дружы́на, ‑ы, ж.

1. У Старажытнай Русі — група з прыбліжаных князя, якая складала асноўнае яго войска і прымала ўдзел у кіраванні княствам. Дружына полацкага князя.

2. Добраахвотнае аб’яднанне, група, атрад, створаныя з якой‑н. мэтай. Баявыя рабочыя дружыны. Санітарная дружына. Пажарная дружына. Піянерская дружына.

•••

Народная дружына — добраахвотная арганізацыя ў СССР, якая дапамагае міліцыі ў ахове грамадскага парадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Прысутнічаць, знаходзіцца дзе‑н., прымаючы ўдзел у чым‑н. Фігураваць на судзе ў якасці сведкі. // Называцца, упамінацца. Бобчынскі і Добчынскі фігуруюць у класічнай рабоце У.І. Леніна «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» у якасці прадстаўнікоў «новых філасофскіх школак». «Полымя». А цераз год У лесе зноў сабраўся сход, Зноў фельетон Янотаў разбіралі, Але цяпер фігураваў там... Крот. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кіпе́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. кіпець (у 1, 2 знач.). Тэмпература кіпення.

2. перан. Бурнае праяўленне чаго‑н., душэўнае хваляванне, ўздым. Творчае кіпенне. □ — Юнацтву ўласціва кіпенне, бурленне, — казаў далей абаронца: — Колькі юнакоў-студэнтаў прымала ўдзел у дэманстрацыях, у выступленнях, у бунтах супроць таго ці іншага грамадскага парадку, супроць закону! Хіба можна называць іх злачынцамі? Колас.

•••

Пункт кіпення гл. пункт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

энтузія́зм, ‑у, м.

Высокая ступень натхнення, захаплення, душэўны ўздым. Знімаючы паліто, Лабановіч спытаў Шырокага: — Але не баіцеся вы, Тарас Іванавіч, што прымаеце нас, адшчапенцаў, крамольнікаў, ды яшчэ з такім энтузіязмам? Колас. Поўныя энтузіязму, не спыняючыся ні перад якімі цяжкасцямі, яны [камсамольцы] прымалі самы актыўны і непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні планаў індустрыялізацыі, у правядзенні калектывізацыі сельскай гаспадаркі, у вырашэнні задач культурнага будаўніцтва. Машэраў.

[Ад грэч. enthusiasmós — высокая ступень натхнення, душэўны ўздым.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэмакра́тыя, ‑і, ж.

1. Палітычны лад, пры якім вярхоўная ўлада належыць народу. Сацыялістычная дэмакратыя.

2. Спосаб кіраўніцтва якім‑н. калектывам, які забяспечвае шырокі ўдзел і рашаючы ўплыў усяго калектыву. Унутрыпартыйная дэмакратыя. Прафсаюзная дэмакратыя.

•••

Буржуазная дэмакратыя — палітычны лад, пры якім парламентарызм з’яўляецца прыкрыццём дыктатуры буржуазіі над працоўнымі.

Народная дэмакратыя — палітычны лад у радзе краін Еўропы, які выконвае функцыю дыктатуры пралетарыяту для ліквідацыі капіталістычных элементаў і пабудовы сацыялістычнай грамадства.

[Ад грэч. dēmos — народ і kratos — сіла, улада.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць; зак.

1. што. Доўга або ў нязручнай паставе седзячы, давесці да здранцвення якую‑н. частку цела. Адседзець нагу.

2. Прабыць, праседзець нейкі час дзесьці. [Эма] скардзілася, што ёй цяжка, што.. [Іван] не памагае ў хатняй рабоце. А яму хіба лёгка было? Яна ж адседзіць, адбалбоча .. восем гадзін, і ўсё, які там цяжар. Марціновіч.

3. Адбываючы пакаранне, прабыць які‑н. тэрмін у турме. Я. Колас за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і рэвалюцыйныя творы адседзеў тры гады ў ліпскім астрозе. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спачува́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спачуваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які спачувае каму‑, чаму‑н. Я стаяў, нібы аглушаны доўбняй, пакуль разышліся гутарлівыя і спачуваючыя суседзі і суседкі. Бядуля.

3. у знач. наз. спачува́ючы, ‑ага, м.; спачува́ючая, ‑ай, ж. Той (тая), хто падтрымлівае дзейнасць якой‑н. партыі, арганізацыі, хто ідэйна блізкі ёй. 10 мая 1919 г. на Маскоўска-Казанскай чыгунцы быў праведзены першы масавы камуністычны суботнік. У ім прынялі ўдзел 205 камуністаў і спачуваючых. «Весці».

4. Дзеепрысл. незак. ад спачуваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.

1. Паставіць свой подпіс пад чым‑н. Лабановіч доўга пазіраў на гэту паперку. Нават не напісала [Ядвіся], куды едзе, і сама не падпісалася... Колас. Аўтар чамусьці не падпісаўся і не падаў свайго адраса. Рэдактар пакруціў канверт — адваротнага адраса і там не было. Грамовіч.

2. Заключыць умову на дастаўку, прысылку падпіснога выдання, унёсшы пэўную плату. Падпісацца на збор твораў. Падпісацца на газету «Звязда». // Выказаць жаданне на ўдзел у зборы якіх‑н. сродкаў, ахвяраванняў і пад. Падпісацца на пазыку.

•••

Падпісацца абедзвюма рукамі пад чым — ахвотна і поўнасцю згадзіцца з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ли́чный

1. (относящийся к личности, персональный) асабі́сты;

ли́чное уча́стие асабі́сты ўдзел;

ли́чная заинтересо́ванность асабі́стая заціка́ўленасць;

ли́чные ве́щи асабі́стыя рэ́чы;

ли́чное мне́ние асабі́стая ду́мка;

ли́чная охра́на асабі́стая ахо́ва;

2. (относящийся к лицам) асабо́вы;

ли́чный соста́в асабо́вы склад;

3. грам. асабо́вы;

ли́чное местоиме́ние грам. асабо́вы займе́ннік.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

партнёр, ‑а, м.

Удзельнік якой‑н. гульні, размовы і пад. Твары партнёраў, рэзка змененыя прагавітасцю да грошай, яшчэ больш павялічвалі непрыемнае адчуванне. Колас. Пачутыя навіны так уразілі Клопікава, што ён адразу.. забыўся і на варожую пешку і на свайго партнёра. Лынькоў. // Той, хто разам з кім‑н. прымае ўдзел у тэатральных спектаклях, спартыўных гульнях, танцах і пад. На гэты раз Рыгорка адразу пачуў падказку, радасна ўскінуў галаву і на ўсю залу грымнуў свайму збянтэжанаму партнёру: «Не так!» Краўчанка. Танцавала Зіна лёгка папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік. // Кампаньён у якой‑н. справе. Савецкі Саюз — буйнейшы гандлёвы партнёр Балгарыі. «Звязда».

[Фр. partenaire.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)