спажы́ва, ‑ы, ж.

1. Тое, чым можна пажывіцца; лёгкая нажыва. [Канвойныя] трасуць кішэні, складкі Адзення з ног да галавы, А да спажывы яны падкі, Ты ж стой ні мёртвы, ні жывы. І ўсё, што толькі хоць якую Прыгоднасць мае і цану, Яно ўжо там не павякуе, Пяройдзе ў рукі хапуну. Колас. [Волф] даўно ўжо звык да лёгкай спажывы. Мележ.

2. Здабыча, харч; ежа. Ліса шукае сабе спажывы пад дрэвамі і кустамі, а на верхніх паверхах лесу гаспадарыць куніца, найзлейшы вораг вавёркі. В. Вольскі. А воўк стаіць зводдаль і прагавітымі вачамі смакуе ўжо сваю багатую спажыву. Колас. Разам з тым прачнуўся голад, і.. [людзі] зноў пайшлі шукаць спажывы. Маўр.

3. перан. Матэрыял для мыслення, разважанняў, для разумовай дзейнасці і пад. Спажыва для розуму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сялі́цца, сялюся, селішся, селіцца; незак.

1. Уладжвацца на незаселеных месцах; атрымліваць месца для жыхарства. Людзі, якія сяліліся спачатку толькі на адкрытых месцах, па цячэнню вялікіх рэк, пачалі ўсё глыбей пранікаць у самыя нетры дзікіх і непрыступных лясоў. В. Вольскі. У горадзе самая жывая вуліца — гэта Шасэйная. Ля яе ўсё народ дзелавы селіцца, гандлёвы. Галавач. // Пасяляцца, займаць пад жыллё хату, участак. Няўтульная хаціна проста пуставала: ніводная, нават бежанская, сям’я не рашалася ў ёй сяліцца хоць бы часова. Лось. // Пра птушак, жывёл і пад. А .. [сава] ўсё роўна кожны год сялілася толькі ў тым дупле. Кірэйчык.

2. перан. Узнікаць, папаўняць (пра пачуцці, настрой і пад.). Аднак не адна толькі ўдзячнасць селіцца ў маім сэрцы. Васілевіч.

3. Зал. да сяліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трава́, ‑ы; мн. травы, траў; ж.

Расліна з аднагадовымі зялёнымі неадзеравянелымі парасткамі і сцяблом. Сонца яшчэ не схавалася, але раса ўжо густа пакрапіла апавітую тонкай густой сеткай з павуціння высокую траву. Мурашка. Яшчэ над Нёманам Лугі не скошаны, Яшчэ над Нёманам Трава, як шоўк. Шымук. // Зялёнае покрыва зямлі з такіх раслін. Зямля была пакрыта высокімі духмянымі і сакавітымі травамі. В. Вольскі. Сёмка .. падышоў да Петруся і прылёг побач з ім на траву. Брыль.

•••

Трава травой — пра нясмачную яду.

Травой зарасці — тое, што і зарасці (парасці) быллём (гл. зарасці).

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Хоць трава не расці — пра зусім абыякавыя адносіны каго‑н. да чаго‑н.

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэск, ‑у, м.

1. Сухі, рэзкі гук, які ўтвараецца пры ламанні, трэсканні, разрыванні і пад. чаго‑н. Трэск ламачча. □ Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі. Кладка рыпіць і вагаецца. Раздаецца трэск, і я лячу ў прорву. Аляхновіч. // Шум, які ўтвараецца пры рабоце механізмаў, інструментаў і пад. Неўзабаве .. [Залівака] пачуў роў самалётаў, а потым сухі трэск кулямётаў. Гурскі. Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню па паляне. Лынькоў. У рупары пачуўся лёгкі сухі трэск, а потым голас дыктара абвясціў: — Увага! Шашкоў.

2. перан. Разм. Шуміха, пустыя размовы, балбатня. Працаваць без шуму і трэску.

•••

З трэскам — са скандалам, з ганьбай (выгнаць, зняць з пасады, праваліцца на экзамене і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

харчо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да харчу, харчавання. Харчовыя адходы. Харчовы рацыён. // Які ідзе ў ежу. Харчовыя прадукты. Харчовая бульба.

2. Звязаны з вытворчасцю, захаваннем і размеркаваннем прадуктаў харчавання. Харчовая прамысловасць.

3. Які мае адносіны да харчоў, прадуктаў харчавання. Харчовыя тавары. Харчовыя запасы. □ Пасля полудня Супрун прынёс Максіму харчовую перадачу з дому. Машара. // Звязаны з нарыхтоўкай, захаваннем, размеркаваннем і пад. прадуктаў харчавання. Лясная плошча, патрэбная для нармальнага існавання зуброў, няўхільна змяншалася. Харчовая база знікала. В. Вольскі. На стале было ўсё лепшае, што знайшлі на харчовым складзе: сала, цыбуля, банка рыбных кансерваў. Шамякін.

•••

Харчовая праграма СССР — важнейшая састаўная частка сацыяльна-эканамічнай стратэгіі партыі, разлічаная на павелічэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і хутчэйшае бесперабойнае забеспячэнне насельніцтва краіны прадуктамі харчавання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́рап, ‑а; мн. чарапы, ‑оў; м.

1. Шкілет галавы пазваночных і чалавека. Трапіўся б, скажам, на дарозе воўк (а іх тут багата зімою цягаецца), — Федзя адразу раскроіў бы яму чэрап і прыцягнуў у сяло. Ваданосаў. У супрацьлеглым канцы паляны мы знаходзім чэрап лася з пазваночным хрыбтом і абгрызеную лапатку. В. Вольскі. // Паверхня, верхняя частка галавы. Рэдкія валасы ледзь прыхоўваюць вылыселы чэрап. Мурашка.

2. часцей мн. (чарапы́, ‑оў). Абломак, асколак разбітага глінянага, шклянога, фарфоравага і пад. посуду. [Максім Астаповіч] зняў з акна вазончык і вынес на двор.., разбіў аб камень пасудзіну, усім вільготным влепкам узяў з чарапоў зямлю з раслінай і пасадзіў у .. зямлю. Чорны. Калі Базылёва маці агледзелася і знайшла чарапы ад збана, яна ўсю віну ўзлажыла на Янку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штанда́р, ‑а, м.

1. Уст. Сцяг адпаведнага колеру, часта з вышываным або намаляваным гербам, як знак дзяржавы, вайсковай часці або якой‑н. грамадзянскай арганізацыі. Над шчыльнымі радамі крыжаносцаў лунаюць шматлікія сцягі і штандары з малюнкамі злавесна чорных арлоў, ваўкоў, мядзведзяў, з крыжамі, мячамі і рознымі рыцарскімі эмблемамі. В. Вольскі. // Сцяг кавалерыйскіх часцей у рускай (з 1731 па 1917 гг.) і некаторых іншых арміях. // Сцяг кіраўніка дзяржавы (цара, імператара і пад.), які паднімаўся на ваенным караблі, у палацы і пад. у час знаходжання там гэтай асобы.

2. Паэт. Сцяг. — Мір на зямлі мы абаронім І ўздымем аж да самых зор Штандар чырвоны. Танк. Чырванню шаўковай Зашумяць штандары, Хто ў няволі гнуўся, — Ўстане гаспадарыць. Купала.

[Ням. Standarte.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змясці́ць, змяшчу, змесціш, змесціць; зак., каго-што.

1. Знайсці месца для каго‑, чаго‑н.; умясціць. Навагранскі рынак не змясціў усіх кірмашоўцаў. Сабаленка. Ты адчуў, колькі шчасця і сілы Можа ў сэрцы змясціць чалавек. Прыходзька.

2. Даць памяшканне для жылля; пасяліць. Маці Васілька змясцілі ў хлеве. Гэта быў даўгі цагляны будынак. Маўр. // Даць месца, размясціць дзе‑н. [Прыяцель] змясціў сакаляня ў клетцы на даху сваёй хаты. В. Вольскі.

3. Уладкаваць, аддаць куды‑н. (на вучобу, службу і пад.). Змясціць у школу. Змясціць у бальніцу.

4. Надрукаваць, апублікаваць дзе‑н. Змясціць артыкул у часопісе. □ За той жа час побыту ў школе Аленка змясціла два свае вершыкі ў газеце. Колас.

5. Разм. Зняць, звольніць з пасады. Бюро райкома вынесла Байкову вымову і змясціла з камандзіра. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаўр, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Паўднёвае вечназялёнае дрэва ці куст сямейства лаўровых з пахучым лісцем, якое ужываецца як прыправа. Побач з соснамі, ялінамі, бярозамі, дубамі і клёнамі раслі пальмы і фікусы, лаўры і ліяны, нібы ў афрыканскіх джунглях. В. Вольскі. / ‑у, у знач. зб. Нарэзаць лаўру.

2. звычайна мн. (ла́ўры, ‑аў). Вянок з лісця гэтага дрэва ці галінка яго як сімвал перамогі, узнагароды. — А-а, вы ж актыўны ўдзельнік, толькі без лаўраў, — Паўлавец хітра прыжмурыўся, чакаючы, што адкажа Алесь. Шыцік. Ён не любіў каляных лаўраў Без пераліву мудрых рос І паважаў не звон літаўраў, А сціплы гук сярпоў і кос. Пысін.

•••

Лаўры чые не даюць спаць — аб зайздрасці да чыйго‑н. поспеху [ад слоў палітычнага дзеяча Афін Фемістокла: «Лаўры Мільціяда не даюць мне спаць»].

Пажынаць лаўры гл. пажынаць.

Спачыць на лаўрах гл. спачыць.

[Лац. laurus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які перавышае патрэбную ці ўстаноўленую колькасць, норму. Лішні экземпляр кнігі. Лішнія грошы. □ [Гарлахвацкі:] Па-мойму, цёця Каця, вы лішнюю плошчу падмятаеце... Крапіва. // Празмерны, залішні. У пакоі свежа, хвоі, стоячы каля самых вокан, не прапускаюць у дом лішняга сонца. Лужанін. [Егер] трымаў сябе вельмі асцярожна, не дазваляючы сабе ніводнага лішняга руху. В. Вольскі.

2. Такі, без якога можна абысціся; непатрэбны. [Дзіміна:] Кашын патрэбен быў пры штурмаўшчыне. Пры рытмічнай жа рабоце ён лішні. Карпаў. // Непажаданы. Марыля зрабілася зусім чужой і лішняй у .. хаце. Брыль. Сцёпка дастаў з кішэні некалькі памятых лісткоў, азірнуўся, каб не было лішніх сведак. Колас.

3. Дадатковы, дабавачны. — Маленькі агонь можна і ў будане трымаць. — Дым будзе, ды і месца для яго лішняе трэба. Маўр.

•••

Без лішніх слоў гл. слова.

Лішняя капейка гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)