зашчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Зачыніць на зашчапку. Спяшаючыся, [Пракоп] зашчапіў дзверы .. і заткнуў у прабой дубовы калок-затычку. Якімовіч. Зашчапіла [Грасыльда] за сабой у сенцах дзверы на кручок, бразнула клямкай, ідучы ў хату. Пташнікаў.

2. Накінуць зашчапку, кручок і пад. на прабой. Прыбіральшчыца зашчапіла кручок і з пакрыўджаным выглядам узялася за сваю справу. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прышчапі́ць1 ’перасадзіць частку жывой расліны (вочка, чаранок) на тканку другой’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Мат. Гом., ЛА, 1), ’увесці ў арганізм вакцыну’ (ТСБМ), прышчэ́піць, прышчэ́пліваць ’прышчапіць; прышчэпліваць воспу’ (калінк., чэрв., Сл. ПЗБ; ТС). Гл. шчапі́ць, шчапля́ць. У другім значэнні калька рус. привива́ть ’уводзіць вакцыну’.

Прышчапі́ць2зачыніць на зашчапку; зашчапіць’; ’прычапіць пры дапамозе прышчэпкі, зашчапкі’ (ТСБМ, ТС). Да шчапі́ць, шчапля́ць ’злучаць, звязваць’.

Прышчапі́ць3 ’прыбраць, прывесці ў парадак’ (Мат. Гом.). Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

запе́рці, -пру́, -прэ́ш, -прэ́; -про́м, -праце́, -пру́ць; -пёр, -пе́рла; -пры́; -пёрты; зак.

1. што. Зачыніць (на замок, засаўку і пад.) або замкнуць (у 1 знач.).

З. дзверы на ключ.

2. каго-што. Змясціць куды-н., зачыніўшы на замок.

З. парасят у хлеўчуку.

З. варожы флот (перан.: акружыць, пазбавіўшы выхаду, магчымасці рухацца).

3. Хутка даставіць, дамчаць куды-н. або ўсунуць, упакаваць куды-н., у што-н. (разм.).

Гэты рысак мігам вас туды запрэ.

Куды ты запёр гэту скрынку?

|| незак. запіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

за́саўка, ‑і, ДМ ‑саўцы; Р мн. ‑савак і (радзей) засо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.

Рухомая металічная або драўляная пласцінка на прабоях для запірання дзвярэй. Зачыніць дзверы на засаўку. □ Злева, ля вушака, было маленькае акенца, праз якое.. адмыкалі сені: пацягнеш за вяровачку — і адсунеш жалезную або драўляную засаўку. Дамашэвіч. // Прыстасаванне ў форме шырокай металічнай пласціны, якой закрываюць комін; юшка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прычыні́ць1 ’паслужыць прычынай чаго-небудзь; выклікаць непрыемныя наступствы’ (ТСБМ), ’зрабіць’: мне дабра не прычыніла і тая Антоля (пух., Сл. ПЗБ), прычыня́цца ’выбіраць пэўныя ўмовы, абставіны’ (ТС). Да чын, чыніць (гл.).

Прычыні́ць2зачыніць, звычайна няпоўнасцю або няшчыльна’ (ТСБМ, Ласт., Янк. 1, Ян.), прічыні́ць ’тс’ (Бяльк.), а таксама прычыні́ць ’прыадчыніць’ (ТС); сюды ж са спецыфічным абмежаваннем семантыкі прычыны́ты ’завязаць (фартух)’ (кобр., ЛА, 4). Беларуска-ўкраінскі семантычны рэгіяналізм (Лучыц-Федарэц, Бел.-укр. ізал., 41; Непакупны, Связи, 86). Далей гл. чын, чыніць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзве́ры, дзвярэ́й, Т дзвяра́мі і дзвяры́ма.

Праём у сцяне для ўваходу ў памяшканне, а таксама створ, якім закрываюць гэты праём.

Навесіць д.

Дубовыя д.

Зачыніць д. на ключ.

Царскія дзверы — у праваслаўнай царкве: галоўныя дзверы ў іканастасе, якія вядуць у алтар.

Дзень адчыненых дзвярэй — дзень вольнага доступу ў навучальныя ўстановы з мэтай азнаямлення з імі перад паступленнем на вучобу.

Пры зачыненых дзвярах — без допуску пабочных асоб.

Стукацца ў дзверы — звяртацца да каго-н. з просьбай аб чым-н.

|| памянш. дзве́рцы, -аў.

|| прым. дзвярны́, -а́я, -о́е.

Д. праём.

Дзвярная клямка.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

запере́ть сов.

1. (на ключ) замкну́ць, мног. пазамыка́ць; (на крючок) зашчапі́ць, мног. пазашчэ́пліваць; (затворить) зачыні́ць, мног. пазачыня́ць;

2. в др. знач. запе́рці, мног. пазапіра́ць;

запере́ть неприя́тельский флот запе́рці варо́жы флот;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Прыпіна́ць1, незак. тр. да прыпя́ць ’прыхіліць; прымацаваць; зачыніць’ (ТСБМ) < пяць, пну (гл.). Сюды ж прыпіна́нне ’прывязванне’ (Байк. і Некр.), прыпіна́цца ’прыціскацца’ (тамсама). Укр. припи́ночка ’вяроўка, якой прывязваюць жывёлу на пашы’.

Прыпіна́ць2 ’настойваць узяцца за што-небудзь’; ’папракаць, упікаць, рабіць вымовы’ (Нас., Байк. і Некр.; шальч., Сл. ПЗБ), сюды ж назоўнікі прыпіна́нне ’выгаворванне, упіканне’ (Нас., Байк. і Некр.), прыпі́нкі ’папрокі’ (Нас.). Рус. кур. припина́ть ’прыгнятаць, уціскаць’, укр. припина́тися ’чапляцца з чым-небудзь да кагосьці’. Пераноснае значэнне дзеяслова прыпінаць1 (гл. папярэдняе слова); несумненна, паўплывала і семантыка дзеяслова ўпікаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

запе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. запёр, ‑перла і ‑пёрла; зак., каго-што.

1. Зачыніць (дзверы) на замок, засаўку і пад. Зося зачыніла дзверы, запёрла іх на закрутку і вярнулася ў хату. Гартны.

2. Змясціўшы каго‑, што‑н. куды‑н., зачыніць на замок, засаўку і пад. — Прывялі гэта нас да павятовага камісара, заперлі ў нейкі халодны склеп, у пустую адрыну. Колас. // перан. Закрыць выхад; заблакіраваць, ізаляваць. Вядзьмарка, за нешта помсцячы лапарам, хацела заперці іх у Польскай губе. М. Стральцоў. // перан. Разм. У шашачнай гульні — паставіць шашку ў становішча, з якога няможна рабіць хадоў.

3. Разм. Хутка даставіць, даімчаць куды‑н. За трыццаць капеек на нашы грошы, на сваіх харчах, кулі запрэ на сваім карку трохпудовы клунак за трыццаць кіламетраў ды яшчэ падзякуе. Маўр. // Усунуць, упакаваць куды‑н., у што‑н. Караблік жа не шлюпка, яго ў кантэйнер не запрэш. Быкаў. // перан. Саслаць, загнаць куды‑н. далёка. [Радзішчаў] так моцна пісаў, што мяне зацікавіла. Мусіць, добрую жменю солі панам падсыпаў .., што заварушыліся яны, як уюны, а Кацярына ажно ў Сібір заперла яго. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варо́ты, -ро́т і -аў.

1. Шырокі праезд у сцяне, плоце, які закрываецца створкамі або закладаецца жардзінамі, а таксама самі гэтыя створкі.

Зачыніць в.

Ад варот паварот (катэгарычная адмова; разм.). Ні ў якія в. не лезе (перан.: пра што-н. недарэчнае, бяссэнсавае; разм.).

2. Два слупы з перакладзінай, якія з’яўляюцца месцам, куды заганяюць мяч або шайбу ў розных спартыўных гульнях.

Футбольныя в.

3. перан. Пункт, праз які ажыццяўляюцца інтэнсіўныя сувязі з навакольным светам.

Марскія в.

4. Вузкі праход паміж скаламі (на моры, у гарах).

Карскія вароты.

5. Арка ў памяць якой-н. падзеі.

Трыумфальныя в.

|| памянш. варо́тцы, -аў (да 1 і 2 знач.).

|| прым. варо́тны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Варотныя слупы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)