Сла́ва ‘шырокая вядомасць, прызнанне’ (Гарэц., Кос., Некр. і Байк.), ‘рэпутацыя’ (Ласт., Федар. 4, Пятк. 2), ‘думка іншых людзей’ (Сержп.), ‘ганьба’ (Ян.), ‘ганьба, дрэнная погаласка’, ‘ацэнка, рэпутацыя’ (ТС), ‘чуткі, размовы’ (ТСБМ), ‘хвала, гонар’ (Гарэц., Некр. і Байк.). ст.-бел. слава ‘агульная думка, рэпутацыя; хвала, гонар; шырокая вядомасць’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 77). Укр., рус. сла́ва, польск., в.-луж., н.-луж. sława, чэш., славац. sláva, серб.-харв. сла̏ва ‘слава, праслаўленне’, ‘свята ў гонар пэўнага святога’, славен. sláva, балг. сла́ва, макед. слава ‘праслаўленне, родавае свята’, ст.-слав. слава. Прасл. *slava. Як сцвярджае Махэк₂ (552), поствербальны дэрыват ад прасл. *slaviti. Звязана чаргаваннем галосных з слова (гл.). Роднасныя літ. slóvẽ ‘гонар; хвала’, šlãvinti ‘славіць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; слава’, грэч. χλέος ‘слава’, ст.-інд. çrávas н. р. ‘хвала, слава, гонар’; гл. Траўтман, 307 і наст.; Мее, Études, 208; Буга, РФВ, 75; 145; Фасмер, 3, 664 з літ-рай. Корань *slav‑/*‑slav‑ часта сустракаецца ў славянскіх складаных імёнах тыпу: Славамір, Станіслаў, Барыслаў і пад. Гл. яшчэ БЕР, 6, 829–830. Сла́віць ‘праслаўляць’ узыходзіць да прасл. *slaviti, параўн. укр. сла́вити, рус. сла́вить, польск. sławić, в.-луж. sławić, н.-луж. sławić, чэш. slaviti, славац. slaviť, серб.-харв. сла̏вити, славен. slavíti, балг. сла́вя, макед. слави, ст.-слав. славити. Гл. аб дзеяслове Фасмер, 3, 664; БЕР, 6, 833 з аглядам літ-ры. Праблему складаюць адносіны назоўніка і дзеяслова. Трубачоў (SlW, 33) сцвярджае, што *slava > *slaviti, падобна да іншых выпадкаў утварэння каузатыўных дзеясловаў ад назоўнікаў тыпу *bava > *baviti, *trava > *traviti і пад., г. зн. слова ўяўляецца як сярэдняе звяно дэрывацыйнага рада: *sluti (гл. слыць) > slava > *slaviti, гл. таксама Трубачоў, Труды, 1, 148–150. Супрацьлеглага пункта погляду, выказанага Махэкам₂ (там жа), прытрымліваюцца Немец (SlW, 20 і наст.) і Шаўр (Slavia, 49, 1–2, 19–25), згодна з якімі слова паходзіць ад *slaviti, утворанага шляхам дэпрэфіксацыі *proslaviti, *oslaviti, паколькі прэфіксальныя формы больш раннія за непрэфіксальныя, паводле матэрыялаў “Слоўніка стараславянскай мовы”; развіццё уяўляецца як sluti > *oslaviti > *oslava > *slaviti > *slava, паколькі першапачаткова *slaviti не значыла ‘праслаўляць’, а ‘пашыраць добрыя звесткі аб некім’, што неістотна. Адносіны *slava да *slova (гл. слова), паводле Ломы (Пракосово, 171), уяўляюцца наступным чынам: або *slava ад *slova шляхам падаўжэння карэннай галоснай o > a, або як поствербатыў ад дзеяслова *slaviti, які ў сваю чаргу з’яўляецца ітэратывам ад *sloviti ‘выслаўляць, выражаць’, што ўтварыўся як дэмінатыў ад *slovo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Студзі́ць ‘рабіць халодным, астужаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ‘ліхаманіць’ (Байк. і Некр.), ‘халадзіць, марозіць’ (баран., Сл. ПЗБ), студзі́цца ‘астуджвацца, ахалоджвацца’ (ТСБМ, Бяльк.), студзёны ‘халодны’ (Бяльк.), студзёна ‘холадна’ (Бяльк., Мат. Маг.). Параўн. укр. студи́ти, рус. студи́ть, польск. studzić, в.-луж. studzić, н.-луж. stuźiś, чэш. studiti ‘студзіць’, славац. studiť, серб.-харв. сту́дити, сту́дјети ‘быць халодным’, славен. stúditi ‘адносіцца з агідай’, балг. студя, макед. студи ‘астуджаць; халадаць’. Прасл. *studiti ‘рабіць халодным, астужваць’. Шустар-Шэўц (1369–1370), Бязлай (3, 337) дзеяслоў лічаць вытворным ад прасл. *studъ, *studa ‘холад’, параўн. укр. дыял. сту́да ‘холад’, студ ‘сорам’, рус. дыял. сту́да, студь ‘холад’, студ ‘сорам, знявага’, польск. ostuda ‘прастуда’, чэш., славац. stud ‘сорам’, серб.-харв. сту̑д ‘холад’, славен. stȗd ‘агіднасць’, балг., макед. студ ‘холад, мароз’, ст.-слав. стоудъ ‘сорам, ганьба’. Борысь (585) выводзіць з *stydnǫti (гл. стыць) з чаргаваннем галосных у корані ŭ/ou/y/u. Параўноўваецца з ст.-інд. tudáti, tundatē ‘штурхае, коле, джаліць’, tōdas ‘той, хто дасаліць’, tōdas ‘укол’, лац. tundō, tutudā, tū(n)sum, tundere ‘біць, калаціць, удараць’, гоц. stautan ‘штурхаць’ і інш., гл. Бернекер, IF, 10, 154. Славянскую дзеяслоўную аснову *stud‑ узводзяць да і.-е. *stou‑, *stū‑ ‘стаяць’ і звязваюць з стыгнуць (гл.) і роднаснымі (Младэнаў, 614; Бязлай, там жа) аналагічна да і.-е. nomen actionis *stou̯do‑s. Параўн. стыд. Гл. яшчэ з аглядам літ-ры Фасмер, 3, 786–787; а таксама Махэк₂, 589–590; ЕСУМ, 5, 456–457.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

недахоп, хіба, брак, няспраўнасць, недаробка, дэфект / прыроджаны: ганьба; загана, вада, завада, агрэх, пахіба, пахібка (разм.); непаладкі (разм., мн.); сказа (абл.); грэх, прарэха, слабасць, слабінка, пляма, памарка, хвароба, балячка, вывіх, мінус (перан.) □ слабы бок, слабае месца, слабая мясціна, цёмны бок, ценявы бок, ахілесава пята

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Ва́дзіць1 ’шкодзіць’ (БРС, Шпіл., Яруш., Др.-Падб., Гарэц.); ’муляць, назаляць; турбаваць; калоцца’ (Юрч., Грыг., Сцяшк. МГ, Янк. БП); ’(мяне) нудзіць, (мне) моташна, млосна’ (безасаб.) (КСТ), ва́дзіцца ’сварыцца’ (Гарэц., Хрэст. дыял., 333); ’весці звадку’ (лаг., КЭС), ва́дка ’сварка’, ва́да ’загана’ (Хрэст. дыял.); ’налог, недахоп’ (Шпіл.); ’няшчасце’ (Карскі, Труды, 337); ’недахоп, загана’ (Арх. Бяльк.); ’ганьба, фальш, хіба’ (лаг., КЭС); ’боль’ (КСТ). Рус. ва́дить ’узводзіць паклёп, сварыцца’, польск. wadzić ’сварыць, звадзіць’, wada ’недахоп’, в.-луж. wadźić ’перашкаджаць, шкодзіць’, чэш. vaditi ’тс’, vada ’звадка, сварка’, славен. váditi ’абвінавачваць’, балг. ва́дя ’паклёпнічаць, быць зламоўным’. Прасл. *vaditi роднаснае з літ. vadinti ’зваць, запрашаць’, ст.-в.-ням. farwáʒan ’абяцаць, клясціся’, ст.-інд. vádati ’гаворыць, паведамляе’. Гл. Фасмер, 1, 265–266; БЕР, 1, 112; Махэк₂, 674; Брукнер, 598; Скок, 3, 557.

Ва́дзіць2 ’прыцягваць’ (Гарэц.); ’шанцаваць, мець карысць’ (КЭС). Рус. повадка, ва́да ’звычка’, ва́дить, важивать ’вабіць, прынаджваць, прыкормліваць’, повадиться ’займець звычку’, балг. ва́дя ’атрымліваць’, серб.-харв. на́вада ’звычка’, на̀вадити ’прывучаць’, славен. vaditi ’прывучаць’, ст.-слав. навада ’прывучэнне’. Прасл. *vaditi < *vada, якое Праабражэнскі (1, 63) суадносіць з санскр. svdhhā́ ’звычка, звычай, навык’, адасабляючы ад рус. ва́да ’сварка’, ва́дзіць ’маніць, гаварыць няпраўду’. Магчымасць пераходу ’сварыцца’ > ’прынаджваць, прывучаць’ дапускае Фасмер (1, 266). Гл. яшчэ Скок, 3, 558; Варбот, Этимология, 1963, 213–216; Даруля, SR, 1968, 217–223.

Вадзі́ць1. Прасл. *voditi — ітэратыў да весці (гл.).

Вадзі́ць2 ’шукаць у схованках’ (КСТ). Утворана лексіка-семантычным спосабам ад вадзі́ць/ве́сці. Параўн. рус. водить ’у дзіцячых і спартыўных гульнях выконваць галоўную ролю адпаведна з правіламі’; ’канаводзіць’, балг. водя ’кіраваць’, серб.-харв. он води ’ён уперадзе’. Праабражэнскі (1, 100) указвае на рус. ва́ди́ть, якое ўжываецца ў гульнях у адносінах да таго, хто прайграў і абавязаны, напрыклад, падаваць шар, мячык. Можна меркаваць, што ў рус. ва́ди́ть «аб’яднаны» розныя дзеясловы: води́ть і ва́дить. Даль (1, 160) адзначыў, маючы на ўвазе гэта значэнне: «здаецца, гэта будзе води́ть, а не ва́дить». Параўн., аднак, ва́дзіць ’ставіць цурку пры гульні ў клёк’ (Сцяц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)