узвы́ць, ‑выю, ‑выеш, ‑вые; зак.
Разм. Нечакана завыць, пачаць выць (пра жывёл). / Пра плач, крык чалавека. [Малады чалавек] адпіхнуў Косцю набок. — Я цябе зараз!.. — узвыў Шмыг, узняў угору кулак. Мыслівец. / Пра вецер, матор і пад. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Лынькоў. Узвыў рухавік, і серабрысты знішчальнік камандзіра палка памчаўся на старт і з ходу пайшоў на ўзлёт. Алешка. // перан. Прыйсці ў стан адчаю, жаху. У павеце падпалена некалькі памешчыцкіх маёнткаў і асадніцкіх фальваркаў .. Памешчыкі .. узвылі. Дамагаліся ад стар[а]сты паслаць усе сілы, якія ёсць, на ратаванне маёнткаў. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узды́біцца, ‑біцца; зак.
1. Стаць, узняцца на дыбкі. [Стась] выцяў варанога пад бакі. Жарабец уздыбіўся і памчаў. Грамовіч. Выскаліўшы пеністыя храпы, уздыбіліся коні. Лынькоў. // перан. Развар’явацца. — Я Алесю пра наша каханне расказаў, дык ён аж уздыбіўся, — каб змяніць гутарку, схлусіў Кастусь. Ваданосаў.
2. Падняцца ўгору, падняцца дыбам. Лёд на рацэ ўздыбіўся і пачарнеў, падточаны маладымі водамі з палёў і лугоў. Краўчанка. Вагоны з лязгатам уздыбіліся і паляцелі адзін за адным пад адхон. Няхай. Зрэдку пасівелыя валасы пана Даўнаровіча крыху ўздыбіліся, твар раптам нейк схуднеў. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хварту́х, ‑а, м.
Абл.
1. Рабочае адзенне ў выглядзе куска тканіны, скуры, брызенту пэўнага фасону і памеру, якое падвязваюць спераду, каб засцерагчы ад забруджвання сукенку, спадніцу, касцюм. Нявестка сабрала ў хвартух відэльцы, лыжкі, чаркі і выйшла. Кавалёў. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль. Сам Міхал ужо не працуе — працуюць яго чатыры сыны, якія стаяць пры горнах, — кожны ў скураным хвартуху... Пестрак.
2. Скураная, брызентавая, палатняная покрыўка, запона, што засцерагаюць машыны, механізмы і пад. ад пылу, бруду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цу́кар, ‑кру, м.
1. Пажыўны харчовы прадукт, белае крышталічнае рэчыва, салодкае на смак, якое вырабляецца з цукровых буракоў або цукровага трыснягу. Людзі вараць і спажываюць варэнне, п’юць чай. Усяму аснова — цукар. Пестрак. [Зыгмусь] рэжа і кладзе на сподак лімон і пасыпае цукрам. Чорны.
2. мн. цукры́, ‑о́ў. Спец. Назва рада арганічных злучэнняў, пераважна з групы вугляводаў.
3. перан. Разм. Пра што‑н. прыемнае на смак, смачнае. // Пра таго, хто прыносіць асалоду. [Хлор:] — Цукар — не дзяўчына, .. ружачка пахучая... Гартны.
•••
Посны цукар — сорт цукерак з цукру з фруктовымі сокамі.
[Ад ням. Zucker.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шушу́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Гаварыць пра каго‑, што‑н. шэптам па сакрэту, нашэптваць. Шушукалі, хіхікалі Падсуседзі дасужыя, Назад вярнуцца клікалі — З натугі, бач, нядужае. Купала. І вось ён, Аляксандр Іванавіч Сідарчук, храбры камандзір партызанскага атрада, сядзіць цяпер у рэстаранчыку, дзе працуе яго жонка Ніна, пра якую шушукаюць яе сяброўкі па працы, што яна хоча пакінуць свайго Сашу, бо Саша не можа перастаць піць. Пестрак.
2. перан. Тое, што і шушукацца (у 2 знач.). Над страшнай працягла сасонка Шушукала з ветрам начным. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
1. Вымаўляць, зачытваць што‑н. уголас з тым, каб слухачы (слухач) запісвалі. Дыктаваць тэкст пісьма машыністцы. □ — Я не хутка дыктую, вы паспяваеце запісваць? Краўчанка.
2. Загадваць, прадпісваць што‑н. для безагаворачнага выканання. Дыктаваць сваю волю. □ Укалола .. [Ельскага] графская пыха, што не можа дыктаваць .. ён, афіцэр, пан, шляхціц. Пестрак. // перан. Падказваць, пераконваць. Сам розум дыктаваў даць гэту паркалёвую хустку Марылі: ёй не прыйшлося мануфактуры, а хустка гэтая аставалася. Чорны. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Аднак нейкая маўклівая праца розуму, унутранае пачуццё дыктавала зусім іншае. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. гас, ‑ла і ‑нуў, ‑нула; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пераставаць гарэць, свяціць; тухнуць. Гаслі зоркі. □ Гаслі і астывалі патрошкі і вугельчыкі, пакрываючыся лёгкім белым попелам. Колас. Промень гаснуў, і наваколле ахіналі мяккія змрокі. Карпаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Памяншацца, знікаць (пра пачуцці, веру, жаданні і пад.). Гасне туга, адыходзіць самота. Панчанка. Кляновіч адчувае ў гутарцы з сябрамі, што крыўда паволі гасне ў яго грудзях. Пестрак.
3. перан. Слабець, траціць сілы; чахнуць. Барташэвіч гас і згараў увачавідкі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заара́ць 1, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што.
1. Аручы, прыкрыць, засыпаць зямлёй. Заараць лубін. □ Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне заараў у глебу разам з гноем. Ермаловіч.
2. Разм. Аручы, захапіць кавалак чужой зямлі, чужога ўчастка. То закосіш чужога трохі, то заарэш, а праз гэта кожны дзень сваркі, панятыя. Галавач.
3. Абл. Узараць. Група партызан — дзесяць падвод — ехала ў вёску памагчы сялянам заараць зямлю пад жыта. Пестрак.
•••
Заараць носам (зямлю) — упасці ніцма ад удару або спатыкнуўшыся.
заара́ць 2, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак.
Разм. Пачаць араць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заўзя́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які пастаянна і з захапленнем займаецца чым‑н., аддаецца чаму‑н. Заўзяты паляўнічы. Заўзяты балельшчык. □ [Кузьма] быў такі заўзяты і ўдалы рыбак, што вопытныя старыя рыбаловы ахвотна раіліся з ім і бралі з сабой. Шамякін.
2. Напорысты, упарты. У сяле добра помнілі: быў у .. [Шкробатаў] некалі сын, Радзівон, упарты, заўзяты. Мележ.
3. Які выконваецца, вядзецца старанна, з захапленнем, з запалам; упарты, напружаны. Заўзятая праца. □ Саша вяла нейкую заўзятую гутарку з Жарнавіком і не пачула, што сказаў Малашкін. Пестрак. Мы выйшлі на двор і ўбачылі заўзятую бойку двух шпакоў у паветры. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згра́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.
2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)