фінціклю́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм.
1. Цацка, упрыгожанне. Пакой прыбраны па-панску, усялякіх там фінціклюшак на сталах ды этажэрачках. Машара.
2. звычайна мн. (фінціклю́шкі, ‑шак). Несур’ёзныя, пустыя ўчынкі, словы. Усё гэта далёкія ад сур’ёзнай справы фінціклюшкі.
3. Пустая, несур’ёзная жанчына, якая думае толькі пра ўборы і гульні. [Апанас:] — Яна [Вольга] мяне гэтымі днямі здумала вучыць — фінціклюшка. Пестрак. [Зыль:] А да мяне прыходзілі. [Гарнец:] Хто? [Зыль:] Прышчэпа. А з ім нейкая фінціклюшка. Казала — настаўніца. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́правіцца 1, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
1. Стаць прамым; выраўняцца, выпраміцца.
2. Пазбавіўшыся недахопаў, стаць лепшым. Гэты Колінька.. невядома, што з яго будзе. Але ж ён сын, нічога не зробіш. Можа яшчэ як-небудзь выправіцца. Пестрак.
вы́правіцца 2, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
Пайсці, накіравацца куды‑н.; адправіцца. Жанчыны хуценька апрануліся, схапілі сёе-тое з адзежы, трохі яды і цянькамі выправіліся ў лес. Сабаленка. Выпіўшы пару бутэлек піва, якое Мікола паставіў, выправіўся ён [Васіль] разнесці заказчыкам пасудзіну. Ядвігін Ш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., каго-што.
1. Па-разбойніцку напаўшы, сілай адабраць у каго‑н. што‑н. Нямецка-фашысцкія захопнікі разбурылі і абрабавалі арцельную гаспадарку. Жычка. Сам злодзей, Мартыневіч мог украсці толькі нешта дробнае, але каб так абрабаваць чалавека, то не. Чарнышэвіч. // Непамернымі падаткамі, паборамі або карыстаючыся ашуканствам, абабраць каго‑н.
2. перан. Пазбавіць духоўных сіл; апустошыць. Для беларусаў і ўкраінцаў рыхтаваў [Пілсудскі] легіёны асаднікаў і заключаў змовы з езуітамі. Трэба ж абрабаваць зямлю і душу. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., што і чаго.
1. Загнуць, падагнуць край чаго‑н. Падгарнуць прасціну. Падгарнуць посцілку пад сяннік. // Засунуць, схаваць пад што‑н. [Дзяўчына] паправіла хустку, падгарнуўшы пад яе пасмачкі [валасоў]. Пестрак.
2. Падграбці граблямі. Падгарнуць сена. // Падсунуць куды‑н., пад каго‑, што‑н. Падгарнуць пад сябе саломы. □ Пацейчык падгарнуў пад сябе торбу з хлебам і заснуў. Чорны. // Разм. Падагнуць, падсунуць, падкурчыць пад сябе. На падлозе, падгарнуўшы пад галаву голыя рукі, стагнаў збіты, акрываўлены чалавек. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неспадзява́ны, ‑ая, ‑ае.
Нечаканы, непрадбачаны. Неспадзяваны госць. Неспадзяваная вестка. □ Прысутнасць на сходзе Мікалая Вайткевіча была для серадзіборцаў неспадзяванай. Пестрак. — Вашаму батальёну даручана абысці ворага з тылу і панесці першы неспадзяваны ўдар. Грахоўскі. // Які вельмі хутка ўзнік; раптоўны. Тут маці засмяялася, неспадзяваная здагадка мільгнула ў галаве. Кулакоўскі. Напад на [Лаўрэна] быў такі неспадзяваны, што ён нават не адбіваўся. Якімовіч. / у знач. наз. неспадзява́нае, ‑ага, н. І тут здарылася неспадзяванае. Федзя раптам падняўся з-за парты і пайшоў да дошкі. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ні́ва, ‑ы, ж.
1. Апрацаванае пад сяўбу або засеянае поле. У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчах палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва. У збожжа ўсякае ніва прыбралася, — Хараства там якога няма! Купала. // Пра збажыну, якая расце на полі. Нерухомыя разлівы пшанічнай нівы нібы абсыпаліся драбнюткімі бліскаўкамі. Беразняк.
2. перан. Галіна дзейнасці. — Жадаю поспехаў на высакароднай ніве асветы, — пакланіўся .. [аграном] Рыце. Васілевіч. Піліп Пестрак раней за Танка выйшаў на літаратурную ніву. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўзна́к, прысл.
1. Непрыкметна. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак. Купала. Малашкін трымаў аловак у правай руцэ, стукаў па стале няўзнак і пры гэтым крывіўся. Пестрак.
2. Хоць бы што, неўзаметку. Бывае часам стомішся, аднак пагрэешся ля вогнішча і зноўку каменні на шляху табе няўзнак. А. Вольскі. Няважна, што цэлы тыдзень я буду есці нішчымныя крупы і бульбу, гэта няўзнак. Скрыган.
3. Выпадкова, ненаўмысна. — Не шкадуеце, што пайшлі? — жуючы маласольны агурок, быццам няўзнак, спытаў у мяне доктар. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нава́жыцца, ‑важуся, ‑важышся, ‑важыцца; зак., з інф.
Намерыцца нешта зрабіць. Камендант наважыўся ўласнаручна адабраць сцягі і стаў праціскацца праз натоўп. Пестрак. Усе бачаць, як бусел наважыўся быў ужо сесці на гняздо, але раптам узляцеў угору і доўга лятаў. Лынькоў. // Рашыцца, адважыцца на што‑н. Карызна прыехаў з пэўным рашучым намерам: ён наважыўся, нарэшце, пагаварыць начыста з Рачкоўскім, адкрыць яму ўсе свае сумненні. Зарэцкі. Цымончык перасунуў трохі ногі, адклаў убок беражліва шапку, .. але казаць не наважыўся. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
найбо́льш, прысл.
1. Больш за ўсё, больш за іншых; асабліва. Сусветная вайна цягнулася ўжо чацвёрты год. І найбольш, далася яна нашай краіне, прынамсі Беларусі. Дуброўскі. Аднаго бацьку найбольш цягнула дахаты. Маці пратэставала, бунтавалася, не хацела [ехаць]. Пестрак.
2. У спалучэнні з якасным прыметнікам утварае найвышэйшую ступень апошняга. Найбольш яркі. Найбольш прыгожы. □ Тут было найбольш страшнае месца дарогі, бо з гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках, якія налучаліся тут з людзьмі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
баранава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.
1. Разрыхляць бараной зямлю. Прыйдзе вясна, трэба баранаваць, культываваць зябліва. Пестрак. // Апрацоўваць пры дапамозе бараны ўсходы пасеянага, пасаджанага. Яшчэ зусім нядаўна Коля працаваў на гэтых палетках: выбіраў і ссыпаў у капцы бульбу, а пасля і жыта баранаваў. Якімовіч.
2. Разм. Пакідаць баразну, след (пра што‑н., што можа драпаць). Жэрдка баранавала зямлю. □ Антось Байбак нават пайшоў у скокі і баранаваў пясок на вуліцы старымі ботамі. Колас.
•••
Баранаваць нагамі — валачыць ногі (пра п’янага).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)