пра́ўнук, ‑а, м.
1. Сын унука ці ўнучкі. [Бобрык:] — Я яшчэ дужы, хоць ужо семдзесят шосты закругляецца і ўнукаў дзесяткі з два маю, і праўнукаў больш за дзесятак, але за спіны іхнія хавацца не стану. Дуброўскі.
2. звычайна мн. (пра́ўнукі, ‑аў). Патомкі. — Дык от цяпер і ты і твае дзеці, а за імі — унукі з праўнукамі будуць ведаць, хто такі быў Гогаль. Пальчэўскі. Продка адвечную думу Праўнук санлівы пачуе. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
малакасо́с, ‑а, м.
Пагард. Пра вельмі маладога чалавека, які не ведае жыцця, не можа яшчэ стала разважаць. — Давай, давай!.. Малакасос!.. Не згубіся. Цягнецца, што цяля. У твае гады я з прыскокам... — Гэта крычыць на яго, Юрку, Акцызнік. Пташнікаў. — Ну і людзі! Рабі ім дабро, старайся, а яны табе... Хоць якія там людзі. Лёшка — шчанюк, малакасос. Асіпенка. Прызнацца, не вельмі прыемна, калі вось такі рыжаваты малакасос, як дарослы, совае нос не ў сваю справу. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мазня́, ‑і, ж.
Разм.
1. Няўмела намаляваная карціна, неахайна напісаны тэкст. Не малюнак, а мазня. Мазня ў сшытку. □ У нацыянальнай галерэі [Швецыі], дзе выстаўлены шэдэўры Цорна і Рубенса, вісіць таксама мазня новых модных мастакоў. Мележ. // Што‑н. нядбайна, не на высокім узроўні напісанае; дрэнная, няўмелая работа. «Пэцкаль ты! Няма ў цябе ніводнай жылкі творчай. А вершыкі твае — мазня!» Корбан.
2. Няўмелая, з промахамі гульня, стральба і пад. — Што ж гэта за мазня! — з абурэннем хтосьці папракнуў цэнтральнага нападаючага. Стаховіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ле́кі, ‑аў; адз. няма.
Разм.
1. Лякарства. Прыехаў у маёнтак новы доктар з поўным сундуком усякіх лекаў. Якімовіч. Дзеда ўлажылі ў пасцель, паставілі на тумбачку бутэлечкі з лекамі, шклянку з вадой. Хомчанка. // перан. Пра сродак, які дапамагае перажыць што‑н. непрыемнае. Хто мае права залазіць у чужую душу? Асабліва, калі няўпэўнена, што словы твае будуць лекамі. Чорны.
2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лячыць і лячыцца; лячэнне. Доктар больш не гаварыў і, назваўшы настаўніка, перадаў яму, што хворы павінен застацца на лекі ў бальніцы. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падэ́шва, ‑ы, ж.
1. Ніжняя частка абутку, якая мае форму ступні. З хаты выйшлі людзі.. Нібы на конскіх капытах, паблісквалі цвікі на падэшвах іх ботаў. Лынькоў. Афіцэры шаркалі падэшвамі і прыстуквалі абцасамі. Навуменка. // Ніжняя частка ступні. Нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі. Чорны. Зямля напалілася і, як гарачы прысак, пячэ ў падэшвы ног. Мележ.
2. Ніжняя частка, аснова чаго‑н. Волкаў застагнаў: ён першы ўбачыў і зразумеў, што запрэжка пройдзе міма далёка ад нас, каля падэшвы сопкі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перанасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак.
1. каго-што і чаго. Перанесці, аднесці куды‑н. паступова або за некалькі прыёмаў усё, вялікую колькасць чаго‑н. Перанасіць усе дровы пад павець. Перанасіць бульбу ў склеп кашамі. □ Колькі Юрка перанасіў адтуль — з бярэзніку і з ячменю — баравікоў... І адзін, і з бацькам... Пташнікаў.
2. што. Знасіць вялікую колькасць чаго‑н. (пра адзежу, абутак і пад.).
3. што. Разм. Пранасіцца даўжэй за што‑н. Мае лапці лазовыя пераносяць твае боты казловыя. Прыказка.
4. каго. Пранасіць дзіця звыш тэрміну (пра цяжарную).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., каго-што.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трохі засушыць, зрабіць сухаватым; падсушыць. Агонь прысушыў лісце блізкіх дрэў. / у безас. ужыв. — У «Кастрычніку» не прысушыла, а ў цябе прысушыла? Паехаў бы паглядзеў, што за жыта. Лобан.
2. Абл. Паводле забабонаў — прыманіць варажбой; прываражыць. // Прымусіць каго‑н. мучыцца і сохнуць ад кахання. — Мяне прысушыла і сама сохнеш, а дзе нам дзецца, калі твае на мяне ваўкамі глядзяць. Грахоўскі. Алена — адна з зарачанскіх красунь, што прысушыла не адно хлапечае сэрца. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слёзны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да выдзялення слёз. Слёзныя залозы. Слёзны канал.
2. Які мае адносіны да слёз. На хударлявых скронях чарнелі сляды слёзных рагаў. Гартны. Што з табою, галубка? Чаму твае вочы заслаў слёзны туман? Кірэенка.
3. Напоўнены слязамі. Апейка перахапіў слёзны позірк дзяўчыны. Мележ.
4. Які імкнецца разжаліць, расчуліць каго‑н., жаласны. Слёзная просьба. □ Галя чытала слёзны бацькаў ліст, і ў самой нагарнуліся слёзы. Сабаленка.
5. Набыты цяжкай працай; няшчасны. Каролек не хацеў пазычаць грошы — парабчанскія .. слёзныя капейкі. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уско́сны, ‑ая, ‑ае.
Які не выказваецца, не выяўляецца непасрэдна; пабочны. Ёсць у мяне пад рукамі толькі скупыя ўскосныя звесткі, знойдзеныя даследчыкамі ў розных архівах. Мехаў. Цяпер я добра ведала, што не толькі не маю права нешта сказаць Віктару.., бо сказаць, гэта значыць зрабіць ускосны папрок яму. Савіцкі. Важным сродкам выяўлення ўнутранага свету чалавека з’яўляецца ў К. Чорнага ўскосная партрэтная характарыстыка. «Полымя». [Чаур]: — Твае любімыя дэтэктывы сцвярджалі: калі няма прамых доказаў, шукай ускосныя. Шыцік.
•••
Ускосная мова гл. мова.
Ускосныя падаткі гл. падатак.
Ускосныя склоны гл. склон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шоўк, ‑у; мн. шаўкі, ‑оў; м.
1. Валакно, якое выпрацоўваюць вусені тутавага шаўкапрада.
2. Ніткі або пража з такога валакна ці са штучнага сінтэтычнага валакна. Шоўк-сырэц. □ Перад аперацыяй Людміла выстаўляла на стол усё, што лічыла неабходным. Калі ішла дадому, для другой змены пакідала на сталах ёд, бінты, навакаін, эфір, шоўк зашываць раны, адным словам, усё, што магло спатрэбіцца на аперацыі. Арабей.
3. Тканіна з такіх нітак, пражы ці са штучнага, сінтэтычнага валакна. На .. [дзяўчыне] была сукенка з квяцістага шоўку. Васілевіч. Багата важаць працадні: Нашый сукенак яркіх, Бяры шаўкі — усе яны — Свае, айчыннай маркі. Лужанін. // Разм. Вопратка, адзенне, вырабы з такой тканіны. Там... У аксаміце, золаце і шоўку Гадавалася, расла Панская дачка Марына. Бядуля. Пані злосна чмыхнула. Шаўкамі Зашумела, выскачыла вон. Бялевіч.
4. перан.; чаго. Пра тое, што сваім бляскам, мяккасцю, гладкасцю і пад. нагадвае такія ніткі або тканіну. Ах, хіба гэта не ўсё роўна, абы толькі ты [сын] быў ля мяне, абы рука мая гладзіла паслухмяны шоўк твае галавы, а вочы мае глядзелі ў твае вочы... Сачанка. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Шоўк травы сытым статкам калгасным прымят, — Пастуху тут раздольна і весела. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)