кры́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., каго.
Рабіць крыўду каму‑н. Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. І калі здзекуецца нада мною хтосьці — Над Бацькаўшчынай здзекуецца ён маёй, Калі ж над ёй — мяне тым крыўдзіць найцяжэй. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
будзёншчына, ‑ы, ж.
Штодзённыя клопаты; жыццё, нецікавае сваёй аднастайнасцю. [Клаўдзя:] — У жыцці ёсць праца, ёсць будзёншчына. І вельмі цяжка бывае заўважыць, памыліўся ты [ці] зрабіў правільна. Савіцкі. [Рыгор:] — Я радуюся, таварыш Міхась, што папаў у гэтыя ўмовы жыцця; я шчаслівы, што не закалыхала мяне мястэчка сваёю будзёншчынаю. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́дам, прысл.
1. Парадкам, як трэба. Парадак у лесе. Усё дагледжана, усё ладам ідзе. Шашкоў.
2. У згодзе, дружна. Змаганне заўжды працай ладам Вядзе свой круг ад веку ў век.. Хведаровіч.
3. Мірна, спакойна. [Вошкін:] — Прыйшоў, каб пагутарыць ладам, а вы падкусваць мяне... М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нае́сціся, ‑емся, ‑ясіся, ‑есца; ‑ядзімся, ‑ясцеся, ‑ядуцца; пр. наеўся, ‑елася; заг. наешся; зак.
Пад’есці, перастаць быць галодным. Трэзар наеўся, лёг на лаве каля мяне і спакойна заснуў. Бядуля. Узяліся меншыя браты абед варыць: зарэзалі вала, разабралі і зварылі. Самі наеліся і брата накармілі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязве́даны, ‑ая, ‑ае.
Які не даследавалі, не вывучалі раней. Цаліну штурмаваць вёз цягнік нас імклівы, У далёкую даль, у нязведаны край. Гілевіч. // Які не давялося перажыць, зведаць; незнаёмы. Сяброўства з пастушкамі было для мяне нязведаным шчасцем. Бядуля. Зусім новае, нязведанае пачуццё агарнула Алега. Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Звярнуцца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Карней .. павітаў Дзяніса «добрым днём» і прапанаваў распрануцца. Гроднеў.
2. Тое, што і павіншаваць. Прыляцеў і закружыўся Ён над хатаю маёй. Гучным бульканнем заліўся, Павітаў мяне з вясной. Кляўко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павыліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Выліць усё, многае, выліць што‑н. з многіх пасудзін. [Мішэль] і сіласу каровам за мяне наносіць і свінням вёдры з ядою пацягае, у кармушкі павылівае, і вады напампуе, і нават, убачыўшы, што я бялізну развешваю сушыць, прыйдзе паможа мне. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падтулі́ць, ‑тулю, ‑туліш, ‑туліць; зак., што.
Падагнуць, падкурчыць пад сябе або прыціснуць да сябе (ногі, калені і пад.). Сабака заенчыў, падтуліў хвост і кінуўся наўцёкі. Чорны. Убачыўшы мяне, конь нахмыліўся, падтуліў вушы. Дамашэвіч.
•••
Падтуліць хвост — спалохаўшыся вынікаў сваіх паводзін, учынкаў і пад., стаць больш асцярожным.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паро́жны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і парожні. [Агата] рынулася назад у сенцы з парожным вядром і бразнула яго на лаўку. Крапіва. А дом, ён цягне. У мяне там цяпер толькі мачыха. А вось як падвярнулася машына на базе, — выпрасіў на нядзелю. Парожны не прыеду. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́хкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае моцны пах; пахучы. Мяне чакае цёплы сырадой у меднай конаўцы, луста пахкага, спечанага на дубовых лістах хлеба. Сачанка. Калі ўжо ехалі дрогкім бальшаком у фурманцы, набітай пахкім сенам, Паўлік засмяяўся: — А я цябе і павіншаваць забыўся. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)