апіса́ць, апішу, апішаш, апіша; зак., каго-што.

1. Падрабязна расказаць пра каго‑, што‑н.; абмаляваць каго‑, што‑н. сродкамі пісьмовай мовы. Я не буду ўнутр залазіць Падзеяў саўгасных, Апішу толькі, што бачыў Болей-меней ясна. Купала. // перан. Зрабіць тое самае вусна.

2. У сістэматычным парадку пісьмова перадаць асаблівасці, прыметы або склад чаго‑н. з навуковай мэтай. Апісаць гаворку. Апісаць старажытны рукапіс.

3. Скласці поўны спіс якіх‑н. рэчаў дзеля іх ўліку. Апісаць інвентар. // Зрабіць улік і ацэнку маёмасці пры накладанні на яе арышту. Прыйшла сельсавецкая камісія і апісала малатарню. Чорны. // Завяшчаць што‑н. каму‑н. Апісаць хату на дзяцей.

4. Начарціць адну фігуру вакол другой з захаваннем пэўных умоў. Апісаць акружнасць вакол трохвугольніка.

5. Зрабіць рух па крывой, перамясціцца па крывой. Калі ракета апісала дугу і падала ўжо на зямлю, Арцыховіч.. заўважыў сілуэт салдата. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страка́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, паверхня якога пакрыта ўзорамі, палосамі, плямамі розных колераў; рознакаляровы. Стракатая тканіна. Стракаты букет. □ Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым, жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Цяпер будынак школы быў стракаты, у зялёных плямах. Адамчык. [Прузыніна] стракатая хустка мільгацела ў розных кутках сядзібы, зычны голас гучна разносіўся ў прыціхлым вячэрнім паветры. Стаховіч.

2. перан. Які складаецца з розных элементаў; вылучаецца неаднароднасцю. Стракаты склад насельніцтва. □ Увесь гэты стракаты натоўп [рабфакаўцаў], як жывы этнаграфічны музей, рассыпаўся па ўсходах, ка[лі]дорах і аўдыторыях. Колас.

3. Разнашэрсны, плямісты (пра масць жывёл); рознага апярэння (пра птушак). У царстве лясным сустракаю кантрасты, Якіх зразумець не магу аніяк: Прыгожанькі звер — а драпежнік ікласты. Стракатая птушка — ды дрэнны спявак. Жычка. / У назвах жывёл і раслін. Пачаў абстукваць дрэвы стракаты дзяцел. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́сты, -ая, -ае; чысце́йшы.

1. Незабруджаны, незапэцканы.

Чыстая бялізна.

Чыстая падлога.

2. Пра работу: які патрабуе кваліфікацыі, умення; звязаны з тым, што не вельмі пэцкае, брудзіць.

Ён прывык працаваць на чыстай рабоце.

3. Выкананы, зроблены акуратна, старанна, без хібаў.

Шкатулка чыстай работы.

4. Са свабоднай, адкрытай, нічым не занятай паверхняй.

Чыстае поле.

Ч. ліст паперы.

Чыстае неба.

5. Без пабочных дамешак або з нязначнымі дамешкамі.

Ч. спірт.

Чыстая шэрсць.

Чыстае паветра.

Чыстая вада.

6. Выразны ў гучанні, без пабочных шумаў, гукаў.

Даносіўся ч. гук званоў.

Ч. голас салаўя.

7. Які адпавядае пэўным нормам, правілам (пра мову, склад і пад.).

Гаварыў на чыстай беларускай мове.

8. перан. Маральна бездакорны, сумленны, шчыры; без карыслівых думак і дзеянняў.

Чалавек з чыстым сумленнем.

Чыстыя пачуцці.

9. Абсалютны, поўны (разм.).

Чыстая праўда.

Гэта чыстая выпадковасць.

10. Не звязаны з практычным прымяненнем; проціл. прыкладны́.

Чыстая тэорыя.

Чыстая вага — вага чаго-н. без посуду, без упакоўкі і пад.; нета.

|| наз. чыстата́, -ы́, ДМ -таце́, ж. (да 1, 3—5 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сло́ва ‘адзінка мовы, маўлення’, ‘фраза, выказванне’, ‘мова’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб.), сло́во ‘тс’ (ТС, Федар. 4), слові́на ж. р., экспр. ‘тс’ (ТС), сюды ж слове́чно ‘вусна’ (мазыр., Нар. Гом.), ст.-бел. слово ‘адзінка маўлення’, ‘выказванне’, ‘выражэнне волі, загад’, ‘павучэнне’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 75). Укр., рус. сло́во, польск. słowo, в.-луж., н.-луж. słowo ‘слова’, чэш. slovo ‘слова’, sloveso ‘дзеяслоў’, славац. slovo, серб.-харв. сло̏во ‘літара’, славен. slovọ̑ ‘развітанне’, slóvọ ‘літара; слова’, балг. сло́во, макед. слово ‘літара’, ст.-слав. слово, Р. скл. словесе. Прасл. *slovo ‘слова’ (аснова на ‑es). Роднасныя ўсх.-літ. šlavė ‘пашана; ушанаванне, слава’, šlȧvinti ‘славіць, шанаваць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; рэпутацыя; пахвала; слава’, авест. srávah‑ ‘слава, павага; кліч’, грэч. κλέος ‘слава’, ст.-ірл. clù ‘слава’; гл. Траўтман, 368; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Фрэнкель, 1008; Майргофер, 3, 389; Мее, Études, 356–357; Покарны, 606- 607. Узводзяць да і.-е. кораня *kʼleu̯os < *kʼleu̯‑ ‘чуць, слухаць’ (Сной₁, 583). У славянскіх мовах звязана чаргаваннем галосных з слава, слыць (гл.). Гл. Фасмер, 3, 673; Глухак, 563; Махэк₂, 557 (падкрэслівае, што ў склад прасл. *slovo уваходзіў семантычны кампанент ‘пашана, слава’, прадстаўлены ў *slověti, *sloviti, ст.-слав. благословити ‘гаварыць, прапаведваць, велічаць, славіць’). Гл. яшчэ Скок, 3, 288–289; Трубачоў, Этимология–1968, 58; Шустар-Шэўц, 1308; Сной₁, 583; Борысь, 559; ЕСУМ, 5, 306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аблі́чча, ‑а, н.

1. Твар; рысы, выраз твару. Пазнаць па абліччы. Суровае аблічча. □ З галавы ні на хвіліну не выходзіла аблічча маладой дзяўчыны. Колас. Штурхаючыся, збіваючы людзей з ног, Толя бегаў.. ўзад і ўперад, выглядаючы знаёмае аблічча. Якімовіч. // Вонкавы выгляд каго‑н. Вонкавае аблічча. Дзіўна, наколькі яго [зубра] аблічча гарманіравала з навакольным лясным пейзажам. В. Вольскі. Усё.. аблічча [дзяўчыны] выдавала яе ўсходняе паходжанне. Васілевіч.

2. Агульны вонкавы выгляд, сукупнасць адметных рыс, характэрных чаму‑н. Суровае ваеннае аблічча сталіцы. Пераўтварыць аблічча зямлі. □ Камуністы аблічча краіны змяняюць, Упрыгожваюць гарадамі, садамі, Небывалыя ў полі расцяць ураджаі, Азараюць зямлю залатымі агнямі. Танк. Сціраецца аблічча старой вёскі. Дуброўскі.

3. перан. Індывідуальнасць, унутраны змест каго‑, чаго‑н.; духоўны склад, характар. Маральнае аблічча савецкага чалавека. Творчае аблічча пісьменніка. Нацыянальнае аблічча літаратуры. □ Замаскіраваны вораг умеў схаваць сваё аблічча за гучным словам, за бездакорнымі паводзінамі ў побыце. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Прыняць, узяць з рук у рукі, у сваё распараджэнне ўсё або частку таго, што здаюць. перадаюць, уручаюць. Папрымаць кнігі ад чытачоў. Папрымаць тэлеграмы.

2. каго. Залічыць у склад чаго‑н. усіх, многіх. Папрымаць выпускнікоў школ на работу. □ [Міхал:] — А сам Лазавы хіба не ведае, як ты працуеш у калгасе, не ведае пра тваю дапамогу партызанам? [Люба:] — Ну, такіх, як я, былі тысячы, хіба ж можна ўсіх у партыю папрымаць? Васілевіч.

3. каго. Дапусціць да сябе для агляду, для размовы па якіх‑н. справах усіх, многіх. Папрымаць хворых. Папрымаць наведвальнікаў.

4. што. Зняць, забраць адкуль‑н. усё, многае. Папрымаць талеркі са стала. Папрымаць табурэткі з сярэдзіны пакоя.

5. што і без дап. Прымаць некаторы час. А пакуль што вось вам рэцэпт, зайдзіце ў аптэку, вазьміце таблеткі і папрымайце перад сном некалькі дзён. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

содержа́ние ср.

1. (действие) утрыма́нне, -ння ср.; трыма́нне, -ння ср.; см. содержа́ть 1, 2;

2. (иждивение) утрыма́нне, -ння ср.;

содержа́ние семьи́ утрыма́нне сям’і́;

име́ть на содержа́нии мець на ўтрыма́нні;

3. (довольствие) забеспячэ́нне, -ння ср.; (зарплата) пла́та, -ты ж.;

о́тпуск без сохране́ния содержа́ния во́дпуск без захава́ння забеспячэ́ння (пла́ты);

получи́ть ме́сячное содержа́ние атрыма́ць ме́сячную пла́ту (пла́ту за ме́сяц);

4. (сущность, смысл) змест, род. зме́сту м.;

содержа́ние докла́да змест дакла́да;

диалекти́ческое еди́нство фо́рмы и содержа́ния филос. дыялекты́чнае адзі́нства фо́рмы і зме́сту;

5. (количество чего-л.) ко́лькасць, -ці ж.; (наличие) ная́ўнасць, -ці ж.; (насыщенность) насы́чанасць, -ці ж.;

содержа́ние са́хара в свёкле ко́лькасць цу́кру ў бурака́х;

руда́ с бога́тым содержа́нием бага́тая руда́;

6. (состав) склад, -ду м., саста́ў, -та́ву м.;

содержа́ние спла́ва склад (саста́ў) спла́ву;

7. (оглавление) змест, род. зме́сту м.;

содержа́ние журна́ла напеча́тано на пе́рвой страни́це змест часо́піса надрукава́ны на пе́ршай старо́нцы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ма́ці1, маць ’матка, мама’ (ТСБМ, Бес., Нас., Яруш., Кліх., Маш., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), драг., бяроз. ма́тэ, ма́ты (КЭС), ма́ця ’тс’ (Пан. дыс.). Укр. ма́ти, рус. мать, ма́ти, ст.-польск. mać (< maci), палаб. motei, н.-луж. maś, в.-луж. mać, ст.-чэш. máti, mátě, славац. mať, славен. máti, серб.-харв. ма̏ти, балг. мати, ст.-слав. мати. Прасл. mati ’маці’ — назоўны склон асновы mater‑, якая да і.-е. *mātē(r), род. скл. *māter‑es — першапачаткова склад *mā‑ — слова з дзіцячай мовы, да якога далучыўся суфікс ‑ter (лац. pa‑tēr ’бацька’, прасл. bra‑trь ’брат’, ст.-в.-ням. swës‑ter ’сястра’). І.‑е. адпаведнікі: літ. mótė ’жонка’, ’бабуля’, лат. mȃte ’маці’, ст.-прус. mūti, ст.-інд. mātā (< mātár), авест. mātar‑, арм. mair, ст.-грэч. μήτηρ, дар. μᾱ́τηρ, лац. māter, ірл. māthir, ст.-в.-ням. muoter, тах. A mācar, тах. B mācer ’тс’, алб. motrë ’сястра’ (Міклашыч, 184; Бернекер, 2, 26; Траўтман, 170; Фрэнкель, KZ, 61, 271; Покарны, 700–701; Фасмер, 2, 583; Шаўр, Etymologia, 20; Гіндзін, Этимология–63, 69 і інш.). Сюды ж маці‑і‑мачаха, маць‑і‑мачаха, маць‑мачыха, маці‑і‑мачоха, маты і мачоха ’падбел, Tussilago farfara L.’ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл., Нар. лекс.), ’браткі, Melampyrum nemorosum L.’ (ТС).

Ма́ці2 ’трама’ (жытк., Нар. сл.). У выніку пераносу значэння ’аснова, пачатак, крыніца’ з ма́ці1 (гл.). Гэтаксама Праабражэнскі (1, 515). Параўн. яшчэ ма́ціца, ма́церня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарпа1 ’вялікая сцірта снапоў або саломы пад адкрытым небам’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр.), ’куча снапоў, складзеная камлямі навонкі, а каласамі ў сярэдзіну’ (Варл.), ’застаронак у гумне’ (тураў., ЛА, 2), ’частка ў гумне, якая заложана адным відам збожжа’ (кругл., валож., ЛА, 5), ’прыстаронак, месца ў гумне паабапал току, дзе складваецца збожжа’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’сцірта, складзеная ў гумне паміж дзвюх супрацьлеглых сцен вузкай паласой; дах на слупах без сцен, дзе складалі сена’ (Касп.), торп ’сцірта снапоў у гумне’ (ТСБМ, Тур., Сцяшк.; ашм., Стан.), ’адгароджаная частка гумна, застаронак’ (Сл. ПЗБ), тарпі́на ’застаронак’ (гродз., Сл. ПЗБ), торпы́на ’сцірта (сена, саломы, збожжа)’ (стол., ЛА, 2), ст.-бел. торпъ ’тс’ і адзінка для вымярэння неабмалочанага збожжа’. Фіксуецца з 1539 г. і лічыцца запазычаннем з літ. tárpas (Буга, Rinkt. 2, 630; Булыка, Лекс. запазыч., 95; Лаўчутэ, Балтизмы, 34; Гутшміт, ZfSl, 19, 269), дзе развіццё значэння ад ’прамежак’ да ’застаронак’, гл. Анікін, Опыт, 288. Разглядаецца як балта-фрака-беларуская ізаглоса, параўн. фрак. tarpas, terpas ’зазор, прамежак’, гл. Санько, Бел. гіст. агляд, 14, 1–2, 329.

Тарпа2 ’торф’ (Сцяшк., Сл. Брэс., Янк. 2; дзятл., маст., брасл., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’тарфяное балота’ (брасл., Сл. ПЗБ), торпа́ ’торф, іл’ (жыт., Жыв. НС). Адаптаванае ў народнай мове торф (гл.; замена ф > п, канчатак ж. р. ‑а з-за фанетычна не ўласцівага канцавога спалучэння ‑рп, перанос націску на канцавы склад), гл. таксама торп2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сухі́, -а́я, -о́е.

1. Не мокры, не замочаны.

Сухая кашуля.

Сухое сена.

2. Пазбаўлены вільгаці, не сыры.

Сухія дровы.

С. клімат.

С. вецер.

3. Які страціў свежасць, сакавітасць, мяккасць, высахлы або высушаны; прыгатаваны ў выглядзе парашку, канцэнтрату.

С. батон.

Сухія яблыкі.

Сухое малако.

С. кісель.

4. Пазбаўлены спажыўных сокаў, засохлы, амярцвелы; які не дзейнічае, высах з-за якой-н. хваробы, атрафіраваны.

С. куст малін.

С. корань.

Сухая рука.

5. Які праводзіцца, робіцца або праходзіць, працякае пры адсутнасці вільгаці, вадкасці; без вадкіх выдзяленняў.

Сухая тынкоўка.

С. кашаль.

6. Нішчымны, без нічога (пра хлеб).

Есці с. батон.

7. Які мае сухарлявы склад цела, хударлявы.

С. стары.

8. перан. Пазбаўлены душэўнай цеплыні, дабрыні; неласкавы.

С. чалавек.

С. тон (непрыветны).

9. перан. Скупы, лаканічны.

С. пералік фактаў.

10. Пра гукі: пазбаўлены гучнасці, мяккасці.

С. лязгат металу.

11. Пра ліку гульні: такі, пры якім той, хто прайграў не атрымаў ніводнага ачка.

Прайграць матч з сухім лікам.

Сухі закон — забарона гандляваць моцнымі алкагольнымі напіткамі.

|| памянш. сухе́нькі, -ая, -ае (да 1 і 7 знач.; разм.).

|| наз. су́хасць, -і, ж. (да 1—5, 7—10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)