капту́р 1, ‑а, м.

1. Дзіцячы або жаночы галаўны ўбор, які завязваецца пад падбародкам і пакідае адкрытым толькі твар; капар ​2. Усе ў святочных світках. Бабы ў новых каптурах з белымі карункамі. Бядуля.

2. Невялікі дах, заслона, навес конусападобнай формы над чым‑н. Для адводу пары была зроблена выцяжная труба над шырокім, бляшаным каптуром. Колас.

3. Абл. Верх печы ў выглядзе дзвюх сценак, якія ўзвышаюцца над ляжанкай. Кастрыца ляжаў на цёплых цаглінах, смактаў цыгарку за цыгаркай і часам з-за каптура пазіраў у акно. Стаховіч.

капту́р 2,

гл. коптур.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куб 1, ‑а; мн. кубы, ‑оў; м.

1. Геаметрычнае цела — правільны шасціграннік, усе грані якога квадраты. Начарціць куб. // Пра што‑н. з формай, выглядам такога шматгранніка. Бетонны куб.

2. Здабытак ад множання якога‑н. ліку самога на сябе два разы; трэцяя ступень ліку.

3. Разм. Кубічны метр. Куб дроў.

[Грэч. kybos.]

куб 2, ‑а; мн. кубы, ‑оў; м.

Пасудзіна цыліндрычнай формы для перагонкі або кіпячэння вадкасці; тытан ​3. То яе бачым са шчоткаю ля падлогі, то з мокраю анучаю ля акон, то ля вялізнага куба, дзе гатавалася вада для студэнтаў. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фо́рменны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да формы (у 10 знач.); які з’яўляецца формай. Форменная фуражка. □ За сталом сядзіць маладая жанчына ў форменным кіцелі з бліскучымі пагонамі на плячах. Васілёнак. Толькі форменныя пятліцы на чорным кіцелі з дзвюма сінімі зорачкамі на іх сведчаць, што гэта — дырэктар. Шынклер.

2. Складзены па пэўнаму ўзору, форме; афіцыйны. У пакой заходзілі людзі, запаўнялі форменныя бланкі, падавалі бялявай дзяўчынцы. Асіпенка. А хутка прыйшло пісьмо ў форменным канверце. Марціновіч.

3. Разм. Сапраўдны. Не даючы апомніцца, [Канстанцін Міхайлавіч] учыніў форменны разнос за непаслядоўнасць пісання. Лужанін. [Андрэй:] — Гэта ж форменны падпал! Гэта ж злачынства. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́мся 1, злучнік параўнальны.

Разм. Ужываецца для сувязі параўнальных зваротаў, якія паясняюць адзін з членаў сказа ў форме вышэйшай ступені параўнання. Пацяжэлае сонца апускалася за ракою і адтуль асвятляла зямлю, ваду, далёкі грэбень лесу. У тым святле было куды больш, чымся ў ранейшым, мяккасці і чысціні. Карамазаў. Не абрываючы формы ад зместу, паэтэса большую ўвагу надавала зместу, ідэі, чымся форме. Клімковіч.

чы́мся 2, займ. неазначальны.

Разм. Тое, што і чымсьці. Лабановіч усе гэтыя дні чуў сябе як бы чымся звязаным, як бы на ім была надзета цесная адзежына. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эле́гія, ‑і, ж.

1. Лірычны верш, прасякнуты пачуццём смутку, журбы, роздуму. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас. // У антычнай паэзіі — верш любога зместу, напісаны двухрадкоўямі пэўнай формы.

2. Вакальны ці інструментальны твор сумнага, задуменнага характару. Але вось тая музыка скончылася, пачалі перадаваць нешта новае ў зусім іншым настроі. Стары пачуў, як дыктар сказаў: элегія Маснэ. Кірэенка.

3. перан. Сум, журба, меланхолія. Элегія з прычыны гібелі аднаго [барацьбіта] перарастае ў .. думу аб лёсе ўсіх. Бярозкін.

[Грэч. elegéia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́стра ’садова-дэкаратыўная расліна Aster L.’ (БРС). Рус., балг. астра, укр. айстра, гайстра, польск. aster, чэш., славац., славен. astra. З рускай (Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе з канца XVIII ст. (Шанскі, 1, А, 166). Рускае слова лічаць запазычаным з ням. Aster ці франц. aster (Фасмер, 1, 94), што, аднак, не тлумачыць рускія формы. Хутчэй трэба лічыць непасрэдным запазычаннем з лацінскай, дзе astrum, aster мае ў множным ліку форму astra, якая і была запазычана. Лацінскае з грэч. ἀστήρ ’зорка’; назва кветкі паводле яе формы ўжо ў грэчаскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Боб. Рус. боб, укр. біб, польск. bób, чэш. bob, серб.-харв. бо̏б і г. д. Прасл. bobъ. Роднасныя формы: прус. babo, лац. faba. І.‑е. *bhab‑. Астатнія і.-е. формы стаяць фармальна значна далей (і тут няма пэўнасці): параўн. яшчэ грэч. φακός ’чачавіца’, ням. Bohne ’боб’. Думаюць таксама, што боб — слова «праеўрапейскай» культуры. Бернекер, 65; Траўтман, 23; Махэк, LP, II, 158; Махэк₂, 58; Слаўскі, 1, 40; Фасмер, 1, 180; Курыловіч, L’apophonie, 194 (тут адносна вакалізму). Ці сюды бо́бка ’зерне; гарошынка; шарык і да т. п.’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дре́гка ’дрогка, труска’ (Бяльк.). Гл. дро́гкі. Лексема з беларускай тэрыторыі з вакалізмам «е» не прыводзіцца наогул у падрабязным этымалагічным слоўніку прасл. мовы (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 138, дзе пад праформай *drъgъkъjь прыводзіцца толькі бел. дро́гкі і рус. смал. дре́хкий). Але ўсё сведчыць аб тым, што і формы з вакалізмам «о», і формы з вакалізмам «е» канцэнтраваліся фактычна на беларускай этнічнай тэрыторыі, г. зн. што прасл. лексема *drъgъkъjь (можна дадаць і яе варыянт *drьgъkъjь) з’яўляецца праславянскім дыялектызмам бел. мовы, што вельмі важна для гісторыі праславянскіх дыялектаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́нцыр ’адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй’ (ТСБМ). Ст.-бел. панцеръ, панциръ, панцыръ, панцэръ, пансыръ ’панцыр’ < ст.-польск. pancerz (Булыка, Лекс. запазыч., 68). Рус. па́нцирь, укр. па́нцер, ст.-рус. пансыръ. Формы на ‑ц‑ ва ўсх.-слав. мовах праз польск. pancerz, чэш. panciř, panceř запазычаны з сяр.-в.-ням. panzier < ст.-франц. pancier ’тс’: лац. pantex ’бруха’, а формы на ‑c‑, магчыма, праз пасрэдніцтва сяр.-н.-ням. panser (Міклашыч, 231; Фасмер, 3, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Байч (ж. р.) ’пуга’ (Сцяц.). Відаць, запазычанне з ням. (з нейкай дыялектнай формы) Peitsche ’тс’ (узятае ў XIV ст. з слав. моў, параўн. слав. bičь; аб гісторыі ням. слова падрабязна гл. Клюге, 537).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)