прыблудзі́цца, ‑блуджуся, ‑блудзішся, ‑блудзіцца; зак.
Разм. Прыстаць да чужога статка, двара, хаты і пад. Чалавек першы загаварыў да пастушкоў. — Ці не чулі вы, хлопцы, можа тут конь які прыблудзіўся? Крапіва. [Алень] прыблудзіўся на батарэю яшчэ зімой і, як расказваюць, быў пестуном гарматных разлікаў. Шамякін. // Далучыцца да якой‑н. групы; прыстаць да якога‑н. месца (пра чалавека).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгарну́цца, ‑гарнуся, ‑горнешся, ‑горнецца; зак.
З ласкаю, пяшчотай прытуліцца да каго‑н. Я ўзяў на рукі маленькую Верачку.., прыгарнуўся шчакой да поўнай, ружовай шчочкі.. дзяўчынкі. Брыль. — Не ведаю, не ведаю, любы, — сказала.. [Алена] і прыгарнулася блізенька-блізенька да Івана. Сабаленка. // перан. Разм. Прыблізіцца, прымкнуць, далучыцца да каго‑, чаго‑н. Можа да калгаса прыгарнуся. Я на ўсе рукі, браток, майстар. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыма́зацца, ‑мажуся, ‑мажашся, ‑мажацца; зак.
1. Разм. Прыгладзіць сабе валасы, змазаўшы іх чым‑н.
2. перан. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. з карыслівымі мэтамі. — А ці не думаеце вы, што ён [Саўка] прымазаўся да паўстанцаў? — пытае ўсё той жа Бірка. Колас.
3. У азартных гульнях — прыняць удзел у гульні, дадаўшы сваю долю да стаўкі якога‑н. іграка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падключы́цца, ‑ключуся, ‑ключышся, ‑ключыцца; зак.
Далучыцца да сістэмы забеспячэння электрычнасцю, газам і інш. Клуб, як і ўсё сяло, асвятляўся электрычнасцю, — нядаўна заракітнянцы падключыліся да дзяржаўнай кальцавой высакавольтнай лініі. Краўчанка. // перан. Разм. Уключыцца ў работу, прыняць удзел у чым‑н. — Вядома, крыху шкодзілі немцам.. Сыпалі пясок у буквы, псавалі тармазы. Адзін раз развінцілі рэйкі, скінулі цягнік. Пачалі старыя рабочыя, потым моладзь падключылася. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.
1. Дабавіцца, далучыцца ў дадатак да чаго‑н. Сёння.. [Галя] нібы імянінніца, ды гады яе лічацца цяпер па класах, скончыла клас — год прыбавіўся. Якімовіч.
2. Павялічыцца, стаць большым (у памеры, сіле і пад.). Дзень прыбавіўся. Прыбавіцца ў вазе. □ — Цяпер у нас штат прыбавіўся. Тры даглядчыцы маем... Ракітны. / у безас. ужыв. За тры дні ягад прыбавілася. Шашкоў. Пад восень працы ў людзей прыбавілася. П. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыста́ць, -а́ну, -а́неш, -а́не; -а́нь; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.), да каго-чаго. Прымацавацца, шчыльна прылягаючы, прыліпнуць.
Гразь прыстала да паліто.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., да каго. Пра заразную хваробу: перадацца (разм.).
Прыстаў грып.
3. да каго. Далучыцца, прымкнуць.
П. да кампаніі.
4. да каго. Звярнуцца з надакучлівымі размовамі, просьбамі і пад. (разм.).
П. з пытаннямі.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра судны: падышоўшы да берага, прыстані, прычаліць.
6. Стаміцца, змагчыся.
Конь прыстаў у дарозе.
◊
Прыстаць у прымы — стаць прымаком.
|| незак. прыстава́ць, -таю́, -тае́ш, -тае́; -таём, -таяце́, -таю́ць; -тава́й; наз. прыстава́нне, -я, н. (да 4 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
учапі́цца, учаплю́ся, учэ́пішся, учэ́піцца; зак.
1. за каго-што, у каго-што. Моцна ўхапіцца за каго-, што-н. або ўплесціся за што-н., у што-н.
У. за борт машыны.
У. ў валасы.
2. за што. Зачапіцца за што-н.
Кручок вуды ўчапіўся за водарасці.
3. чым за што. Закрануць што-н. у час руху.
У. воссю калёс за шула варот.
4. перан., за што. Тое, што і ухапіцца (у 2 знач.).
У. за думку.
5. за кім-чым. Далучыцца самавольна, без папярэдняй згоды да тых, хто ідзе куды-н.
За намі ўчапіўся сабака.
|| незак. учэ́плівацца, -аюся, -аешся, -аецца (да 1 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
перакана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
1. і з дадан. сказам. Прымусіць паверыць чаму‑н., упэўніць у чым‑н. Словы [Лясніцкага] пераканалі і супакоілі дзяўчыну. Шамякін. Варановіч пераканаў Шлыка, што той можа мець яшчэ і вышэйшую адукацыю, калі .. возьмецца за вучобу. Дуброўскі.
2. з інф. або злучн. «каб». Угаворамі схіліць да чаго‑н., прымусіць зрабіць што‑н. Бастуючым удалося пераканаць рабочых далучыцца да ўсеагульнай забастоўкі. «Полымя». Паспрабуй пераканаць чалавека, каб ён рабіў тое, да чаго ў яго ахвоты няма. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпрэ́гчы, ‑прагу, ‑пражэш, ‑пражэ; ‑пражом, ‑пражаце, ‑прагуць; пр. прыпрог, ‑прагла і ‑прагла, ‑прагла і ‑прагло; зак., каго-што.
1. Упрэгчы яшчэ, да раней запрэжаных жывёл. На крутым пад’ёме, не спыняючы ходу, мужыкі прыпрэглі яшчэ трох коней. П. Ткачоў.
2. перан. Разм. Прымусіць далучыцца да каго‑, чаго‑н.; прыцягнуць. Паміж сабою дома яны не раз цішком разбіралі падзеі апошніх дзён, а цяпер, на сходзе, трэба ўсё гэта аформіць. А для законнасці яны і старасту Бабіча прыпрэглі сюды. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыстро́іцца 1, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
1. Прымасціцца, размясціцца дзе‑н. Васілёк прыстроіўся каля табурэткі ў кутку і вельмі пільна ўглядаўся ў малюнкі ў кніжцы. Броўка. Якаў прыстроіўся на дубе, поруч з Юзікам. Чарнышэвіч. // Далучыцца, прыстаць да каго‑н. Касец з Яхіма так сабе, другі год як узяўся за касу, а тут яшчэ ў кампаніі сталых мужчын прыстроіўся Барын бацька. Дуброўскі.
2. Разм. Уладкавацца на работу, заняць якое‑н. месца, становішча ў жыцці. — Каб як гэта мне дзе-небудзь прыстроіцца — рабіць па сваёй сіле, каб ніхто не мяшаў мне жыць. Чорны. — Прыстроімся матросамі. Здорава было б трапіць на кітабойную флатылію. Асіпенка. — Ці не хочаш ты, дзед, ключнікам прыстроіцца? — запытаў Максім Ус. Грахоўскі.
3. Далучыцца да строю, стаць у строй; стаць у рад, у адну лінію з кім‑, чым‑н. Лёдзя, захапіўшы чатыры бляшаныя падносы, прыстроілася да чаргі за абедамі. Карпаў. Асцярожна, як бы баючыся аступіцца, машына выпаўзла з памяшкання і прыстроілася ў канцы калоны. Беразняк.
прыстро́іцца 2, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
Разм. Апрануцца па-святочнаму, прыбрацца. Прыстройся, дзяўчынка-нябожа, Так, як у дзянёчак святы,.. — Сягоння прыедуць сваты. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)