істэры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да істэрыі, да істэрыкі. Істэрычны псіхоз. Істэрычны прыпадак.

2. Схільны да істэрыі, які ўпадае ў істэрыю. Істэрычная натура. □ [Люся Ніканава] іграла Таццяну то занадта істэрычнай, то, наадварот, празмерна чэрствай. «Полымя».

3. Характэрны для істэрыі, для істэрыка; такі, як пры істэрыі. Істэрычны голас. □ — Го-го-го! — зарагатаў пан, — го-го-го! — і браўся за бокі. Рогат нервовы, істэрычны трос яго, да слёз мучыў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бюст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Скульптура верхняй часткі чалавечага цела (да грудзей або да пояса). Граф.. паглядаў.. на свой бронзавы бюст, што стаяў на падстаўцы з чорнага дубу мастацкай разьбы. Бядуля. З беларускага фарфору зроблены бюст і статуэткі Суворава, Багдана Хмяльніцкага, Міцкевіча. «Беларусь».

2. Жаночыя грудзі. Назаўтра раніцаю каля калонкі я сустрэў жанчыну гадоў пад пяцьдзесят, але на дзіва маладжавую, са стройныя станам, па-маладому прыўзнятымі плячамі, моцным бюстам. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бядня́к, бедняка. м.

Небагаты, незаможны, бедны чалавек. [Элія Бакучава:] — Багаты раз на жыцці памірае — бядняк штодзень. Самуйлёнак. Распрадавалі.. [такароўцы] апошнія здабыткі, каб плаціць адвакатам, зрабіліся беднякамі. Бядуля. // Бедны селянін, якога эксплуатавалі багачы. Атрымаўшы зямлю, дапамогу, яны [Цітаўна з сям’ёй] выбіліся з беднякоў у сераднякі. Шамякін. Спачатку ўся Гусевіца пайшла ў калгас, адны беднякі арганізаваліся. Асіпенка. Перш за ўсё вельмі падазрона, што на сход закліканы адны толькі беднякі і, што яшчэ больш дзіўна, Мікіта! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм.

1. Прыемны спакой, хараство. [Ганна:] — Нейкая лагода, як ціхія хвалі, агортвае ўсю істоту. Дубоўка. У полі такая лагода, што хоць аставайся тут, на мяжы, прыляж, маўчы ды глядзі навокал. Бядуля.

2. Згода, дружба, прыязнасць. Яны размаўлялі ціха, з лагодай, відаць, раіліся пра запаветнае і блізкае іх душы. Пташнікаў. Ёсць хвіліны прыемнай блізкасці паміж людзьмі, нейкай ціхай узрушанасці і лагоды, светлай, як восеньскі дзень. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лак 1, ‑у, м.

Раствор смол або эфіраў цэлюлозы ў спірце, шкіпінары, алеі, якім пакрываюць паверхню прадметаў, каб на да ць ім бляск, засцерагчы ад псавання. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, пакрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. Бядуля. // Бліскучы, высахлы слой гэтага раствору на паверхні якога‑н. прадмета. Пабліскваючы свежым лакам, паважна праходзяць аўтобусы з чырвонымі палосамі на светла-жоўтых кузавах. «Беларусь».

[Ням. Lack ад перс. lāk.]

лак 2,

гл. лакцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лука́, ‑і, ДМ луцэ; мн. лукі, лук; ж.

1. Дугападобны паварот ракі, а таксама мыс, які абгінаецца ракой. Рачулачка журчыць і булькае па каменнях, загінаецца ў лукі, у абаранкі, у затокі. Бядуля. Лука выглядала пышным старасвецкім садам, дзе замест пладовых дрэў раслі разложыстыя.. дубы. Колас.

2. Выгіб пярэдняга ці задняга краю сядла. — Давай, браток, развітаемся. — Трымаючыся за луку сядла, лейтэнант нагнуўся і пацалаваў Мішу. — Я яшчэ вярнуся. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мару́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Павольны, няспешны; проціл. хуткі. Жанчына асцярожна павярнулася.. і пайшла ў кватэру марудным крокам. Бядуля. Хада.. [рысі] была цяжкая і марудная, яна ледзь рухалася. В. Вольскі.

2. Непаваротлівы. У жніўны дзень на вуліцы бязлюдна. Нават бэз заснуў каля дзвярэй. Толькі певень, млявы і марудны, Кліча частаваць сваіх курэй. Караткевіч.

3. Карпатлівы. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзяржа́цца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Трымацца. Гэй, ляці, але дзяржыся, Злы яздок, Без пары не праваліся У масток. Чарот. А Сцёпка вывеў з гэтага такое заключэнне, што і перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Трэба быць асцярожным і больш дзяржацца сярэдзіны. Колас.

•••

Толькі дзяржыся! — выклічнік, які паказвае на высокую ступень праяўлення якой‑н. якасці. — А які з мяне музыка быў у тых гадах, дык толькі дзяржыся! Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дубо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дуба (у 1 знач.). Дубовы лес. Дубовы ліст. Дубовы корань. // Зроблены з дубу. Дубовы стол. Дубовыя дзверы. Дубовая паля.

2. перан. Разм. Грубы, нязграбны, няскладны. Дубовы стыль. Дубовая мова. □ Толя злуе, што ў мяне тупы слых і дубовыя пальцы. Скрыган. // Нячулы, чэрствы, абыякавы да іншых. — У вашага сына, мабыць, такое дубовае сэрца, што нічым яго не прасвідруеш. Бядуля.

•••

Дубовая галава гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завіру́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.

1. Моцны вецер розных напрамкаў з сухім снегам; мяцеліца, завея. А завіруха гудзела, памятала гурбы, прыкрывала снегам чорныя галавешкі пажарышча. Лынькоў. Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі марозы, вылі снежныя завірухі. Шамякін.

2. перан. Разм. Неспакой, сумятня, бязладзіца. Ваенная завіруха падхапіла і Ганну, закінула яе ў далёкі ўральскі горад. Марціновіч. Звінелі кілішкі. Пры ўсёй гэтай завірусе пан Чарнецкі аднак не выпускаў з віду сваю дачку. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)