расста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; заг. расстанься; зак.

1. Развітаўшыся, разысціся. На гэтым яны рассталіся, а назаўтра раніцай Вера была ўжо ў Зоі Максімаўны. Пальчэўскі. [Андрэй і Косця] рассталіся, калі першыя агністыя прамені сонца пырснулі з-за небасхілу. Чарнышэвіч. // Разлучыцца з кім‑н. [Лабановіч] успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых, сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Колас. // З’ехаць адкуль‑н. [Энрыка Фермі] З Венецыяй расстаўся і з Неапалем, Пакінуў назаўсёды дзіўны Рым. І. Калеснік.

2. перан. Адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Кастусь позна лёг спаць: не мог расстацца з кнігаю. С. Александровіч. Не, Шайпак не расстанецца з марай сваёй, Будзе станцыі ставіць ён і над вадой!.. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растра́ціць, ‑трачу, ‑траціш, ‑траціць; зак., што.

1. Расходаваць, патраціць (грошы, капітал і пад.). [Міхась:] — У мяне з грашыма тугавата, дзядзька. Аванс увесь па дарозе растраціў. Лупсякоў. // перан. Патраціць (фізічныя і душэўныя сілы) на што‑н. дробнае, пустое, непрыстойнае. Малады яшчэ гадамі, .. [Паходня] ужо шмат перажыў, але не растраціў, а як бы накапіў энергію, каб аддаваць яе той справе, якую яму даручыць партыя. Хадкевіч. Сіл не растраціў, свой збярог агонь. Іду, паклаўшы сэрца на далонь, Насустрач навальніцам і падзеям. А. Александровіч.

2. Незаконна расходаваць (грошы, маёмасць і інш.). Растраціць казённыя грошы.

3. Страціць паступова. [Хана] дарогаю растраціла ўсіх сваіх небаракаў-родных. Чорны. [Антанюк:] — З-за свайго характару ты растраціла сяброў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саро́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Мужчынская (верхняя і сподняя) або жаночая (сподняя) кашуля. Табе вышыла сарочку Цветам васільковым І сагнала паясочак з нітак каляровых. А. Александровіч. Адзін, пасівелы, быў у скамечанай шапцы, а другі, высокі юнак, — у саламяным, пажоўклым ад заношанасці капелюшы і ў нацельнай сарочцы. Пестрак. Раманіха стук аб дно драўлянага вядра конаўкай, пасля за вядро і на двор, у адной сарочцы, як спала. Ермаловіч.

•••

Сардэчная сарочка — знешняя абалонка сэрца.

Каб цябе (яго, яе, вас, іх) сарочка не чапала; няхай цябе (яго, яе, вас, іх) сарочка не чапае — праклён, пажаданне самага найгоршага. — Няхай яго сарочка не чапае, — скляў пана дзед. Якімовіч.

Нарадзіцца ў сарочцы гл. нарадзіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спача́тку, прысл.

1. У першы момант. Хлопцам страшна было спачатку, а пасля ўсякі страх мінуў. Колас. — Між іншым, мы з вамі з аднаго цэха, — засмяялася дзяўчына. Алесь спачатку здзівіўся. Шыцік. // Напачатку чаго‑н. (шляху, працы і пад.). Спачатку.. [партызаны] ішлі балотам, асцярожна шукаючы нагамі больш цвёрдага месца. Шчарбатаў. // Перш за ўсё, папярэдне, раней. Пачынаем дзень спачатку Фізкультурнаю зарадкай. Раз — налева, Два — направа, Крок наперад, Крок назад. А. Александровіч. Я выпраг Дэраша, прывязаў да воза, ён і пачаў хрумстаць памаленьку сена, выбіраючы спачатку лепшае. Якімовіч.

2. Яшчэ раз; зноў. [Жонка] быццам ажыла ці спачатку пачала жыць. Чорны. [Лаўрэн:] — Куды ні зірні — усё пачынай спачатку, а тут табе ані хамута, а ні шыі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узлажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак.

1. каго-што. Палажыць на што‑н., паверх, на верх чаго‑н.; ускласці. Узлажыць бервяно па сані. □ Кастусь памог узлажыць мяхі па воз. С. Александровіч. Толькі што .. [Мікола] нукнуў на каня — шусь ячмень з воза. Мікола закіпеў, узлажыў другі раз. Колас.

2. перан.; што. Даручыць каму‑н. які‑н. абавязак. Узлажыць адказнасць на брыгадзіраў.

3. што. Абл. Надзець. Асцярожна, каб не пабудзіць жонкі, злез Рыгор з пасцелі, узлажыў порткі, апрануў бравэрку і ціхенька выйшаў. Крапіва.

•••

Узлажыць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.

1. Наглядаючы, пільнуючы, усцерагчы ад каго‑, чаго‑н. У Сцешыцах так: калі вечарынка — гароды не ўпільнуеш. Пташнікаў. — Сёння.. [Вайтовіч] мяне біць будзе, што не ўпільнаваў кароў, — раптам загаварыў пра сваё гора Грыша. Пальчэўскі. // перан. Дагледзець, ахаваць (ад непрыемнасцей, шкоднага ўздзеяння). Схіліў перад.. [Марынай] галаву, гатовы пачуць крык мацярынскага болю, папрокі. Яна магла спытаць: чаму я не ўпільнаваў яе сыноў. Шамякін.

2. Усачыць, не ўпусціць з-пад увагі. [Хлопчыку] хацелася хоць раз упільнаваць, як буслы нясуць з-за лесу ў дзюбе сявеньку з дзіцем. С. Александровіч. [Клава:] — Калі ты выязджаў — я не ўпільнавала. Я хацела цябе правесці, ды прыйшоў гэтая назола — Ясь. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад чуць ​1 (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Які ўжо быў пачуты; вядомы. Кожнаму хацелася сказаць, што ён ведаў, і самому пачуць нешта яшчэ новае, нячутае, а можа і чутае, але расказанае нанава, з новымі падрабязнасцямі і меркаваннямі. Крапіва.

3. у знач. наз. чу́тае, ‑ага, н. Тое, што хто‑н. дзе‑н. чуў, пачуў. Едучы ў тралейбусе, Валя зноў у думках перабрала чутае і ўбачанае ў Шарупічаў. Карпаў. Кручынін заўсёды згушчаў фарбы, перабольшваў і завастраў чутае так, што часам цяжка было зразумець, дзе канчаецца праўда і пачынаецца выдумка. С. Александровіч.

•••

Дай бог чутае бачыць гл. даць.

Каб жа чутае бачыць гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм.

1. Уніжальна прасіць каго‑н. аб чым‑н. [Зыдор Пніцкі:] — У мяне, каб не схлусіць вам, сані вельмі нялюдскія, а шапкаваць перад людзьмі, каб пазычыць .. дык... Чорны.

2. Рабалепстваваць, нізкапаклоннічаць. [Карл Раманоўскі:] — Можа, нам усім прыйдзецца дамоў вярнуцца. Вельмі бо надаела шапкаваць перад панам. Як ні ўгаджай — усё роўна кепска. С. Александровіч. // Вітацца, знімаючы шапку. [Кацярына:] Як апранеш ты [Рыгор] бурку з башлыком, боты добрыя абуеш, запражэш стаенніка ў вазок, ды як паедзем на кірмаш, дык усё мястэчка залюбуецца, гледзячы на нас. Нашы вясковыя хамулы толькі шапкаваць будуць перад намі. Крапіва. // перан. Залішне слугаваць каму‑н.; падхалімнічаць перад кім‑н. [Леапольд Гушка:] — То нам не трэба тут лішне шапкаваць перад гэтым дапытнікам. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што і без дап.

Разм.

1. чым. Моцна стукнуць. Шахнуць дзвярыма.

2. Тузануць, ірвануць. Рукаў не хацеў закасвацца, быў цесны, і Алег шахнуў цераз галаву рубашку, збіўшы на лоб доўгія чорныя валасы. Ермаловіч.

3. З сілай разануць, адрэзаць. [Сямён:] — Добра, што піла была тупая, а так бы пальцы шахнула... Мыслівец. [Палонны] разаслаў шынель па зямлі, дастаў з патайнай кішэнькі самаробны ножычак, спрытна, нейкім прафесійным рухам шахнуў буханку хлеба — раз! раз! — на чатыры кавалкі. С. Александровіч.

4. Шпурнуць, кінуць. Лічыльнікі.. Міцька шахнуў на край стала так, што аж затрашчалі касцяшкі. Паслядовіч.

шахну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

Разм. Аб’явіць шах. Шахнуць канём.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

геро́й, ‑я, м.

1. Чалавек, які зрабіў подзвіг, робіць подзвігі. Герой грамадзянскай вайны. Слава героям. □ Народ таго заве героем, хто б’е фашыстаў смертным боем. З нар.

2. Галоўная дзеючая асоба літаратурна-мастацкага твора. Героі рамана. Героі апавяданняў Коласа. Герой кінааповесці.

3. чаго. Чалавек, які з’яўляецца тыповым прадстаўніком пэўнай эпохі, асяроддзя. Герой нашага часу.

4. чаго. Пра таго, хто чым‑н. вылучыўся, звярнуў на сябе ўвагу. Герой дня. Героі пяцігодкі. □ Героя працы — бацьку, машыніста Насіла моладзь на руках. А. Александровіч.

5. Легендарны правадыр, асілак старажытнагрэчаскай міфалогіі.

•••

Герой Савецкага Саюза — ганаровае званне, якое прысвойваецца ў СССР за выключную доблесць і гераізм.

Герой Сацыялістычнай Працы — ганаровае званне, якое прысвойваецца ў СССР за выдатныя дасягненні ў галіне народнай гаспадаркі і культуры.

[Грэч. hērōs.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)