ла́ска 1, ‑і, ДМ ласцы, ж.

1. Выражэнне любві, пяшчоты. Матчына ласка. □ Асенні вечар ля акон... І твае словы, жэсты, ласка Запамінаюцца бы казка Дзіцячых, бесклапотных дзён. Лойка. // Мяккасць, пяшчота, лагоднасць. — Яшчэ сядзіш, дачушка? — ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч. Сонца пракладае Шлях красе маёвай, Атуляе хаты Ласкай і цяплом. Журба.

2. Спачувальныя, прыхільныя адносіны, прыветлівае абыходжанне. Стары не выказаў ніякага здзіўлення з прычыны нечаканай начальніцкай ласкі. Самуйлёнак.

3. Міласць, паблажка, спагада. Не будуць сіроты Ласкі панскай прасіць!.. Танк. Байцы, забыўшы слова — страх, у смерці ласкі не прасілі. Хадыка.

•••

Без чужой ласкі — самастойна, без чужой дапамогі (зрабіць, абысціся і г. д.).

Быць у ласцы гл. быць.

Дзякуй за ласку гл. дзякуй.

Добрая ласка чыя — як пажадае хто‑н. І гэта іх [дзяцей] добрая ласка: захочуць праведаць старую маці — прыедуць... Ракітны.

З вялікай ласкі чыёй — дзякуючы каму‑н.

З ласкі чыёй — па чыйму‑н. дазволу, загаду і пад.

З ласкі на пацеху — так сабе, нізавошта; так уздумалася, так раптоўна захацелася.

Зрабі(це) ласку гл. зрабіць.

З якой (гэта) ласкі? — навошта? чаму?

Калі ласка — ветлівы зварот, ветлівая просьба, ветлівае пабуджэнне. Віця пачырванеў ад няёмкасць і далікатна прапанаваў: — Дык, калі ласка, праходзьце далей... Якімовіч.

Ласку прыняць гл. прыняць.

Мець ласку гл. мець.

На ласку — а) на добрую волю каго‑, чаго‑н.; б) ветлівы зварот. [Салдат:] — Скажы, на ласку, ці з сяла ніхто Не ўратаваўся? Танк.

Не ў ласцы — не ў гуморы, не ў настроі. — Паненка наша нешта не ў ласцы сёння, — укалола сястру Тэкля. Гартны.

Ні гневу ні ласкі гл. гнеў.

Праз ласку чыю — па чыёй‑н. віне, праз каго‑н.

Прасіць ласкі гл. прасіць.

Трапіць у ласку гл. трапіць.

Убіцца ў ласку гл. убіцца.

Як ваша (твая, яго) ласка — як вы (ты, ён) захочаце (захоча), пажадаеце (пажадае).

ла́ска 2, ‑і, ДМ ласцы; Р мн. ласак; ж.

Невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых з тонкім гібкім целам. Дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ступі́ць 1, ступлю, ступіш, ступіць; зак.

1. Зрабіць крок. Сяржант ступіў пару крокаў, адсунуў плячом Цімоха. Асіпенка. Аднак не паспеў [Пеця] ступіць і некалькі крокаў, як прыкмеціў у змроку шэрую пляму. Анісаў. Ступіць Сёмка раз, а яго сусед тры (ногі ў суседа кароткія). Чорны. // Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Бацька ступіў да .. [сына] першы, працягнуў абедзве рукі: — Дзякуй богу! Гэта ты, сынок? Кулакоўскі. Антанюк ступіў да штыкетнага паркана: дарога і тратуар слізкія. Шамякін. // Пераступіць цераз што‑н. Сярожа знайшоў клямку, адчыніў дзверы і ступіў цераз парог. Паўлаў. // перан. Пачаць дзейнічаць, працаваць і пад. Вялікая мужнасць патрабавалася ад Адэлі, каб зрабіць вырашальны крок, парваць з хутарам і ступіць на іншы, новы шлях. Кучар. Але здарылася так, што [Лінкевіч] у крутую хвіліну ступіў не на тую дарогу. Дуброўскі. / у перан. ужыв. На савецкую зямлю ступіла вясна — вясна завяршаючага года пяцігодкі. «Звязда».

2. Паставіць нагу куды‑н., наступіць на каго‑, што‑н. — Ну? — нецярпліва кінуў насустрач .. [Валі] стары, ледзь яна ступіла на падножку. Мележ. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец. // Ідучы, зрабіць упор (на нагу, пальцы і пад.). Ступіць на пятку. Ступіць на хворую нагу.

3. Увайсці куды‑н. Гаспадыня, яшчэ ні пра што не здагадваючыся, запынілася на парозе. Асцярожна пр[ы]чыніла за сабой дзверы. Ступіла ў пакой і зразумела ўсё. М. Стральцоў. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Як толькі ў хату ступіць госць — Адразу смажыцца яечня. Сіпакоў. // Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Адчыніў я веснічкі, ступіў на бацькаў двор, ды так быццам і прырос да зямлі... Васілевіч. Так веку чвэрць ваюючы за шчасце, Ступіў баец на родную зямлю. Звонак.

•••

Кроку не ступіць без каго-чаго — а) немагчыма самастойна зрабіць што‑н.; б) немагчыма абысціся без чыёй‑н. дапамогі, падтрымкі, без каго‑, чаго‑н.

Куды ні ступі — усюды, скрозь.

Нага чыя не ступіць гл. нага.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Не ступіць на парог — не бываць у каго‑н., не заходзіць да каго‑н.

ступі́ць 2, ступлю, ступіш, ступіць; зак., што.

Зрабіць тупым, затупіць. Ступіць пілу. □ Спрабаваў Леў высякаць Іскры, ды дарма. Толькі кіпцюры ступіў, А агню — няма. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з (перад некаторымі спалучэннямі зычных — са), прыназ.

I. з Р.

1. Ужыв. пры абазначэнні напрамку дзеяння адкуль-н., крыніцы, месца, адкуль выходзіць што-н.

Выйсці з хаты.

Прывесці з вёскі.

Выпіска з пастановы.

Стральба з гармат.

2. Ужыв. пры абазначэнні месца, прадмета, ад якога аддзяляецца, адыходзіць што-н.

Зваліцца са страхі.

Зняць з паліцы.

Скінуць з плячэй.

Пайсці з працы.

3. Ужыв. пры абазначэнні месца, сферы дзеяння, адкуль зыходзіць што-н., адкуль прыходзіць хто-н.

Шум з вуліцы.

Вярнуцца з вакзала.

Уваход з завулка.

4. Ужыв. пры абазначэнні асобы ці прадмета паводле іх паходжання, прабывання дзе-н.

Пісьмо з бацькаўшчыны.

Рабочы з ліцейнага завода.

5. Ужыв. пры абазначэнні месцазнаходжання прадмета ці асобы, што ўтвараюць дзеянне.

Страляць з гары.

Удар з тылу.

Зайсці з другога боку вёскі.

6. Ужыв. пры абазначэнні прадмета, з’явы, часу, асобы і пад., ад якіх пачынаецца, узнікае што-н.

Акінуць поглядам з галавы да ног.

З маленства.

Пачнём з вас.

Заняты з раніцы.

7. Ужыв. пры абазначэнні прадмета, які падвяргаецца чаму-н. або які служыць адзінкай адліку.

Пошліна з тавару.

З яго ўзялі тры рублі.

Сабраць па пяцьдзясят цэнтнераў пшаніцы з гектара.

8. Ужыв. для абазначэння прадмета, які служыць узорам, арыгіналам, крыніцай чаго-н.

Пісаць партрэт з каго-н. Копія з карціны.

Пераклад з беларускай мовы.

9. Ужыв. пры ўказанні на дастатковасць чаго-н. для каго-н.

Хопіць з вас гэтага.

10. Абазначае выдзяленне часткі якога-н. цэлага.

Адно з двух.

11. Ужыв. пры абазначэнні з’яў, прадметаў і пад., пры дапамозе якіх што-н. робіцца.

Стараецца з усіх сіл.

Дапамагаць з апошняга.

12. Абазначае ўласцівасць чаго-н. па саставе, матэрыяле.

Дом з цэглы.

Абед з трох страў.

13. Абазначае змяненне, ператварэнне чаго-н. у што-н.

З пасёлка ўзнік горад.

14. На аснове чаго-н.

З дазволу.

З чыйго-н. адабрэння.

15. З прычыны, у выніку чаго-н.

Заспяваць з радасці.

Заплакаць з гора.

Сказаць са злосці.

16. Пры дапамозе чаго-н., якім-н. чынам.

Узяць з бою.

Карміць з лыжачкі.

II. з В. Прыблізна, амаль.

Пражыць з паўгода.

Рыбіна важыла з кілаграм.

Ростам з мяне.

III. з Т.

1. Указвае на сумеснасць, удзел у адным і тым жа дзеянні або стане дзвюх ці больш асоб, прадметаў, а таксама на суправаджэнне адной асобы ці прадмета іншымі пры ажыццяўленні якога-н. дзеяння, пры якім-н. стане.

Я з табой.

Мы з ім.

Брат з сястрой.

Узяць з сабой.

Раіцца з сябрамі.

Згадзіцца з кім-н. Пазнаёміць з прыяцелем.

2. Указвае на злучэнне, змацаванне аднаго і другога, а таксама на сумежнасць, блізкасць.

Межавацца з Літвой.

Звязаць адзін пакунак з другім.

Злучыць падстанцыю з гарадской тэлефоннай сеткай.

3. Указвае на наяўнасць чаго-н. у чым-н., валоданне чым-н.

Пірог з грыбамі.

Хлеб з малаком.

Дзіця з музыкальнымі здольнасцямі.

Дзяўчына з кнігай у руках.

4. Ужыв. пры абазначэнні з’явы або стану, якім суправаджаецца якое-н. дзеянне.

Слухаць з усмешкай.

Чакаць з нецярпеннем.

Пабегла з крыкам.

Знайсці з цяжкасцю.

Вайсковыя часці адыходзілі з боем.

5. Ужыв. пры абазначэнні сродку, з дапамогай якога ажыццяўляецца дзеянне.

Адправіць пакет з пасыльным.

Змагацца са зброяй у руках.

6. Указвае на асобу ці прадмет, на якія распаўсюджваецца дзеянне, стан.

Справіцца з цяжкасцямі.

Сабрацца з сіламі.

Няўважліва абысціся з наведвальнікам.

З ім здарылася бяда.

Марудзіць з адказам.

Як справы з дысертацыяй? У яе дрэнна з сэрцам.

7. Ужыв. пры наступленні чаго-н.

З часам усё наладзіцца.

З надыходам вясны прырода ажывае.

З гадамі густы мяняюцца.

Усё перайначылася з яго прыездам.

8. Ужыв. пры абазначэнні мэты дзеяння.

Звярнуцца з просьбай.

Прыйсці з рапартам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

статьI сов.

1. в разн. знач. стаць;

ни стать ни сесть ні стаць ні се́сці;

часы́ ста́ли гадзі́ннік стаў;

река́ ста́ла рака́ ста́ла;

стать ла́герем стаць ла́герам;

стать за стано́к стаць за стано́к;

стать на я́корь стаць на я́кар;

стать в па́ры стаць у па́ры;

стать на своё ме́сто стаць на сваё ме́сца;

2. (обойтись в какую-л. цену) разг. каштава́ць, абысці́ся; уско́чыць;

э́то мне ста́нет в копе́ечку гэ́та мне абы́дзецца (уско́чыць) у капе́ечку;

стать в тупи́к стаць у тупі́к;

его́ не ста́ло яго́ не ста́ла;

во что бы то ни ста́ло што б там ні было́, чаго́ б гэ́та ні каштава́ла;

ста́ло быть зна́чыць, такі́м чы́нам;

стать у вла́сти стаць на чале́ ўла́ды, узя́ць ула́ду;

стать на ра́вную но́гу (с кем-л.) стаць на ро́ўную нагу́ (з кім-небудзь);

стать поперёк го́рла стаць упо́перак го́рла;

стать поперёк доро́ги стаць упо́перак даро́гі;

стать на (чью-л.) сто́рону стаць (на чый-небудзь) бок;

стать на пути́ стаць на шляху́;

за чем де́ло ста́ло? у чым затры́мка?, што перашкаджа́е?;

за ним де́ло не ста́нет за ім затры́мкі не бу́дзе;

не привыка́ть стать не прывыка́ць;

с него ста́нет ён (гэ́та) мо́жа, ад яго́ мо́жна чака́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)