адшуме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.
Кончыць, перастаць шумець. Дождж адшумеў па бярэзніку, па дубняку, Ціха зрабілася ў лесе. Куляшоў. Адшумелі свой час неспакойныя восеньскія вятры. Колас. // перан. Прайсці, закончыцца (пра што‑н. шумнае, гучнае). Тры гады таму назад на гэтай зямлі адшумела вайна. Брыль. Адшумеў лістапад, адзвінелі дажджы. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запусце́нне, ‑я, н.
Стан запусцелага; заняпад, апусценне. Гумно са стрэшкай пасівелай, Абросшай мохам, абапрэлай, Прыгрэбнік, хата — усё дачыста Казала ясна, галасіста Аб непарадку, запусценні. Колас. Ад дзірваноў, парослых хмызняком, ад запусцення, якое Заранік бачыў у гэтых мясцінах у свой першы пасляваенны прыезд сюды, не было і следу. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́весціся, ‑ведзецца; пр. вывеўся, ‑велася; зак.
1. Нарадзіцца з яйца, лічынкі і пад. Неўзабаве ў трубе вывеліся.. галчаняты, і ў маладых бацькоў з’явіліся новыя клопаты. Шуцько.
2. Перастаць існаваць, перавесціся. Вывелася рыба ў сажалцы. // Знікнуць. Вывеліся плямы. // Выйсці з ужытку, аджыць свой век. Гэтыя звычаі даўно ўжо вывеліся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развадзя́шчы, ‑ага, м.
Ваеннаслужачы, які выстаўляе вартавых на пасты і назірае за нясеннем імі службы. — Ты, Шкурдзя, будзеш за развадзяшчага, — распараджаўся Уладзік. — Як гэта за развадзяшчага? — А так, як у войску ў каравуле. Крапіва. — Развадзяшчы, — адказаў сержант Каваленка і ліхтарыкам асвяціў свой твар, каб Міхалёў пазнаў яго. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сідэры́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. У выразах: сідэрычны год — тое, што і зорны год (гл. год); сідэрычны месяц — прамежак часу, за які Месяц робіць свой бачны шлях па нябеснай сферы адносна зорак; зорны месяц; сідэрычны перыяд — прамежак часу, за які цела сонечнай сістэмы робіць поўны абарот вакол Сонца; зорны перыяд.
[Лац. sidus, sideris — зорка, нябеснае свяціла.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
субардына́цыя, ‑і, ж.
Сістэма строгага падпарадкавання малодшых старшым, заснаваная на правілах службовай дысцыпліны. Забыўшыся на свой спінінг, на прысутнасць дзядзькі Сцяпана і на ўсе субардынацыі, дырэктар школы, як хлапчук, з радасным крыкам бег да Аляксея. Шамякін. [Мікалай Мікалаевіч:] — Забудзем субардынацыю; мы ж сябры, аднадумцы, пакуль што не на службе. Грахоўскі.
[Лац. subordinatio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сузіра́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сузіраць.
2. Паглыбленасць у свой унутраны духоўны свет.
3. У філасофіі — пачатковая ступень пазнання, пачуццёвая форма адлюстравання рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Ад жывога сузірання да абстрактнага мыслення і ад яго да практыкі — такі дыялектычны шлях пазнання ісціны, пазнання аб’ектыўнай рэальнасці. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыбу́х, ‑а, м.
Разм.
1. Страўнік.
2. Іран. Жывот. — А што князю мужык, беззямельнае сялянства! Быў бы напханы свой трыбух... Вешаць трэба такіх гадаў! — злосна заключыў Янка. Колас. // Пра тоўстага чалавека. [Залыгін:] Вайна — гэта мясабойня для трыбухоў багацеяў. Мележ.
3. толькі мн. (трыбухі́, ‑оў). Вантробы (страўнік, кішкі і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утаі́цца, утаюся, утоішся, утоіцца; зак. (часцей з адмоўем «не»).
Разм. Застацца невядомым для каго‑н. Праўда, утаіцца ад жонкі не ўдалося, але, ведаючы характар мужа, яна нічога не сказала яму. Васілёнак. Не ўтоішся з справай такою... І нікне Цімох. Баіцца ён сам прад сабою Прызнаць свой падвох. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарсі́сты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які любіць фарсіць. Зграбны, нават крышку фарсісты унтэр аказаўся сынам селяніна з-пад Бабруйска. Паслядовіч. // Франтаваты, модны. Ён! Яго шэрая каракулевая вушанка, такі ж шэры каўнер чорнага паліто, ногі — у белых фарсістых бурках. Паслядовіч. Антуан, узяўшы свой фарсісты партфель, пакіраваўся салідным крокам з аўтобуса. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)