цьмяне́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца цьмяным; цямнець. На голых кустах стухаў вечар, неба цьмянела і, здавалася, асядала на лес. Карамазаў. // Траціць свой бляск, яркі колер. [Хлопец:] — Ах, як жа не пашанцавала вам! Блешні цьмянеюць і чарвячкі, відаць, сохнуць. Ракітны.

2. перан. Траціць сваю яркасць, выразнасць: станавіцца менш выразным. Цьмянела яго слава. □ Дарагія вобразы радзімы ніколі не цьмянеюць перад нашымі вачыма. Хведаровіч. Але што больш астывалі [мядзведзіцкія], то ўсё больш цьмянела задавальненне ад перамогі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўто́н, ‑у, м.

1. Спец. Найменшы інтэрвал паміж двума гукамі, найменшае павышэнне або паніжэнне голасу.

2. Колер, фарба, якія ўтвараюць пераход ад светлага тону да цёмнага. Вуліца ўся ва ўладзе паўтонаў: колеры зліваюцца ў мяккую прывабную шэрань, а гукі як бы трацяць сваю дзённую выразнасць і акрэсленасць. Навуменка. // перан. Адсутнасць рэзкіх пераходаў. Важнай адзнакай узросшага майстэрства А. Кулакоўскага з’яўляецца тое, што ён усё больш смела, ахвотна, упэўнена карыстаецца ў сваіх творах паўтонамі. Гіст. бел. сав. літ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тускне́ць ‘блякнуць, пагасаць, марнець’ (Некр. і Байк.), ‘губляць яркія фарбы, бляск, выразнасць (пра вочы)’ (Адм.), тусьне́ць, тусьні́ць ‘цямнець, траціць бляск’, ту́скнуць, ту́снуць ‘тс’ (Ласт.); ‘няярка гарэць’: Jak dròwa ŭ pièczy tùsknuć, to budzie abo adlèha, abo doždž (Пятк. 2). Параўн. укр. тускні́ти ‘рабіцца цьмяным, змрочным’, рус. тускне́ть, ту́скнуть ‘тс’, серб. натуштити ‘пакрыцца воблакамі’. Магчыма, сюды ж в.-луж. tusknyć ‘стукнуць, пляснуць’, якое Шустар-Шэўц (1561) лічыць заснаваным на гукаперайманні і вытворным ад tuskać ‘стукаць, пляскаць’, параўн. таксама ўкр. ту́сати ‘біць, калаціць’. Мяркулава (Этимология–1976, 96), разглядаючы серб. ту̏ска ‘выжаркі, вытапкі’, узводзіць яго да і.-е. *(s)teu̯‑ ‘біць, калаціць’. Лічыцца роднасным ст.-сакс. thinsti ‘змрочны, хмурны’, ст.-фрыз. thiūstere, англ.-сакс. đīestre ‘тс’, арм. t‘ux ‘чорны, карычневы, цёмны’ (< *tusk‑) (Фасмер, 4, 126; Арол, 4, 121). Гл. таксама туск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

памутне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў мутным, непразрыстым. Вокны высока над зямлёй, і цераз іх, за памутнелымі шыбамі, можна ўбачыць толькі палову столі і самы верх супрацьлеглай сцяны. Галавач. // Які стаў мутным, прыняў неасэнсаваны выраз (пра вочы, погляд). Жанчына памутнелымі вачыма пазірае на траву. Мележ.

2. перан. Які страціў яснасць, зацямніўся (пра думкі, розум і пад.). У памутнелай свядомасці Кузняцова праплыў твар жонкі, дзяцей, родны завод... Пташнікаў.

3. Які страціў выразнасць абрысаў; расплыўчаты. І ўсё наўкола нас — і палянка, і камень, і лес апранаецца ў памутнелыя шэрыя тоны. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігу́ра, -ы, мн. -ы, -гу́р, ж.

1. У геаметрыі: частка плоскасці, абмежаваная замкнутай лініяй, а таксама наогул сукупнасць размешчаных пэўным чынам пунктаў, ліній, паверхней і цел.

2. Комплекс рухаў пры выкананні чаго-н. (у танцы, пры катанні на лыжах і пад.).

Першая ф. кадрылі.

3. Постаць чалавека або жывёлы ў скульптуры, жывапісе.

Скульптурная ф.

4. Пра чалавека (звычайна невядомага, незнаёмага ці кепска бачнага).

У цемнаце прайшлі тры фігуры.

5. Целасклад, а таксама знешнія абрысы, формы чалавека.

Дзяўчына з прыгожай фігурай.

6. перан. Пра чалавека як носьбіта якіх-н. якасцей, уласцівасцей.

Буйная палітычная ф.

Раней ён быў вялікай фігурай.

7. У шахматах: кароль, ферзь, ладцзя, слон і конь.

8. У гульні ў карты: старшая ігральная карта — валет, дама, кароль, туз.

9. Моўны зварот, стылістычны прыём, які надае мове асаблівую выразнасць.

Рытмічныя фігуры.

|| памянш. фігу́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж. (да 3 і 5 знач.).

|| прым. фігу́рны, -ая, -ае (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пабля́кнуць і пабле́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Страціць яркія фарбы, выцвісці, паліняць. Фарбы пабляклі. Партрэты пабляклі. □ Пакуль [хлопчык] ляжаў у бальніцы, загар на твары завяў.. Нават вяснушкі на шылаватым носе паблеклі. Беразняк.

2. Памеркнуць, пабляднець. Драбнелі і прападалі зоры, пабляк.. месяц: неба ўвачавідкі налівалася далёкім сонечным святлом. Вышынскі. Летняя сінь неба крыху паблекла. Асіпенка.

3. Звяць, страціць свежасць (пра расліны). Першыя замаразкі прыхапілі пад акном вяргіні: яны пабляклі, пачарнелі. Кірэйчык. Усё навокал неяк паблякла, толькі на газонах ярка цвілі астры. Асіпенка. // перан. Страціць прыгажосць, свежасць, бляск. Твар пабляк. Вочы пабляклі. □ Некалі прыгожая, Крывіцкая зараз паблякла. Гурскі.

4. перан. Страціць сваю сілу, выразнасць, яскравасць. Слава паблякла. Уражанні пабляклі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памутне́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць мутным, непразрыстым. Сажалка, дзе плавалі качкі, пачала высыхаць, вада памутнела, патыхала тванню. Хомчанка. Ад часу памутнела шкло акон — Сустрэч і абяцанняў нашых сведка. Макаль. // Стаць мутным, прыняць неасэнсаваны выраз (пра вочы, погляд). Вочы.. [Салавейчыка] яшчэ больш памутнелі, рухі сталі няўпэўненыя. Лупсякоў. / у безас. ужыв. У мяне памутнела ў вачах, але я стукнуў яшчэ раз. Карпюк.

2. перан. Страціць яснасць, зацямніцца (пра думкі, розум і пад.). Я баяўся: ці не памутнеў ад гора яе [Марыны] розум? Шамякін. У .. [Дулебы] усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок, і ён заплюшчыў іх. Шчарбатаў.

3. Страціць выразнасць абрысаў, стаць расплыўчатым. Нічога не разабраць у змроку. Толькі ледзь прыкметна пасвятлела неба і памутнелі зоркі. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перамяшацца, пераплесціся ў беспарадку; пераблытацца. Валасы зблыталіся. □ Вада расплёхалася, а кветкі зблыталіся, намоклі. Баранавых. // Пераплесціся, счапіцца з чым‑н. Чорная густая чупрына зблыталася з свежай травою. Бядуля. // перан. Страціць выразнасць, дакладнасць; змяшацца. Думкі зблыталіся. □ І пякучая крыўда, і боль, і страх, што пан можа пакараць за яго бацькоў, — усё зблыталася ў адзін клубок. Пальчэўскі.

2. Разм. Дапусціць памылку ў чым‑н.; збіцца. Зблытацца ў падліку. □ А Лёня не разгубіўся: — Я ж акурат так пачынаў рашаць гэты прыклад, ды толькі крышачку зблытаўся. Васілевіч. // Згубіць сувязь у думках, словах; заблытацца. [Байкоў] прыкметна хваляваўся, глядзеў у паперку, каб не зблытацца. Шамякін.

3. Разм. Звязацца з кім‑н., уступіць у якія‑н. сувязі, адносіны (звычайна ганебныя). Зблытацца з бандытамі. □ Адслужыўшы два гады ва ўланах, .. [Зыгмусь] зблытаўся з жонкай настаўніка гарэліцкай сямігодкі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабля́клы і пабле́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў яркія фарбы, выцвіў, паліняў. Пабляклы здымак. □ У старэнькай, пабляклай ад шматразовага мыцця сукенцы прыйшла .. [Вера] у новы калектыў. «Звязда». У першыя дні пасля вызвалення прыйшоў сюды, да гэтага дома, кульгавы, сутулаваты чалавек, у паблеклым армейскім адзенні. Мележ. На паблеклым ад страты крыві твары заільсніўся дробны пот. Паслядовіч.

2. Які памерк, пабляднеў. У густым, пабляклым небе, як жар у прысаку, палала жоўтае сонца. Дуброўскі. [Лясніцкі] убачыў .. паблеклыя зоркі, адна з якіх, здавалася, прычапілася за самую верхавіну рабіны.. Шамякін.

3. Які звяў, страціў свежасць (пра расліны). Ёсць своеасаблівае хараство і ў асенніх фарбах, яны не ўсюды шэрыя і пабляклыя, як здаецца. Краўчанка. // перан. Які страціў прыгажосць, свежасць, бляск. Бабка доўга ўзіраецца пабляклымі вачыма ў неба, нешта сама сабе шэпча і ўздыхае. Даніленка. Паблеклыя вочы .. [маці] глядзелі на свет з-пад нізка насунутай хусткі, здаецца, зусім абыякава. Брыль.

4. перан. Які страціў сваю сілу, выразнасць, яскравасць. Ласка кахання сапраўднага, Як вітанне сонейка ранняга. Яна гоніць ад сэрца спакой Сваёй цёплай пяшчотнай рукой. Бо спакой — гэта вечар кахання, Гэта водбліск пабляклых надзей. Чарнушэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зга́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. згас, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць; патухнуць, загаснуць. Ракета прарэзала заслону дажджу, зашыпела ў вышыні і згасла. Шамякін. Пад вечар згаслі яркія кастры. Танк. / Пра канец дня і надыход ночы. Дзень згас.

2. перан. Знікнуць, кончыцца (пра пачуцці, надзеі і пад.). Не згасне той запал агністы, З якім пад шолах кумача Кляліся сэрцам урачыста Ва ўсім браць прыклад з Ільіча. Бялевіч. На задні план сышлі згрызоты, Агонь і жар у сэрцы згас. Колас. / Пра жыццё, сілы. Яшчэ ў грудзях не згаслі сілы, Яшчэ не слабнуць сэрца крылы, Не адцвіла ў душы вясна! Гілевіч. // Зачахнуць, памерці (пра чалавека). [Маці] хутка згасла на непасільнай працы, як свечка на ветры, у свае трыццаць дзевяць год. Клышка. Згас стары дзядок без болю, Раз ці два адно зяхнуў. Колас. // Страціць жывасць, выразнасць (пра вочы, позірк, усмешку). Вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула.. [Васіля], усмешка на чырванашчокім твары згасла. Мележ.

3. перан. Страціць значэнне, забыцца. Ніколі не згасне слава аб тых, хто аддаў сваё жыццё ў імя людскога шчасця. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)