густы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з многіх аднародных частак, прадметаў, блізка размешчаных адзін каля аднаго; проціл. рэдкі. Густы лес. Густая трава. □ Паабапал [сцежкі] густое жыта ў рост чалавека. Анісаў. Раса хаваецца толькі ў засені густога лісця. Брыль. / Пра валасы, поўсць і пад. Густыя валасы. Густыя бровы. □ Бацька здаволена ўсміхаецца, разгладжваючы густыя чорныя вусы. Якімовіч. // Спорны (пра дождж, снег). На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы. Шамякін. І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі.

2. З вялікай канцэнтрацыяй чаго‑н.; не вадкі. Густое варэнне. Густая каша. Густы мёд. □ З сцяблінак мяккай расліны паказваецца густы белы, як малако, сок. Бядуля. // Насычаны чым‑н. (пра паветра, пах і пад.). Апала дзённая спякота, і паветра зрабілася густое, як туман. Нікановіч. // Яркі, не цьмяны (пра колеры, фарбы і пад.). Густой чырванню ўспыхнуў твар афіцэра. Лынькоў.

3. Шчыльны, малапранікальны для зроку, святла. І двор, і агароды, і маўклівыя цёмныя дрэвы — усё патанула ў густым вячэрнім змроку. Лынькоў. Туман быў яшчэ густы, і крокаў за дваццаць мала што відаць было. Чорны.

4. Які паўтараецца ў вялікай колькасці праз кароткія прамежкі часу; часты. Хутка страляніна зрабілася такою густою, што, здавалася, усё неба пранізана кулямі ды асколкамі. Мележ. Узнімаецца густы, шалёны кулямётны агонь. Брыль.

5. Нізкі, прыглушаны (пра гукі, голас). Густы бас. □ Голас быў роўны, ціхі і глыбокі — з нейкімі густымі, дрымотнымі ноткамі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Нябеснае цела, якое па сваёй прыродзе падобна на Сонца і ўяўляецца чалавеку на начным небе ззяючай кропкай. Палярная зорка. Вячэрняя зорка. □ Неба было ўсыпана зоркамі, нібы зернямі залатой пшаніцы. Шамякін. // перан. Шчасце, удача, лёс. Аднак цяпер, пасля таго, што адбылося тут ля рэчкі, я ўжо смела ўспомніў той выпадак і паверыў у сваю зорку. Карпюк.

2. Геаметрычная фігура з востраканцовымі выступамі, раўнамерна размешчанымі па акружнасці; прадмет у форме падобнай фігуры. Пяціканцовая зорка. Намаляваць зорку. □ Калі самалёты заходзілі на трэці круг, Мікодым выразна бачыў чырвоныя зоркі на крылах. Сабаленка. // Воінскі значок у выглядзе пяціканцовай зоркі, які носяць на фуражцы, шапцы і пад. На галаве ў .. [Сяргейкі] быў чырвонаармейскі шлем з вялікай чырвонай зоркай. Хомчанка. // Знак узнагароды, ордэн ці медаль у форме зоркі. У Базыля цэлая торба кніжак і газет розных, на грудзях зорка чырванее... Нікановіч. // Светлая пляма на ілбе ў жывёл. Цяля з зоркай.

3. перан. Пра чалавека вялікага таленту, які праславіўся сваёй дзейнасцю. Янка Купала — зорка першай велічыні не толькі Ў беларускай паэзіі, але і ва ўсім літаратурным свеце. Юрэвіч.

•••

Блукаючыя зоркі — зоркі, якія не маюць пастаяннай арбіты.

Марская зорка — марская беспазваночная жывёліна тыпу ігласкурых.

Зоркі з неба хапаць гл. хапаць.

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай гл. нарадзіцца.

Пуцяводная зорка — пра тое, што вызначае кірунак, развіццё чаго‑н.

Узыходзячая зорка — чалавек, які пачынае набываць вядомасць, славу ў якой‑н. галіне дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асі́лак ’міфалагічная істота, волат; чалавек вялікай фізічнай сілы’. Рус. сіб. осилок ’сілач’, польск. osiłek ’тс’ (паводле Карловіча «з Літвы»). Пра міфалагічных асілкаў гл. Л. Бараг, Беларуская казка, Мн., 1969, 71–91. Можна лічыць слушным аднясенне слова асілак да ўласнабеларускай лексікі (Курс суч., 147). Этымалагічна няясна. Сувязь з дзеясловам асіліць (параўн. ст.-польск. usilca ’гвалціцель, грабіцель’) няпэўная насуперак «відавочнасці» па прычыне няяснасці ў гэтым выпадку словаўтваральнага тыпу (словы на ‑ак з ‑ъкъ ці ‑окъ, якія ўтвораны ад дзеясловаў, не абазначаюць звычайна жывыя істоты, хаця параўн. некаторыя агентыўныя словы ст.-рус. съвѣдъкъ, рус. подпи́лок, напилок; ездо́к, едо́к, седо́к маюць іншы націск, а парабак, падробак — іншае словаўтварэнне). Іванаў–Тапароў (Бел. лекс., 59) звязваюць асілак з асла ’камень’ і ўсёй індаеўрапейскай групай слоў тыпу ст.-ісл. hamarr ’молат’, ст.-іранск. asmanнеба’, ст.-інд. aśman ’камень’, што патрабуе ўдакладненняў. Мартынаў–Міхневіч («Маладосць», 1970, 7, 149) высоўваюць гіпотэзу пра сувязь слова асілак з балг. осил ’асцюк’, гоцк. ahs ’колас’, лічачы такое семантычнае развіццё паралельным бел. волат і валотка, ням. Riese ’волат’ і Reis ’парастак’, што выклікае пярэчанні, бо ў гэтым выпадку недастаткова тлумачыцца частка ‑іл‑, а памяншальная семантыка ‑ъкъ ці ‑окъ таксама патрабуе тлумачэнняў у сувязі з семантыкай ’волат’. Застаецца няясным пры гэтым, як тлумачыць выпадзенне элемента ‑t‑ (параўн. ‑ц‑ у асцюк).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́вер ‘поўнач’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘паўночны вецер, холад’ (Касп., Варл., Сцяшк.; паст., лаг., Сл. ПЗБ; Хрэст. дыял.; бых., Мат. Гродз.), северы́к ‘тс’ (Анім. дад.), се́верыць ‘трэскацца ад холаду’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад сонца і ветру (пра вусны і скуру на руках і нагах)’ (Варл.). Параўн. укр. сі́вер ‘халодны, пранізлівы вецер, холад’, ‘поўнач’, рус. се́вер ‘поўнач’, ст.-рус. сѣверъ ‘поўнач; паўночны вецер’, польск. дыял. śevorecka ‘імжа’, чэш. sever, славац. sever ‘тс’, в.-луж. sowjer ‘марыва, туман’, славен. séver ‘паўночны бок неба, вецер з таго боку’, серб.-харв. се̏вер ‘поўнач’, балг. се́вер, макед. север ‘тс’, ст.-слав. сѣверъ ‘поўнач, паўночны вецер’. Прасл. *severъ, якое мае адпаведнікі ў літ. šiarỹs ‘паўночны вецер’, šiarús ‘злосны, пранізлівы да касцей (вецер)’, лат. caurus ‘паўночна-ўсходні вецер’ і г. д., якія, як мяркуюць, роднасныя і.-е. *seu̯‑ ‘левы’. Гл. Фасмер, 3, 588 з літ-рай і наст.; ESJSt, 13, 812; Глухак, 552; Бязлай, 3, 231. Махэк₂ (542), які, следам за Эрхардам (SbP (Brno), 6, 5–7), прытрымліваецца гэтай версіі, тлумачыць гэта тым, што старажытныя людзі пры прынясенні ахвяр стаялі тварам да ўсходу, так што поўнач была ў іх з левака боку. Трубачоў (Этногенез₂, 386) звязвае племянную назву *sěver(ʼ)ane з яе лакалізацыяй на паўночным (левым) беразе Дуная. Гл. таксама сівер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адлюстрава́цца, ‑руецца; зак.

1. Адбіцца ад гладкай бліскучай паверхні, узяць адваротны напрамак (пра светлавыя прамені).

2. Даць свой адбітак, малюнак на люстранай паверхні. Вада сцякла ў нізкія месцы і стаяла там, і ў ёй адлюстравалася хмарыстае неба. Чорны. // Адбіцца ў свядомасці чалавека ў форме вобразаў і паняццяў (пра з’явы аб’ектыўнай рэальнасці).

3. Знайсці выяўленне, увасобіцца ў мастацкіх вобразах. // Выявіць свае найбольш істотныя рысы, якасці, асаблівасці; праявіцца. У той ці іншай меры грамадска-палітычная тэрміналогія адлюстравалася ў старабеларускіх помніках розных жанраў. Булыка.

4. Выявіцца, атрымаць знешняе праяўленне. Рыгор завярнуў каня, спыніў яго і спакойнымі вачыма, у якіх адлюстравалася трошачкі іранічная ўсмешка, паглядаў на брата. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асму́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад асмужыць.

2. у знач. прым. Туманны, імглісты; пакрыты смугой. Я вельмі люблю.. бялюткія, заснежаныя палі, па-зімоваму асмужанае вячэрняе неба, маўклівыя ў шэрані прысады. Асіпенка. У асмужанай красе Твой бачу, восень, воблік. Панчанка. // Пацямнелы. Месцам каля хлявоў яшчэ прытаіліся кучкі абледзянелага, асмужанага снегу. Крапіва.

3. у знач. прым. Абпалены сонцам; абветраны, загарэлы. На Зосі была зялёная ў чырвоных палосах вязаная кофта, яна пасавала да асмужанага, чарнабровага твару з задуменнымі чорнымі вачыма. Хадкевіч. Пастрыжаны, схуднелы, з асмужаным, пацямнелым тварам, бацька весела расказваў, якую смачную зварылі яны.. бульбу і як здорава елі яе, запіваючы бульбяным жа варам. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Незак. да азірнуць. Сашка ўсё круціў галавой і азіраў неба: хоць бы хутчэй той каршун прылятаў, а то нешта ў сон хіліць. Даніленка. На праспект выходзіць Пастушэня, ён ужо забыў, куды ідзе, азірае жоўтыя прысады, з любасцю ўглядаецца ў фасады, як у твары дарагіх людзей. Русецкі.

2. Рабіць агляд чаго‑н. у думках; успамінаць. Хоць я няволяй цяжка змучан І з родным берагам разлучан, Ды я душою ажываю, Як вокам мыслі азіраю Цябе, мой луг і бераг родны. Колас. Пісьменнік [Пятрусь Броўка] нібы з вышынь сваёй чалавечай сталасці, новым прасветленым поглядам азірае шлях, які прайшла яго краіна, і свой уласны жыццёвы шлях. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; ‑жуём, ‑жуяце; зак.

1. што і без дап. Жаваць некаторы час. Заклейваючы папяросу,.. [Нахлябіч] доўга слініў паперу языком, пасля пажаваў яе. Чорны. // чым. Разм. Зрабіць некалькі жавальных рухаў. [Стары] паглядзеў на ваду, .. на лазнякі, на чыстае, як добрае шкло, неба і пажаваў сківіцамі: гэта ж ён, на Дняпры! Лупсякоў.

2. што, чаго і без дап. Разм. Паесці крыху. Схаваўшыся пад маладую разлапістую яліну, .. [Ядвіся] развязала хатулёк, без смаку пажавала адсырэлы хлеб. Асіпенка. Неўзабаве па свежых заечых слядах завіталі на лясную дарогу лісіцы. Не духмянага сена, вядома, пажаваць, а ў надзеі зайчацінай пажывіцца. Ігнаценка. — Конь вунь змарыўся. Няхай пажуе трохі. Якімовіч.

3. што. Разм. Сапсаваць, жуючы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палані́ць, ‑ланю, ‑лоніш, ‑лоніць; зак. і незак., каго-што.

1. Захапіць, узяць у палон. Зграя варожая злева і справа Іх паланіла для жорсткай расправы. Звонак. // Заваяваць, захапіць якія‑н. землі, краіны і пад. У кожным слове Соніных бацькоў гучала нянавісць да чужынцаў, якія паланілі родны край. Новікаў.

2. перан. Прывабіўшы, падпарадкаваць свайму ўплыву. Хацеў знайсці да ісціны ключы, А паланілі формулы і словы. Грахоўскі. Сэрца стала паслухмяным, — любы словам паланіў. Машара. // Зачараваць. Спявалі [дзяўчаты] зладжана, прыгожа, але асабліва паланіў адзін цудоўны голас. Шамякін. Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Лынькоў.

3. Разм. Ахапіць, запоўніць сабой. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́та 1, ‑ы, ДМ лаце; Р мн. лат; ж.

Кавалак тканіны, скуры і пад., якім залатана дзірка на адзенні, абутку і пад. Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы, лата на левым калене. Брыль.

•••

Латамі трэсці гл. трэсці.

Лата на лаце — пра вельмі старое латанае адзенне. Ля саней застаўся .. чалавек у кароткай ватоўцы, у лапцях, у суконных гаспадарскіх нагавіцах — лата на лаце. Чорны.

ла́та 2, ‑ы, ДМ лаце; Р мн. лат; ж.

Дошка, жэрдка і пад., якія кладуцца ўпоперак крокваў. Снегу на страсе няма, і латы на бурай струхле[л]ай саломе тырчаць голымі пачарнелымі парэбрынамі. Галавач. У змроку відаць было, як у неба ўрэзвалася скрыжаванне лат. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)