памутне́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць мутным, непразрыстым. Сажалка, дзе плавалі качкі, пачала высыхаць, вада памутнела, патыхала тванню. Хомчанка. Ад часу памутнела шкло акон — Сустрэч і абяцанняў нашых сведка. Макаль. // Стаць мутным, прыняць неасэнсаваны выраз (пра вочы, погляд). Вочы.. [Салавейчыка] яшчэ больш памутнелі, рухі сталі няўпэўненыя. Лупсякоў. / у безас. ужыв. У мяне памутнела ў вачах, але я стукнуў яшчэ раз. Карпюк.

2. перан. Страціць яснасць, зацямніцца (пра думкі, розум і пад.). Я баяўся: ці не памутнеў ад гора яе [Марыны] розум? Шамякін. У .. [Дулебы] усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок, і ён заплюшчыў іх. Шчарбатаў.

3. Страціць выразнасць абрысаў, стаць расплыўчатым. Нічога не разабраць у змроку. Толькі ледзь прыкметна пасвятлела неба і памутнелі зоркі. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)