прырва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
Разм. Дабрацца, дапасці да чаго‑н. вельмі жаданага. Прырвацца да яды. □ Ды і як жа ехаць, калі пад нагамі ды вакол такая зямля багатая, сібірская! Рады былі мы, што да яе прырваліся, дык ужо не хацелі з яе сыходзіць. Галавач. Аралі — хто дзе як прырваўся, і ўдоўж і ўпоперак. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытупі́цца, ‑ту́піцца; зак.
1. Стаць тупейшым, крыху затупіцца. Нож прытупіўся. Канькі прытупіліся. □ Ужо каса мая Прытупілася: Не бярэ сіўцу, Замарылася. Купала.
2. перан. Страціць адчувальнасць, стаць менш успрыімлівым да чаго‑н. Боль прытупіўся. Увага прытупілася. □ Здаецца, ранейшае прыкрае пачуццё неяк прайшло ўжо. А калі і не прайшло, дык прытупілася. Чыгрынаў. Максіму здавалася, што жаданне есці прытупілася. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́хваткамі, прысл.
У перапынках паміж іншымі справамі і заняткамі; нерэгулярна, урыўкамі. Паэма пісалася прыхваткамі, аўтара часта адрывалі грамадскія абавязкі, нямала часу забіралі палітычныя злабадзённыя вершы і публіцыстычныя артыкулы. У. Калеснік. — Дык калі ж я табе шалік зраблю? Толькі прыхваткамі і раблю... Васілевіч. Раней не даводзілася, каб па-людску сеў ды пад’еў, а ўсё прыхваткамі, на хаду. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рамяство́, ‑а; мн. рамёствы, ‑аў; н.
Вытворчасць якіх‑н. вырабаў ручным саматужным спосабам з дапамогаю простых прылад. Ганчарнае рамяство. □ Непадалёк ад нас жыла сястра маёй маці з мужам шаўцом — саматужнікам, у якога я стаў вучыцца рамяству. А. Александровіч. // Прафесія, занятак. [Астап:] — Ах ты, кажу, падшыванец!.. Не хочаш вучыцца — дык асвойвай бацькава рамяство, садзіся за машыну і круці баранку. Капусцін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрэ́мзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм.
1. Пакрыць рознымі штрыхамі, неакуратна, невыразна спісаць, счыркаць. Вунь колькі ўжо старонак у сшытку скрэмзаў, а канца не відно! Шыловіч.
2. Закрэсліць у многіх месцах, зрабіць многа паправак, дапісванняў. На яго думку, артыкул быў напісаны востра, дасціпна, але калі я ўзяўся чытаць, дык рука мая мімаволі скрэмзала кожны сказ. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скубану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Аднакр. да скубці (у 1–5 знач.).
2. Разм. Параніць. Там, каля далёкага мангольскага возера Буір-Нур, Панасюка скубанула асколкам сталі. Навуменка.
3. перан. Разм. Урваць сабе, украсці. [Алена:] — А хто .. думае, каб даць нашаму калгасу менш, а скубануць з яго больш — дык няхай ён лепш нам не замінае. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
торк, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. торкаць і торкацца. [Галя:] — Я кажу: «Дзед, канцылярыя не налічае». Дык ён кукіш мне пад нос торк. «Во і табе і тваёй канцылярыі». Во стары цяльпух, а? Ермаловіч. [Курнеў:] Другі стаіць ля станка і ні бэ ні мэ, торк сюды, порк туды, а станок — ні з месца. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улюбі́цца, улюблюся, улюбішся, улюбіцца; зак.
Закахацца ў каго‑н. [Люднікаў:] Дык чаго ты плакала, можа, улюбілася ў каго? [Ніна:] Я не ўлюбілася. Кучар. // Захапіцца чым‑н., паддацца хараству чаго‑н. Улюбіцца ў кнігі. □ Ленінград! Я ўлюбіўся ў тваю прыгажосць! Ставер. Але мы, улюбіўшыся насмерць у шляхі, пракладзеныя ў заўтра, навучылі песню разумець, што ў змаганні і загінуць варта. Таўлай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упара́дкавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.
1. Навесці ў сябе належны парадак, справіцца з чым‑н., ухадзіцца. [Бацька:] — Дык ты [сын] едзь... але пачакай: з’ездзіш па клункі .. Упарадкуйся тут. Бо не будзе чакаць ярына: авёс жа трэба сеяць. Баранавых. // Пайсці на лад, наладзіцца. Жыццё горада паступова ўпарадкавалася.
2. Стаць добраўпарадкаваным. Разросся горад над Пінай, паглынуў ваколіцы і ўпарадкаваўся, папрыгажэў. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушчыльну́ю, прысл.
1. Шчыльна, цесна. А побач з дзесятак калгасных машын. На іх ушчыльную радамі Даўгія-даўгія пляцёнкі-кашы З наспелымі дынямі і кавунамі. Зарыцкі.
2. Гранічна блізка; непасрэдна прымыкаючы, датыкаючыся. Кусты абапал сцяжынкі часам сыходзіліся ўшчыльную. Хадановіч. Абапал дарогі, ушчыльную падступаючы да яе, драмалі хмызнякі. Асіпенка. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька, сціснуўшы кулакі, ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)