серп, сярпа, м.
1. Сельскагаспадарчая ручная прылада ў выглядзе вельмі выгнутага дробна назубленага нажа для зрэзвання злакаў з кораня. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. Шасцяць у калоссі сярпы. Купала.
2. Пра тое, што мае форму такога прадмета. З горна ўзяў ён [каваль] прут барвовы І пачаў каваць падкову. Прывялі каня: конь Гнедзіч Серп падковы страціў недзе. Калачынскі. Ідзе ў адпачынак з дарог Серп месяца, вузкі, двурогі. Колас. Вісіць серп залаты над спалоханым борам. Бядуля.
•••
Серп і молат — дзяржаўная эмблема СССР, якая сімвалізуе ўладу працоўных, саюз рабочага класа і сялянства, мірную працу народа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сі́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
Разм.
1. Намагацца. Дый як ні сілілася Лёдзя, ступала яна няўпэўнена, дробнымі крокамі. Карпаў. [Цімох] быў .. нізкарослы і, спяваючы, высока задзіраў галаву. І так сіліўся, што аж жыллё выпіналася на шыі. Ермаловіч. // з інф. Старацца, прабаваць зрабіць што‑н. Антось у цемнаце сіліўся разгледзець брата. Дамашэвіч. Схіліўшы ўніз галаву, дзяўчына сілілася паправіць падбародкам разарваную на грудзях блузку — рукі былі закручаны назад і звязаны. Лынькоў. Мікульскі сіліцца адарваць позірк ад гэтай попельніцы, разглядае дэталёва камендантаў стол. Місько.
2. Мерацца сіламі. [Мужык:] — Сям’я мая галодная, Хаціна мая хіліцца, Ідзі, Зіма нягодная! Не дуж з табою сіліцца. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скла́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязны, плаўны (пра мову, пісьмо і пад.). Складныя думкі не лезлі ў галаву. Броўка. // Разм. Мерны, рыфмаваны (пра мову). Складныя прыпеўкі. // Разм. Стройны, зладжаны (пра спеў, музыку). Я шчаслівы, што я разам Пяю песні з камсамолам. Пяём песні складным сказам, Ажно рэхі йдуць наўкола! Купала.
2. Добры, удачны. Складнае жыццё.
3. Разм. Добра складзены, зграбны, стройны. Складны хлопец. □ [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах. Кавалёў.
складны́, ‑а́я, ‑о́е.
Такі, што можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складны бумажнік. Складное вудзільна. □ Даніла моўчкі выцягнуў з зямлянкі дошкі, дастаў з кішэні драўляны складны метр. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сляпа́к, слепака, м.
Разм. зневаж.
1. Сляпы чалавек. / у перан. ужыв. Бедны мы і цёмны, Ходзім слепакамі. Колас. А на фронце .. хто быў смелы? Не той, хто пер на ражон, як сляпак, а той, хто адолеў у сабе страх і рабіў, што трэба... Місько.
2. перан. Чалавек, які чаго‑н. не заўважае, якога ашукалі ў чым‑н. Не веру ў фокуснікаў цуды.., Што ў ход пускаюць хітра ўсюды Туман на цёмных слепакоў. Купала. // Цёмны, неадукаваны чалавек. — Вучыся, ёлуп, — зрывістым ад захаплення голасам крычаў Ржашэўскі. — Вучыся, сляпак! Вучыся, доўбня! Караткевіч.
3. Тое, што і сляпыш.
4. Тое, што і сляпень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смерд, ‑а, М ‑дзе, м.
1. У старажытнай Русі — селянін-земляроб, які быў у феадальнай залежнасці. Т. Шаўчэнка і Янка Купала збліжаюць лёс княгіні з лёсам .. жонк[і] селяніна-смерда, які загінуў у час паходу. Палітыка. // Зневажальная, пагардлівая назва, якой карысталіся прыгоннікі ў адносінах да простага люду. [Еган да Скарыны:] Вось і сядзі ў яме, смерд пышлівы! Клімковіч.
2. перан. Даўней — нязнатны чалавек, чалавек з простанароддзя. Пеўнік не ведаў, што дзяўчына была пляменніцай самога епіскапа, што Лату смяротна і небяспечна было быць там, дзе яна, бо ён смерд. Караткевіч. Князь тут дняваў і начаваў — Абы далей ад свецкіх спраў; Хадзіў, як смерд, без жупана. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стараве́р, ‑а, м.
Чалавек, які належаў да адной з рэлігійных груп, што не прынялі царкоўных рэформ 17 ст. у Расіі і варожа адносіліся да афіцыйнай праваслаўнай царквы. Хоць .. [пісар] чалавек і малады, — яму толькі дваццаць восем гадоў, — але барада вырасла, як у добрага старавера. Колас. [Лявон:] А чаму стараверы выйгралі [справу па судзе], хоць пазней за бацькавага дзеда ў Барках пасяліліся? Купала. Дзяды дзядоў хадзілі стараверамі, Народы гладзілі чарней ад засланкі. Барадулін. // перан. Чалавек, які прытрымліваецца ўстарэлых звычаяў, прывычак, густаў і пад. Літаратурныя стараверы, эстэтычны густ якіх выхаваўся па папулярным шырспажыве, не зразумеўшы тое новае, што выходзіць з-пад пяра мастака, накідваюцца на яго з абвінавачваннямі. Пшыркоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
столь, ‑і, ж.
1. Верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе. Сцены гладка склютаваны, Стрэхі з бляхі белай, Столь, падлога габляваны, Вокны ў сажань цэлы. Купала. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.
2. Паверхня гэтага пакрыцця з боку гары. Родзька праворна ўзбіраецца на столь, дзе пад чарапічным дахам ззяе электрычная лямпачка: здагадлівы старшыня паклапаціўся, каб працаваць .. было светла. Даніленка. Раніца ў нашым пакоі пачыналася грукам і стукам на столі. Новікаў.
•••
Пад столь — вельмі высокі. [Дзядзька Павел:] — Расці, нябожа, вялікі, каб, пакуль я прыйду з вайны, ты быў пад столь ужо. Сабаленка.
Пляваць у столь гл. пляваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́пкі 1, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка топіцца пры высокай тэмпературы. Тонкае сала.
то́пкі 2, ‑ая, ‑ае.
Балоцісты, гразкі, багністы. А ў нядзелю чуць зара Сякеры запелі, Ад лапат балот кара Рвецца ў тонкім целе. Купала. Людзі помняць усялякія здарэнні, .. як ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між каменняў на дне топкай разбоўтанай гразі. Пестрак. Берагі возера недаступныя, тонкія. В. Вольскі. [Нібы] тыя дваццаць кіламетраў, якія пралягалі між хутарам і Тамашовай хатай, былі тонкім балотам ці непраходным зараснікам, што гаспадары іх не маглі наведаць адзін аднаго. Пальчэўскі. // Пра сыпучы грунт. Зноў і зноў на беражок топкай выдмаю пясок вольны вецер сцеле. Вялюгін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уда́рнік 1, ‑а, м.
Перадавы работнік сацыялістычнай вытворчасці, які перавыконвае нормы. Ударнікі калгасных палёў. □ Ударнік.., як на барыкаду, Вядзе на штурм прарываў Ударную брыгаду. Купала. Ударнік той, хто заўсёды і пры ўсякіх умовах паказвае іншым прыклад у рабоце, сам ідучы наперадзе. Арабей. // Пра перадавое прадпрыемства. Калійны камбінат з’яўляецца ўдарнікам будоўлі сямігодкі. «Звязда».
уда́рнік 2, ‑а, м.
1. Частка затвора агнястрэльнай зброі, прызначаная для ўдару па капсулі патрона.
2. Дэталь, прыстасаванне ў якім‑н. механізме, інструменце для атрымання гуку ўдарамі.
3. Разм. Музыкант, які іграе на ўдарных інструментах. Джазавы ўдарнік. □ [Яругіна] цягнула ў рэстараны, дзе джазавыя ўдарнікі выбівалі модныя рытмы. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цярпе́нне, ‑я, н.
1. Здольнасць цярпець (у 1 знач.), стойка пераносіць жыццёвыя нягоды, нястачу. Жыццё без цемры і цярпення, А ў ясным сонцы, як у байцы, Для ўсіх вякоў і пакаленняў Збудуеш, дыктатура працы. Купала. Жыла .. [Агрыпіна] ціха, нібы адпачываючы ад вялікай цяжкай дарогі, поўнай цярпення і ўсякіх зняваг. Пестрак.
2. Здольнасць доўгі час займацца чым‑н. адным; уменне захоўваць вытрымку, самавалоданне ў чаканні патрэбных вынікаў. Вывесці з цярпення. □ Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды. Колас. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Багдановіч.
•••
Цярпенне лопнула — вытрымка скончылася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)