стыхі́я, ‑і, ж.

1. У старагрэчаскіх філосафаў-матэрыялістаў — адзін з асноўных элементаў прыроды (вада, зямля, паветра, агонь), якія ляжаць у аснове ўсіх рэчаў. // перан.; чаго або якая. Кніжн. Зыходны элемент, пачатак. Стыхія народнасці часта прарываецца ў стылістыцы твора, каб неспадзявана зазіхацець «сялянскім» слоўцам у паэме, насычанай усімі фарбамі рамантычнага стылю. Бярозкін.

2. Магутныя сілы прыроды, якія не падпарадкуюцца чалавеку. Марская стыхія. □ Стыхія лютавала. Хвалі ўжо захл[і]ствалі сумныя адзінокія постаці робатаў. Шыцік. У барацьбе са стыхіяй прыроды, з рознымі іншымі цяжкасцямі рос і загартоўваўся калектыў шахцёраў. Кулакоўскі. Кіну Справы свае І прыеду ў тую ж хвіліну Дапамагчы ваяваць З непакорнай стыхіяй. Танк. // Моцныя падсвядомыя пачуцці. Пры маляванні вобразаў сялян праяўляецца ў Коласа стыхія гумару. Клімковіч.

3. чаго або якая. З’явы сацыяльнага жыцця, якія не могуць рэгулявацца людзьмі, грамадствам. Стыхія інфляцыі. Стыхія капіталістычнага рынку. Стыхія канкурэнцыі. // Сляпая дзейнасць грамадскага асяроддзя, якое не падпарадкоўваецца арганізацыі і кіраўніцтву. Беразняк пакруціў галавою: — Дробнабуржуазная стыхія засмоктвае, як дрыгва. Сабаленка.

4. перан.; каго-чаго або якая. Прывычнае акружэнне, асяроддзе, кола любімых заняткаў, асноўных інтарэсаў і пад. Арганізоўваць, камандаваць, кіраваць — гэта яго [Сцёпкі] прызванне, яго стыхія. Жычка. Ад доўгага чытання і напружаных думак у Шыковіча забалела галава. Не, даволі дакументаў! Гэта не яго стыхія. Трэба шукаць жывых «чапаеўцаў», яны скажуць больш. Шамякін. — Мая стыхія — гандаль, — катэгарычна адрэзаў Свідраль і зноў, але ўжо ямчэй, усеўся на канапе. Дуброўскі.

[Ад грэч. stoicheion — элемент.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцэ́на, ‑ы, ж.

1. Спецыяльная пляцоўка ў тэатры, на якой адбываюцца спектаклі; тэатральныя падмосткі. Ужо ў тэатры, седзячы поруч з Юлькай, Аляксей глядзеў на сцэну, але не разумеў, што там робяць артысты. Даніленка. Сцэна была невялікая, але малюнак дэкарацыі, што вісеў на задняй сцяне, рабіў яе бясконцай. Пальчэўскі. // Тэатр, тэатральная дзейнасць. Майстры сцэны. □ І ўжо нават без сцэны [Мікола] Сам сябе не ўяўляў. Бачыла. На прафесійную сцэну .. [Рыгор Пятрэнка] прыйшоў з мастацкай самадзейнасці. «ЛіМ».

2. Асобная частка акта тэатральнай, п’есы. Фінальная сцэна пятага акта. □ [Зоя:] — Ты разумееш, сядзелі мы з Тамарай пасля першай сцэны ў грыміровачнай, нам выступаць у самым канцы спектакля. Рамановіч.

3. Асобны эпізод, які паказваецца ў п’есе, літаратурным творы, карціне. Некаторыя крытыкі з зайздроснай прастадушнасцю паўтараюць: у Чорнага няма батальных сцэн. Лужанін. У сцэнах допыту, следства, самога судовага працэсу паэт [Ф. Багушэвіч] выявіў сябе бліскучым майстрам сатыры. Навуменка. // Невялікі драматычны твор, які перадае які‑н. асобны эпізод, выпадак. «Сцэны з рыцарскіх часоў» А. С. Пушкіна.

4. Разм. Рэзкая, вострая размова. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. [Міхаліна:] — Цераз тыдзень, калі не раней, пачнуцца сцэны рэўнасці, папрокі... Шамякін. // Здарэнне, эпізод, якія можна назіраць у жыцці. [Брат Зосі] намерыўся схаваць сала пад рубашку, але адчыніліся дзверы з пакоя, і Сегенецкая ўбачыла ўсю гэтую сцэну. Чорны. Мне жыва прыгадаліся сцэны тых дзён у нашым шчаслівым пакойчыку. Дуброўскі.

5. перан. Поле, арэна дзейнасці. На гістарычную сцэну выступіў рабочы клас. □ Сышлі са сцэны прэч магнаты. Колас.

[Лац. scaena з грэч.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́йка, ‑і, ДМ тройцы; Р мн. троек; ж.

1. Лічба 3. Напісаць тройку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 3 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 3.

2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем пасрэдна. Клава думала .. пра тыя тры валы, якія яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта тройка па пісьму і чацвёрка па хіміі. Кавалёў. Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік: А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Ігральная карта, дошчачка даміно з трыма ачкамі. Казырная тройка.

4. Трое коней, запрэжаных поруч у адзін экіпаж. Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў: Дзед Мароз, Зіма ў кароне І Сняжыначкі з бакоў. Галіноўская. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. // Экіпаж з трыма запрэжанымі ў яго коньмі. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч.

5. Група з трох чалавек, кіруючая група, створаная для выканання пэўнай работы. Тройка па барацьбе з паводкай. Аператыўная тройка. □ ЦК ЛКСМБ строга патрабаваў ствараць невялікія групы — тройкі, пяцёркі, якія маглі лепш захоўваць канспірацыю. Дзенісевіч. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Нам дзве гадзіны назад прыслала тройка загад — спусціць з рэек гэты цягнік... Чарот.

6. Касцюм (мужчынскі або жаночы), у які ўваходзіць пінжак (жакет), штаны (спадніца) і камізэлька. Пашыць тройку.

7. Разм. Тры рублі.

•••

На тройках ехаць гл. ехаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́зацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рабіць хуткія, рэзкія рухі, рыўкі. Метрах у шасцідзесяці ад берага бездапаможна тузаўся чалавек. Лынькоў. Воўка тузаецца, заходзіцца ровам і наровіць вылузацца з няньчыных рук. Васілевіч. Цяпер жа, змораны, .. [конь] часта кволіўся, збіваўся са свае сцежкі, тузаўся ў аглоблях. Якімовіч. // Рабіць сутаргавыя рухі; уздрыгваць. Кулі бзыкалі блізка ад Толевых гарачых шчок, галава, здаецца, сама тузалася ў бакі, а Толя саскочыў з Сівага, дапамог Максіму. Брыль.

2. Разм. Мучыцца, робячы што‑н. Не адзінокі хлебароб тузаецца на .. [калгасных палях] з худым конікам, не адзінокая жняя-гаротніца выжынае сваю вузкую палоску. Працу вядзе грамада. Хадкевіч. // з кім-чым. Шмат, доўга займацца кім‑, чым‑н. Поўненькая дзяўчынка з вялікімі светлымі вачыма, вельмі падобная на бацьку, тузалася з ужо абдзёртай і раздзёртай сілявінай, ніяк не могучы выцягнуць яе з вочка сеткі. Брыль. // Імкнуцца, спрабаваць што‑н. рабіць. — У [Сашы] маці і дома ўсё дагледзець, і тут яшчэ паможа, і малыя, як мурашкі, тузаюцца ўжо нешта рабіць. Васілевіч.

3. Разм. Штурхаць адзін аднаго, біцца, змагацца. Учапіўшыся адзін аднаму ў валасы, .. [хлапчукі] тузаліся, падалі і зноў, як пеўні, браліся за чубы. Ваданосаў. Каля Васі, лаючыся, хрыпелі і тузаліся дзве постаці. Мележ. // Мерацца сілай, дужацца. Барцы тузаліся ўжо ля дзвярэй, зачапілі нагамі рагачы ў прыпечным закутку, і яны з глухім лязгатам пасыпаліся долу. Б. Стральцоў. // Важдацца з кім‑н. Жартаваў з ёю, тузаўся, пакуль .. [Агата], чуючы, што траціць волю сваю перад ім, не прагнала .. [Асташонка]. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэа́тр, ‑а, м.

1. Род мастацтва, у якім жыццё адлюстроўваецца праз драматычнае дзеянне, ажыццёўленае акцёрамі перад гледачом. Драматычны тэатр. Тэатр оперы і балета. Музычны тэатр. Тэатр сатыры. □ Беларускі тэатр мае сваю багатую гісторыю развіцця ад першапачатковых форм (скамарохаў, народнай брамы, лялечнага тэатра — «батлейкі») да стварэння ў савецкі перыяд першакласных прафесійных тэатраў Савецкага Саюза. «Беларусь». Паяўленне камедыі «Паўлінка» стала важнай вяхой у гісторыі развіцця беларускага тэатра. Ярош.

2. Установа, арганізацыя, якая мае пэўны састаў артыстаў і ставіць спектаклі. Працаваць у тэатры. □ Усе пагаворваюць аб салігорскім народным тэатры. Можна верыць, што гэты тэатр хутка будзе, бо талентаў тут вельмі многа. Кулакоўскі.

3. Будынак са сцэнай і залай для гледачоў, дзе адбываецца тэатральны паказ, а таксама сам паказ, спектакль. Прыгожа прыбраная вала гарадскога тэатра з раніцы пачала запаўняцца людзьмі. Васілевіч. / у перан. ужыв. Разм. [Сімон:] — Ну, што ж, Арцём!.. Можа і сёння ты будзеш паказваць тэатры і абражаць маё імя перад людзьмі, якія нічога не ведаюць? Самуйлёнак.

4. перан.; чаго. Месца, дзе разгортваюцца, адбываюцца якія‑н. значныя падзеі, ваенныя дзеянні і пад. За два гады вайны я добра вывучыў геаграфію тэатра ваенных дзеянняў. Навуменка.

5. Кніжн. Сукупнасць драматычных твораў (пісьменніка або літаратурнай школы). Тэатр Астроўскага.

•••

Акадэмічны тэатр — ганаровая назва, якая прысвойваецца ўзорным дзяржаўным тэатрам.

Анатамічны тэатр — памяшканне, у якім праводзяцца заняткі па анатоміі.

Зялёны тэатр — летні тэатр, размешчаны ў зялёнай зоне, парку і пад.

Кірмашовы тэатр гл. кірмашовы.

[Ад грэч. théatron — месца для відовішча; відовішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упо́р, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне і стан паводле дзеясл. упіраць — уперці (у 3 знач.) і упірацца — уперціся (у 1 знач.).

2. ‑а. Прадмет, месца, у якое ўпіраюцца. Ён [шэф] пяць патронаў у кішэнь, Нагледзеў лепшую мішэнь, Прылёгшы на ўпор, І стрэльбу да пляча прыпёр. Крапіва. Буфер адыгрывае ў час лоўлі ролю ўпора для рукі пры закідванні насадкі. Матрунёнак.

3. ‑а. Падпора, якая падтрымлівае што‑н. І раптам — думка: а што, калі віхура пабярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Гарбук. // Прадмет, пры дапамозе якога абмяжоўваецца перамяшчэнне чаго‑н. Чыгуначны ўпор. Падлажыць упоры пад калёсы аўтамашыны.

4. ‑у; перан. Сканцэнтраванне ўвагі на адным чым‑н. У рашэнні Пленума галоўны ўпор робіцца на ўсямернае выкарыстанне аб’ектыўных эканамічных законаў. «Звязда».

•••

Ва ўпор — а) пільна, прама (глядзець, разглядаць каго‑, што‑н.). Прыпыніўшыся, Рая паглядзела на.. [Севу] ва ўпор і прыжмурылася. Карпаў. — Ну што, даражэнькі, будзем рабіць? — нарэшце спытаў Аляксей Аляксандравіч, паклаўшы абодва кулакі на стол і ва ўпор пазіраючы на Пятра. Ваданосаў; б) адкрыта, без хітрыкаў (сказаць, спытаць што‑н.). І раптам [Шыковіч] павярнуўся да капітана, спытаў ва ўпор: — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Шамякін; в) з блізкай адлегласці, амаль упіраючы дула (страляць, расстрэльваць). [Пушка] біла ва ўпор па ганку, што ішоў праз лес. М. Ткачоў. Батура страляе з пагана тры разы. Ва ўпор, у росхрыст паркалёвай сарочкі па грудзях. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утапі́ць, утаплю, утопіш, утопіць; зак.

1. што. Апусціўшы ў ваду, прымусіць патануць; затапіць. Утапіць лодку. // Не ўтрымаўшы, даць патануць. Утапіць вядро. □ [Хлопчык:] — А помніце, як Лашак у рэчцы ўтапіў трактар. Шамякін.

2. каго-што. Загубіць чыё‑н. жыццё, сілай кінуўшы ў ваду. Прывесці яго сюды, тыцнуць носам у план, а потым утапіць прахвоста ў гэтых затоках! Колас. Аднаго разу кажа [мачаха] сваёй дачцэ: — Схадзі ты, дачушка, да сястры ў госці, пакліч яе з сабой купацца ды ўтапі... Якімовіч. / у перан. ужыв. Асабліва згусціўся туман абапал канавы.., нібы ўтапіў кусты на балоце. Федасеенка.

3. перан.; каго. Паставіць у цяжкае становішча каго‑н. (выдаўшы, прадаўшы, абгаварыўшы і пад.). [Вілюевіч:] — Дзе ты вычытаў, што каб самому выслужыцца, то другога ўтапіць трэба. Грамовіч. [Студэнт:] Адозвы падлавіла [гаспадыня], павяла паліцыю; ёй было патрэбна ўтапіць мяне. Галубок.

4. перан.; што. Заглушыць гора, пачуцці і пад. пры дапамозе чаго‑н. Можа, таму так цяжка было ў.. [Веры] на душы і нельга было гэты цяжар утапіць нават у моры слёз. Машара. Вось Якім, вечны гаротнік і няўдачнік, які хоча ў гарэлцы ўтапіць сваё гора. Скрыган.

5. што. Глыбока апусціць у што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. Сяржант утапіў галаву ў падушку і глуха, як аднекуль са склепа, сказаў: — Ведаеш што? Ты будзь чалавекам з.. [Ілонкай]. Хомчанка.

•••

У лыжцы вады утапіць каго — загубіць, прычыніць непрыемнасць пры наяўнасці самага нязначнага выпадку. — Ты ёй [эканомцы] верыш? — усміхнулася Бабіцкая. — Ды яна гатова цябе ў лыжцы вады утапіць. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Трымаючыся за што‑н., захаваць раўнавагу, застацца на нагах, не ўпасці пры штуршку, удары і пад. Сахараў ухапіўся за стрэмя, нахіліўся набок, але на нагах утрымаўся. Асіпенка. [Конь] падскочыў і так ірвануў убок, што я ледзь утрымаўся на ім. Ляўданскі. // Устаяць пры катанні, слізганні. Воўка ніяк не мог утрымацца на лыжах. Кавалёў. // Затрымацца на паверхні, не праваліцца. А калі балота стала такое, што толькі птушка магла на ім утрымацца, папаўзлі, пасунуліся жыватамі. Кулакоўскі. // Разм. Захаваць сваё становішча, знаходжанне дзе‑н., у якой‑н. якасці. Бязвольны і няздольны генерал Лянгевіч доўга не ўтрымаўся ў ролі дыктатара. Якімовіч. Старшыня цяпер прывёз з мястэчка Гуціна — кажуць, добры будзе каваль. Кал і гэты яшчэ ўтрымаецца. Кухараў. Каб утрымацца на вяршыні сваёй бацькоўскай педагогікі, я не крычаў на дзяцей і не ўшчуваў іх. Васілевіч. / Пра надвор’е, пагоду. Сёння ўдзень у рэспубліцы ўтрымаецца малавоблачнае, сухое надвор’е. «Звязда».

2. Не адступіць пад націскам непрыяцеля, затрымацца на якім‑н. рубяжы. Хоць пехацінцы ішлі амаль адразу за артылерыйскімі выбухамі, якія, здавалася, змяталі са шляху ўсё жывое і нежывое, вораг яшчэ спрабаваў утрымацца. Мележ.

3. Разм. Стрымаць сябе ад якога‑н. учынку, дзеяння, не даць праявіцца чаму‑н. Сапраўды было смешна, але я ўтрымаўся ад смеху. Шамякін. Шыманскаму хацелася сказаць: «Ніякі ты не салдат, а разбойнік з вялікай дарогі», але ўтрымаўся. Гурскі. Чубар таксама не ўтрымаўся ад спакусы — падаўся ў будан. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цячы́, цячэ; цякуць; пр. цёк, цякла, ‑ло; незак.

1. Ліцца струменямі, патокам; ліцца, струменіцца ў якім‑н. напрамку. Рака цячэ. Слёзы цякуць. Кроў цячэ. □ Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка. Колас. У тры ручаі, мяшаючыся з густым пылам на твары за дарогу, цяклі з-пад мокрых валасоў рагі поту. Нікановіч. / у безас. ужыв. Са стрэх цякло.

2. Сыпацца, падаць струменьчыкамі (пра сыпкія рэчывы). З-пад ног сухі пясок цячэ Янтарнымі драбінкамі. Хведаровіч. Зерне цякло праз пальцы залатымі крупінкамі. Хадкевіч.

3. перан. Праходзіць, працякаць (пра час). Міналі, цяклі ночы і дні. Сачанка.

4. перан. Праходзіць, адбывацца; ісці сваім парадкам. Доўга гутарка цякла. Гілевіч. // Развівацца ў пэўнай паслядоўнасці. Ветрык ад халодных водаў дзьмуў у твар Данілу, а думкі ўсё роўна цяклі далей. Пестрак. Калі быць — дык мастом Над імклівай вадой, — Каб каханне цякло наша Рэчкай жывой. Куляшоў. Спакойна цякло жыццё. Гурскі. // Бесперапынна плаўна гучаць. І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песня, Плыве ў душу, у сэрца хлапчука. Караткевіч.

5. перан. Ісці, рухацца суцэльным патокам, масай (пра вялікую колькасць людзей). Абуджаюцца вуліцы, цякуць патокі людзей. Гамолка. Цячэ праспект ракой шумлівай... Лойка.

6. Ісці ад чаго‑н., пахнуць; павяваць. Грыбны водар цёк з зямлі. Чорны. Ветры з поўдня на ўсход цякуць. Лявонны.

7. Прапускаць ваду (праз адтуліну, дзірку і пад.); мець цечу. Кацёл цячэ. Боты цякуць.

•••

Слінкі цякуць гл. слінкі.

Цёкам цячы — моцна цячы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпі́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Прыстасаванне з тонкага дроту або пластмасы для заколвання валасоў у жаночай прычосцы. Тады мама нагнулася і, выняўшы з валасоў шпільку, выкалупала ключык са шчыліны. Арабей.

2. Засцежка для вопраткі, адзін канец якой хаваецца ў кручкаватае паглыбленне (галоўку). Закалоць кішэню шпількай. // Адзін з відаў іголкі, на тупым канцы якой прымацавана галоўка. Калола Антона гэтае запытанне, нібы накаленая да чырвані шпілька. Бядуля. // Іголка з каляровай галоўкай для аздаблення жаночых галаўных убораў. Жанчына ў старасвецкай дамскай шапачцы, з вялікаю шпількаю ўпоперак цераз яе. Чорны. // перан.; чаго. Пра тое, што падобна на іголку. З зямлі тырчаць чорныя пакручастыя, вузлаватыя карэнні дрэў ды рудыя шпількі вымершай травы. Новікаў.

3. У шавецкай справе — цвік з падвойнай плешкай. Чаравікі на шпільках.

4. Спец. Стрыжань без галоўкі і з разьбой на абодвух канцах, які служыць для змацавання дэталей.

5. толькі мн. (шпі́лькі, ‑лек). Разм. Вузкія і высокія абцасы ў жаночых туфлях, а таксама туфлі на такіх абцасах. Сядзяць будучыя цешчы, Языкі свае палошчуць, Што ў настаўніцы Алёнкі Закароткая сукенка, Што абцасікі як шпількі ў заатэхніка Марылькі. Танк. [Таня] была ў белым лёгкім плацці і белых лодачках-шпільках. Паўлаў.

6. перан. З’едлівая заўвага, колкасць. Гаворка.. пацякла жвавей і лагодней, у ёй не было ўжо ні падкалуплівання, ні шпілек. Хадкевіч. — От такіх кілбас няма там у калгасе, — тонкую шпільку пусціў Цімох. Колас.

•••

Падпусціць шпільку гл. падпусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)