ме́ншы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. малы (у 1–3 і 5 знач.). Пасля таго як у Руднічах арганізаваўся калгас, сяляне пастанавілі меншую палавіну дома аддаць пад праўленне, а большую — абсталяваць пад клуб. Курто. Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы. Шамякін.
2. Са словам «самы» азначае найвышэйшую ступень да прым. малы. Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку. Колас.
3. Якому менш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвітку, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў. Колас.
•••
Па меншай меры гл. мера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зага́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Афіцыйнае распараджэнне органа ўлады, кіраўніка ўстановы, прадпрыемства, арганізацыі і пад. Загад па інстытуту. □ Ленін у шалашы. Хаваецца ад агентаў буржуазіі, ад Керанскага, які выдаў загад арыштаваць Ільіча. Бядуля. Лясніцкі.. спецыяльным загадам стварыў калектыў мастацкай самадзейнасці. Шамякін.
2. Вуснае або пісьмовае распараджэнне вайсковага начальніка, якое з’яўляецца законам для падначаленых. Як толькі павечарэла, Туравец даў загад адыходзіць. Мележ. Тым часам генерал Бялоў даў загад, каб частка людзей.. акружыла горад. Мікуліч. // Афіцыйны дакумент, у якім выкладзена якое‑н. распараджэнне. Загады розныя, паперы Яму ў лясніцтве даручалі, Калі з наказам пасылалі. Колас. Побач — фотаздымкі многіх партызан, малюнкі баявых эпізодаў, фотакопіі розных дакументаў: пасведчанняў, загадаў, лістовак. Шыловіч. // Наогул усякае распараджэнне. Валя ўмомант выканала загад: прыбрала з канапы падручнікі. Васілевіч. Пачуў загад маці: — Маўчы! Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нара́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Вуснае або пісьмовае распараджэнне на выкананне якой‑н. работы. Атрымаць нарад. Даць нарад. □ — Нарады брыгадзіры атрымалі ўчора вечарам. Шахавец. Яшчэ ўчора брыгадзір даў нарад акучваць бульбу на загуменні. Пташнікаў. // Дакумент з распараджэннем аб выкананні якой‑н. работы, а таксама на выдачу або атрыманне чаго‑н. Нарад на лес. □ [Міхал:] — Грошай трэба многа і на ўгнаенні, і на сеялку нарад ужо ёсць... Васілевіч.
2. Спец. Якая‑н. работа або заданне (пераважна для ваеннаслужачых). Быць у нарадзе. Нечарговы нарад. □ Аднойчы .. [Павел і Саша] трапілі ў нарад на кухню. Васілёнак.
3. Спец. Група ваеннаслужачых, якія выконваюць такое заданне. Нарад пагранічнікаў. // Наогул група людзей, што выконваюць якую‑н. работу або якія‑н. абавязкі. Чарговы нарад грузчыкаў займаўся ў гэты час упарадкаваннем складаў. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неўгамо́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не можа супакоіцца, утаймавацца; вельмі рухавы. Неўгамонныя дзеці. □ Журботныя думкі навявалі гэтыя могілкі сваёю закінутасцю і адзіноцтвам. Толькі неўгамонныя птушкі парушалі зняменне і цішыню. Колас. Дагасалі ліхтарыкі светлякоў, неўгамонныя матылі кідаліся над вогнішчам і трапяткімі пялёсткамі падалі на росную траву. Самуйлёнак. // Які не спыняецца, не змаўкае. Цішыня, толькі неўгамонны шум мора і соснаў парушаюць яе. Хадкевіч.
2. Неспакойны, турботны. Пасёлак спіць, і ціха ўсюды, Хіба што ў хаце дзе якой Дзіця заплача з перапуду Ці птушка свісне за ракой. І толькі ў дзедавай каморы У тон знямелае цішы Дзве неўгамонныя душы Вядуць сакрэтна разгаворы. Колас. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Адноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падаро́жнік 1, ‑а, м.
1. Чалавек, які падарожнічае, вандруе; вандроўнік. Шматлікія гарадскія ратушы, саборы, храмы, палацы вабяць падарожніка. Сачанка. Дапытлівых і смелых вабяць і клічуць дарогі! Адных чакаюць нязведаныя сцежкі падарожнікаў і даследчыкаў, другіх — паветраныя прасторы, трэціх — марскія шляхі. Шыловіч.
2. Той, хто знаходзіцца ў дарозе. Трапілі аднойчы ў тую вёску, дзе жыў Іванка Прастачок, тры старцы-падарожнікі. Куды ні зойдуць — усюды пуста, ні жывой душы: усіх паны на работу пагналі. Якімовіч. Хімка навучала сына Адася.., каб добра пільнаваў хату, — бо .. яны жылі канцавымі і шмат заходзіла падарожнікаў. Гурскі.
падаро́жнік 2, ‑у, м.
Тое, што і трыпутнік. Дарогі той нідзе не было.., было звычайнае поле, якое зарасло скрозь лапушыстым падарожнікам, рамонкам, сівым купчастыя палыном... Сачанка. Двор увесь зарос падарожнікам, густым, цёмным. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падбо́р, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. падабраць (у 1, 5 знач.) і падабрацца (у 1 знач.). // У жывёлагадоўлі і раслінаводстве — адбор для спарвання і скрыжавання з мэтай атрымання лепшага патомства. Падбор раслін. Падбор асобін. Штучны падбор.
2. ‑у. Тое, што падабрана; набор. Падбор кніг у асабістай бібліятэцы. Падбор кветак у букеце. // Спалучэнне (фарбаў). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў... Васілевіч.
3. ‑а. Уст. Абцас, зроблены з кавалкаў скуры. [Ніна] надзела туфелькі на высокіх падборах, адышла ад люстра і азірнулася. Лобан.
•••
У падбор — падрад, у адзін радок, без абзаца.
(Як) на падбор — аб кім‑, чым‑н. аднолькавым па выгляду, якасці і пад. Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’е́зд, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пад’язджаць — пад’ехаць.
2. ‑а. Месца, шлях, па якім пад’язджаюць куды‑н. Гарышны паклаў свой багаж на лавачку, паглядзеў на пад’езд да ракі, на гадзіннік і апусціўся на лавачку і сам. Ракітны. Ціток абышоў усю.., круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан.
3. ‑а. Уваход (звычайна крыты) у будынак. Каля цэнтральнага пад’езда Дома ўрада стаялі грузавыя машыны. Якімовіч. Людзі кідаліся ў двары, у парадныя пад’езды. Лынькоў. Герояў Сацыялістычнай Працы яшчэ не так многа, і калі ўжо ў вашым доме жыве герой, дык яго, як і чэмпіёна свету, ведаюць усе: і ў якім пад’ездзе ён жыве, і па якім паверсе, і якая нават кватэра... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падрабі́ць 1, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.
1. Зрабіць што‑н. фальшывае. Падрабіць дакументы. Падрабіць почырк. □ [Сяргей:] Ёсць у вёсцы такія ўмельцы, у кузні так [кляймо] падробяць, што не адрозніш ад сапраўднага, графскага. Машара. // Зрабіць падобным да чаго‑н. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. І чалавеку дасюль не ўдалося ні толкам перадаць, ні падрабіць яго. Лужанін. — А ну, падрабі мой голас! — казаў пан з усмешкай. Бядуля.
2. Разм. Вяжучы, дабавіць яшчэ трохі; падвязаць. Падрабіць панчоху.
3. Зарабіць дадаткова, падзарабіць. Не прывыкаць [Сцяпану] рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а, дзе трэба, то і граматай падрабіць зможа. Мележ. Антон скоса зірнуў на пачак. Модныя, аднак, заўсёды папяросы курыць [Шпілеўскі]. Мабыць, недзе падрабіў ужо. Савіцкі.
падрабі́ць 2, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што і чаго.
Раздрабіць усё, многае; надрабіць у нейкай колькасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памя́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад памя́ць.
2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі, са складкамі, маршчынамі. У лодцы сядзеў чалавек у сіняй палінялай майцы і шэрым памятым капелюшы. Шашкоў. Пазаўчора з суседняй вёскі .. [людзям] перадалі зачытаную, памятую партызанскую газету. Шамякін. // Які страціў сваю першапачатковую форму ад удару, штуршка; пашкоджаны ўмяцінамі. Пад адхонамі валяліся памятыя цыстэрны, шкілеты вагонаў. Карпаў. Там, на шырокіх дашчаных паліцах і ў вялізных плеценых карзінах, яшчэ можна было знайсці хлеб — праўда, пабіты і памяты. Якімовіч. // Прыбіты, прыгнуты, прытоптаны (аб раслінах). На тым месцы, дзе [людзі] селі на зямлю, асталася пасля іх толькі памятая трава. Чорны. // перан. Заспаны, са слядамі стомы; змораны, нясвежы (пра твар). Якаў застаў Вярбіцкага дома. Той нядаўна прачнуўся, і твар яго быў памяты і нясвежы. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
партрэ́т, ‑а, М ‑рэце, м.
1. Малюнак, рысунак, вялікая фатаграфія чалавека або групы людзей. Скульптурны партрэт. □ На адной сцяне віселі партрэты Карла Маркса і Леніна. Колас. Змітрок і Таня разам глянулі на сцяну, дзе побач з партрэтам бацькі з нядаўняга часу вісеў і матчын партрэт. Ваданосаў. // Разм. Пра таго, хто вельмі падобны да каго‑н. — [Дачка] у яго адна была і, акрамя таго, — выліты партрэт нябожчыцы-жонкі. Мележ.
2. Апісанне знешнасці персанажа ў літаратурным творы. Вось як жывога, дзядзьку бачу. Я тут партрэт яго зазначу. Ён невысок, не надта ёмак. Колас. // Характэрныя рысы, агульная характарыстыка каго‑, чаго‑н. Часта з адзінкавых трапных дэталей або асобных персанажаў ствараецца калектыўны партрэт воінскай масы, народа. Дзюбайла.
•••
Кабінетны партрэт — фатаграфія пэўных памераў (18×24); невялікі партрэт.
[Фр. portrait.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)