арсена́л, ‑а, м.
1. Склад зброі і ваеннай амуніцыі. Арсенал Пётрапаўлаўскай крэпасці. // перан.; чаго. Запас, вялікая колькасць чаго‑н. Арсенал выхаваўчых сродкаў. □ Мы павінны дамагацца, каб кожная новая кніга, што выходзіць у свет, ішла ў арсенал бальшавіцкай зброі. Чорны. На яе [прыказкі] ўзбраенні — увесь арсенал сатырычных сродкаў — ад іранічнай усмешкі да знішчальнага сарказму. Шкраба.
2. Уст. Прадпрыемства, якое вырабляе і рамантуе зброю і ваенную амуніцыю.
[Фр. arsenal.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асцерага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Раіць асцерагацца каго‑, чаго‑н., перасцерагаць ад чаго‑н. шкоднага, небяспечнага, што здольна зрабіць зло. — Ты толькі, Міхась, не накідвайся адразу на яду, — асцерагаў Міхася Пятрусь. Колас. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нічога не забыла і ніколі не забудзе. І мільёны не забудуць. І ты не асцерагай яе ад мінулага. Яна не баіцца яго. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.
1. Затрымацца дзе‑н. даўжэй, чым меркавалася; запазніцца. — Мо цягнік запазніўся, — падумаў Марцін. — Іначай чаго б яна забавілася. Мележ. [Удзельнікі нарады] сабраліся хутка, толькі недзе забавіўся дырэктар. Дуброўскі.
2. Зацягнуць, прамарудзіць з чым‑н., не зрабіць чаго‑н. у час. — Калі там, у Беларусі, усе гэтакія малайцы, дык яны, нябось, не забавяцца з будаўніцтвам свайго трактарнага. Кулакоўскі.
3. Зак. да забаўляцца (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забяспе́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Даць дастатковыя матэрыяльныя сродкі для жыцця. Забяспечыць сваю сям’ю. // чым. Даць чаго‑н. у дастатковай колькасці. Забяспечыць горад электраэнергіяй.
2. Стварыць неабходныя ўмовы для ажыццяўлення, здзяйснення чаго‑н.; гарантаваць што‑н. Забяспечыць мір ва ўсім свеце. Забяспечыць выкананне плана. □ Камсамольцы ішлі ў войска, захіналі Айчыну сабой, Каб і гораду, каб і вёскам забяспечыць Жыццё і спакой. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пако́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і пакарпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм.
1. Узрыць, ускапаць паверхню чаго‑н. у многіх месцах. Свінні пакорпалі навокал [агароджы] зямлю, першая ад разгароджанага месца града была здрасавана ўшчэнт. Чорны.
2. Корпаць (карпаць) некаторы час. Стары рыбак пакорпаў галінкай абгарэлае сучча ў вогнішчы — проста так, ні для чаго, — і пачаў [расказваць]... В. Вольскі. [Мароз] выняў з шуфляды запалку, пакарпаў ёю ў люльцы. Лобам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце; пр. наплёў, ‑пляла, ‑пляло; заг. напляці; зак., чаго.
1. Сплесці нейкую колькасць чаго‑н. Наплесці вянкоў. Наплесці кошыкаў.
2. перан.; і без дап. Разм. Нагаварыць рознага глупства; нахлусіць, напляткарыць. Наплесці казак. □ Сярод.. зняволеных часамі пападаліся аматары, што любілі шмат гаварыць і наплесці з тры кашалі рознай хлусні. Колас. [Сяргей] ужо такога нагаворыць, такога іншы раз напляце, што аж галава пухне. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з каго-чаго, над кім-чым і без дап.
Здзекліва смяяцца з каго‑, чаго‑н. [Лабановіч] нават пачаў сам сябе лаяць, кпіць і насміхацца з сябе. Колас. Любе здалося, што сястра насміхаецца з яе няўдачы. Шамякін. [Аніс:] — [Лёнька] з цябе насміхаецца, а ты верыш яму. Гроднеў. Лёс насміхаўся над .. [Максам]. Гамолка. Ён яшчэ будзе насміхацца, — губляючы нядаўнюю раўнавагу, абурылася на Лёньку Прося. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нахапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
1. Хапаючы, набраць у вялікай колькасці. — Чаму, дзед Рыгор, так рана разагнаў рынак? — паспрабаваў пажартаваць Мікола.. — Аблава была. Дзве машыны народу нахапалі... Якімовіч. // перан. Неадабр. Набыць, атрымаць у якой‑н. колькасці. Нахапаць чыноў. Нахапаць заказаў. □ — Чаго ты смяешся? — абурана кідае Толя. — Герой! Нахапаў двоек ды пасмейваецца сабе! Бяганская.
2. перан. Неадабр. Тое, што і нахапацца (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недаве́р’е, ‑я, н.
Адсутнасць давер’я, падазроныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Далейшая размова збліжае .. [Андросаву і Лабановіча], рассейвае тое недавер’е і тую асцярожнасць, што замінаюць выяўленню шчырасці і адкрытасці паміж людзьмі, асабліва малазнаёмымі. Колас. Людское недавер’е — бадай самая страшная рэч. Карпаў. // Сумненне ў верагоднасці, праўдзівасці чаго‑н. — Прыязджайце лепш у Маскву вучыцца ў медінстытут. — Няўжо праўда? — з радасным недавер’ем вырвалася ў Алесі. Васілевіч.
•••
Вотум недавер’я гл. вотум.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прадыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Уздыхнуць на поўныя грудзі.
•••
Не прадыхнуць — а) пра духату, дрэнны пах, ад чаго цяжка дыхаць. Узімку — сцюжа дзьме, а ўлетку — ад духаты і смуроду не прадыхнуць. Гарэцкі; б) перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н. [Галя:] — Ведаеце, ён так не ў пару захварэў. Вось дома трэба сядзець, бюлетэнь выпісалі, а ў нас жа год канчаецца, работы гэтулькі, што не прадыхнуць. Радкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)