гак 1, ‑а, м.
1. Востры металічны выступ на чым‑н. (напрыклад, крук у багры, шып у падкове). [Конь] .. быў падкуты на перад, і гакі ў падковах былі не кавальскай работы, а купленыя. Крапіва.
2. Абл. Участак зямлі, які вострым клінам удаецца ў што‑н. Хвалі без ахвоты Абмываюць з гака жвір. Астрэйка.
•••
З гакам — з лішнім, з лішкам.
гак 2, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова гакнуць, гакнуцца. Ляціць звер проста, а з-за дрэва Выскачыў Мядзведзіч — гак у лоб! Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́шаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Надаваць чаму‑н. вісячае становішча. Вешаць вопратку. Вешаць вядро на крук.
2. каго. Караць смерцю праз павешанне. З нялюдскай жорсткасцю спаганялі фашысты сваю злосць на мясцовым насельніцтве, палілі вёскі.., расстрэльвалі і вешалі людзей. В. Вольскі.
•••
Вешаць галаву — сумаваць, маркоціцца.
Вешаць нос — тое, што і павесіць нос (гл. павесіць).
Вешаць сабак на каго — нагаворваць, звальваць што‑н. на каго‑н.
Вешаць ярлык — неабгрунтавана абвінавачваць каго‑н., няправільна, шаблонна ацэньваць, характарызаваць чыё‑н. дзеянне, учынак.
Хоць тапор вешай — пра цяжкае, нясвежае паветра ў памяшканні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
За́кла ’закутак у хляве для малых свіней’ (брагін., З нар. сл.), ’месца ў вуглу плота’ (Мат. Гом.), ’выгін ракі’ (стол., Яшкін). Укр. уст. дыял. за́кла ’крук’ (’Haken’, Жэлях.), за́кло ’частка зямлі, што ўдаецца ў чужую зямлю (Грынч.). Ніканчук (БЛ, 1974, 6, 71), улічваючы розныя значэнні слова на Укр. Палессі, аб’ядноўвае закло са словамі клін, укр. ікла, рус. клык, якія генетычна звязвае з калоць (гл.) і прапануе рэканструяваць яго форму як закъло. Гэта верагодна. Аналагічна на больш шырокім матэрыяле Варбат, Этимология, 1972, 49–53.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гуж 1 ’гуж’ (БРС, Касп., Бяльк.). Ад прасл. *gǫžь; параўн. рус. гуж, укр. гуж, польск. gążew, gążwa, балг. гъж, гъжва і г. д. Паводле Фасмера (1, 471), версія аб роднаснасці з прасл. *ǫza і далей *vęzati не тлумачыць пачатковага гука g‑. Таму лепш параўноўваць са ст.-ісл. kengr ’крук’. Іншыя даследчыкі ўсё ж лічаць g‑ пратэзай. Агляд матэрыялу і літ-ры ў Трубачова, Эт. сл., 7, 93–94.
Гуж 2 ’вуж’ (Сцяшк.). З вуж (< *ǫžь); мена пратэтычных гукаў в‑ > г‑ (так і ў некаторых іншых словах: гу́зкі‑ву́зкі) (Сцяшк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спі́на ‘задняя (у жывёл — верхняя) частка тулава’ (ТСБМ, ТС; лід., карэліц., мін., Сл. ПЗБ; браг., Шатал.), спі́на ‘хрыбет’ (Пятк. 2), ‘вільчык’ (Сл. ПЗБ); таксама спіна́, спэна́ ‘спіна’, ‘прадаўгаватая горка’ (ТС). Укр. спи́на, рус. спина́ ‘спіна’. Лічыцца запазычаннем праз ст.-польск. spina ‘хрыбет’ (параўн. націск) з лац. spīna ‘спінны хрыбет, пазваночнік’; гл. Міклашыч, 318; Брукнер, 509. Фасмер (3, 735) прапаноўвае яшчэ бачыць роднасць з лат. spina ‘прут’, лац. spīna ‘цёран; шып, хрыбет’, ст.-в.-ням. spinula ‘шпілька’, тахар. A spin‑ ‘крук, колышак’, с.-н.-ням. spîle ‘ражон’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 371; Трубачоў, Проспект, 81.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касты́ль ’палка з загнутай ручкай’ (Бяльк.), кастылец, касты́ль ’тс’, ’крук’ (Сл. паўн.-зах., 2). Рус. косты́ль ’кастыль’, ’вялікі драўляны цвік’, ’цвік з загнутым верхнім канцом замест шляпкі’, дыял. ко́стыль ’палачка для пляцення лапцей’, укр. дыял. кости́ль ’частка вялікай падоўжанай пілы’, косту́ль ’палка, посах’. У іншых слав. мовах вядома толькі славен. kostílja ’дрэва Celtis australis’, ’пугаўё (з гэтага дрэва)’. Гл. агляд Трубачова, Эт. сл., 11, 167. Лічыцца вытворным ад прасл. *kostь ’косць і да т. п.’ (аб іншых значэннях гл. у Трубачова, Эт. сл.) суфіксам *‑ylь. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 582; Праабражэнскі, 1, 368; Фасмер, 2, 349; Трубачоў, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Пулга́к ’від мушкета’, ст.-бел. пулгакь, полгакь (XVI ст.). Запазычана з польск. pułhak (półhak) ’тс’, што з’яўлялася паўкалькай з ням. Halbhaken, дзе першая частка была перакладзеш з польск. pół‑ ’паў-’, а другая адпавядала ням. Hacken ’від зброі’ (ст.-бел. гак), гл. Патры–Тамушанскі, JBS, XV–XVI, 4 (3–4), 120; Булыка, Лекс. запазыч., 70; Басай–Сяткоўскі, SFPS, 13, 36. Паводле Банькоўскага (2, 753), польск. pół‑ было рэгулярнай заменай лац. semi‑, франц. dėmi‑, ням. halb‑. Махэк₂ (464) звязвае з hak ’крук’ (гл. гак), бо зброя “häkem pfipinala se na lože neb kozlik” (“крукам прымацоўвалася да ложа ці козлаў”).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пятні́к ’гняздо, у якім паварочваецца вось варот’ (Нас., Касп., Нік. Очерки), ’прыстасаванне, пры дапамозе якога дзверы прымацоўваліся да вушакоў’ (Варл.), пя́тнік ’вушак, да якога прымацоўваюцца дзверы завесамі; вушак наогул’ (Бяльк., Мат. Маг.), укр. пʼятни́к ’крук, на які навешваюцца дзверы’, рус. дыял. пятни́к ’прыстасаванне для навешвання дзвярэй, варот’, славен. petník ’завесы ў варотах; вушак; парожак’. Прасл. дыял. *pętьnikъ, якое Бязлай (2, 32) параўноўвае з ц.-слав. пятьно ’шпора, астрога, пыж’, літ. pentìnas ’шпора’, ùžpentis ’шпора ў пеўня’, лат. piêsis ’шпора’. Міклашыч (239) выводзіў з *pęta ’пята’ (гл. пята́), Фрэнкель (571) меркаваў пра кантамінацыю *pęta і *pęti (гл. пяць). Гл. таксама напіта.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
саслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Слізгаючы, спусціцца ўніз; з’ехаць. Саслізнуць з берага ў раку. □ [Васіль], як вокам згледзець, саслізнуў з дрэва, і, не разбіраючы дарогі, мы памчаліся па поплаве. Каліна. // Хуценька ўстаць, пакінуць якое‑н. месца. Міша паслухмяна саслізнуў з бацькавых каленяў і падаўся да сваіх кубікаў — будаваць дом. Шахавец. // Саслізнуўшы, перамясціцца з аднаго месца ў іншае. Аўтамат у Свіступова, нібы жывы, саслізнуў з пляча і аказаўся ў руцэ. Паўлаў. Прамень па твары крадзецца яе, На вейкі саслізнуў. Дзяргай.
2. Не ўтрымаўшыся дзе‑н., спаўзці, зваліцца. Крук ударыўся аб провад і саслізнуў уніз. Курто. Паходня пацягнуўся наперад, ногі саслізнулі з купіны, і ён уваліўся ў ваду па пояс. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уздзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., што.
1. Надзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. (адзенне, абутак і пад.). Уздзець паліто. Уздзець боты на ногі. □ Уздзеў [Платон] кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Вокны Параска посцілкамі пазавешвала, лепшы андарак уздзела. Лобан.
2. Павесіць, начапіць на што‑н.; прымацаваць да чаго‑н. Уздзець рукзак на плечы. Уздзець пятлю на крук. □ Лаўрэн Карпавіч, не спяшаючыся, уздзеў на нос акуляры і пачаў чытаць. Гроднеў.
3. Насадзіць што‑н. на вастрыё, на які‑н. стрыжань; праколваючы, надзець на што‑н. вострае. Уздзець кола на вось. □ Збан уздзеў на відэлец скрылёк кілбасы і на момант задумаўся, нібы вырашаючы, есці ці не. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)