азалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., каго-што.

1. Асвяціўшы, надаць чаму‑н. залацісты колер, адценне. Сонца к небасхілу Паспяшала рупна на спакой начны І у раз апошні лес азалаціла... Гурло. // Зрабіць пажоўклым; пазалаціць. Азалаціла восень поле іржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі; абвеяла хаты жытнім пылам; вострым пахам кастрыцы напоўніла вуліцу. Чорны.

2. Разм. Шчодра ўзнагародзіць. [Лазука:] — Дык я ж і кажу, што гэты лён азалаціў і наш калгас, і нас саміх. Сабаленка. [Парторг:] — Тут у аднаго дзядзькі ёсць у садку з паўдзесятка дрэў, дык яны яго азалацілі. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць цвёрдым як камень; ператварыцца ў камень. На тым узгорку, за дарогаю Руды пясок акамянеў. Камейша. // Стаць цвёрдым, сухім ад працяглага ляжання.

2. перан. Стаць нерухомым, замерці; застыць, аслупянець. Стафанковіч спачатку пацягнуў к сабе футра, пасля адхапіў ад яго рукі, як ад агню, і акамянеў у маўклівай позе. Чорны.

3. перан. Страціць здольнасць выяўляць якія‑н. пачуцці (ад вялікага гора, хвалявання), стаць абыякавым да ўсяго. [Луізе] хацелася плакаць, крычаць, кудысьці бегчы, але сэрца акамянела ад крыўды, ногі не слухаліся. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выпіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да выперці.

2. Выдавацца на паверхню, выпінацца. Твар.. [танкіста] быў як набрынялы, і кадык выпіраў з расшпіленага мундзірнага каўняра. Чорны. Вера бачыла яго чорныя ўскудлачаныя валасы і вострыя лапаткі, што выпіралі з-пад бэзавай тэніскі. Асіпенка. // перан. Разм. Яскрава выяўляцца, прарывацца. У рысах майго твару не было той лагоднай сіметрыі, якая, мне тады здавалася, так падабаецца дзяўчатам; выпірала нейкая вуглаватасць, а шэрыя з жаўцізной вочы глядзелі пранікліва. Карпюк. Праз гэтую ціхую фразу так і выпірала наверх злосць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́трасці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; пр. вытрас, ‑сла; зак., што.

1. Трасучы, высылаць, выкінуць што‑н. Вытрасці траву з мяшка. □ Развязан куль. Тут гоман, смех, І рыбу вытраслі на снег. Колас. // Згубіць. [Марынчук:] — Кісет з махоркай прапаў. Ці я вытрас яго ўчора, ці ўкраў хто... С. Александровіч.

2. Трасучы, ачысціць ад чаго‑н. Вытрасці пыл з коўдры. Вытрасці дыван. / у перан. ужыв. [Каваль:] — Мы з табой заўтра пагаворым? Я з цябе гэтую чумакоўшчыну вытрасу! Савіцкі.

•••

Вытрасці душу (дух) — а) змучыць дарогай; б) надакучыць каму‑н. кпінамі, сваркай, скаргамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кандыдату́ра, ‑ы, ж.

1. чыя. Магчымасць ці права каго‑н. выступаць у ролі кандыдата (у 1 знач.). Васіль Бусыга быў кандыдат у валасныя старшыні, але рэвалюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру. Колас. // Чыя‑н. асоба ў ролі кандыдата. Шаманскі назваў кандыдатуру Паўла Дэшкі. Дуброўскі. Каржакевічаву кандыдатуру .. выставілі на перавыбарах. Крапіва.

2. Тое, што і кандыдат (у 1 знач.). — Была ў нас затрымка з начальнікам штаба, не было добрай кандыдатуры. Лынькоў. Парторг паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры для рабочага прэзідыума. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загарто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. загартоўваць — загартаваць.

2. перан. Выхаванне стойкасці, вынослівасці. Загартоўка цела.

3. Цвёрдасць сплаву, нададзеная яму шляхам загартоўвання. Сталь высокай загартоўкі. □ [Разцы] выкрышваюцца ад таго, што залішне награваюцца і губляюць сваю загаргоўку. Кулакоўскі.

4. перан. Стойкасць, вынослівасць, набытыя ў барацьбе з цяжкасцямі або ў працэсе трэніроўкі; загартаванасць. — Будзем разлічваць, таварыш камісар, на баявую загартоўку нашых партызан.., — сказаў бацька Цімох. Сіняўскі. Каторы раз выручала хлопца яго немалая прыродная дужасць, непераборлівасць да ўмоў жыцця і, вядома, суровая армейская загартоўка. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заглу́хнуць, ‑не; пр. заглух, ‑ла; зак.

1. Стаць нячутным, заціхнуць. Нейкі камяк зацяў горла, і крык заглух. Хадкевіч. Заглухла цяжкіх бомб выццё. Прануза. // Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра матор, рухавік, кулямёт і пад.). Калі матор чмыхнуў і заглух, Каліта высунуўся з люка. Паслядовіч.

2. Стаць занядбаным, закінутым. Сад заглух. Сядзіба заглухла. // перан. Спыніць развіццё, зачахнуць. — Заглухнеш ты тут, звянеш без часу. Хадкевіч.

3. перан. Загаснуць, прытупіцца, забыцца (пра пачуцці, думкі і пад.). А памяць аб Раманчыку так і заглухла, і толькі я цяпер успамінаю яго. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зле́гчыся, злягуся, зляжашся, зляжацца; пр. злёгся, злеглася і зляглася, злеглася і зляглося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш цвёрдым, шчыльным ад доўгага ляжання. — А снег так злёгся, што рыдлёўка яго не бярэ, хоць сякерай сячы. Чарнышэвіч. Калі Юрка не думае пра Жэньку, чуе тады, як зноў пад ім шапаціць сухое сена, — не зляглося яшчэ: нядаўна прывезлі з Цянёў з бацькам два вазы. Пташнікаў.

2. Абл. Звязацца, падружыцца з кім‑н. — Сам ведаеш: злягліся яны з Юзікам Громам. Людзі ўжо гавораць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лісцвяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лісця. Лісцвяны гушчар. Лісцвяны шолах. // Які складаецца, ўтвараецца з лісця; накрыты, усланы лісцем. Лісцвяны подсціл. □ І часта, па начах, калі праз лісцвяны дах хаціны паблісквалі буйныя паўднёвыя зоры, ..лорд думаў пра жыццё, пра яго недарэчнасць. Лынькоў.

2. Які мае лісце, з лістамі; лісцевы. Пышнае ўбранне лісцвяных дрэў, асабліва бяроз, сям-там пачынае жаўцець. Паслядовіч. // Які складаецца з дрэў з лісцем. Вецер .. абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў лісцвяны маладняк. Быкаў. [Вялічка:] — Направа будзе лісцвяны лясок. За ім вёска. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Заспець поезд на станцыі. □ Як я ні спяшаўся, цёткі Агапы на вуліцы ўжо не заспеў. Сачанка. Грай не дайшоў да хаты, чырвонаармеец заспеў яго ля самага ганка. Мікуліч.

2. Застаць, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч заспела падарожнікаў у лесе. □ Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)