ікра́, ‑ы, ж.

1. Змацаваная сліззю маса зернепадобных яечак, якія адкладваюцца рыбамі, земнаводнымі, малюскамі і іншымі воднымі жывёламі. Ікра жабы. □ Акунь адкладвае ікру ў адзін прыём, таму і нераст у яго цягнецца не больш 3–5 дзён. Матрунёнак. // Харчовы прадукт, які атрымліваецца шляхам апрацоўкі зернепадобных яечак рыбы. Бутэрброд з ікрой.

2. (пераважна з азначэннем). Яда з дробна пасечанай агародніны, грыбоў і інш. Кабачковая ікра. Баклажанавая ікра.

•••

Зярністая ікра — сорт чорнай ікры, прасоленай у непрацёртым выглядзе (у паюсах).

Паюсная ікра — сорт чорнай прасаванай салёнай ікры.

Чорная ікра — ікра асятровых рыб (бялугі, сяўругі, асятра і інш.).

Чырвоная ікра — ікра ласасёвых рыб (кеты, гарбушы і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бор 1, ‑у, М у бары; мн. бары, ‑оў; м.

Стары густы сасновы лес, які расце на высокім месцы. Векавы бор. Цёмны бор. □ Верасы пад лісцем спалі, Бор зялёны гнуўся, Недзе пелі ў цёмнай далі Журавы ды гусі. Купала. Бягу думкай у край далёкі, У лес цёмны, у бор высокі. Цётка.

•••

Карабельны бор — высокі, прыгодны для суднабудавання, сасновы бор.

бор 2, ‑у, м.

Хімічны элемент, які ўваходзіць у састаў многіх мінералаў. Бор і яго спалучэнні прымяняюцца ў ядзернай тэхніцы, а таксама ў медыцыне і сельскай гаспадарцы.

[Ад лац. borax.]

бор 3, ‑а, м.

Стальны свердзел, які ўжываецца ў зубалячэбнай справе.

[Ад ням. Bohrer — свердзел.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

быт, ‑у, М быце, м.

Агульны ўклад і ўмовы штодзённага існавання, сукупнасць спосабаў і форм задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэб людзей. Быт народа. Новы, сацыялістычны быт. Быт калгаснікаў. Быт рабочых. Сямейны быт. Патрыярхальны быт. □ А Беларусь магутнай будаўніцай Куе свой лёс, будуе новы быт. Бядуля. // Штодзённае жыццё. На парадкі ў хаце, на ўвесь нудны аднастайны быт жыцця свайго Аўгіння мае адзін адказ: — Так трэба! Бядуля. І перш за ўсё ўвагу яго [Сценкі] спыняў іх вучнёўскі быт і асабліва адносіны паміж хлопцамі і дзяўчатамі. Колас. // Парадак. А ў кузні свой звычайны быт. Бялевіч.

•••

Быту не даваць гл. даваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валту́зіцца, ‑тужуся, ‑тузішся, ‑тузіцца; незак.

Разм.

1. Рабіць хуткія, бязладныя, хаатычныя рухі, дурэючы або стараючыся вызваліцца з якога‑н. становішча. Вельмі забаўка было глядзець, як маленькія шэрыя трусяняткі валтузіліся ў клетцы, куляліся адзін цераз аднаго. Краўчанка. Узбягаю на ганак, бачу — валтузіцца нехта ў мяшку. Машара. // Змагацца доўга з пераменным поспехам. Шкірман ускаквае, хапае Касарэвіча загрудкі. Б’е кулаком.. Той дужы таксама — абодва падаюць на падлогу, валтузяцца. Навуменка.

2. Доўга займацца якой‑н. справай; важдацца, корпацца. Пакуль.. [Росцік] валтузіўся са скорасцямі, Якаў рыўком адкрыў яго кабіну і з-пад носа выхапіў ключы. Кулакоўскі. Валтузіцца са старой сеткай болей не было сэнсу. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́дзіцца, ладжуся, ладзішся, ладзіцца; заг. ладзься; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Ісці на лад, добра атрымлівацца, складна выходзіць. Не ладзіцца справа. □ Вярнуўся [Бабейка] з партызан камуністам, за год-паўтара паставіў калгас на ногі, ды і цяпер у яго ўсё ладзіцца... Хадкевіч. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі. Колас.

2. Разм. Наважвацца, рыхтавацца што‑н. рабіць, зрабіць. Пасярэдзіне сянец некалькі пар ужо ладзілася скакаць. Лобан. [Дзед] налівае ў міску капусты і ладзіцца карміць мяне вялізнай драўлянай лыжкай, якая не лезе мне ў рот... Сачанка.

3. Зал. да ладзіць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёт, ‑у, М лёце і на ляту́, м.

Дзеянне паводле дзеясл. лётаць (гл. лятаць у 1 знач.) і ляцець (у 1–5 знач.). Дзеці доўга пазіралі за лётам шэршняў. Рылько. Здаецца, думак быстры лёт выразна кожнаму чуцён — такая ціш. Вялюгін. Варанецкі хапаецца за білы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт .. коней. Дуброўскі.

•••

З лёту — з разбегу, хутка рухаючыся. З лёту Верачка абхапіла Барыса, прытулілася да яго грудзей. М. Ткачоў.

Лавіць на ляту гл. лавіць.

На ляту — у час лёту, руху ў паветры. [Талімон:] — Былі зімы, што ад марозу дух займае.., птушка на ляту падае... Кулакоўскі.

Страляць (біць) у лёт гл. страляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лётны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да палёту (самалёта, дырыжабля і пад.). Лётнае поле. □ Сафонаў збівае некалькі гітлераўскіх самалётаў, хаця яго самалёт па сваіх лётных якасцях горшы за дасканалыя нямецкія апараты. Кучар. // Спрыяльны для палёту, лятання. Лётны дзень. Лётнае надвор’е. // Прызначаны для лётчыка, палёту (на самалёце, дырыжаблі і пад.). Лётны касцюм. □ Макараў расшпіліў сінюю лётную куртку, адлажыў каўнер і, скінуўшы шапку-вушанку, сеў за стол. Алешка.

2. Звязаны з прафесіяй лётчыка; авіяцыйны. Лётная справа. Лётная школа. □ З лёгкай часці.. паступіла трывожная тэлефонаграма: на аэрадроме робіцца нешта незвычайнае. Лынькоў.

3. Які ўмее лятаць (пра птушак, насякомых). Лётныя гусі.

•••

Лётная дарожка гл. дарожка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лом 1, ‑а, м.

Завостраная з аднаго ці з двух канцоў металічная палка, якой разбіваюць, ломяць што‑н. цвёрдае. Узнімаючы цяжкі лом, [Галаўнёў] гахкаў і з сілаў апускаў яго ў мёрзлую зямлю, намерваючыся адвярнуць вялікую скібу. Дудо. Пасля работы — з лапатамі і ламамі людзі ішлі на суботнікі. Васілевіч.

лом 2, ‑у, м., зб.

1. Ломаныя ці прыгодныя толькі для перапрацоўкі (пераважна металічныя) прадметы. Поезд быў надарваны, і новенькія варожыя танкі былі звалены пад адхон грубай жалезнага лому. Краўчанка.

2. Тое, што і ламачча (у 1 знач.). Каля печы .. стаялі кашы з бульбаю, ляжала бярэма насечанага дробна і звязанага перавяслам лому. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затулі́ць, ‑тулю, ‑туліш, ‑туліць; зак., каго-што.

1. Закрыць, засланіць чым‑н. Затуліць вочы далонямі. □ Апоўначы Свіст.. затуліў нейкім рыззём абодва акенцы і ўзяўся распальваць у грубцы. Быкаў. [Зыбін] заўважыў, што Жэня, у сваёй кароткай ватоўцы, у няцёплай хустцы, стыне на ветры, і стаў так, каб затуліць яе. Мележ. // Пакрыўшы, засланіўшы сабой, зрабіць нябачным. Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі неба. Маўр.

2. Схаваць, захінуць у што‑н.; утуліць. [Хрысціна] шчыльней захуталася ў куртку, падняла каўнерык, затуліла ў яго твар. Асіпенка. Вінцэсь падышоў к грамадзе, адвярнуўся ад ветру, затуліў бараду ў каўнер сваёй світкі. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заце́рці, ‑тру, ‑траш, ‑трэ; ‑тром, ‑траце; пр. зацёр, ‑цёрла; зак., каго-што.

1. Тручы, зрабіць што‑н. нябачным, невыразным; сцерці. Зацерці надпіс на сцяне. // Разм. Выцерці (брудны след, лужыну і пад.). Вакол чыгуна і пад нагамі хлопца стаяла такая лужына, што мо з паўгадзіны трэба было б старой гнуцца, каб зацерці яе. Кулакоўскі.

2. Сціснуць, пазбавіць магчымасці свабодна рухацца. Ільды зацёрлі карабель. Зацерці ў натоўпе. // перан. Разм. Перашкодзіць каму‑н. праявіць сябе, не даць ходу. [Даніла] вучыцца завочна ў тэхнікуме, быў брыгадзірам. Гэта яго Свідрань зацёр за пярэчанні. Дуброўскі.

3. Прыгатаваць што‑н. заціраннем. Зацерці муку. Зацерці талакно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)