звя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

1. Утварыць рэзкі звонкі гук, стукнуўшы чым‑н. металічным або шкляным; бразнуць. На кухні гаспадыня звякнула пасудай, і я адскочыў ад люстэрка. Карпюк.

2. Разм. Пазваніць па тэлефоне. — Я двойчы з імі размаўляў — ніяк, уперліся.. і ўся гутарка. Можа, ты звякнеш, цябе лепш паслухаюць... Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гамо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм.

1. Тое, што і гаворка (у 1 знач.); гутарка, размова. [Алеся] хвалявалі падазрэнні на Парэчкуса, і ён паволі павярнуў гамонку ў гэтым напрамку. Броўка.

2. Тое, што і гаворка (у 2 знач.); гоман. Цішыня панавала навокал: ні людской гамонкі, ні брэху сабакі, ні кудахтання курыцы. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няспе́шны, ‑ая, ‑ае.

Які робіць што‑н. без спеху (пра чалавека). Няспешны ў рухах, разважлівы, заўсёды з усмешкай, лагоднай і хітраватай, Макар Сяргеевіч падабаўся людзям. Шыцік. // Які адбываецца без спеху; павольны, спакойны. Няспешная гутарка. Няспешная гульня. □ Аляксей Іванавіч увайшоў у пакой цяжкім няспешным крокам. Шашкоў. // Які не патрабуе спешнага выканання. Няспешная работа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насаджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. насадзіць ​1.

2. толькі мн. (насаджэ́нні, ‑яў). Пасаджаныя расліны, дрэвы. Лесаахоўныя насаджэнні. Пладова-ягадныя насаджэнні. □ Гутарка ў Максіма ішла аб беларускіх лясах.., аб новых, пасляваенных насаджэннях. Брыль.

•••

Зялёныя насаджэнні — дрэвы і кусты, часта ў спалучэнні з кветнікамі і газонамі, у гарадах, пасёлках і вакол іх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абарва́цца, -ву́ся, -ве́шся, -ве́цца; -вёмся, -вяце́ся, -ву́цца; -ві́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Адарвацца, аддзяліцца ад чаго-н.

Трос абарваўся.

2. Не ўтрымаўшыся, зваліцца, упасці адкуль-н.

А. з рыштавання.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Нечакана спыніцца, перарвацца (пра якое-н. дзеянне, працэс).

Гутарка абарвалася.

Песня абарвалася.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Рэзка, без паступовага пераходу кончыцца.

За горадам шаша абарвалася.

5. Абнасіцца, знасіць да дзірак вопратку.

|| незак. абрыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. абры́ў, -ры́ву, м. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спако́йны, -ая, -ае.

1. Які знаходзіцца ў стане спакою, маларухомы або нерухомы.

Спакойная рака.

Сядзець спакойна (прысл.).

2. Які выражае спакой (у 2 знач.), без душэўных трывог, перажыванняў.

Спакойнае жыццё.

На сэрцы спакойна (прысл.).

3. Стрыманы, ураўнаважаны, ціхмяны, які нікога не раздражняе.

С. конь.

Спакойнага нораву чалавек.

4. Роўны ў сваім працяканні.

Спакойная хада.

Спакойная гутарка.

5. Не ваенны, мірны.

С. час.

6. Які нічым і нікім не парушаецца, адбываецца ў спакоі.

Спакойная старасць.

7. Прыемны для вока (пра святло, фарбы і пад.).

Спакойныя фарбы пейзажаў.

Спакойнае, мяккае святло.

|| наз. спако́йнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дзелаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Старанны і ўмелы ў рабоце; дзелавы (у 2 знач.). Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і найбольш патрэбнае. Чорны. // Які выражае занятасць справай; сур’ёзны. Я стаяў збоку і любаваўся дзедам: яго маладым настроем, яго дзелавітай клапатлівасцю. Якімовіч. Аляксею падабалася простая, дзелавітая гутарка падпалкоўніка. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абла́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм.

1. Улада, уплыў. Свежы сустрэчны вецер асвяжыў мяне, на нейкую хвіліну адагнаў сон, які браў мяне ў сваю абладу. С. Александровіч.

2. Уладанне, прыналежнасць, здабытак. У сяле ўсялякія чуткі, усякая гутарка, што вядзецца патайна, без усякіх сведак, скора робіцца агульнай абладай. Колас.

3. Аправа (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёлка, ‑і, ДМ ёлцы; Р мн. ёлак; ж.

1. Тое, што і елка. Пад ёлкамі шарэлі штодня і ніклі апошнія лапікі снегу. Лынькоў.

2. Елка, ссечаная і ўпрыгожаная к святу Новага года. Навагодняя ёлка. □ Каля ёлкі карагоды, Песні, гутарка жывая... Колас. // Пра дзіцячае навагодняе свята з песнямі, танцамі вакол упрыгожанай ёлкі. Пайсці ў школу на ёлку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нетаро́пкі, ‑ая, ‑ае.

Які ўсё робіць не спяшаючыся, з развагай; няспешны. Калгасам кіраваў той жа Рыгор Швед, аднак гэта быў цяпер ураўнаважаны, нетаропкі чалавек, сталы сем’янін. Хадкевіч. // Уласцівы таму, хто не спяшаецца, хто робіць усё няспешна. У калідоры пачуліся нетаропкія крокі, шапаценне прарызіненых плашчоў, гутарка. Карпюк. З хлява далятала нетаропкая гаворка і звон малака аб вёдры. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)