пракаўтну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Абл. Праглынуць. О, які смачны быў той крупнік! Сабастыян зараз успомніў і аж сліну пракаўтнуў. Сабаленка. Іван Сямёнавіч падышоў да магілы, намерыўся нешта сказаць, але не змог. Толькі пракаўтнуў даўкі камяк у горле і яшчэ ніжэй апусціў сівую галаву. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аско́лак, ‑лка, м.
Адколаты ад чаго‑н. кавалак. Асколак каменя, гранаты. □ Даходзяць толькі гукі — выццё снарадаў, скрогат выбухаў, сіпенне асколкаў... Мележ. Сярод лужыны валяліся асколкі цудоўнай Сонінай чарніліцы. Курто. // перан.; чаго. Тое, што захавалася ад мінулага, зніклага. Асколкі старога свету. □ Трухлявая салома і паркан — Далёкае мінуўшчыны асколкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
1. Ствараць гукі, падобныя на «ку-ку» (пра зязюлю). У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто.
2. перан. Разм. Цярпець нягоду; гараваць. — Добра, што загадзя перасялілі нас у дамы, — часта гаварыла маці, — а то кукавалі б у палатцы. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́нец, ‑нца, м.
Паходная вайсковая або вучнёўская сумка, якую носяць на лямках за спіной. [Сцёпа] наўмысна доўга тупаў ля парога каванымі абцасамі, быццам абіваючы снег. Потым з размаху кідаў праз увесь клас на сваю парту ранец з кніжкамі. Курто. [Адась Гушка] дастае з ранца пачак газет і раскідае па акопе. Чорны.
[Ням. Ranzen.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскуда́хтацца, ‑хчуся, ‑хчашся, ‑хчацца; зак.
1. Пачаць кудахтаць моцна і доўга (пра курэй).
2. перан. Разм. Раскрычацца без толку, без прычыны. [Нічыпар:] — Толькі ж не я збег ад цябе, а ты. Дык чаго ты раскудахталася годы? Асіпенка. — Раскудахталіся! — раптам раззлаваўся Хамутоўскі. — У ступі ды ўступі. Сам ведаю, што рабіць. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рыба́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Рыбная лоўля. Калі Юрка прыбег на возера, рыбалка была ў самым разгары. Курто. — Брыгадзір мог пазнаць вуду, ён з кавалём часта ходзіць разам на рыбалку, — прамовіў Васілёк. Ваданосаў. Адны — Рыбалку паважаюць, З бляшнёй ля пелькі Могуць векаваць. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плю́шчыцца 1, ‑чыцца; незак.
Закрывацца, заплюшчвацца (пра вочы). Юрка слухаў іх [старэйшых], і вочы ў яго міжвольна плюшчыліся. Курто.
плю́шчыцца 2, ‑чыцца; незак.
Спец.
1. Рабіцца плоскім, пляскатым. Ды зноў бяда: як ён ні б’ецца, Ўсё плюшчыцца ў яго, а не куецца. Мядзведзя ахапіў адчай. Корбан.
2. Зал. да плюшчыць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., што.
Насыціць вільгаццю. — Глядзіце, які дождж тут прайшоў, а там дык і не капнула. Хаця б у нас прамачыў зямлю, — разважала старая калгасніца. Шамякін. // Зрабіць мокрым; вымачыць (адзенне, абутак на кім‑н.). Пераходзіць цераз ручаіну можна было, не баючыся прамачыць ногі. Курто.
•••
Прамачыць горла — трохі выпіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кава́дла, ‑а, н.
Жалезная падстаўка асобай формы для ручной коўкі металу. Каля горна кавадла. На зямлі ля кавадла невялічкія кавалкі іржавага жалеза. Зверху на кавадле іржавыя жоўтыя плямкі. Галавач. Старшыня ўзяў з рук каваля клешчы, выхапіў распаленае жалеза з горна, паклаў на кавадла. Курто.
•••
Паміж молатам і кавадлам гл. молат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
завалачы́ся і (радзей) завалакчы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся; пр. завалокся, ‑лаклася, ‑лося; чым.
1. Закрыцца, заслацца, зацягнуцца. Неба завалаклося хмарамі. Вочы завалакліся слязамі.
2. Разм. Зайсці, зацягнуцца куды‑н. Завалокся на край свету. □ Трэба да балотца ісці. А то, чаго добрага, возьме ды завалачэцца ў дрыгву конь ці жарабя. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)