Вясёлы ’пранікнуты весялосцю, радасцю; прыемны для погляду, не пануры’; ’той, хто дае, выклікае радасць’; ’яркі, светлы’ (БРС, КТС, Бяльк.), драг. высёло́ (прысл.) ’прыгожае месца, асветленае, з буйнай расліннасцю, магчыма, на ўзвышшы’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. веселий, рус. весёлый ’вясёлы, радасны’, каз. ’хуткі’, смал. ’ласкавы’, у спалучэннях ’рознакаляровы (камень, кветкі)’; ’асветлены, светлы, ясны (пра ноч)’; ’шматлікасць (рыбы, суквецця)’, ст.-рус. веселый ’вясёлы, які радуе багаццем, дастаткам’; польск. wesoły (ст.-польск. wiesioły), н.-луж. wjasoły, в.-луж. wjesoły ’вясёлы’, чэш. veselý ’тс’, валаш. veseła ’карова з белымі нагамі і хвастом’, мар. veselý ’светлы, чырвоны (колер)’, славац. veselý ’вясёлы’, славен. vesę̑ł ’тс’, серб.-харв. ве̏сео ’прыгожы, пагодлівы (дзень, месяц’; ’светлы, ззяючы’; ’ясны, каляровы’; ’буйны, свежы (расліна)’; ’хуткі, жвавы’; ’цудоўны, незвычайны’, макед., балг. весел ’вясёлы’, ст.-слав. веселъ. Прасл. vesel‑ъ мела значэнне ’буйны, пышны, паўнакроўны; каляровы, які іграе жывымі, яснымі колерамі, які радуе, вясёлы’. Самымі блізкімі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца лат. vęsęls ’здаровы, поўны, цэласны, цэлы, непашкоджаны’, прус. wessals, ілір. анамаст. Veselia ’Felicitas’ (Будзімір, RIEB, 1, 284; Краэ, IF, 57, 113). Відавочна, ‑elъ з’яўляецца суфіксам, тады корань ves‑ < і.-е. *u̯es‑ са значэннем ’добра’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 543) ці ’жыць’ (Праабражэнскі, 1, 78); таксама Младэнаў (63) і Покарны (826) звязваюць гэты корань з лац. vēscor ’атрымліваць асалоду ад ежы’, санскр. vas‑ ’ем’, vásu‑ ’добры’, кімр. gwest ’бяседа’, гоц. wisan ’банкетую’, ірл. feis ’есці’. Фасмер (1, 303) адносіць сюды яшчэ авест. vaηhu‑, voku, гальск. ves(u)‑ (ва ўласных імёнах Vesunertus, Vesclevesis), ірл. fíu ’варты, роўны’. Фік (545), Буасак (234) і Гараеў (1896, 46) адносяць аснову ves‑ да і.-е. *u̯ekʼ ’хацець’ (ст.-інд. vaś‑mi ’хачу, жадаю’, грэч. ἑκών ’ахвотны’, ἕκηλος ’спакойны’). Тое ж Махэк₂ (685), які праводзіць паралель паміж слав. vesel‑ъ і ням. lustig (< Lust ’радасць, захапленне, жаданне, ахвота’, ’юрлівасць’), суадносячы яго з лексемай vášeň ’страсць’. Торп (405), Скок (3, 578), КЭСРЯ (77) звязваюць вясёлы з лексемай вясна́ (гл.), што зусім імаверна, калі прыняць пад увагу значэнні лексемы ў паасобных слав. гаворках: ’месца з буйной расліннасцю’; ’рознакаляровыя кветкі’; ’свежыя, буйныя расліны’; ’здаровы, цэласны’, а таксама ўкр. квітень, польск. kwiecień — назвы вясенніх месяцаў. Сюды ж прысл. вясёла (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыве́ц1 ’жывая рыбка, якая насаджваецца на кручок пры лоўлі буйной драпежнай рыбы’ (ТСБМ). Рус. живе́ц ’жывая насадка (у тым ліку рыбка, чарвяк)’, укр. живе́ць ’насадка ў выглядзе рыбкі’, польск. żywiec ’насадка, жывая рыбка; жывёла, прызначаная для забою; расліна Dentaria’, уст. ’чалавек жывога характару’, ’жывая істота’, славен. žívec ’жывая істота’, ’нерв’, серб.-харв. жи́вац ’нерв’, балг. живе́ц ’пульс; цэнтр; завусеніца, мяса пад пазногцем’. Ст.-рус. живецъ ’жывы чалавек’. Відаць, яшчэ прасл. утварэнне ад кораня *živ‑ і суфікса *‑ьcь‑ (як *starьcь), які ўтвараў наз. ад прыметнікавых асноў. Значэнне, відаць, ’істота, прабываючая ў жывым станс’ (у адрозненне ад *mrьtvьcь); першапачаткова магло не быць адрознення розных істот (параўн. *junьcь ’малады бычок; юнак’) з пазнейшай спецыялізацыяй.

Жыве́ц2 ’прырослая частка пазногця’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. дыял. żywiec ’частка цела вала, напр., пад хвастом’, балг. дыял. живе́ц ’мяса пад пазногцем’, ’завусеніца’, жувѐц ’белая частка ногця’. Параўн. серб.-харв. жи́вац ’нерв’, балг. живѐц ’пульс’, славен. žívec ’нерв’, укр. живе́ць ’карэнні, парасткі, з якіх вырастаюць новыя расліны’. Відаць, рэфлекс прасл. *živьcь, маючага значэнне ’частка жывога цела’, ’жывая частка цела (у супрацьпастаўленні пазногцю)’, утворанага ад прыметніка *živъ суфіксам *‑ьcь.

Жыве́ц3 ’пласт грунту, з якога б’е крыніца’, ’месца, дзе сачыцца вада’ (Яшкін), ’жоўты пясок’, ’мох’ (Бяльк.). Рус. табол., гом., еніс., сіб. живе́ц ’крыніца, каля якой збіраюцца рыбы’, ’незамярзаючая рэчка’, укр. живе́ць ’крыніца’, ’пласт грунту’, польск. дыял. żywiec ’неўражайны пласт грунту’, в.-луж. žiwc ’палявы шпат’, чэш., славац. živec ’тс’, славен. žívec ’палявы шпат’. Магчыма, познепраслав. утварэнне *živ‑ьcь, дзе *živ‑ выступае ў знач. ’ваданосны’ (параўн. жываток, жывавод) для абазначэння ’крыніцы’, ’ваданоснага слою грунту’, адкуль перанос на пароду (пясок), на рэчку, балота (дзе расце мох).

Жыве́ц4 ’дрэнна вырабленая скура’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ярасл. живе́ц ’жоўта-зялёны слой у скуры ў выніку недастатковага дублення’, укр. живе́ц ’слой у скуры’. Відаць, усх.-слав. ’утварэнне з суф. ‑ьць ад прыметнікавай асновы жив‑ у знач ’не высахлы’.

Жыве́ц5 ’шнур у ткацкім станку, да якога прывязваюць ніці’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. паўд. живе́ц ’сырамятны рэмень, што прывязваюць да сядла ззаду’, укр. дыял. живе́ць ’раменьчык з драўляным кійком, што замацоўваюць да невада’, ’кальцо ў ярме’, ’раменьчык, вакол якога пляцецца пуга’. Усх.-слав. ці асобнае бел. утварэнне ад асновы жыв‑ы ’рухомы’ з суфіксам ‑ец (‑ьць).

Жыве́ц6 ’нявыляжалы лён’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. серб.-харв. жѝвѝца ’кастрыца’, рус. ніжнегар. живи́га ’нявыляжалы лён’. Улічваючы іншаслав. суадносныя словы з тым жа коранем, але іншымі суфіксамі, відаць, уласна бел. утварэнне з суф. ‑ец паводле тыпу гнілец, сырэц (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 102). Аснова жыв‑ы бярэцца ў знач ’не засохлы, не завялы’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рак1 ’беспазваночная, пакрытая панцырам прэснаводная жывёліна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), параўн. рус. рак, польск. rak ’тс’, в.-луж., н.-луж., чэш. rak ’тс’, славен. rak ’тс’, серб. рак, балг. рак ’тс’, макед. рак. Не мае здавальняючай этымалогіі. Прынята формаўтварэнне з прасл. метатэзай *rakъ < *orkъ. Існуючыя этымалогіі рак пераважна абапіраюцца на семантыку ’апрануты ў шкарлупінне’, ’шурпаты’ або ’той, што капае, рые, коле’. Ільінскі (РФВ, 74, 126) параўноўвае рак з літ. ràkti, rankù ’калоць, калупацца, капаць’, лат. rakt ’тс’. Длугаш-Курчабова (427–428) аднаўляе першаснае значэнне рак як ’тое, што занураецца, упіваецца, угрызаецца ў нешта’ на падставе параўнання з літ. erkē ’клешч’, лат. ērcêt ’выклікаць рэзкі боль’, параўн. таксама лат. ērce ’клешч буйной рагатай жывёлы, тып жука’. Распаўсюджана супастаўленне рак са ст.-інд. karkaţas ’рак’, karkaras ’шурпаты’, грэч. καρκίνος ’рак’, лац. caner ’тс’ < і.-е. *karkro‑ ’тс’. У рэканструкцыі Сноя (521) мяркуецца і.-е. *karkro‑ > *krākrъ > з наступным выпадзеннем пачатковага k і сананта r. Значэнне ’апрануты ў шкарлупу’ набліжае слова да форм ра́ка (гл.) ’дамавіна’, ра́кавіна, раку́шка (гл.) ’шкарлупінне малюска’, што лічацца роднаснымі да лац. arceō ’зачыняю’, arca ’скрыня’, гот. arka ’тс’ (Якабсон, IJSLP, 1, 267; Фасмер, 3, 437–439). Дадаткова Сной (521), абапіраючыся на кельц. рэфлексы і.-е. *karkro‑ ’рак’, *krako‑ ’цвёрды, шкарлупінне, абалонка’, рэканструюе слова з семантыкай ’цвёрды, апрануты ў панцыр, з цвёрдай скурай’ і параўноўвае рэдуплікаваны ст.-інд. karkara ’цвёрды’ з вал. crach ’кара, шкарлупінне, абалонка’, craig ’скала’, с.-ірл. crach ’цвёрды’. Не выключана, што назва рэалізуе і развівае паняцце раздвоенасці ці выгнутасці з зыходным фармантам *ra‑/rak‑, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/or‑/ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’. Семантыка ’раздвоенасці’ ці ’выгнутасці’ рэалізавана ў тым ліку ў ра́кам ’стаяць сагнуўшыся’ (гл.), ра́кі ’лапці’ (гл.), рак ’шпянёк, канал для выхаду мукі ў жорнах’ (Мат. Гом.), рачо́к ’палка з раздвоеным канцом’, ра́кавіна ’раздвоены капыт’ (гл.). Сюды ж і літ. erkē са значэннем ’драўляныя козлы’, ’прыстасаванне для распілоўкі дроў, што мае скрыжаваную форму’. Параўн. таксама рус. дыял. раковина ’клюшня ў рака’. Параўнанне з лац. arcuare ’выгінацца’, arcus ’дуга, выгін, крывізна’, дазваляе меркаваць, што рак названы па выгнутых клюшнях (Борысь, 509–510), хаця да гэтай этымалогіі можна прывязываць форму рака наогул.

Рак2 ’хвароба cancer’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Прынята тлумачэнне, што назва хваробы непасрэдна капіруе назву жывёліны рак, бо існавалі ўяўленні, што ў чалавека пасяліўся рак (гл. рак1), ці ракавая пухліна нагадвае рака, ці, паводле Борыся (510), наватвор, як рак пажырае сваю ахвяру, што ў сукупнасці трэба аднесці да народнай этымалогіі. Магчыма, назва з’явілася ў еўрапейскіх мовах пасля непасрэднага перакладу з грэч. καρκίνος ’рак’ ці καρκίνομα ’рак, ракавае ўтварэнне’ — азначэнне хваробы, ужытае пры яе апісанні Гіпакратам (Фрыск, I, 789). Параўн. лац. cancer ці ням. Krebs, якія таксама могуць азначаць назву жывёлы і хваробу. Заўважым, што ў Даля — рак ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’. Дасюль, магчыма, рак першапачаткова не хвароба, а менавіта нарост, з пакрываючымі яго прадольнымі барознамі ці язвамі. Параўн. з бел. ра́кавіна3 (гл.) ’нарост, гуз, звязаны з ранай на дрэве’ (ТС), рус. дыял. раковистый камень ’камень з выбоінамі’, раковистый ’з неглыбокімі шчарбінамі, зломамі’ (Даль).

Рак3 ’расліна скрыпень балотны, Epilobium angustifolium L.’ (бяроз., Нар. лекс.). Метафарычны перанос з рак1 (гл.) з-за знешняга падабенства расліннай мяцёлкі да клюшні рака, параўн. аналагічнае рус. варонеж., а таксама дан. рак ’кактус’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)