мозг, ‑а і ‑у; мн. мазгі, ‑оў; м.

1. ‑а. Цэнтральны аддзел нервовай сістэмы жывёл і чалавека ў выглядзе рэчыва, якое запаўняе сабой чэрап і канал пазваночніка. Галаўны мозг. Спінны мозг. // Орган мышлення ў чалавека. Свідравала мозг .. страшная думка, і ў той жа час у галаве.. складаўся план дзеяння. Колас.

2. ‑у; перан. Разм. Розум, разумовыя здольнасці.

3. ‑а; перан. Асноўнае ядро, кіруючы цэнтр чаго‑н. Такім чынам быў створаны гарадскі партыйны камітэт, цэнтр, мозг падполля. Новікаў.

4. ‑у. Тканка, якая напаўняе поласці касцей у чалавека і пазваночных жывёл. Касцявы мозг.

5. толькі мн. (мазгі́, ‑оў). Ежа, прыгатаваная з мазгоў некаторых свойскіх жывёл.

•••

Варушыць (круціць) мазгамі гл. варушыць.

Да мозгу касцей — а) усёй істотай, цалкам, поўнасцю. — Я да мозгу касцей бязбожнік. «ЛіМ»; б) вельмі моцна, да апошняй сваёй частачкі. Холад пранікаў да мозгу касцей, балюча сціскаў мускулы. Шамякін.

Капаць на мазгі гл. капаць.

Мазгі (не) вараць — пра кемлівага (някемлівага) чалавека.

Мазгі не на месцы — пра дурнога або псіхічнахворага чалавека.

Сушыць мазгі гл. сушыць.

Уставіць (устаўляць) мазгі гл. ўставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пэ́цкаць ’мазаць, брудзіць; рабіць няўмела, неахайна’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат.), ’ляпіць глінаю, мазаць; брудзіць’ (Нас.), пе́цкаць ’брудзіць, мазаць’ (ТС), пэ́цнуць ’мазануць; стукнуць’ (ТСБМ), ’гучна ўдарыць; кінуць чым-небудзь ліпкім; упасці’ (Нас.), вытворныя: пэ́цкала, пэ́цкало ’няўмека, неакуратны ў рабоце чалавек, бракароб, партач’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы; любч., Нар. словатв.; міёр., З нар. сл.), пэ́цкаль ’хто любіць пэцкацца, неахайны, паскуднік’ (Шпіл., Чач., Гарэц., Шат.; брасл., Сл. ПЗБ), ’няўмека, дрэнны майстар’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Яўс., Шат., Бяльк.; міёр., З нар. сл.). Паводле Насовіча, утворана ад гукапераймальнага пэц! ’тое, што і пац!’ (“от звука брошенной на что либо грязи или брошенного чего въ грязь”, Нас., 543); нягледзячы на фанетычныя прыкметы запазычання з польск. peckać ’вэдзгаць, перабіраць, корпацца’, параўн. рус. па́чкать ’пэцкаць’, да вышэйназванай версіі схіляецца Цвяткоў (Запіскі, 2, 75) і канстатуе, што слова не выводзіцца ад кораня *pak‑ (дапускаючы для рускага слова сувязь з пакость ’паскудства’, інакш гл. Фасмер, 3, 223); наяўнасць славен. pecati, peckati, pečkati ’даваць аплявуху; біць па вушах’ і pəčka, pəčkálo ’хто ляніва, марудна і дрэнна працуе’ ўзмацняе прышлую версію. Пра магчымую сувязь названых слоў з pečkȁядро, костачка’, што дае падставы для семантычнага пераходу ’ўздуцце, разбуханне’ > ’слабы, дрэнны’, гл. Бязлай, Etyma, 163; Куркіна, Этимология–1984, 113; гл. таксама спецыяльна Куркіна, Этимология–1988–1990, 61. Атаясамліванне з укр. пи́цькати ’дрэнна працаваць, корпацца’, якое выводзіцца праз польск. pyćkać, peckać ’тс’ з ням. patschen ’плёскаць (па вадзе)’ (гл. ЕСУМ, 4, 382), здаецца, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядро́1 ’палатно ў сетцы’ (ТС). Няясна. Магчыма, збліжэнне з польск. jadro ’сетка для лоўлі рыб альбо птушак, выпуклая яе частка’, кош. jadro ’сетка з матнёй’, ’складка ў адзенні’, ’(рэдкая) тканіна’, чэш. jadro ’ўнутранасць рыбацкай сеткі’, славен. jádran ’матня ў рыбацкай сетцы’, ст.-слав. ꙗдро ’выгін, выпукласць, складка’ (гл. ядро), для якога выводзіцца значэнне ’выпукласць, звісаючая частка, матня’ з першапачатковага ’нешта набухшае, абвіслае’ (гл. Слаўскі, 1, 485–486; ЭССЯ, 6, 43–44; SEK, 2, 324–325). Аднак цяжка вытлумачыць пачатковае с‑ (магчыма, уплыў дзеяслова сядзець, гл. сядро3).

Сядро́2 ’здор’ (брэсц., ЖНС), сюды ж, відаць, ст.-бел. сѧдра: чрева его сѧдра зубъ слоновых, што перакладаецца як ’пласціна’ (Альтбаўэр), сѧдръ: кости его сѧдръ сталныи; подобїѧ сѧдра зубнаго з няясным значэннем (КГС). Параўн. рус.-ц.-слав. сѧдра ’загусцелая вадкасць’, серб.-ц.-слав. сѧдра ’тс’, чэш. sádra ’гіпс’, славац. sadra ’тс’, славен. sadra ’тс’, серб.-харв. са̏дра, се̏дра ’гіпс, вапнавы нацёк’, гідронім балг. Седрач, харв. sedro ’порысты камень’. Апошняе Махэк₂ (535) выводзіць ад кораня *sęd‑ са старадаўнім суфіксам ‑r‑, што фармальна і семантычна магчыма, але як амонім да разгледжаных слоў; сядро < сядзець, г. зн. ’тое, што асела на кішках’, параўн. сала. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 185; Бязлай, 3, 213 (узводзяць да прасл. *sędra, што мае і.-е. паралелі); Вештарт, Лекс. Палесся, 134; Дурыданаў, БЕ, 23, 1–2, 105–108.

*Сядро́3, седро́ ’задняя частка штаноў’ (стол., Нар. ск.), ’мянушка чалавека, шырокага ў касцях, з вялікай тазавай часткай’ (Альп.). Словаўтваральны варыянт назоўніка ад сядзець з суф. ‑р‑, параўн. сядло, садно, сядро1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́чка1 ’нырка’ (Дразд.; Ян.; паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. почка, укр. по́чка, рус. по́чка, ст.-рус. почька. Лічыцца вытворным ад пяку́, параўн. у семантычных адносінах пе́чань і каш. povarka ’нырка’ < прасл. *variti ’варыць’ (Фасмер, 3, 348; Праабражэнскі, 2, 118). Гл. таксама па́чка.

По́чка2 ’пупышка’ (ТСБМ), по́чачкі ’пупышкі’ (паст., Сл. ПЗБ), рус. по́чка ’тс’, укр. по́чка ’пладовая костачка; семечка гарбуза’, польск. pestka ’семечка’, ст.-польск. і дыял. pecka ’сярэдзіна плода з насеннем’, чэш. pecka ’семечка; каменьчык’, в.-луж. počka, дыял. pačka ’тс’, н.-луж. packa, дыял. pecka ’тс’, харв. кайк. pečka ’ягада вінаграду’, чак. paćka ’семечка, сярэдзіна плода; ягада вінаграду’, славен. pečkà ’пладовая костачка’, pečèk ’костачка віннай ягады’. Беларуская лексема, відаць, запазычана з рус. почка ’тс’, якая не мае пэўнай этымалогіі (Фасмер, 3, 348). Борысь (Czak. stud., 99) узводзіць да прасл. *pъtʼka‑ ’штосьці круглае, камячок, каменьчык, семечка, пупышка’, вытворнае з суф. ‑ьka ад рэдкага прасл. *pъtʼa ’нешта круглае, груда, камень’, што рэканструюецца на базе польск. pce ’падстаўкі пад бочкі ў склепе’, дыял. peca ’камяк гліны, вапны, снегу, зямлі’, ’вашчына з мёдам’, ’бохан хлеба’ і памяншальных дэрыватаў ад яго: харв. pajca (< *pъtʼьca), paćak, славен. peček (< *pъtʼьkь) ’вінаградны атожылак; семечка; гарошак’, роднаснае літ. paũtas ’яйка, ядро’, лат. pàuts ’тс’ і далей з літ. puntù, puntaũ, pùsti ’набухаць’ (Мацэнаўэр, LF 14, 414). Гл. таксама Банькоўскі, 2, 522; Бязлай, 3, 19. Спробы аддзяліць форму *počьka ад іншых славянскіх слоў і аднесці да рус. чкатъ, чикать, чкнуть, прочкну́ться ’лопацца (пра пупышкі)’ (Міклашыч, 38; Бернекер, 1, 166) маюць пэўныя семантычныя падставы, бо ў аснове намінацыі — значэнне ’раскрывацца’, параўн. по́каць, по́кацца ’распускацца (пра пупышкі)’ (гл.) і паралельнае ўтварэнне ад пу́каць, пу́кацца лопацца’ — пучча ’кветаноснае сцябло, стрэлка’ (гл. пук). Параўн. по́каўка ’пупышка’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асно́ва, ‑ы, ж.

1. Частка прадмета, на якой замацоўваюцца астатнія яго часткі; каркас, касцяк. Хлопцы.. прынеслі з лесу дзве расохі і ўбілі іх у зямлю. Наверсе паклалі перакладзіну, і аснова шалашыка была гатова. Чарнышэвіч. Рухаюцца ўперад асновы будучых машын на галоўным канвееры, абрастаючы ўсё новымі вугламі і дэталямі. Данілевіч.

2. Грунт ці штучнае збудаванне, на якім трымаецца, знаходзіцца што‑н.; падмурак. Аснова вежы. // Ніжняя плоскасць, якой прадмет, збудаванне датыкаецца да паверхні чаго‑н. // Ніжняя частка якога‑н. прадмета ці збудавання. Стог у аснове меў каля пяці метраў. □ Дваццатага чэрвеня мы ўжо змаглі прыступіць да падрыхтоўкі бетоннай асновы, а ў верасні распачалі ўкладку бетона. «Полымя».

3. перан. Тое, што складае ядро чаго‑н., з’яўляецца зыходным матэрыялам для ўтварэння, стварэння чаго‑н.; узор, пачатак. Народная аснова літаратурнай мовы. □ Мы бачылі, што Маркс ў 1845 годзе, Энгельс у 1888 і 1892 гг. уводзяць крытэрый практыкі ў аснову тэорыі пазнання матэрыялізму. Ленін. У аснову паэмы «Магіла льва» пакладзена народная легенда пра Машэку. Шкраба. Мы песні сваёй Палажылі ў аснову І чыстую праўду, І чыстую мову. Лужанін. // Тое галоўнае, на чым грунтуецца, будуецца што‑н. І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут, І там зажыць сабе нанова: Свая зямля — вось што аснова! Колас. // звычайна мн. (асно́вы, ‑ноў). Пачаткі, прынцыпы (пра лад, сістэму і пад.). Хістаўся стары лад у самых асновах сваіх, у муках болю нараджаўся другі, новы парадак. Колас. І рушыць ён [час] і рве асновы ўсе старыя, Дрыжыць прад сілай той і цемра і туман. Гурло.

4. звычайна мн. (асно́вы, ‑ноў). Зыходныя, галоўныя палажэнні якой‑н. навукі, тэорыі і пад. Асновы агратэхнікі. Тэарэтычныя асновы марксізма-ленінізма. Эстэтычныя асновы паэзіі. Асновы навукова-атэістычнага светапогляду. Фізіялагічныя асновы чалавечай псіхікі. Асновы мічурынскага вучэння.

5. Падоўжныя ніткі ў тканіне. Быў пад рукамі ў іх [ткачых] не шоўк, А просты, каляровы Па густу выбраны ўток І тонкая аснова. Арочка.

6. Частка слова, якая раскрывае яго лексічнае значэнне і ў якую, апрача кораня, можа ўваходзіць прыстаўка і суфікс.

7. Старана геаметрычнай фігуры, перпендыкулярная да яе вышыні. Аснова трохвугольніка. Аснова сегмента.

8. Злучэнне, якое ўтварае пры ўзаемадзеянні з кіслотамі соль.

•••

Закласці асновы чаго гл. закласці.

Ляжаць у аснове чаго; легчы ў аснову чаго гл. ляжаць, легчы.

На аснове чаго — выходзячы з чаго‑н., апіраючыся на што‑н.; на падставе.

Узяць за аснову гл. ўзяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скла́сціся, складуся, складзешся, складзецца; складзёмся, складзяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утварыцца з асобных частак, элементаў. З асобных карцін паступова склалася галерэя. // Разм. Арганізавацца, стварыцца. У Мінскім Савеце .. з самага пачатку склалася трывалае бальшавіцкае ядро. «Беларусь». Пасля гэтага ўсе вырашылі, што кампанія склалася досыць незвычайная і цікавая, і з вясёлым гоманам і смехам накіраваліся ў рэстаран. Рамановіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць у працэсе творчасці (пра верш, песню і пад.). Пра дзікія гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. У такой вось неразбярысе пачуццяў, рытмаў і слоў і склаліся ў Ганькі тыя вершы. Васілевіч. // Узнікнуць, з’явіцца ў думцы, вырысавацца ў свядомасці, уяўленні. Расказваў я далёка не так складна, як гэта было ўжо склалася ў маёй галаве. Колас. Ва ўяўленні склаўся вобраз чалавека, зачараванага народнай песняй, чалавека, які аддаў ёй сваё гарачае сэрца. «Полымя».

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць якую‑н. закончаную форму, выпрацавацца, устанавіцца, сфарміравацца. У мяне ўжо склалася звычка па прыездзе на канікулы дадому здымаць вучнёўскую форму, апранацца па-вясковаму і працаваць разам з сям’ёй. Сяргейчык. З тых кароценькіх паездак у .. [бабулі] на ўсё жыццё склалася ўяўленне аб горадзе. Ракітны. // Набыць той ці іншы ход, кірунак (пра жыццё, абставіны і пад.). Эрна Гурбіна лічыла, што жыццё яе склалася няўдала. Навуменка. Прыйшоў бы на сход сам, ды абставіны склаліся так, што прыйсці не магу... Шахавец. Справа склалася так, што лепшыя сілы атрада і штаб былі коннымі. Брыль. // Пайсці на лад, атрымацца. Сям’я склалася дружная. // Устанавіцца, узнікнуць. Дружба склалася моцная.

4. Вызначыцца ва ўсёй сукупнасці асаблівасцей, якасцей; сфарміравацца. У гэты ж перыяд [14–15 стст.] у межах цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы склаўся рускі народ і яго мова. Юргелевіч. Карн выступае ў асноўным са сфарміраваным характарам, які склаўся за гады жыцця пры савецкай уладзе. Дзюбайла. У пачатку 30‑х гадоў выразна акрэсліліся погляды Чорнага на жыццё і мастацтва, склаўся яго светапогляд. Луфераў. // Дасягнуць майстэрства, дасканаласці ў якой‑н. галіне. [Сцяпан:] — Бартуль не склаўся яшчэ як паэт. Ён шукае свайго голасу, а можа і шляху. Машара.

5. Набыць якую‑н. форму, выгляд (пра губы, рукі, ногі, цела чалавека). Поўныя губы [агранома] склаліся ў лагодную ўсмешку. Бядуля. // Сагнуўшыся, наблізіцца асобнымі рухомымі часткамі і набыць кампактны выгляд. Сцізорык лёгка склаўся.

6. Разм. Даць грошы на якую‑н. агульную справу; зрабіць складчыну. Будучыя семінарысты склаліся разам і нанялі балагола, які завёз іх у Нясвіж. С. Александровіч.

7. Разм. Спакаваць свае рэчы (звычайна для ад’езду). Скласціся для ад’езду.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца ў выніку пошукаў. Асобныя рысы склаліся ў пэўную карціну. □ К гэтаму часу ў мастака цалкам склаўся эскіз карціны пра Кастуся Каліноўскага. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скака́ць, скачу, скачаш, скача; незак.

1. Рабіць скачок, скачкі; падскокваць. Крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі. Колас. Танцуюць хлопцы «Збуйніцкі» танец, Скачуць з дзяўчатамі цераз касцёр. Танк. Сабакі адразу пазналі Тынэлькута і пачалі віляць хвастамі, радасна вішчаць, скакаць на яго. Бяганская. Кожны раз, як з працы Вечарам прыйду я, Прада мной дачушка Скача і танцуе. Астрэйка. // Рухацца скачкамі. Скачуць з галінкі на галінку вяртлявыя рыжахвостыя вавёрачкі. Якімовіч. На адталым дзірване Павесялелы скача верабей... Лось. // Рабіць спартыўныя скачкі; займацца скачкамі як спортам. Скакаць з парашутам. □ У сектарах было многа юнакоў і дзяўчат, якія скакалі, штурхалі ядро, займаліся на гімнастычных прыладах. Шыцік. // Кідацца ўніз скачком. — Калі купацца можна, дзед? Скакаць у рэчку з вышкі? Бялевіч. Зіна ніколі не скакала ў ваду з такой вышыні, ды і плавала не надта ўжо і добра. Васілёнак. // перан. Імкліва цячы па ўступах, каменні і пад. (аб рэчцы, ручаі і пад.). З другога боку, унізе, скача па кам[янях] вясёлы гаманлівы ручай. Шамякін. // перан. Разм. Мітусіцца, імкнучыся дагадзіць. Такароўцы.. стараліся скакаць перад панам Магдановічам на ўсе лады. Бядуля. // перан. Разм. Мітусіцца (пра думкі і пад.). Цяпер думкі адна за адной скакалі ў яго [Сымона] галаве. Чарнышэвіч.

2. Стукаючыся аб што‑н. цвёрдае, адскокваць убок ці ўверх. Дождж.. Кроплямі па шкле аконным скача... Макаль. Гумавыя шыны лёгка скакалі па кар[анях], і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. Уся.. маленькая постаць [хлопчыка] цягнулася наперад да капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць. Лынькоў.

3. перан. Падскокваючы, рабіць рухі, якія нагадваюць скокі. Коні ў загарадзе пачынаюць скакаць і станавіцца на дыбкі. Мурашка. Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца. Купала. // Дрыжаць, падскокваць, рабіць бязладныя рухі. Над лабавым шклом.. [аўтобуса] скакалі-калаціліся дзве фанерныя закладкі з назвамі «Бабруйск» і «Мазыр». Ракітны. Скакала тупая піла, Звінела, як шкло, асіна. Барадулін. Рукі.. [пані Яндрыхоўскай] калоцяцца, аловак скача па паперы. Крапіва. / Пра полымя, агонь і пад. Мігатлівыя языкі агню весела скакалі над распаленым вуголлем. Арочка. Полымя скакала каля самых [акон], пачынала лізаць сцены. Бураўкін. / Пра святло, цені, водблескі і пад. Сонечная ўбіраецца ў сілу раніца. Вясёлыя водблескі скачуць на люстраной роўнядзі копанкі. Навуменка. Чырвоныя водсветы гарматных выбухаў скакалі на сценах. Мележ. Ад смеху дрыжэла лучынка ў.. руцэ [Надзі], доўгія цені скакалі па сцяне. М. Ткачоў. // Пра знакі, вобразы і пад., што мітусяцца перад вачыма. У хаце быў паўзмрок, і Паўлік.. не адразу змог убачыць постаць дзеда. У вачах яшчэ некаторы час скакалі літары і малюнкі. Шамякін. // Пра вочы, якія выражаюць унутраны стан чалавека. Сцёпка сядзеў на краі табурэта, насцярожаны і натапыраны, як дзядоўнік. А ў вачах скакалі хітрыя агеньчыкі. Хомчанка. У вачах [Зіны] ужо не скакалі былыя чорцікі, якіх пабойваўся некалі Алесь. Шыцік.

4. Разм. Міжвольна трэсціся, дрыжаць (пра часткі цела, твару). На твары скакаў і дрыжаў кожны мускул, трапяталася кожная рыса. Крапіва. На поўнай круглай шыі скакала жылка. Пташнікаў.

5. Разм. Нечакана хутка змяняцца. Тэмпература скача. Цэны скачуць.

6. Разм. Танцаваць. Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты Пад музыку пусціліся скакаць... Купала. — А памятаеш, Марфачка, як мы кадрыль скакалі на тваім вяселлі! — раптам загараецца ўся ўспамінам Таццяна. Васілевіч. Вось і полечка, браточкі! А чаму ж нам не скакаць, Калі ўмеем працаваць. Грамыка.

7. Бегчы наўскач, з вялікай хуткасцю (пра каня). Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў. Галіноўская. Галопам скачуць рысакі. І пада мной палоззе, Як спараваныя смыкі, Іграе на марозе. Смагаровіч. // Ехаць (на кані, конях) вельмі хутка. Скачуць тымі стэпамі казакі. Звонак.

8. Разм. Хутка бегчы да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай.

9. Разм. Часта змяняць месца работы, вучобы.

•••

Па сабаку з рота скача — пра таго, хто брыдка лаецца.

Скакаць (танцаваць) пад чыю дудку — рабіць так, як хоча хто‑н., падпарадкоўвацца чужой волі. [Сцёпка:] — Досыць скакаць пад яго [Шупіка] дудку. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)