якра́з,

1. прысл. У гэты час, у гэты момант. Тут якраз увайшоў у хату дзядзька Антось. С. Александровіч.

2. прысл. У поўнай адпаведнасці, дакладна, у самы раз. Кузня стаяла якраз насупраць бацькавай хаты. Каваленка. Порткі яго [Алега] прыйшліся палоннаму амаль якраз. Брыль. Уля памерала тады — лодачкі былі якраз па назе. Паўлаў.

3. прысл. Іменна, менавіта. Новыя доследы якраз больш цікавяць юных натуралістаў, заахвочваюць іх да працы. Дубоўка. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка.

4. прысл. (у спалучэнні са словам «як»). Кропля ў кроплю. Сын — якраз як бацька. □ Зрабілася ад ліўняў і ад сонца [вушанка] Якраз як сівагракава крыло... Барадулін. Якраз як і ў аўтобусе Гуд зыбкі ў галаве. Смагаровіч.

5. у знач. вык. Як па мерцы, як на мяне (на яго, на яе). Аднойчы прымераў [світар]. Якраз на мае плечы. І ўзор наш, мой. Янкоўскі.

6. у знач. часціцы. Ужываецца для большай канкрэтызацыі, удакладнення асобы ці прадмета, для ўзмацнення якасці каго‑, чаго‑н. [Макар Белкін:] — Вось... Начальніка цэха Мышкоўскага можна крытыкнуць. Працуюць у яго там дрэнна, без аганьку. Якраз кандыдатура ў сатырычную газету. Шымук. Шмат год назад сказаў выдатна Маркс: Жыццё для чалавека — барацьба. Відаць, праблема першая якраз Перамагчы ў самім сабе раба. Семашкевіч. А Грышка тым часам бегаў каля ракі. Якраз па тым баку ішоў з вудамі рыбак. Колас. // Ужываецца для падкрэслівання і азначэння таго, што маецца на ўвазе; сапраўды, так, праўда. Анежка, якраз як дзіця, сарамліва апусціла вочы. Броўка. А Рыгор якраз падыходзіць да мясцовых умоў: селянін і гэткі верны сацыялізму. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.

1. каго. Забіць усіх, многіх; знішчыць. Перабіць ваўкоў. □ [Чалавек:] — А мы, вось.. толькі што ўцяклі з Пярэжырскага лагеру... Варту перабілі і ўцяклі... Лынькоў.

2. што. Разбіць усё, многае. — Асцярожней, Саша, асцярожней! — камандавала .. [Люся] шафёру. — У гэтай скрынцы посуд! Хоць бы не перабіць нам яго. Шашкоў.

3. што. Ударыўшы, зламаць, пераламаць. Учора, калі адыходзілі ад чыгункі, асколкі міны перабілі .. [Пецю] абедзве нагі. Шашкоў. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.

4. што. Разм. Раздзяліць памяшканне сцяной, перагародкаю на часткі, пакоі. [Тарэнта:] — Я з разлікам раблю: можа, калі разбагацею, дык тады пераб’ю .. [хату] на дзве палавіны. Галавач.

5. што. Парушыць натуральны ход, развіццё якіх‑н. падзей, з’яў і пад. Перабіць сон. □ [Лабановіч] .., стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Колас. Належныя словы не прыходзілі, і грэх было перабіць тое маўчанне, з якім пакідалі плошчу трое. Янкоўскі.

6. каго-што. Не даўшы дагаварыць, перарваць. Перабіць прамоўцу рэплікай. □ — Туманна, доктар, тлумачыце, — жуючы ў зубах патухшую папяросу, перабіў Анішчанку Громаў-Дар’яльскі. Васілевіч.

7. што. Перашкодзіць каму‑н. ажыццявіць, здзейсніць што‑н. Перабіць куплю.

8. што. Заглушыць, перасіліць што‑н. Дым перабіў пах смалы. □ Калі гарачае сонца высушыць абшары, густыя травы зноў набудуць сваю тонкую пахучасць. Так і трымаецца яна аж да тае пары, пакуль пабялелая збажына не пераб’е яе своеасаблівым водарам спелага жыта. Асіпенка. Міканор адрэваў скібу хлеба, сам дастаў гуркоў і тым перабіў голад. Мележ. Потым, калі зразумеў, што немагчымае адбылося, [Каваль] пераключыў хуткасць і зарагатаў, закрычаў, намагаючыся крыкам перабіць боль у нагах. Савіцкі.

9. што. Узбіць нанава, зрабіць больш мяккім, пульхным. Я, заскочыў на воз, разгарнуў там салому, перабіў, ператрос, ды і лёг. Дубоўка.

10. што. Прыбіць іначай або ў іншым месцы. Перабіць кручок. Перабіць вешалку ў другі кут.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апо́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца на самым канцы чаргі, шэрагу падобных прадметаў, з’яў. На апошняй платформе, хутаючыся ў каўнер кажуха, стаяў вартавы. Мележ. Зораў у апошні раз паспрабаваў адгаварыць Каленіка ад задуманага ім плана. Паслядовіч. Апошняму госцю лыжка ў качарэжніку. Прыказка. // Перадсмяротны. [Зарэччы:] Сябры, таварышы мае, Мой час апошні настае. Бачыла.

2. Адзіны, астатні. І мы не раз з табою ў бітвах Сухар апошні раздзяляла. Прыходзька. // Які падыходзіць к канцу, канчаецца. Сабраўшы апошнія сілы, плюнуў Васіль проста ў вочы палкоўніку. Лынькоў. // у знач. наз. апо́шняе, ‑яга, н. Тое адзінае, што засталося. [Туляга:] [Гарлахвацкі] шчыры, душэўны. Гатоў з чалавекам апошнім падзяліцца. Крапіва.

3. Які адбыўся непасрэдна перад чым‑н. Але гэта былі не апошнія словы развітання. Янкоўскі. // Які толькі што з’явіўся, самы новы. Апошнія паведамленне Апошняе дасягненне тэхнікі. Апошняя мода. □ Праходзяць суседзі і ціха пытаюцца Пра Дон і Растоў, пра навіны апошнія. Панчанка. Асабліва.. [Зоя] любіла кінаартыстаў, запісвала новыя песні з апошніх фільмаў і адчувала сябе шчасліваю. Грахоўскі. // Які толькі што мінуў (пра тэрмін, час). Гэта вада фактычна і была.. адзінай ежай [Мірона і Віктара] за апошнія суткі. Маўр.

4. Канчатковы, рашаючы, заключны. Апошняя цана. Апошняе слова. □ Ведаю — страт яшчэ будзе нямала І ў пераможным апошнім баі. Танк.

5. Вышэйшы, крайні. Апошні сродак. □ Міхалка заўважыў, што бацька гатоў быў пайсці на самую апошнюю сваю прыніжанасць, абы накарміць сваіх дзяцей. Чорны.

6. Самы нязначны з усіх падобных; дрэнны. [Байсак:] — Калі я п’ю, я не чалавек тады, я апошняя жывёліна, без волі, без розуму. Лынькоў. // Непрыстойны (пра брыдкія словы). Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнімі словамі. Якімовіч.

7. Гэты, толькі што названы. Стала відаць, хто што думае і хто чаго хоча, і хто сам не ведае, што яму думаць і чаго хацець. А гэткія, апошнія, таксама былі. Чорны.

•••

Апошні акорд гл. акорд.

(Апошні) крык моды гл. крык.

Апошні з магікан — апошні прадстаўнік чаго‑н.

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) гл. слова.

Апошняя гадзіна гл. гадзіна.

Апошняя дарога гл. дарога.

Да апошняга — поўнасцю, да канца, без астачы.

Да апошняга каліва гл. каліва.

Да апошняй капейкі гл. капейка.

Да апошняй кроплі (каплі) крыві гл. кропля.

Да (апошняй) ніткі гл. нітка.

З апошніх сіл гл. сіла.

Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні гл. першы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́заць, рэжу, рэжаш, рэжа; незак., каго-што.

1. Чым‑н. вострым раздзяляць на часткі. Рэзаць нажом хлеб. Рэзаць шкло. Рэзаць паперу. □ [Аміля] рэзала вялікім нажом буракі і кідала карове. Чорны. // без дап. Дзейнічаць пры выкарыстанні (пра вострыя прылады). Нажніцы добра рэжуць. Нож тупы, не рэжа. // Пілаваць. Асабліва любіў .. [Віктар Сяргеевіч] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду. Якімовіч. // Раніць, пашкоджваць чым‑н. вострым. Сухая асака, купіны да крыві рэзалі рукі, драпалі твар. Шамякін. // Імклівым рухам рассякаць, раздзяляць (паветра, ваду і пад.). Параход мой будзе грозна Рэзаць хваляў грудзі. Купала. Леўкін задзірае галаву. Моўчкі глядзіць на кранаўшчыка, потым прыпадымае крыху руку і імклівым рухам рэжа паветра. Дадзіёмаў. // перан. Праходзячы, пралягаючы, раздзяляць (пра дарогу, рэчку і пад.). У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі, Рэжуць нетры лясоў, Точаць грудзі зямлі. Колас. Перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Мележ.

2. Разм. Рабіць аперацыю, разразаць. На твары ў хірурга кроплі поту. Адна з сясцёр узяла марлевы тампон, выцерла твар хірурга. «Спакойна рэжа», — падумаў веставы і выйшаў. Асіпенка.

3. Забіваць чым‑н. вострым. Рэзаць курэй. Рэзаць авечку. □ Гэтых людзей ніхто не біў, не рэзаў, не страляў. Яны перамёрзлі.. у тую завейную ноч. Лынькоў. Усю ноч .. [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін. // Разм. Загрызаць. Воўк рэзаў авечак.

4. Рабіць балюча, непрыемна. То на камень ён [Мікіта] сядзе пры лесе У новай турбоце І рукой у халяву палезе — Рэжа цвік яму ў боце. Куляшоў. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў .. голыя рукі. Пташнікаў. Гаркаваты дым поўніў паветра, лез у нос, рэзаў вочы. Васілевіч. / у безас. ужыв. Пакой зноў наліўся яркім святлом, аж пачало рэзаць у вачах. Асіпенка.

5. Разм. Ставіць дрэнную адзнаку на экзамене. З таго часу наш «святы айцец», як пачуе, што [семінарыст] з Мінскай губерні, робіцца вар’ятам, усіх рэжа на экзаменах. Сяргейчык.

6. і без дап. Разм. Гаварыць проста, адкрыта, без хітрыкаў. — А па-другое, я не люблю, калі ў дзяўчыны вось тут вецер. Галя паказвае на Ірын лоб. — У цябе самой вецер! — рэжа Іра. Гарбук. [Алаіза] глядзела, як Піліп распранаўся, прычэсваў на прабор свае валасы, і думала, што сапраўды адчувае прыязнасць да гэтага чалавека, што ёй падабаюцца яго неспакой, шчырасць, з якой ён заўсёды рэжа ўсё, што думае. Арабей.

7. Разм. Рабіць што‑н. з азартам. Азартна рэжуць туз на туз, Чырвоны туз на туз віновы. Аўрамчык. — А помніце яшчэ, як Давыд Агафонаў рэзаў. От ужо граў! І ўсё вальс любіў. Ракітны. Ля машыны ўжо .. скокі, рэжуць гармонікі. Кірэйчык.

•••

Вуха (вушы) рэжа (дзярэ) — рэзка, непрыемна гучыць, раздражняе.

Рэзаць без нажа — губіць, ставіць у безвыходнае становішча.

Рэзаць праўду (у вочы) — гаварыць смела, адкрыта праўду. [Вусаты:] — Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

такі́ 1, о́га, м.; така́я, ‑о́й, ж.; тако́е, ‑о́га, н.; мн. такі́я, ‑і́х; займ.

1. указальны. Указвае на якасць, уласцівасць асобы, прадмета, азначаючы: менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей. Хіба ж не міл і час такі На схіле лецейка, пад восень, Калі па верасах між сосен Пачнуць расці баравікі? Колас. // Дакладна такі, такі, як быў. Мінула столькі часу, а ён такі, як быў. // Падобны да іншага. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

2. указальны. Выкарыстоўваецца як слова, якое ўводзіць наступны тэкст, у значэнні: іменна той, які адпавядае таму, што будзе сказана далей. [Старшыня:] — Нам рукі трэба, разрываешся тут, а ён [Андрэй], такі мужчына: мядзведзі, качкі... Страляе па лесе... Пташнікаў. Ранейшае жыццё было такое: ураднік забярэ, суддзя абдзярэ, гандляр абкрадзе. Янкоўскі.

3. азначальны. Пры назоўніках і прыметніках, якія абазначаюць уласцівасць, стан і пад., указвае на большую, вялікую ступень, стан і пад. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я [студэнт] такі худы. Маляўка. Распісалі сваякі Яся, хто як можа: — А разумненькі такі! — А такі прыгожы! Кляўко. [Жанчына:] — Як жа, мой сынок, не заплакаць, калі тут [у вершы] кожнае слова такое пякучае. «ЛіМ». // Пры азначальным слове служыць для выдзялення, падкрэслівання якой‑н. якасці, уласцівасці. А трэці [паравоз] — якая-небудзь кукушка — не гудзіць, а проста пасвіствае галаском такім тонкім, пранізлівым. Лынькоў.

4. азначальны. Разм. Выкарыстоўваецца звычайна ў клічных сказах для ўказання на незвычайнасць, дзівоснасць (пры хвальбе або ганьбаванні каго‑н.). І песням першы раз сягоння Такая шыр, такі прастор! Танк. Яна [Наста] — настаўніцай. Ён [Андрэй] — старшынёй. І ўсе зайздросцілі — такая пара! З. Астапенка.

5. азначальны. Разм. У спалучэнні з займеннікамі «хто», «што», «які» выкарыстоўваецца для падкрэслівання і выдзялення іх, падаючы значэнне іменна. [Вера:] А што такое з Тамарай? Крапіва. — Што там такое? — стрымана запытаў бацька. Кулакоўскі.

6. у знач. наз. тако́е, ‑ога, н. Нешта, што звяртае ўвагу: смешнае, незвычайнае, страшнае і пад. — Як вы [цётка Хрысця] маглі падумаць такое? — прашаптала, задыхаючыся, Тацяна. Шамякін.

•••

Да такой ступені гл. ступень.

Ёсць такая справа! гл. справа.

Такая справа гл. справа.

Такі ж, як — зусім падобны на каго‑, што‑н.

Такім макарам гл. макарам.

Такім парадкам гл. парадак.

Такім чынам гл. чын.

Такой бяды гл. бяда.

У такім выпадку — тое, што і у такім разе.

У такім разе гл. раз.

Што тут такога? — выкарыстоўваецца пры няясным пытанні ў значэнні: што асаблівага (добрага ці дрэннага) у тым, што зроблена кім‑н.

такі́ і -такі 2, часціца.

Разм.

1. Выкарыстоўваецца пры знамянальных словах (часцей пры прыслоўі), падкрэсліваючы іх значэнне. Кошык быў амаль поўны, а грыбы яшчэ трапляліся. Іх такі многа пад мохам. Навуменка. [Тацяна:] — А от абцасы ладна такі пазбіваліся, трэба будзе неяк падрамантаваць. Васілёнак.

2. Пры дзеяслове выступае ў значэнні: тым не менш, усё ж, усё-такі. І такі прыкмеціў: Не дзяўчына — ружа. Гілевіч. Даказалі-такі цуду: Конь, мужык на свеце — сіла! Купала.

3. Уваходзіць у склад некаторых слоў: даволі-такі, зноў-такі, так-такі і пад. Сонца яшчэ не ўзышло, і было даволі-такі халаднавата, аж рукі стылі. Чарнышэвіч. Валодзька .. таўчэ каленам у надзьмуты жывот [каня] і лаецца, зноў-такі смеючыся. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую вагу, з грузам вялікай вагі. Калун быў вялікі і цяжкі. Якімовіч. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спінай. Ракітны. / Аб прадметах большай вагі, аб’ёму, як звычайна. Цяжкія кроплі. Цяжкія каласы. □ [Кацярына] ціха плакала. Цяжкія слёзы каціліся адна за другой па твары. Васілевіч. Усе яны анямелі, здаецца, перасталі дыхаць, у каго скацілася, у каго толькі набегла цяжкая мужчынская сляза. Янкоўскі. // Які пакідае ўражанне вялікай вагі, цяжкасці (буйнымі памерамі, цёмным колерам, характарам прапорцый). Цяжкія хмары. □ Неба чорнае, цяжкае і таксама мёртвае. Гамолка.

2. Вялікі, грузны (пра чалавека, жывёлу). Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе. В. Вольскі. // Масіўны, грувасткі, вялікі (пра пабудовы, мэблю і пад.). Страшны замак, цяжкі, грозны. Пара вежаў, як адна. Колас. Хтосьці барабаніў рукамі па раялі, хто трымаў партрэты польскіх каралёў у цяжкіх залачоных рамах, а хто калом вокны павыбіваў. Бядуля.

3. Пазбаўлены лёгкасці, прыгажосці, хуткасці (пра паходку, рух і пад.). [Ян] пайшоў да дзвярэй цяжкай хадой стомленага чалавека. Чарнышэвіч. [Лукаш] ішоў ззаду ўсіх сваёй цяжкаю паходкай. Сабаленка. // Пазбаўлены тонкасці, прыгажосці, занадта пышны ці грувасткі, нязграбны. Цяжкі стыль. Цяжкі пераклад.

4. Які патрабуе вялікай працы, энергіі, сіл, напружання для ажыццяўлення, разумення і пад. Шлях быў цяжкі наш і доўгі, Гартаваны ў барацьбе. Астрэйка. Усё прыходзіла з гадамі, Набыта цяжкаю цаной: Ад неўсвядомленага «ма-ма» Да бессмяротнага «За мной!» Жычка.

5. Які пераадольваецца з цяжкасцю; абцяжараны, з турботамі. Суцяшаў, суцяшаў дзед [Міколку], але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Лынькоў. Маці наша расказвала, што маленства ў хроснага было цяжкае: сіратой ды калекам пры нямоглай матцы і старэйшым браце. Брыль. // Разм. Які з цяжкасцю паддаецца выхаванню, уздзеянню. [Вера Мікалаеўна:] — Не згодна я. Няма цяжкіх дзяцей! «Звязда». // Які звязаны з хваравітымі адчуваннямі, болем. У .. [Марыны Архіпаўны] былі вельмі цяжкія роды. Шамякін. // Вельмі сур’ёзны, небяспечны (пра хваробу ці стан хваравітасці). Аляксея Шыраева даставілі ў Рэчыцу, у спецыяльны санаторый, у вельмі цяжкім стане. «Беларусь».

6. Сумны, змрочны, пануры. А з мястэчка партызаны неслі цяжкую навіну. Паўлаў. // Які выражае змрочнасць, суровасць, панурасць. Андрэй цяжкім позіркам акінуў сястру. Чарнышэвіч. Паліцай адарваўся ад дакумента, цяжкім позіркам укалоў Сцяпана. Шыцік.

7. Вельмі густы, моцны, непрыемны (пра паветра, пах і пад.). Паветра вельмі цяжкае, душыць, няма дзе дзецца... Бядуля. Кіслы, цяжкі дух сустрэў Якуба, калі ён пераступіў парог свае хаты. Крапіва.

8. Які мае вялікія габарыты і магутную зброю. Супраць крэпасці было выстаўлена дзевяць лёгкіх і тры цяжкія артылерыйскія батарэі 45‑й дывізіі. «Беларусь». // Які вырабляе машыны вялікай магутнасці і вялікіх габарытаў. Цяжкае машынабудаванне.

9. Змрочны, невясёлы, сумны. Цяжкія думкі перабіў скрып варот у гумне і моцны смех. Васілевіч. [Жонка] варочалася з боку на бок, накрываючыся з галавою, нібы хаваючыся пад коўдру не толькі ад Вацікавага храпення, а і ад цяжкіх думак. Марціновіч. // Непрыемны, нязручны. Дзяўчына адвярнулася і хутка пайшла назад, нібы ўцякаючы ад гэтага месца. Уражанне было вельмі цяжкае. Маўр. Ведала [Ганна]: будзе непрыемная, цяжкая гаворка, але гатовая была да яе. Мележ.

10. Навіслы, змрочны. Цяжкая хмара была ўжо зусім блізка. Гамолка. // перан. Які цісне, маральна ўшчамляе. Словы паліцыянта, здавалася, былі цяжкія, як волава. Сабаленка.

11. Моцны, вялікі, глыбокі; які з цяжкасцю праходзіць, адбываецца, утвараецца, звязаны з непрыемнымі фізічнымі адчуваннямі. Цяжкае гора. Цяжкі сон. □ І, выдых хаваючы цяжкі, Карэнні хаваюцца ўглыб. Гаўрусёў.

•••

Цяжкая атлетыка гл. атлетыка.

Цяжкая вада гл. вада.

Цяжкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Цяжкая прамысловасць гл. прамысловасць.

Цяжкія металы гл. метал.

Цяжкая рука; цяжкі на руку гл. рука.

Цяжкі на пад’ём — а) пра чалавека, якога цяжка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.; б) пра таго, хто з неахвотай прымаецца за што‑н., ідзе на што‑н.

Цяжкі хлеб гл. хлеб.

цяжкі́, а́я, ‑о́е.

Тое, што і ця́жкі. [Чарнавус:] Дапамажыце выйсці з цяжкога становішча, у якое я трапіў з нечае ласкі. Крапіва. Наперадзе будзе цяжкое спатканне... Дубоўка. Паслухаць бы драздоў свістанне У час ружовага світання, Калі цяжкі мядзведзь з бярлогі Высоўвае на сонца нос. Панчанка. Дзецям ногі баляць, іх стамляе дарога цяжкая. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго‑н. Аддаць доўг. □ Што вінен, аддаць павінен. Прыказка. // Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што‑н. Аддасць сонейка моц сваю жыватворную, вылье праменямі гарачымі на зямлю. Шынклер.

2. Даць, перадаць што‑н. каму‑н. Марыя аддала дзяўчынцы свой шынель, а сама ўзяла малога на рукі. Кулакоўскі. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. Прымаўка. // Перадаць што‑н. каму‑н. ва ўласнасць або на карыстанне. [Алесь:] — Я сваю хату аддаю пад калгасныя яслі. Васілевіч. Мікіта.. быў мужчына гарачы, часта лаяўся, соваўся біцца, аднак, калі прышлося блаславіць Марылю перад шлюбам — расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў, як людзі. Брыль. // перан. Перадаць што‑н., падзяліцца чым‑н. Аддаць вопыт, веды, пачуцці. // перан. Ахвяраваць кім‑, чым‑н. дзеля каго‑, чаго‑н. Аддаць сілы, здароўе. □ [Азорыч:] Ах, каб зламаць, разбіць глухія краты. Каб вырвацца на волю і сказаць: Смялей наперад — перамога наша! За гэта я не толькі рад памерці, Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць. Глебка. [Ружак:] — Дзесяткі тысяч герояў аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Шамякін. // Не ўтрымаць, уступіць што‑н. непрыяцелю ў барацьбе. Хіба ж можам яе [зямлю] мы аддаць Чорнай бандзе дзяліць і таптаць? Глебка. // Патраціць час, працу, намаганні на што‑н. Некалькі дзён.. [Тоўхарт] аддаў нейкім сваім заняткам за сталом, а пасля выехаў паглядзець.. старыя акопы. Чорны. // Здаць што‑н. куды‑н. для якой‑н. мэты. Аддаць бялізну ў пральню. Аддаць туфлі ў рамонт. □ Даўно гатовыя ўспаміны Я ў той жа дзень Аддаў бы ў друк! Барадулін.

3. Накіраваць на вучобу, службу. Аддаць у салдаты. □ Любу тым часам бацька аддаў у гімназію. Мурашка. А слова невуцтва не раз Служыла дурням за наказ. — Дык вось, нарэшце, узялі Асла ў навуку аддалі. Купала. // Выдаць замуж. А ўсяму, не сляпы я, была толькі прычына — Не аддаць Кацярыны за батрацкага сына. Танк.

4. Прадаць (па якой‑н. цане). — А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета. Чыгрынаў. // Заплаціць за купленае. [Цётка Палагея:] — Гэта ж дваццаць рублёў аддала. Дорага кабанчыкі. Ермаловіч.

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Аддаць загад. Аддаць рапарт. Аддаць перавагу. Аддаць каманду.

6. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка перш тузанула, потым аддала прыкладам у плячо. Баранавых. // Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму‑, чаму‑н.

7. безас. Адазвацца болем у якой‑н. частцы цела. Аддало ў спіну.

8. Зак. да аддаваць (у 2 знач.).

9. Спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

•••

Аддаць (богу) душу — памерці. Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу. Чорны.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго‑н. на выбарах. Выбаршчыкі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці аддаць галасы за лепшых сыноў і дачок народа. «Звязда».

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць. Аддаць даніну традыцыям.

Аддаць (даць) «добрай раніцы», «добры дзень» («дабрыдзень»), «добры вечар», «добрай ночы» («дабранач») — прывітацца ці адвітацца, сказаўшы «добрай раніцы», «добры дзень» і г. д. Лявон «добры вечар» аддаў, але гаворкі не пачаў. Чарнышэвіч.

Аддаць жыццё за каго‑, што‑н. — памерці, абараняючы каго‑, што‑н. Аўтар успамінае пра тых, што аддалі сваё жыццё за перамогу. Бугаёў.

Аддаць забыццю — лічыць забытым што‑н., не ўспамінаць аб чым‑н.

Аддаць за так — аддаць бясплатна.

Аддаць за чорта лысага — аддаць каго‑, што‑н. за каго‑н. невядомага, чужога. Нагу аддаў на [імперыялістычнай] вайне за нейкага чорта лысага маёра Пігулеўскага. Скрыган.

Аддаць канцы — а) памерці; [Афіцэр:] — Панове! Наш паважаны камандзір.. Грыгорый Апалінаравіч аддалі канцы! Мележ; б) у марской справе — адвязаць, паслабіць швартовы.

Аддаць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Аддаць належнае каму‑, чаму‑н. — ацаніць па заслугах каго‑, што‑н.

Аддаць на суд каму — прадставіць што‑н. для разгляду і ацэнкі.

Аддаць пад суд — узбудзіць супраць каго‑н. судовую справу. — Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. — Я аддам цябе пад суд! Колас.

Аддаць пад распіску — распіскай засведчыць згоду атрымаць ці перадаць каго‑, што‑н. пад сваю адказнасць.

Аддаць паклон — пакланіцца каму‑, чаму‑н. Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам. Панчанка.

Аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. — прызнаць лепшым, больш мэтазгодным у параўнанні з іншымі. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.

Аддаць свой (апошні) доўг — ушанаваць памяць каго‑н., правесці да магілы.

Аддаць у людзі (уст.) — адправіць, паслаць служыць. Узяла яго хрышчоная маці, падгадавала трохі дый аддала ў людзі пасвіць гусей. Янкоўскі.

Аддаць чорту душу — прадацца (пра несумленных, здрадлівых людзей, пра злачынцаў).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сам, само́га, м.; сама́, само́й, ж.; само́, само́га, н.; мн. самі, саміх; займ. азначальны.

1. Ужываецца пры назоўніках ці асабовых займенніках, каб паказаць, што іменна названая асоба або прадмет непасрэдна ўдзельнічае ў дзеянні. З вуліцы ехалі сані. Ладымер пазнаў Банадысёвага каня. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. Сам факт стварэння слоўнікаў нацыянальнай тэрміналогіі не можа разглядаць інакш, як факт выключнай навуковай важнасці. Суднік. // Ужываецца як замяшчальнік назоўніка або асабовага займенніка. Што казаць: самі ведаеце, якія задзіры гэтыя хлопцы. Колас. [Арына Восіпаўна:] — Стаіць [Мажэйка] сярод пакоя, размаўляе са мной, а сам так і шныпарыць вачыма па закутках. Асіпенка. // Ужываецца ў зваротах, каб паказаць, што асоба занята сабою, сваімі справамі. Сам сабе [Уладзімір] нешта шаптаў, сам з сабою раіўся. Скрыган. / У выразах, у якіх што‑н. прыпісваецца самому аб’екту. [Хлопец:] — Не згубіў, а сама [метрыка] згубілася, як нашага прыхода царкву перабудоўвалі на школу... Чарот.

2. Ужываецца, каб падкрэсліць, што асоба або прадмет выконвае дзеянне самастойна, без чыёй-небудзь дапамогі. Засяваць мы самі Будзем нашы нівы, Збіраць самі будзем Ураджай шчаслівы. Купала. // Ужываецца для вылучэння пэўнай асобы або нейкага прадмета. [Гарлахвацкі:] Выдавецтва? Хто пры тэлефоне?.. Перадайце трубку самому дырэктару. Крапіва. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом, займаў цэнтральнае месца. Колас.

3. Ужываецца для падкрэслівання важнасці, значнасці асобы або прадмета. Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым.. Сам старшыня прыйшоў і брыгадзіры. Купала.

4. у знач. наз. сам, само́га, м.; сама́, само́й, ж. Разм. Ужываецца для абазначэння якой‑н. паважанай асобы (гаспадара, кіраўніка і пад.). [Бабка:] — Ой, хоць бы ўжо хутчэй сам прыйшоў. Сам — гэта, канечне, бацька. Сяркоў. [Таццяна:] — Ну, а дзе сама [Марына Паўлаўна]? Я ўжо ладзілася ісці па яе, ды дасюль няўпраўка была... Зарэцкі.

5. Пры назоўніках з якасным значэннем падкрэсліваюць наяўнасць вышэйшай ступені якасці ў прадмеце. Сама ты, радзіма, жывая паэма, Вялікасны твор бальшавіцкага племя. Глебка. Значкі ГПА на крутых грудзях [моладзі] выглядаюць так, як можа выглядаць само здароўе, сама сіла, сама паўнакроўная маладосць! Самуйлёнак.

6. Ужываецца тады, калі трэба паказаць, што пра пэўны прадмет ці асобу ўжо гаварылася. [Лабановічу] ўспомнілася,.. што ў гэтую кузню не адзін раз прыязджаў ён і прыходзіў з дзядзькам Марцінам па розных гаспадарчых справах. І кузня, і само мястэчка тады нейк выглядалі іначай, рабілі большае ўражанне, можа, з тае прычыны, што ён быў малы. Колас.

•••

Сам вялікі гл. вялікі.

Сам (сама, само) за сябе гаворыць — не мае патрэбы ў тлумачэнні, пацвярджэнні.

Сам (сама, само) з сабою — адзін, на адзіноце. [Мікуць] гаварыў гэтак сам з сабою праз усю дарогу. Чорны.

Самі з вусамі — не горш за іншых, не дурней за іншых.

Сам-насам — быць аднаму без удзелу іншых. Відаць, не лёгка было Антосю заставацца, сам-насам са сваімі думкамі. Бажко. Хацелася пабыць аднаму [Барташэвічу], сам-насам. Карпюк.

Сам на сябе вяроўку суча гл. сукаць.

Сам не гам і другому не дам гл. гам ​2.

Сам не свой — аб стане разгубленасць роспачы, адчаю, вялікага хвалявання, непакою. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату. Чорны.

Сам не ў сабе — пра таго, хто страціў душэўную раўнавагу, самавалоданне. [Рыгор:] — Чакай, Каця! Даруй, я сам не ў сабе. Крапіва.

Сам (сама, само, самі) па сабе — а) адвольна, незалежна ні ад кога. Цяпер [пасля запрашэння перайсці на працу ў раён] пытанне развязалася само па сабе — проста і дасканала. Зарэцкі. Нарэшце гоман сам па сабе ўлёгся. Дуброўскі; б) кожны паасобку. [Іван:] — У нас [у Чыжэвічах] канапасы ў гурт збіраюцца, гавораць, смяюцца. А тут [у Малінаўцы] кожны сам па сабе. Чарнышэвіч; в) паводле сваёй сутнасці. Сам па сабе дзядзька Анупрэй быў вельмі цікавым чалавекам. Машара.

Сам праз сябе — самастойна.

Сам (сама, само, самі) сабе — а) адзін, без нікога. [Макатрыха:] — Я магла б жыць і пры сыне, але мне лепш калі я тут сама сабе. Кулакоўскі; б) ціха, ледзь чутна (чытаць, гаварыць і пад.); в) ніяк знешне не выяўляючы; у думках, не выказваючы ўголас. Яшчэ тады [Макар] сам сабе падумаў: а што, калі тут давядзецца працаваць, дык жа зусім згубішся сярод гэтых сталёвых волатаў. Сабаленка.

Сам сабе не рад — незадаволены самім сабою. Цяпер і сам сабе не рад. Не спіцца, не ляжыцца. Ці не вярнуцца лепш назад Ды з другам памірыцца? Танк.

Сам сабе пан (гаспадар, галава) — самастойны, незалежны ні ад кога чалавек.

Само сабой (зразумела) — не выклікае ніякага сумнення; безумоўна.

Сам (сама, само, самі) сабою — а) самастойна, сваімі сіламі (магчымасцямі). Як узяўся, як стаў вучыцца і сам сабою вывучыўся. Янкоўскі. Шчасце не прыйшло само сабой. Барадулін; б) без якіх‑н. намаганняў. Само сабой прыгадалася, як зімой.. [бацька] з Шурам валіў сосны на хату. Ставер; в) у адпаведнасці з сваёй унутранай сутнасцю, такім, які ёсць. Сышліся твар у твар — яны і вечнасць, Тут кожны быць павінен сам сабой, Як смага — смагай, як вада — вадой. Куляшоў.

Сам чорт галаву (нагу) зломіць гл. чорт.

Сам чорт не брат каму гл. брат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́ва 1, ‑ы, ж.

1. Работа, занятак; тое, чым хто‑н. заняты. Даніла справаю заняты — на сані чэша капылы. Колас. Настойлівая па характару, Ганка ў тэхнікуме, як і ў калгасе, уся аддавалася справе. Краўчанка. Заўсёды да канца даводзіць трэба, Якую справу б не пачаў, Каб потым сам сябе не дакараў. Валасевіч. [Кранаўшчык:] — Цэгла ёсць!.. І справы, значыць, хопіць да світання кельням і рукам. А. Вольскі. / якая; часта ў знач. вык. Гаспадарчыя справы. Сямейныя справы. □ Хіба жаночая справа дровы вазіць? Мележ. // звычайна мн. (спра́вы, спраў). Работа, заняткі, звязаныя са службай, вытворчасцю, грамадскімі абавязкамі і пад. Прымаць справы. Бягучыя справы. □ Па справах сваёй службы мне часта даводзілася бываць на будаўніцтве, сустракацца з Якавам і яго сябрамі. Кулакоўскі. [Вера:] У нас адна партыйная арганізацыя, а ён сакратар, вось і ходзіць па партыйных справах. Крапіва. / У складзе назваў устаноў, ведамстваў. Міністэрства замежных спраў. У праўленне па справах архітэктуры. // Ідэі, вучэнне; галіна, кірунак дзейнасці каго‑н. Справа партызан была справай народа. Брыль. На змену арыштаванымі, загінуўшым станавіліся новыя таварышы і настойліва працягвалі справу сваіх папярэднікаў. Анісаў.

2. Дзейнасць у процілегласць думкам, словам; учынак. Што лішняе гаварыць! Ён, Федзя, усё дакажа справай. Гамолка. [Леў Раманавіч:] — Чалавек не словам моцны, а справай. Асіпенка. І не загінула добрая справа Сэрца людскога і ў змроку глухім. Глебка. // Вынік якой‑н. дзейнасці. За доўгі век свой перажыў Начальства ён нямала, Хто гнеў, хто славу заслужыў... Яго ж усё мінала. Затое спраў яго нідзе Ні ў чым вам не прыкмеціць. Блішчыць, як месяц у вадзе, Не грэе і не свеціць. Бачыла.

3. Тое, што вельмі важна, істотна. [Катэр:] — Я справу гавару, хлопцы, а вы блазнуеце. Машара. // Карысны занятак. Ён заняты справай.

4. Пытанні, якія патрабуюць вырашэння; патрэба. — Не гневайся, па важнай справе зайшоў. Чуў, напэўна — выбары ў Вярхоўны Савет пачаліся. Дуброўскі. Было тут і яшчэ некалькі наведвальнікаў, якія прыйшлі па сваіх справах. Якімовіч. // каму да каго-чаго. Зацікаўлены адносіны да каго‑, чаго‑н. Яму да ўсяго ёсць справа. □ Нікому да Жоры справы не было. Гаўрусёў.

5. Абавязак, доўг; кола чыіх‑н. паўнамоцтваў. Гэта справа міліцыі. □ Веданне з’яў і фактаў — надзвычай важная і неабходная справа для пісьменніка. Кудраўцаў. // чаго; у знач. вык. Тое, што залежыць ад чаго‑н., мае адносіны да чаго‑н. Справа сумлення. Праца ў нашай краіне стала справай гонару. □ Іх клопаты аб суседзях, што засталіся без даху пад галавой, былі справай добрай волі. Самуйлёнак.

6. Спецыяльнасць, прафесія, кола заняткаў, галіна ведаў ці навыкаў. Такарная справа. Снайперская справа. □ Рыбацкай справай Ясюня займаецца чацвёрты год. В. Вольскі. [Вера:] А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Крапіва. Вам даводзілася калі-небудзь бачыць спінінг у руках вопытнага рыбалова, майстра сваёй справы? Матрунёнак. // чаго. Усё, што ўваходзіць у якую‑н. задачу, мае адносіны да якой‑н. з’явы. Справа сацыялістычнага будаўніцтва. □ Нават маленькія дзяўчынкі, Аніта і Лючыя, не заставаліся ў баку ад барацьбы за вялікую справу міру. Маўр.

7. Адміністрацыйны або судовы разбор якога‑н. здарэння, факта; судовы працэс. Грамадзянская справа. Крымінальная справа. □ Дваццатага снежня справу перагледзеў апеляцыйны суд. У. Калеснік.

8. Збор дакументаў, якія маюць адносіны да пэўнага факта, здарэння, асобы. Папка для спраў. □ Прыйшоўшы да сябе, .. [Шэмет] дастаў з сейфа справу Жыбуртовіча, перачытаў аўтабіяграфію. Лобан.

9. Здарэнне, падзея, факт. Стаяць [дубы], як вежы, над вадою Даўнейшых спраў вартаўнікамі. Колас. Гэтая справа ў раёне граніцы была. Куляшоў. Справа была вясной, перад вялікаднем. Чарнышэвіч. // Разм. Пра абставіны, якія характарызуюць дзеянне, надзею. Справа ідзе да лета. Васілевіч.

10. Разм. Становішча дзе‑н., стан каго‑, чаго‑н.; абставіны. — Значыць, справы не дрэнныя, калі есці захацеў, — пажартаваў .. [Туравец] з сябе. Мележ. Наогул справы ў калгасе наладзіліся, пайшлі ўгору. Даніленка. // У спалучэнні з прыметнікам, які характарызуе становішча, стан, абставіны. Булай развёў рукі, падміргнуў, маўляў, сам разумееш, тут справа тонкая. Шыцік.

11. (у спалучэнні з прыметнікам) у знач. вык. Рэч, з’ява. Загінуць у баі — справа не мудроная. Гурскі. Абудзіць схаваныя сілы ў слове — справа не з лёгкіх. Янкоўскі.

12. У спалучэнні з прыметнікам выступае як выказнік або пабочнае слова са значэннем, адпаведным значэнню гэтага прыметніка. Абед згатаваць? Невялікая справа. Агняцвет. Не простая, вядома, справа Музычны калектыў скамплектаваць, Музыкаў добрых падабраць. Корбан. Глядзець на яго [Цімоха], як на блазна, Вядомая справа, не можна. Колас.

•••

Асабовая справа — папка з дакументамі якой‑н. асобы, што працуе ў дадзенай установе.

Павераны ў справах гл. павераны.

Ваша справа — вам вырашаць, гэта асабіста да вас адносіцца, вас датычыцца.

Вядомая справа — зразумела, бясспрэчна.

Гіблая справа — нічога добрага не будзе.

Ёсць такая справа! — добра, згодзен, няхай будзе так.

Іншая (другая) справа — нешта іншае; іншае становішча.

(І) справа з канцом (справе канец) — пра канчатковую развязку чаго‑н. — Ты — нічога не ведаеш, і справа з канцом. Чарнышэвіч.

Кепскія справы — пра цяжкае, складанае становішча.

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа маленькая — мяне (цябе і пад.) менш за ўсё датычыцца.

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана — гэта мяне (цябе і пад.) не датычыцца.

Мець справу з кім-чым гл. мець.

Мокрая справа — забойства (на жаргоне зладзеяў).

На самай справе — у сапраўднасці, фактычна. Сулькоўскі больш прытвараўся п’яным, чым быў на самай справе. Чарнышэвіч.

На справе — па сутнасці; на практыцы. Быццам я дзяўчыне нейкай Абяцаў багацця рэкі, А на справе — ручаіны Я не вырыў для дзяўчыны. Панчанка.

Не майго (твайго, яго, яе, нашага, вашага, іх) розуму справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца; я (ты і пад.) нічога не разумею ў чым‑н.

Не мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца.

Пакуль суд ды справа гл. суд.

Справа ідзе пра што (аб чым) — размова ідзе пра што‑н. (аб чым‑н.). [Караневіч:] Справа ідзе пра чэсць палка. Крапіва.

Справа ў тым, што... — галоўнае (сутнасць) у тым, што... Справа ў тым, што ў Свярдлоўску жыве мой друг. Васілёнак.

Такая справа — вось у чым справа.

У чым справа? — што здарылася? — У чым справа? — недаўменна запытаў Рыгор. Гартны.

Ясная справа — вядома, безумоўна.

спра́ва 2, прысл.

З правага боку; проціл. злева. Міхась нарэшце прабіўся на базар і спыніўся справа ад брамы. Корбан. Роднае сэрцу раздолле Кліча, ну хоць уставай: Злева — шырокае поле, Справа — рачулка і гай. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н.; адны́, ‑ы́х; ліч. кольк.

1. Лік. Адзін плюс два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай «1». Адзін метр. Адзін кілаграм. Адна кніга. □ У хаце быў я адзін, бацька і маці пайшлі на радзіны да Нічыпара, у яго нарадзіўся сын. Кулакоўскі. Сем раз адмерай, адзін — адрэж. Прыказка. / у знач. наз. адзі́н, аднаго, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж. Пра чалавека. Сямёра аднаго не чакаюць. Прыказка. Адзін і пры месяцы робіць, а другі і пры сонцы спіць. Прыказка.

2. у знач. прым. Без іншых, асобна ад іншых, у адзіноце. Распусціўшы сучча У глухім прыволлі, Сам адзін расце ён [дуб] На далёкім полі. Купала. Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Колас. Даспявае маліна У зялёным садку; Ходзіць красна-дзяўчына Адна па цяньку. Куляшоў. [Славіку] сапраўды ў той міг нясцерпна хацелася падхапіць.. [Машу] на рукі і панесці ў невядомую даль, ад людскіх вачэй, дзе б яны маглі застацца адны. Шамякін. // Пусты, пакінуты, адзінокі. Думаў дзед і пра сваю хату, што праз колькі дзён застанецца адна без гаспадароў. Колас. [Прамоўца:] — Вы будзеце не адны: шмат, кажу, такіх ёсць. Маўр. // Тое, што ёсць, без наяўнасці чаго‑н. другога. Аб адной вадзе сыт не будзеш. Прыказка.

3. у знач. прым. Ніхто іншы або нішто іншае, акрамя названага тут. Не спадабаўся балет адной пані Вашамірскай. Бядуля. / У спалучэнні з выдзяляльна-абмежавальнай часціцай «толькі». Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. // Ужываецца для выдзялення і ўзмацнення значэння таго слова, да якога адносіцца. Зямля мая савецкая, нідзе я Такой красы і велічы не бачыў. Ты ў нас адна, адна такая ў свеце. Панчанка. У бацькі твар зрабіўся дробны, высах і пажаўцеў. Пальцы тонкія і вострыя — адны косці. Бядуля. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Пра яго мы ведаем адно: ён быў студэнтам.

4. у знач. прым. Той самы, тоесны; аднолькавы. Стаяць на адным месцы. □ І песня нейкая жывая У дружны тон адзін спявае І з гэтым небам і зямлёй. Колас. Коні розных масцей, Стрэльбы розных гатункаў, Толькі людзі па веры І гарту адны. Броўка. / У спалучэнні са словамі «і той», «і тая», «і тое», «і тыя». Адзін і той чалавек. Адна і тая песня. Адно і тое пытанне. Адны і тыя падзеі. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Гаворыць адно і тое. □ Куды ні глянь — адно і тое: Усюды стрэльбы і «шнуры» — Стаяць па пары і па трое На скрыжаваннях «каўняры». Колас.

5. у знач. прым. Суцэльны, непадзельны, адзіны. Пераблытаны галіны У адзін [ш]алаш жывы. Колас. [Кулямётчык] ляжаў.. і здаваўся адным целам з кулямётам. Лынькоў. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. [Коркія:] — Вы ведаеце, што азначае сіла ўсяго працоўнага народа, з’яднаная ў адно?! Самуйлёнак.

6. у знач. займ. З прыназоўнікам «з» ужываецца для выдзялення асобы, прадмета, з’явы і пад. або некалькіх асоб, прадметаў з якой‑н. катэгорыі, асяроддзя, раду. Адзін з гасцей параіў быў праз суд спагнаць з Грамабойчыка ўтратнае. Крапіва. Спачатку Лясніцкі меркаваў, што здраднік — адзін з гэтых шаснаццаці. Шамякін.

7. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры пералічэнні, проціпастаўленні шэрагу прадметаў, з’яў, асоб. Праходзіць момант, адзін і другі, праходзяць хвіліны нясцерпнай цішыні. Колас. Адзін чалавек — высокі, з густой барадой, другі — зусім яшчэ малады хлопец. Чорны. / у знач. наз. адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н. Гаварыць адно, а думаць другое. Адно другому не замінае. // у знач. ліч. парадк. Першы з пералічаных прадметаў, з’яў, асоб і пад. Адзін жаўнер сядзеў на санях і таптаў сена, другі падаваў яго бярэмямі, а трэці разбіраў стажок. Колас. Адзін пень гарэў, а другі спіну грэў. Прыказка.

8. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры супастаўленні якіх‑н. якасцей, уласцівасцей, дзеянняў і пад., якія, мяняючыся, робяць прадмет, асобу, з’яву і пад. іншымі. Адна справа — паэзія, другая — проза.

9. у знач. неазн. займ. Якісьці, нейкі. [Дзядзька:] — На вайне гэта было.. Фарсіравалі мы адну раку на Палессі. Корбан. Адзін багаты пан вельмі любіў слухаць казкі. Якімовіч. [Гарлахвацкі:] Што ж гэта за выкапень? [Туляга:] Гэта далёкі продак аднае нашай хатняй жывёліны. Крапіва.

•••

Адзін-адзінокі — які жыве ў адзіноце, не знаючыся ні з кім.

Адзін-адзінюткі — абсалютна адзін. Яшчэ ў пачатку ліпеня бывае зжаўцее адзін-адзінюткі лісток на бярозе. Чорны.

Адзін-адным (адна-адною, адно-адным) — зусім адзін (адна, адно). Хіба ўсе павыміралі, а ён адзін-адным астаўся. Бядуля.

(Адзін) бог ведае гл. бог.

Адзін другога варты — пра людзей, якія ў аднолькавай ступені маюць адмоўныя якасці, рысы.

Адзін душою — толькі адзін, больш нікога; без блізкіх. [Пракоп] адзін душою, што ён будзе рабіць, калі не прыйдзе сын? Баранавых.

Адзін за адным; адзін за другім — услед, па чарзе, паслядоўна. Паказаліся адзін за адным, з брызентавымі кузавамі і акенечкамі ў іх, два грузавікі. Янкоўскі.

Адзін канец гл. канец.

Адзін крок гл. крок.

Адзін на адзін — а) тое, што і з вока на вока; сам-насам; б) без удзелу іншых. Вечар быў позні, партызаны разышліся па зямлянках, і яны [Цярэшка і Уладзік] засталіся адзін на адзін. Краўчанка. У кабінеце яны былі адзін на адзін. Гроднеў.

Адзін пад адзін (адна пад адну, адно пад адно) — усе роўныя па росту, па сіле.

Адзін пад адным — адзін за другога меншы (пра дзяцей).

Адзін перад адным (адна перад адной, адно перад адным) — не адстаючы, спаборнічаючы. Салому цяпер скідалі проста на ток, рабіць было лёгка, усе трое як бы хваліліся адзін перад адным. Мележ.

Адзін пры адным (адна пры адной, адно пры адным) — вельмі блізка, побач, шчыльна, густа. Бязвусыя чатырохкантовыя каласы ў паўтары далоні велічынёй стаялі адзін пры адным. Краўчанка.

Адзін у адзін (адна ў адну, адно ў адно) — адборныя, падабраныя па аднолькавая велічыні, якасці. Кідаліся ў вочы, распальвалі апетыт белыя грыбкі, адзін у адзін, маленькія, цвёрдыя. Шамякін.

Адзін час гл. час.

Адзін чорт гл. чорт.

Адзін як кол; адзін як колас; адзін як палец; адзін як пень — адзінокі, зусім адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Адна (толькі) назва гл. назва.

Адна трасца гл. трасца.

Адна, як былінка ў полі — толькі адна, больш нікога; без блізкіх.

Аднаго поля ягадкі гл. ягадка.

Аднаго разу гл. раз.

Адно за адным — пра шэраг падзей, непрыемнасцей і пад., якія ідуць адна за другой.

Адно што — толькі. Не вераць сябрукі, чаму ён з сіняком, — На довады — адно што рагаталі. Корбан.

Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.

Адны гады; у адных гадах гл. год.

Адны косці гл. косць.

Адным вокам (глянуць, паглядзець, зірнуць і пад.) гл. вока.

Адным вухам чуць гл. чуць.

Адным дыхам (духам) гл. дых.

Адным заходам гл. заход.

Адным махам; за адным махам гл. мах.

Адным мірам мазаны гл. мазаны.

Адным словам гл. слова.

За адным — за адным разам.

За адным скрыпам гл. скрып.

Іграць у адну дудку гл. іграць.

На адзін зуб гл. зуб.

На адзін капыл гл. капыл.

На адзін лад гл. лад.

На адзін манер гл. манер.

На адзін твар гл. твар.

На адной назе гл. нага.

Па адным — не ўсе разам, адзін за адным.

Пад адным дахам гл. дах.

Ставіць на адну дошку гл. ставіць.

Стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень гл. стрыгчы.

У адзін голас гл. голас.

У адзін міг (момант, імгненне) гл. міг.

У адно слова гл. слова.

У адной меры гл. мера.

У адну дарогу гл. дарога.

У адных гадах гл. год.

Усе да аднаго — абсалютна усе.

(Усе) як адзін — усе аднадушна; усе да аднаго. Возьмуць стрэльбы самі, як адзін паўстануць на ворагаў. Купала.

Усё адно — ніякай розніцы, аднолькава.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Як адну капейку гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)