апа́л 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апальваць — апаліць.
2. Тое, чым што‑н. апальваецца (дровы, драўнінныя адыходы, торф і пад.); паліва. Але яшчэ пытае люты. Зіму прывёўшы на прычал, Ці добра, людзі, вы абуты? Як вы багаты на апал? Колас.
3. Апрацоўка гліняных вырабаў высокай тэмпературай.
апа́л 2, ‑у, м.
Празрысты шклопадобны камень (звычайна малочнага колеру з блакітнаватым ці жаўтаватым адлівам), некаторыя гатункі яго лічацца каштоўнымі. А там Урал Хавае скарбы руд, Тапаз, апал, Цудоўны ізумруд. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апа́лубка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.
Спец.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апалубіць.
2. Р мн. ‑бак. Драўляная ці металічная форма, якая ўжываецца пры бетонных і жалезабетонных збудаваннях і знімаецца пасля зацвярдзення бетону. Адны папраўлялі апалубку, рыхтуючы яе да ўкладкі бетону, другія вязалі арматуру, счышчалі снег, разраўноўвалі замёрзлую зямлю. Хадкевіч.
3. Р мн. ‑бак. Абшыўка, абкладка знадворных частак збудавання. [Старшыня калгаса:] — Я вось і прыйшоў параіцца з вамі, як лепш рабіць, ці апалубкай, ці, можа, рыхтаваць цэментныя пліты ды выкладаць іх. Сергіевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
касава́ць, касую, касуеш, касуе; незак., што.
1. Выкрэсліваць, закрэсліваць. [Сымон] борздзенька перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. Колас.
2. Адмяняць, ліквідаваць, спыняць дзеянне чаго‑н. Касаваць пастанову. Касаваць дагавор. Касаваць шлюб. □ — І каб дзядзю Мішу далі права, што дазваляць, а што касаваць, — умяшаўся ў размову Смаляк, — ён зруйнаваў бы ўсе стадыёны і спорт-пляцоўкі. Паслядовіч.
3. Пераглядаць, апратэстоўваць рашэнне суда ў касацыйным парадку.
4. Абл. Рабіць непрыкметным, адсоўваць на задні план. Дзеці — два шустрыя, чарнявыя хлапчукі — напалавіну касавалі бяду. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клёпка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. кляпаць. Ручная клёпка. Клёпка катлоў.
2. Р мн. ‑пак. Кожная асобная дошчачка, з якіх складаюць бочку, дзежку, кадушку і пад. Стары Гарась, як і помніць Даша, заўсёды стругаў пад паветкай клёпкі, гулка грымеў на ўсе суседскія двары вочкамі і кубламі, наганяючы на іх то лазовыя, то арэхавыя абручы. Ракітны. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі. Дуброўскі.
•••
Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) гл. хапаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
злучэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. злучаць 1 — злучыць 1 і злучацца — злучыцца.
2. Тое, што злучае што‑н.; месца, дзе злучана што‑н. — Па сцежках і па дарозе пастаўлены дазоры .. На злучэнні дарог, у даліне, — ручны кулямёт. Самуйлёнак.
3. Вялікая вайсковая адзінка (брыгада, дывізія, корпус і пад.). Танкавыя злучэнні. Партызанскае злучэнне.
4. Рэчыва, малекула якога складаецца з атамаў некалькіх элементаў. Хімічнае злучэнне. Кіслароднае злучэнне.
5. Спосаб сувязі самастойных раўнапраўных слоў або сказаў. Сказы звязваюцца па спосабу злучэння і падпарадкавання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камандзіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. камандзіраваць.
2. Службовае заданне, даручэнне, звязанае з паездкай куды-небудзь. Атрымаць камандзіроўку. □ [Тэхнолаг] літаральна за дзень да перавыбарнага сходу раптам па камандзіроўцы выехаў на месяц на Яраслаўскі аўтамабільны завод. Карпаў. // Паездка куды-небудзь са службовым даручэннем. Паехаць у камандзіроўку. Доўгатэрміновая камандзіроўка. □ Апошнія дні бацькі дома няма: ён у камандзіроўцы. Якімовіч.
3. Разм. Камандзіровачнае пасведчанне. Выпісаць камандзіроўку. □ Васіль паказаў .. камандзіроўку райкома камсамола, і чалавек прапусціў яго без слова. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заключэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. заключаць — заключыць (у 1 знач.).
2. Вывад, суджэнне, меркаванне, зробленыя на падставе чаго‑н. Зрабіць заключэнне. Прыйсці да заключэння. Заключэнне ўрача. □ А Сцёпка вывеў з гэтага такое заключэнне, што і перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Колас.
3. Апошняя, заключная частка твора, прамовы і пад. Дысертацыя складаецца з уступу, трох глаў і заключэння. □ У заключэнні перадачы выступае калгасная мастацкая самадзейнасць. «Звязда».
•••
У заключэнне — пад канец, заканчваючы што‑н. У заключэнне хор выконваў песню.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыча́л, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прычаліць.
2. ‑а. Частка прыстані, забяспечаная неабходнымі прыстасаваннямі для прычальвання суднаў. Хлопцы хадзілі па набярэжнай, пазіралі на мора, дзе было поўна катэраў, барж, яхтаў, а ля прычалаў пагойдваліся велізарныя караблі. Хомчанка. // Слуп, кол каля прыстані, да якога прымацоўваюць лодку, судна і пад. Увішныя шафёры.. кінуліся дапамагаць Сілівону адвязваць канцы вяровак, якімі была прывязана пасудзіна да прычала.. Паром плаўна падаўся ад берага. Лынькоў.
3. ‑а. Вяроўка або канат, якімі прычальваюць судны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбо́р, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1–7 знач.).
2. (звычайна з прыназоўнікамі «з» і «без»). Разм. Выбар, адбор. Лес тут быў калгасны, высякалі яго многа і без разбору. Б. Стральцоў. Я разумею: крытыкаваць .. трэба, без гэтага нельга, але крытыкуй з разборам. Хадкевіч.
3. Разгляд судовай справы. Судовы разбор. □ [Сымон:] Адбудую хату нанава, гаспадарку нанава завяду.. Вось толькі .. разбору дзела дачакацца! Купала.
•••
На (пад) шапачны разбор; на разбор шапак — пад канец справы, пад канец (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскла́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскладаць 1 — раскласці 1.
2. Графік, у якім указваецца час, месца, паслядоўнасць правядзення чаго‑н. Пеця дакладна ведаў расклад усіх паяздоў і да кожнага з іх быў напагатове. Ракітны. Вучні застукалі векамі партаў, зашамацелі сшыткамі — у раскладзе значыўся ўрок па мове. Шахавец. // Парадак, распарадак чаго‑н. Лабановіч прыносіць свой расклад работы ў школе. Колас.
•••
Штатны расклад — дакумент, які вызначае склад работнікаў якой‑н. установы, прадпрыемства з указаннем іх пасад і акладаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)