некато́ры, ‑ая, ‑ае; займ. неазначальны.
1. Нейкі, дакладна не вызначаны. Паравоз уздрыгнуў і некаторы час ішоў у ранейшым тэмпе. Васілёнак. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. Праз некаторы час ранішняя зара заняла ўвесь усход і злізала зоры. Чарнышэвіч.
2. толькі мн. (некато́рыя, ‑ых). Асобныя з агульнага ліку; паасобныя. [Марына Паўлаўна:] — Я прыйшла ўзяць некаторыя свае рэчы. Зарэцкі. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. Лынькоў.
3. у знач. наз. некато́рыя, ‑ых. Не ўсе, асобныя людзі. Некаторыя з прысутных. Некаторыя з нас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паво́дзіны, ‑дзін; адз. няма.
Спосаб жыцця; сукупнасць дзеянняў. Культурным паводзіны. Этычныя нормы паводзін. □ Кожны стараўся як найпаўней абмаляваць свае паводзіны з часу разлукі. Гартны. Прад вачыма [Кірылы] паўстаў схуднелы твар маці, якая стала негаваркой і абыякавай да яго паводзін. Кавалёў. // Манера трымаць сябе, рабіць што‑н.; характар учынкаў. Мадам Гамрэкелі сказала, што ў Сімонавых паводзінах адразу відаць несамавітасць ягонага роду. Самуйлёнак. Хлопцы прамаўчалі, цікуючы за паводзінамі брыгадзіра. Якімовіч. // Выкананне правіл ўнутранага распарадку. Правілы паводзін у школе. Адзнакі па паводзінах. // Рэакцыя арганізма на якое‑н. уздзеянне. Вывучаць паводзіны жывёл.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падключы́ць, ‑ключу, ‑ключыш, ‑ключыць; зак., каго-што.
Далучыць да сістэмы забеспячэння электрычнасцю, газам і інш. Падключыць батарэі. □ У бочку паклалі [хлопцы] толавую шашку, прыладзілі ўзрывальнік, да яго падключылі провад. Новікаў. [Лесарубы] прывезлі з сабою паходную электрастанцыю, разматалі і расцягнулі на белым снезе чорныя тоўстыя жылы правадоў, падключылі да іх пілы. Паслядовіч. // перан. Разм. Прыцягнуць да работы, да ўдзелу ў чым‑н. Моладзь сабралася, каб павесці размову аб якасці будаўніча-мантажных работ.. Адны даводзілі, што можна абмежавацца рэйдамі камсамольскага штаба, другія прапанавала падключыць шматтыражку і «Маланку». Лукша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паднаці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., на каго-што.
Разм.
1. Націснуць мацней. Паднаціснуць на дзверы. □ — Паднаціснем, таварыш Андрэй, — час ад часу пагукваў Сава, і яго вялікія каравыя рукі сціскалі мокры кол, а твар чырванеў ад натугі. Пестрак.
2. перан. Прымусіць да якога‑н. дзеяння. [Бандарэнка:] — Бывала, трэба нам план выціснуць, сабяром сход, пагаворым, паднаціснем — і гатоў план. Асіпенка.
3. перан. Узяцца за якую‑н. работу з большым стараннем. — Выходзіць, побач з намі працуе брыгада камуністычнай працы, — кажа Юрка. — Трэба нам паднаціснуць, каб не адстаць. Бяганская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.
1. Парваць, разарваць на часткі. Спакойна і ўпэўнена.. я выцягнула бюлетэнь з сумачкі, падрала яго на дробныя кавалкі. Савіцкі. [Валя:] — А дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках і смале. Грахоўскі.
2. Знасіць, неахайна або доўга носячы што‑н. Падраць абутак. Падраць за лета рубашку.
3. Разрываючы, забіць усіх, многіх (пра драпежных птушак і звяроў). Каршун падраў усіх курэй.
4. і чаго. Перацерці на тарцы нейкую колькасць чаго‑н. Падраць крыху бульбы на бліны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падыхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. падыходзіць — падысці (у 1, 4 знач.).
2. Месца, па якім набліжаюцца, падыходзяць да чаго‑н. Падыход да мосцікаў перагароджваў калючы дрот. Карпаў. Шматслойны агонь адсякаў падыходы да рэк і водных каналаў. «Звязда».
3. Сукупнасць спосабаў, прыёмаў разгляду чаго‑н., адносін да каго‑, чаго‑н. Крытычны падыход да справы. □ Размысловіч упэўнены, што чалавек у сваёй аснове добры і толькі трэба знайсці падыход да яго. Арабей. У.. камандзіра атрада быў адзін падыход да ўсіх — грубавата-паблажлівы. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памылі́цца, ‑мылюся, ‑мылішся, ‑моліцца; зак.
Зрабіць памылку. [Мяснікоў] можа памыліцца, але здольны прызнаць памылку і хутка яе выправіць. Гурскі. Хто можа з.. [Аленаю] справіцца. Не толькі на полі.. А пасадзі яе за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! А яна не памыліцца, не зблытае. Чарнышэвіч. — Можа, мы памыліліся? — выказаў меркаванне Валодзя. — Можа, гэта зусім не конь іржаў, а птушка якая? Курто. // у кім. Скласці пра каго‑н. няправільнае ўяўленне. Каб не памыліцца ў чалавеку на вайне, трэба ўбачыць яго ў небяспецы. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пані́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Схілены, прыгнуты. Высокія травы, звялыя і паніклыя ўдзень ад гарачыні, цяпер узнімаліся ў вільготным дыханні.. зямлі. Самуйлёнак. Спякота... І пад сонцам залатым Паніклыя, задумлівыя лозы Яшчэ ніжэй прыпалі да вады. Чарняўскі.
2. перан. Прыгнечаны, засмучаны; разбіты духоўна. Адчуў бяду. Стаяў паніклы: Даруе мілая ці не? Бялевіч. Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.
3. Абл. Падслепаваты. Пасля таго як Шэмета не ўзялі на вайну, Халуста інакш не зваў яго, як паніклы або сляпы чорт. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрапада́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Згубіцца, прапасці — пра ўсё, многае. Папрападалі рэчы.
2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць, перастаць існаваць — пра ўсё, многае. Цяпер, калі зірнуць на.. поле, дык яго і не пазнаць: папрападалі межы, а з імі і вузкія шнуры. Колас. [Ева:] — Гляджу, пагладчэлі мае цяляты,.. і лішаі папрападалі. Палтаран.
3. Загінуць, памерці — пра ўсіх, многіх. [Ткачук:] — Бачым, не пройдзем, папрападаем усе. Быкаў. — Шкода ж, папрападаюць малыя, — не здавалася, вяла гаворку пра сваё маці. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.
1. Таптаць некаторы час. Патаптаць сена. □ Гюнтэр сашчапіў кулак і, узмахнуўшы рукою, з сілай бразнуў крыж аб падлогу. Не ўстаючы з крэсла, патаптаў яго абцасам свайго абшытага скурай валёнка. Дамашэвіч.
2. Топчучы, змяць, знішчыць, падушыць. Патаптаць траву. □ Патаптаў арол пракляты Сакаліных птушанят. Грахоўскі. Калі бегчы па градах, старая закрычыць, бо Сцёпка патопча ўвесь агурочнік. Хомчанка. Пасля агарадзіў [Лабановіч] гэту грушку.., каб не патаптала і не паламала яе жывёла. Колас.
3. Знасіць, парваць, стаптаць (пра абутак). Патаптаць боты. Патаптаць валёнкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)