на зіму праз сцены ў падмосце не забіраліся маразы. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трохі засушыць, зрабіць сухаватым; падсушыць. Агонь прысушыў лісце блізкіх дрэў. / у безас. ужыв. — У «Кастрычніку» не прысушыла, а ў цябе прысушыла? Паехаў бы паглядзеў, што за жыта. Лобан.

2. Абл. Паводле забабонаў — прыманіць варажбой; прываражыць. // Прымусіць каго‑н. мучыцца і сохнуць ад кахання. — Мяне прысушыла і сама сохнеш, а дзе нам дзецца, калі твае на мяне ваўкамі глядзяць. Грахоўскі. Алена — адна з зарачанскіх красунь, што прысушыла не адно хлапечае сэрца. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рагу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Разм. Памянш. да рагуля (у 1 знач.); невялікая рагуля (у 1 знач.). Другое вогнішча Коля Булкін расклаў для кухараў, паставіў рагулькі, на іх павесілі кацялкі. Жычка.

2. Памянш.-ласк. да рагуля (у 2 знач.). — Хутка на пашу пойдзеце, рагулькі, — прамовіла Таццяна, быццам каровы маглі разумець яе. Марціновіч.

3. Спец. Прыстасаванне ў прадзільных машынах, якое дае ніцям вярчэнне і накіроўвае іх на шпульку.

4. толькі мн. (рагу́лькі, ‑лек). Род аднагадовых і шматгадовых травяністых раслін сямейства казяльцовых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умасці́ць, умашчу, умосціш, умосціць; зак.

1. што. Разм. Вымасціць паверхню чаго‑н. (каменем, дрэвам і пад.). У парыжскі брук умошчаны акрываўленыя камяні Бастыліі. Рамановіч.

2. што. Разм. Змясціць што‑н. на невялікім месцы. Умасціць усе рэчы на воз. □ [Блішчыха:] — Можа павячэраеце з дарогі... — І ля місы з агуркамі ўмасціла цёмную пляшку. Кухараў. Падушкі, хоць і непатрэбна было іх столькі, умасціў [Аўсянік] усе чатыры. Васілевіч.

3. перан.; каго. Абл. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. [Скуратовіч] узяў сабе замуж панскую ахмістрыню, а сваю сястру ўмасціў к пані пакаёўкай. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Запіхваючы ўнутр чаго‑н., напоўніць. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Колас. Я хуценька адзеўся, пабег на гумнішча, напхаў поўны кошык смецця папалам з сенам. Ляўданскі. // чаго. Разм. Палажыць, пакласці ўнутр чаго‑н. нейкую колькасць чаго‑н. [Гаспадыня] дала Сашы клуначак з ежай, напхала сабе ў кішэні яшчэ нейкіх маленькіх пакункаў, бутэлечак. Шамякін. // перан.; каго. Разм. Сабраць у адным месцы, запоўніўшы яго да адказу. [Немцы] напхалі ў вагон сто пятнаццаць чалавек [вязняў]. Кухараў.

2. перан.; што. Груб. З’есці многа чаго‑н. Напхаць жывот бульбай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́менькі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.

Разм. У спалучэнні з назоўнікамі з прасторамі або часавым значэннем выражае гранічную акрэсленасць месца, часу дзеяння. У саменькі поўдзень. □ Тут каза — як скокне ўбок, А Вавёрка — на дубок, Аж на саменькі вяршок. Муравейка. На саменькім ранку дэпутатка сельсавета, не адчыняючы веснічак, крыкнула ў двор: — Волька, ты дома? Скрыган. // Паказвае на непасрэдную блізкасць да каго‑, чаго‑н. За акном, каля саменькае сцяны, дзе стаіць круглаверхі клён, цяпер халодны і аголены, густа-густа збіраецца мрок, нібы гэтая цёмная ноч паставіла тут свайго вартаўніка. Колас. Наша хата стаяла пры саменькай дарозе. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., што.

1. Ударыўшы чым‑н., раздзяліць, разваліць на часткі. [Гушка] запаліў у сенцах газоўку і раскалоў пень на дзве плашкі. Чорны. Але маланка нарабіла бяды. На сядзібе МТС раскалола стары дуб і кантузіла механіка Сяргея Касцянка. Шамякін. / у перан. ужыв. Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Чарнышэвіч.

2. перан. Раз’яднаць, унёсшы рознагалоссі, супярэчнасці. Капіталізм усялякімі сродкамі імкнецца раскалоць адзінства працоўных, якое ўрэшце становіцца прычынай яго гібелі. Хромчанка. З мэтай раскалоць інтэрнацыяналістаў лагернае начальства зрабіла чыстку, і камуністычнае ядро з былых камандзіраў і камісараў было вывезена ў лагер з больш строгім рэжымам. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяўба́, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. сеяць (у 1 знач.); пасеў збожжавых культур. Веснавая сяўба. Радковая сяўба. □ Недзе за пушчай, у полі, пачаліся ворыва і сяўба. Брыль. Дзень выдаўся цёплы, ціхі і ясны, і сяўбу .. [Зосі з бацькам] удалося скончыць да абеду. Гартны.

2. Пара, калі сеюць. Цяпер гарачая пара ў калгасе. Сяўба. Кухараў. Набліжалася сяўба жыта, і Андрэй ад клопатаў і турбот не знаходзіў сабе месца. Чарнышэвіч.

•••

Квадратна-гнездавая сяўба — спосаб сяўбы прапашных культур, калі насенне ці клубні размяшчаюць на пэўнай адлегласці адно ад другога ў падоўжаным і папярочным напрамку.

Падзімняя сяўба — сяўба яравых культур позняй восенню для атрымання ўсходаў вясной.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урадлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца ўрадлівасцю (у 1 знач.). Зямля тут [у Суханах] была ўрадлівая, але, як амаль і ўсюды на Беларусі, цяжкая і працаёмкая. Машара. На спрадвечнай багне, ператворанай рукамі людзей ва ўрадлівыя палі, густою сцяною паднялося жыта. Шахавец. Кірыла ішоў берагам Дняпра па знаёмай дарозе і не пазнаваў некалі ўрадлівых палёў. Гурскі.

2. Тое, што і ураджайны (у 2 знач.). Урадлівы год. □ Па дарозе трапляліся такія ўрадлівыя кусты чарніц, што каб хаця на хвіліну нагнуцца, то поўныя былі б і рот і прыгаршчы. Кулакоўскі. Яшчэ нядаўна гарэлі яркай пазалотай урадлівыя мачужыцкія сады, а сёння яны скінулі апошняе лісце. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрэн, ‑у, м.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з тоўстым мясістым коранем, які выкарыстоўваецца як прыправа. За акном у гародзе пад хатай парве хрэн — густа і шырака, як лопух на балоце, — над ім лёталі белыя матылі. Пташнікаў.

2. Горкі корань гэтай расліны, а таксама прыправа з гэтага кораня. Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі. Вялюгін. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.

•••

Стары хрэн (лаянк.) — пра старога чалавека. — Ну, ідзі, стары хрэн, ды хутчэй, жыва каб мне назад! — кіўнуў паліцэйскі. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)