шы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад шыць.

2. у знач. прым. Зроблены, выраблены шыццём; сшыты. Ты вострым плугам Рэзаў дзірваны. Насіў з дзяругі Шытыя штаны. Куляшоў. З гэтай простай прапановай нельга было не згадзіцца, асабліва калі прыняць пад увагу лёгкасць шытых чоўнаў. Маўр.

•••

Не лыкам шыты — пра чалавека, не пазбаўленага здольнасцей, ведаў, умення трымаць сябе і пад.

Шыта белымі ніткамі — няўмела, няўдала, дрэнна скрыта, схавана што‑н.

Шыта-крыта — скрытна, патаемна ад іншых, у поўнай тайне (застаецца, робіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Авё́с. Агульна- і праславянскае слова: рус. овес, укр. овес, чэш. oves, славац. ovos, польск. owies, в.-луж. wows, н.-луж. hows, балг. овес, серб.-харв. о̀вас, славен. óves. Бліжэйшая паралель: літ. avižà ’авёс’, лат. àuza, ст.-прус. wyse ’тс’. Дублет па звонкасці і глухасці як прасл. tvьrdъліт. tvìrtas. Траўтман, 21; Мюленбах-Эндзелін, 1, 231; Цупітца, GG, 31. Параўн. Патабня (РФВ, 5, 122), які суадносіць авёс з ст.-інд. avasám ’ежа’, Педарсан (IF, 5, 42) супастаўляе лац. avēna (< *avigsna) ’авёс’ і ст.-грэч. αἰγίλωψ ’аўсюк’ (< αϜιγι‑ < *avig̑a), Шпэхт (Ursprung, 298) рэканструюе і.-е. au̯i‑/au̯es‑, тады лац. avēna < avesna. З апошнім згадзіцца цяжка, бо славянскія і балтыйскія формы сведчаць аб індаеўрапейскіх палатальных гутуральных; гл. Покарны, 88.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падпіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.

1. Паставіць свой подпіс пад чым‑н. Лабановіч доўга пазіраў на гэту паперку. Нават не напісала [Ядвіся], куды едзе, і сама не падпісалася... Колас. Аўтар чамусьці не падпісаўся і не падаў свайго адраса. Рэдактар пакруціў канверт — адваротнага адраса і там не было. Грамовіч.

2. Заключыць умову на дастаўку, прысылку падпіснога выдання, унёсшы пэўную плату. Падпісацца на збор твораў. Падпісацца на газету «Звязда». // Выказаць жаданне на ўдзел у зборы якіх‑н. сродкаў, ахвяраванняў і пад. Падпісацца на пазыку.

•••

Падпісацца абедзвюма рукамі пад чым — ахвотна і поўнасцю згадзіцца з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́цыя 1, ‑і, ж.

Радыёстанцыя, звычайна перастаўная ці пераносная. Камбрыг Ермакоў звязаўся са штабам па рацыі, адтуль перадалі, што там усе гэтыя дні таксама ідуць безупынныя. Мележ.

[Скарачэнне, утворанае з пачатку і канца слоў радыё і станцыя.]

ра́цыя 2, ‑і, ж.

Падстава, сэнс, аснова. [Следчы:] — Пан Галезнік, мы ўсё ведаем, вам няма рацыі гуляць з намі ў хованкі. Сабаленка. [Мікола:] — Ці ж нам рацыя згадзіцца сваю Зосю за.. [Рыгора] аддаваць? Гартны. Распытваць у каго-небудзь пра машыну не было ніякай рацыі. Мы ж не ведалі ніводнай яе прыкметы. Лынькоў. // Слушнасць. Пасля некаторай дыскусіі, разваг і меркаванняў я прызнаў рацыю Яўмена Іванавіча. Ермаловіч.

•••

Мець рацыю гл. мець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.

1. Дагаворвацца аб цане, дабіваючыся ўступак пры заключэнні гандлёвых або іншых здзелак. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў ды надта даражыўся. Якімовіч. [Ян:] — Купілі [кабылку] выгадна, хоць і таргаваліся доўга. Чорны. Клім стаяў моўчкі, азіраючы дровы, гатовы ўжо згадзіцца на тое, каб заплаціць за іх васемнаццаць рублёў, і не хацеў сказаць гэтага селяніну, злаваўся на сябе, што не ўмеў таргавацца. Галавач.

2. перан. Спрачацца, не згаджаючыся з чым‑н., імкнучыся дабіцца чаго‑н., атрымаць што‑н. Пара прыступаць да працы, няма чаго таргавацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паміры́цца, ‑міруся, ‑мірышся, ‑мірыцца; зак.

1. з кім-чым і без дап. Спыніць спрэчку, дайсці да згоды, пачаць жыць у згодзе. Цяпер і сам сабе не рад. Не спіцца, не ляжыцца. Ці не вярнуцца лепш назад Ды з другам памірыцца? Танк. [Іван:] — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Ужо былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў. У дарозе маці мала размаўляла з бацькам, але Люся ведала: скора яны памірацца. Даніленка.

2. на чым. Здаволіцца чым‑н., згадзіцца на што‑н. Урэшце [маці з Колем] памірыліся на тым, што Коля захапіў з сабою пару самых большых гарачых грачанікаў з кавалкам сала ў прыдачу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́дзіць, ‑ра́джу, ‑ра́дзіш, ‑ра́дзіць; зак., што і з інф.

Даць параду, падказаць, як дзейнічаць. Дзед бездапаможна трасе галавой, разводзіць рукамі. Ну, што ёй парадзіць? Колас.

•••

Нічога не парадзіш — а) аб немагчымасці зрабіць што‑н. так, як хочаш. Маці пачала яе адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не парадзіш з упартаю дачкою! Якімовіч; б) пра неабходнасць згадзіцца з тым, што ёсць. Нічога не парадзіш, прыйшлося Беразоўскаму прывезці бульбу і муку. С. Александровіч.

парадзі́ць, ‑раджу́, ‑ро́дзіш, ‑ро́дзіць; зак., што.

Быць прычынай узнікнення, з’яўлення чаго‑н. Эпоха, што парадзіла і абумовіла творчасць Купалы, характарызуецца падзеямі выключнай гістарычнай важнасці. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улама́ць, уламлю, уломіш, уломіць; пр. уламаў, ‑мала; заг. уламі; зак.

Разм.

1. што. Праламаць; зрабіць пралом. Не бегай па страсе, а то ўломіш.

2. што. Ломячы, аддзяліць частку ад чаго‑н.; адламаць. Уламаць хлеба. // Выгадаць, прыдбаць што‑н. (звычайна хітрыкамі). [Бялькевіч:] — Але ў той жа час і трывога ў мяне: што там старой гэтай спатрэбілася? Гэта ж .. нешта хоча ўламаць!.. Савіцкі.

3. перан.; каго. Пераканаць, з цяжкасцю ўгаварыць згадзіцца з чым‑н. «Ну няўжо я яго [Алеся] не ўламлю», — цвёрда падумала Адэля. Броўка. [Ляснічы:] — Праўду кажучы, мы са старшынёй калгаса добра-такі ўспацелі, пакуль уламалі Бандарэнку: не хацеў дапускаць Васіля да руля. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жураві́на, журавіны ’ягада Oxycoccus’ (ТСБМ), жураўлі́ны (Сл. паўн.-зах.; гродз., Нар. лекс., 42, 158), журахлэны (камян., Бел. мова і літ. у ВНУ, 1971, с. 203). Рус. дыял. журави́на, журави́ны, журави́ка, журавли́на, укр. журави́на, журавли́на, польск. żurawina, żurachwina, памор. žuraina, žurainə ’тс’, н.-луж. žorawina, žorawa ’журавіна’. Ст.-рус. журавина ’тс’. Лат. dzērvene ’журавіны’. Параўн. англ. cran berry ’тс’, ням. дыял. Kronsbeere, Kranzbeere (пры англ. crane, ням. Kranich ’журавель’). Янкоўскі (Бел. мова₃, 230–231) тлумачыць журавіны як ягады на імшыстых балотах, дзе вадзіліся журавы, жураўліныя ягады, з чым трэба згадзіцца. Фасмер, 2, 67; Брукнер, 666. Слова мае паўн.-слав. характар. Памор. знач. žuraina ’шчаўе’ ўказвае на разуменне слова ў сувязі са смакам і са словам žur ’жур’ і ’шчаўе’. Параўн. яшчэ чэш. žíravina (< žuravina) ’едкі матэрыял’. Аб невыключанасці такой версіі гл. Супрун, Бюлетин за съпост. изследване…, 1976, 5, 78–79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

упе́рціся, упру́ся, упрэ́шся, упрэ́цца; упро́мся, упраце́ся, упру́цца; упёрся, упе́рлася; упры́ся; зак.

1. чым у што. Уперці канец якога-н. прадмета для апоры, супраціўлення, адштурхвання.

У. рукамі ў сцяну.

У. вяслом у дно.

2. у каго-што. У час руху наткнуцца на каго-, што-н., выявіць якую-н. перашкоду.

Мы ехалі, ехалі і ўпёрліся ў плот.

Справа ўпёрлася ў непрадбачаную цяжкасць (перан.).

3. перан., на чым і без дап. Упарта не згадзіцца з чым-н., на што-н.; занаравіцца (пра жывёл).

Упёрся на сваім.

Конь упёрся і ні з месца.

4. З цяжкасцю або без дазволу ўвайсці куды-н.; улезці ў што-н. (разм.).

Упёрся ў хату з бруднымі нагамі.

Уперліся ў багну.

|| незак. упіра́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца (да 1—3 знач.).

|| наз. упо́р, -у, м. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)