лі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Рэзкім рухам выліць, узліць якую‑н. вадкасць. Чалавек нагнуўся к вадзе, дастаў з кішэні мыла, памачыўшы пацёр яго ў руках, зусім прыгнуўся і лінуў прыгаршчы вады сабе ў твар. Чорны. Тані стала горача, бы на яе лінулі вару. Пташнікаў.
2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Пачаць моцна ліцца, хлынуць патокам. Пасунулася хмара, і лінуў дождж. Федасеенка. Слёзы — адкуль яны браліся? — нястрымна лінулі з вачэй. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У гэты час першыя кроплі застукалі па спіне, а потым лінула як з вядра. С. Александровіч. / Пра святло, паветра і пад. — А чалавеку і гораду пашанцавала менш, чым прыродзе, — задуменна прамовіла Кіра, і з яе вачэй на Пракопа нібы лінула святло. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прака́паць, ‑ае; зак.
Прайсці, упасці каплямі. А яна [ралля] дымілася абапал Першым парам, першай цеплынёй Ад дажджу, Што толькі што пракапаў Па-над красавіцкаю зямлёй. Астрэйка.
пракапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.
1. Капаючы, правесці, пракласці што‑н. Канаву к рэчцы пракапалі, А простай кладкі не паклалі. Муравейка. Траншэі, якія пракапаў [экскаватаршчык Славецкі], калі б скласці ў адно, выцягнуліся б, пэўна, ад сівой Балтыкі да Ціхага акіяна. Мыслівец.
2. Капаючы, прайсці наскрозь. Пракапаць гару.
3. Капаючы, утварыць паглыбленне. Партызаны пракапалі неглыбокую ямку і аблажылі яе камен[нем]. Якімовіч. Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлю і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы, а дзірку пракапаў, расшырыў і нырнуў у яе. Колас.
4. і без дап. Капаць некаторы час. Пракапаць цэлы дзень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прачы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціні, ‑чысціць; зак., што.
1. Зрабіць чыстым (адтуліну, паглыбленне і пад. у чым‑н.). [Туравец] атрос пясок, які насыпаўся за каўнер, прачысціў вушы... Мележ. Багдан спыніў работу, прачысціў рубанак і прысеў на дошку ў чаканні. Дуброўскі. // Вызваліць ад чаго‑н. пэўную прастору; расчысціць. Прачысціць дарожку ад снегу. □ І больш чым на вярсту тады Прачысціў ён [вадзіцель] дарогу. Смагаровіч.
2. Часткова высякаючы, зрабіць больш рэдкім (лес, зараснік і пад.). Прачысціць сад. Прачысціць яблыні. Прачысціць лес.
3. перан.; і каго. Прабраць за што‑н. Я падумваў ужо аб парадку сходу, на якім патрэбна будзе прачысціць Міколу за марнатраўства грамадскіх сродкаў. Нядзведскі. Прачысцілі яго [нарыхтоўшчыка] на сходзе, Яшчэ вымову Запісалі ў пратакол. Корбан.
4. і без дап. Чысціць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., што.
1. і чаго. Далучыць, дадаць што‑н. да чаго‑н.; павялічыць колькасць чаго‑н. — Бяда ўся ў зямельным голадзе. А хутары зямлі не прыбавяць. Галавач. // Павялічыць, зрабіць большым (памер, колькасць, хуткасць і пад.). Танкі прыбавілі хуткасць і паспелі пераскочыць мост раней за «праціўніка». Хомчанка. Якаў больш не сцерпеў размовы з Цітком, прыбавіў кроку і пакінуў яго ззаду. Лобан.
2. і без дап. Сказаць што‑н. у дадатак да ўжо сказанага; дадаць. А другі голас прыбавіў: — Усё ўбівае ў галовы, што не гэтак, кажа, жыць трэба, як мы жывем.. Чорны.
3. і без дап. Разм. Перабольшыць, прыхлусіць. — Чаму не скажуць? ото дзіва! Той самы «Тэш», каб падлізацца, Яшчэ прыбавіць і размажа! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прывалачы́, ‑лаку, ‑лачаш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. прывалок, ‑лакла, ‑ло; заг. прывалачы; зак., каго-што.
Валочачы, цягнучы, даставіць куды‑н. [Косцік] бягом прывалок дзве жэрдкі і па слізкім лёдзе насунуў іх танчэйшымі канцамі да Аксінні. Пальчэўскі. — Будзеш упірацца, то паклічу Рыгора і Язэпа і, далібог, прывалачом вось так, як ты цяпер ляжыш. Колас. Прывалаклі [партызаны] нават два цяжкія кулямёты. Шахавец. // Разм. Прынесці (звычайна што‑н. цяжкае, вялікае). [Чыжык] прывалок у яміну новенькі нямецкі карабін і патроны, знойдзеныя сярод забітых гітлераўцаў. Лупсякоў. Гарыдавец Шарона праз сяло Адзін дамоў на плечах прывалок. Танк. // Разм. Сілаю прывесці, прымусіць прыйсці. [Сашка:] — На чорта ён мне, твой гэты працаўнік, ты маеш з ім справы, то ідзі да яго, а чаго ты мяне сюды прывалок? Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысту́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Падножка, ступенька, па якіх падымаюцца ўверх або спускаюцца ўніз. Прыступка трамвая. □ Борзда падняўшыся па прыступках ганка, .. [Веньямін] зайшоў у калідорчык і пастукаў у першыя дзверы. Навуменка. Гэты нізенькі ў дзве прыступкі ганак быў улюбёным месцам адпачынку для ўсіх жыхароў нашай кватэры. Ракітны. Па добра знаёмай крутой лесвіцы з абцёртымі прыступкамі .. [Вера] ўзабралася на мансарду. Асіпенка.
2. перан. Разм. Асобны этап у развіцці чаго‑н., у якой‑н. справе. Вызваленне беларускага народа з царскіх і панскіх ярэм — яшчэ адна прыступка ў будыніне канчатковай свабоды чалавецтва. Лужанін. Але ні да чаго так не ляжала яго сэрца, як да працы журналіста. Ён зведаў усе прыступкі гэтай складанай справы — ад пасыльнага да рэдактара. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пух 1, ‑у, м.
Вельмі дробныя, мяккія, тонкія валаскі на целе птушак, жывёл. Гусіны пух. Казіны пух. □ Праз некаторы час бераг пакрыўся пер’ем, як снегам, а пух насіўся воблакам. Маўр. // Мяккія кароткія валасы на твары, шыі, галаве чалавека. Тварам дзіцё горкае, белы пух пад носам, затое ў плячах ды ростам — рэдкі мужчына зраўняецца. Карамазаў. // Валаскі на насенні раслін, на паверхні сцябла або ліста. Брыгада, як адна сям’я, ішла па завадскім двары, любуючыся мяцеліцай тапалінага пуху. Шамякін. Пальчыкі згарнуліся ў кулачок, ад кволай кветкі засталося ў ім трошкі пуху. Брыль.
•••
Ні пуху ні пер’я! — нежаданне удачы, поспеху.
У пух і прах — зусім, канчаткова (разбіць, разнесці і пад.).
пух 2, выкл.
Разм. Слова, якое перадае гук стрэлу або падобны на яго.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разграмі́ць, ‑грамлю, ‑граміш, ‑граміць; зак., каго-што.
1. Разарыць, разбурыць. Разграмілі польскія легіянеры Мартынаву хату, павыбівалі вокны. Колас. Дэфензіва разграміла рэдакцыю газеты, а самога паэта і яго таварышаў, што групаваліся вакол гэтай трыбуны, кінула на лаву падсудных. «Полымя».
2. Разбіць, знішчыць у баі, у выніку барацьбы. А ішлі яны [партызаны] граміць варожы гарнізон у Вежанцы. І разграмілі. Бой быў цяжкі. Паўлаў. Не паспелі разграміць Юдзеніча, як з захаду пачалі насоўвацца белагвардзейскія легіёны Пілсудскага. Паслядовіч. // перан. Даказаць ілжывасць, памылковасць чыіх‑н. перакананняў; нанесці ідэйнае паражэнне каму‑н.; разнесці. Вось дык крытык! Ну і смелы! Пачытай — агорне страх. Без аглядак зборнік цэлы Разграміў у пух і прах. Гілевіч. Дзеля хутчэйшага дасягнення .. мэты неабходна было разграміць трацкісцка-зіноўеўскі блок. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разро́знены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разрозніць.
2. у знач. прым. Які не складае камплекта; у якім не хапае асобных частак. Разрозненая мэбля. □ Былі тут [на стэлажы], акрамя разрозненых (ад 17 да 25‑га) тамоў Леніна, выбраныя творы Фрунзе, Брэм — «Жыццё жывёл», «Жыццё птушак» і «Звяры лесу». Чыгрынаў. Чалавечак глядзеў на яго звысоку, нібы гэта ён, Алесь, гандляваў .. старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі «Северной пчелы». Караткевіч.
3. у знач. прым. Пазбаўлены сувязі, адзінства. — З усіх сіл стрымліваць сялянскія выступленні, калі яны будуць, — змрочна сказаў Кастусь. — Не час для крыві. Дый потым, якая з іх карысць, з разрозненых? Караткевіч. // Адзінкавы, асобны. Разрозненыя гукі. □ Ранішняя сінь застала ў бязмежным небе разрозненыя кучкі хмарак. Федасеенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разя́віцца, разяўлюся, разявішся, разявіцца; зак.
Разм. Шырока раскрыцца (пра рот, пашчу). Твар у пасажыра выцягнуўся, смешна разявіўся рот, але ніхто на гэта не ўсміхнуўся, ніхто нават не звярнуў увагі. Васілёнак. // Шырока раскрыць рот (пра чалавека). З дзіву — аж разявіўся [паліцай]: што мы за такія? Таўлай. Як выскачыў з залы «Салавей», не захацеўшы быць «панскім салаўём», усе госці разявіліся ад дзіва. Бядуля. // перан. Груб. Сказаць што‑н., гаркнуць. — Ну куды так маеш рупіцца? Сёння ж нядзеля... — разявіўся і Джвучка. Пташнікаў. // перан. Уставіцца вачыма, позіркам, разглядаючы каго‑, што‑н. — Што за гармідар тут? — накінуўся .. [містэр Крукер] на грузчыкаў. — Тыя маўчалі, пазіраючы на яго спадылба і мімаволі сціскаючы кулакі.. — Ну, ты чаго разявіўся на мяне? — тыцнуў ён палкай у грудзі аднаго з грузчыкаў. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)